Прафесар 2-й кафедры ўнутраных захворванняў БДМУ, доктар мед. навук Мікалай Сарока шмат гадоў дапамагае пацыентам з захворваннямі суставаў. Цікавасць да рэўматалогіі прывяла навукоўца да сенсацыйнага адкрыцця ў... скарыназнаўстве. Даследчык абгрунтаваў гіпотэзу, што беларускі першадрукар, доктар медыцыны, арыгінальны мастак і мысляр Францыск Скарына мог пакутаваць на падагру.
Забінтаваны палец як уліка
«На што хварэў Скарына. Спроба дыягназу праз 500 гадоў» — пад такой назвай улетку 2023 года пабачыла свет кніга прафесара Сарокі. Навуковец звярнуў увагу на важную дэталь на партрэце асветніка і першадрукара: павялічаны ў памерах вялікі палец на назе, абгорнуты мантыяй. Такое «бінтаванне» і стала падставай для гіпотэзы наконт хваробы, на якую мог пакутаваць геніяльны перакладчык Бібліі. Дарэчы, у якасці ілюстрацый падагры падчас лекцый прафесар выкарыстоўваў карціны англійскіх жывапісцаў 18-га стагоддзя. На выявах меліся спецыяльныя падстаўкі для ног. Такое прыстасаванне дазваляла палегчыць пакуты хворых на падагру людзей. Падобная падстаўка ёсць і на партрэце Скарыны.
Мікалай Фёдаравіч, што яшчэ сведчыць на карысць вашай гіпотэзы?
Скарыну сапраўды можна лічыць геніем. Ён меў шматлікія таленты, валодаў незвычайнай працаздольнасцю, энцыклапедычнымі ведамі. Сваёй дзейнасцю ён пашыраў асвету, прагрэсіўна для свайго часу даносіў вядомую яму карысныю інфармацыю. Прайшло больш як 500 гадоў, а яго імя ўшаноўваюць не толькі ў Беларусі.
Феномен геніяльнасці — гэта, як правіла, экстрэмальнае напружанне, надзвычайная праца, часцяком насуперак абыякавасці, пагардзе, галечы. Усё гэта ў поўнай меры зведаў і Скарына.
Нага ў пастцы
Як праяўляе сябе падагра?
Падагра перакладаецца з грэчаскай мовы як «нага ў пастцы». Клінічная карціна вельмі выразная: нясцерпныя пакуты ў час прыступаў болю ў суставах ног. Цяжка знайсці захворванне, якое мае столькі вобразных найменняў і яскравых эпітэтаў: «каралева хвароб», «немач арыстакратаў», «хвароба геніяў», «панская хвароба», «кропля атруты» ды іншыя. Падагра выклікае моцныя болі і ацёкі суставаў, асабліва часта — на вялікіх пальцах ног. Як правіла, сустракаецца захворванне пасля 30–40 гадоў. Мужчыны хварэюць на падагру ў 9–10 разоў часцей за жанчын.
Ці сапраўды ёсць сувязь паміж геніяльнасцю і падаграй?
Падагрычная стымуляцыя мозгу — гэта адзін з механізмаў, якія могуць павышаць яго дзейнасць да ўзроўню таленавітасці або геніяльнасці. На пачатку мінулага стагоддзя Гэўлак Эліс у сваёй манаграфіі адзначаў адметную з’яву: высокую частату распаўсюджвання сярод выбітных англічанаў падагры. Аўтар манаграфіі амаль на 400 старонак апісаў адметнасці геніяў-падагрыкаў, адзначыў іх незвычайную мэтанакіраванасць, энергічнасць, невычэрпную ўпартасць, працаздольнасць, настойлівасць у пераадоленні перашкод. Праз некалькі дзесяцігоддзяў актуалізаваў тэму Эган Ораван. Сваю версію, чаму сярод геніяў сустракаюцца падагрыкі, ён выказаў у 1955-м. Ораван выявіў, што мачавая кіслата, высокая канцэнтрацыя якой выклікае падагру, мае вялікае падабенства да кафеіну і тэабраміну — вядомых стымулятараў разумовай актыўнасці.
Пра тое, што Скарына быў неардынарнай і мэтанакіраванай асобай яшчэ ў маладыя гады, сведчыць, як бліскуча ён праявіў сябе падчас іспытаў на доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце. На той час гэта была адна з самых аўтарытэтных устаноў у свеце.
«Патэнт» на падстаўку для ног?
Якія прыклады спалучэння захворвання і геніяльнасці апісаныя ў літаратуры?
Як вядома, на падагру хварэлі Аляксандр Македонскі, Пталамей, Гай Юлій Цэзар, Ота Бісмарк, Хрыстафор Калумб, Галілеа Галілей, Людвіг ван Бетховен, Фрэнсіс Бэкан, Готфрыд Лейбніц, Роберт Бойль,Чарльз Дарвін, Мікелан-джэла, Агюст Рэнуар, Джордж Байран, Йоган Вольфганг Гётэ, Іван Тургенеў, Анарэ дэ Бальзак, Леў Ландау і шмат іншых прадстаўнікоў навукі і мастацтва. Сярод геніяльных або блізкіх да геніяльнасці людзей на падагру хварэюць 15–25 %, а сярод геніяў-тытанаў — амаль 50 %!
І наш Скарына?
Так, яшчэ адным аргументам можа быць вывучэнне партрэта першадрукара. З якой мэтай ён пакінуў на гравюры забінтаваны палец правай нагі, абгорнуты мантыяй? Магчыма, Скарына ўпершыню прапанаваў выкарыстоўваць адмысловую падстаўку для палягчэння пакутаў хворых на падагру? І такім чынам засведчыў свае вынаходніцтва? Калі браць пад увагу інтэлектуальны ўзровень і бліскучую кваліфікацыю слыннага асветніка, гэта дапушчэнне цалкам імавернае. Пазней такія прылады рэкамендавалі пацыентам-падагрыкам у розных еўрапейскіх краінах.
На партрэце Скарыны ёсць указанне і на апітэрапію. Так можна расшыфраваць вобраз руплівай пчалы. Апітэрапія была шырока распаўсюджана ў свеце з антычных часоў, гэты метад апісвалі Гіпакрат і Гален. Лекавыя ўласцівасці прадуктаў пчалярства адзначаліся ў Бібліі і Каране. Гіпакрат першым сістэматызаваў інфармацыю пра захворванні суставаў і даказаў эфектыўнасць іх лячэння ўкусамі пчол.
Трэцім аргументам можна лічыць звесткі з біяграфіі Скарыны. Што прымусіла доктара медыцыны і кнігавыдаўцу ператварыцца ў садоўніка ў караля Фердынанда I? Лекары ў той час былі добрымі батанікамі, ведалі лекавыя ўласцівасці раслін. Магчыма, менавіта хвароба не дазволіла Скарыну працаваць з ранейшым запалам, таму ён абраў больш спакойнае жыццё, працу на свежым паветры. Але прэстыжную працу, трэба адзначыць, бо працаваў Скарына ў караля.