«Наступны прыпынак — вуліца Гібенталя», — магчыма, абвесцяць у гарадскім пасажырскім транспарце ў Мінску ці Віцебску праз пэўны час. Недзе на гэтай вуліцы будзе яго музей, складзены з чатырох залаў, у якіх будуць прадстаўлены важнейшыя бакі яго жыцця: медыцынскі, інжынерны, аграрны, мастацкі. І ўсе будуць ведаць, што Гібенталь — гэта нешта леанардадавінчаўскае, наш homo universalis.
Гіпсавая гісторыя
«Гіпс настолькі агульнапрыняты, што часам здаецца нам такім жа старадаўнім сродкам, як банкі ці п’яўкі», — піша ў знакамітым трактаце па гісторыі беларускай медыцыны Валянцін Грыцкевіч. Так ён пачынае главу пра Карла фон Гібенталя, урача 19-га стагоддзя, маючы на ўвазе яго вынаходства спосаба лячыць пераломы праз фіксацыю касцей гіпсам.
І праўда, хіба можна паверыць, што яшчэ нейкія дзвесце гадоў таму зорка першай велічыні Іван Фёдаравіч Буш, загадчык кафедры хірургіі ў Пецярбургскай імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі, адхіліў прысланы з Мінску рапарт маладога ўрача пра тое, як можна выкарыстоўваць гіпс пры пераломах?
Вольнапрактыкуючы доктар медыцыны і медыка-хірургіі (як падпісаўся ён сам), інспектар мінскай урачэбнай управы (як сведчыць яго біяграфія), Карл фон Гібенталь далучыў да рапарта падрабязны артыкул і разлічваў на апублікаванне яго ў новым медыцынскім выданні. Акурат за год да таго, у 1811-м, медыка-хірургічная акадэмія Паўночнай Пальміры пачала выпускаць «Усеагульны часопіс ўрачэбнай навукі» з гэтай мэтай — каб урачы з усёй імперыі маглі абменьвацца прагрэсіўнымі думкамі і выказваць свае прапановы.
Нашчадак высакародных рыцараў, рускі немец (нарадзіўся ў Цвярской губерніі) Гібенталь (або Гюбенталь: ён сам сваё прозвішча пісаў і так, і гэтак) вывучаў медыцыну ў лепшых з тых месцаў, дзе яе можна было ў яго час вывучаць: спачатку ў Гецінгенскім універсітэце, які славіўся самымі прагрэсіўнымі выкладчыкамі, а потым у Марбургу, медыцынскі факультэт якога спрабаваў апярэдзіць час — меў клінічную амбулаторыю, цудоўна аснашчаную лабараторыю і новы анатамічны тэатр. Адразу пасля вучобы Карл Гібенталь атрымаў ступень доктара медыцыны: гэта па тым часе не дзіва.
Яму было дваццаць гадоў, калі яго залічылі ўрачом у гвардзейскі егерскі полк рускай арміі, і наступныя пяць гадоў, з 1806-га да 1811-га, ён правёў у ваенных паходах так званай антынапалеонаўскай кааліцыі. З Напалеонам у яго былі свае рахункі: гаспадаранне гэтага француза ў германскіх землях ён як немец стрываць не мог. Ратаваў параненых і пад агнём, і ў шпіталях, атрымаў і раненне, і падзякі камандавання. Іншымі словамі, да мінскага перыяду сваёй медыцынскай кар’еры ён паспеў набыць у галіне хірургіі даволі важкі досвед.
У Мінску Гібенталь апынуўся, дэмабілізаваўшыся, летам 1811-га і ненадоўга: летам 1812-га яго зноў паклікалі на вайну — у армію Барклая дэ Толі. Тое, што гіпсавая вынаходка выпала на адзіны ў яго жыцці год у Мінску, — чыстая выпадковасць, але разам з тым гістарычны факт.
Прафесар Буш тады прачытаў яго рапарт, разважыў, што просты пералом такім спосабам зафіксаваць, відавочна, магчыма, але пры складаных пераломах, ды яшчэ з ацёкам, — ніякай карысці не будзе, ды і ўвогуле метад грувасткі, нязручны — «куды больш нязручны, чым заведзеныя спосабы лячэння», — і артыкул у друк не прыняў. Хоць ідэя была вельмі сваечасовай, бо акрамя таго што ішла вайна, усё часцей здараліся і мірныя, «вытворчыя» пераломы: капіталізм наступаў, адкрываліся фабрыкі і заводы, будаваліся масты і чыгункі, а гэта, як ні круці, павышаны траўматызм, але метад быў сапраўды грувасткі, і адмову Буша можна лічыць справядлівай.
Тое, што прапанаваў Гібенталь, было толькі правобразам гіпсавай павязкі ў нашым яе разуменні. Лепш назваць гэта гіпсавай формай: Гібенталь ствараў яе пры дапамозе сагнутага ў жолаб кардону і паперы, прапітанай гіпсавай «кашай». Да яго для імабілізацыі пераломаў урачы карысталіся хто чым: глінай, крухмалам, дэкстрынам, сталярным клеем, нават яечным бялком. Абавязкова павінен быў знайсціся нехта, у чыю галаву прыйшла б ідэя выкарыстаць з гэтай мэтай яшчэ і гіпс — і яна прыйшла. Спачатку нашаму Гібенталю, потым галандцу Хендрыксу, потым яшчэ шмат каму: ідэі, як вядома, лунаюць у паветры.
Але, як казаў Генры Форд, ідэя — гэта толькі ідэя. Прапанова галандца, чый артыкул пра гіпс апынуўся ў прэсе першым (Гібенталя ў рэшце рэшт таксама надрукавалі, але толькі ў 1816-м), была такой жа далёкай, як і гібенталева, ад таго вобразу, які мае сучасная гіпсавая павязка: чалавецтва будзе чакаць яе яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў.
Рускі хірург Мікалай Пірагоў, народжаны ў 1810-м, паспее дажыць да сталага веку, перш чым у 1853-м прыменіць такую павязку на Крымскай вайне. Калі нехта з яго сучаснікаў у запале заявіць, што гэта адбылося ўпершыню, то за ўсіх папярэднікаў знойдзецца каму заступіцца. Доктар Яўгеній Пелікан, бацька рускай таксікалогіі, абурыцца публічна не на жарт, напісаўшы ў адным артыкуле справядлівыя словы: «Хто не ведае, што з большымі і меншымі поспехамі гіпс выкарыстоўвалі Гібенталь, Фларып, Мютрэй, Кейл, Клюге, Раух і асабліва Дзіфенбах?» Як бачым, Хендрыкса ён не згадаў, а Гібенталя назваў самым першым.
Панская ласка — рэцэпт ад цынгі
Разам з тым рапартам аб выкарыстанні гіпсу пры пераломах у лютым 1812 года Карл Іванавіч Гібенталь напісаў яшчэ адзін — пра «новы спосаб аперацыі камнесячэння ў жанчын» з прыкладаннем малюнкаў уласнаручна распрацаванага хірургічнага інструментарыя. Гэты рапарт прафесар Буш таксама праігнараваў. Але Гібенталю абедзьве яго адмовы не было калі, так бы мовіць, аплакваць: у сакавіку на Мінскую губернію напала цынга — захварэ-лі чатыры тысячы чалавек і больш чым чатыры сотні памерлі.
Хто такі інспектар урачэбнай управы, якім з’яўляўся 25-гадовы на той час Гібенталь? Па-нашаму гэта начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя вобласці, неяк так. Прычыны цынгі былі для Гібенталя відавочныя, і супрацьстаяў ён ім так, як яму падказваў вопыт.
Усю гэтую відавочнасць распісаў ён у спецыяльнай брашуры, якую ў рускамоўнай версіі выслаў у Пецярбург, а перакладную (бо валодаў, між іншым, ажно сямю мовамі) пусціў у народ так, каб прайшлася яна праз «усе гасподскія двары». У брашуры той пералічвалася, што трэба зрабіць памешчыкам, каб цынга адступіла.
Трэба клапаціцца, каб паветра ў хатах сялян было свежым і чыстым, а для гэтага жывёл адсяліць ад людзей. Трэба забяспечыць людзей харчаваннем — свежымі якаснымі хлебам і мясам, кіслай капустай, хрэнам, шчаўем, гарчыцай і добрым квасам. Трэба зрабіць так, каб сяляне не бралі ваду з забалочаных месцаў — гнілую, з інсектамі і нечыстотамі. «Где не имеется колодцев, то должно сейчас и в высшем месте их вскопать», — гаварылася ў брашуры. Але галоўнае: сялян нельга хваляваць і палохаць спагнаннямі і пакараннямі, а трэба абыходзіцца з імі «ласкательным образом, дабы возбудить в них спокойное чувствование». Толькі тады, папярэджвае Гібенталь, можна будзе чакаць дасканалага ўздзеяння лекаў. А лекі — напоі з сасновых шышак.
Рэкамендацыі Гібенталя па барацьбе з успышкай цынгі ў Пецярбургу ўхвалілі, і там, дзе паны апынуліся паслухмянымі, сяляне пайшлі на папраўку. Хваля захворвання агарнула губернію ў самым пачатку вясны, калі насельніцтва вычарпала запасы агародніны, а менавіта буракоў і капусты, на якія ў 1811-м здарыўся неўраджай, і прынятыя меры мелі неўзабаве эфект. Няўцямнаму люду Карл Гібенталь старанна даводзіў, што цынга — хвароба незаразная.
Інжынерны талент
У чэрвені 1812-га Мінская ўрачэбная ўправа дакладала пра рэзкі спад захворванняў і смяротнасці, а ўжо ў жніўні былы інспектар Карл Гібенталь ратаваў параненых на Барадзінскім полі. Потым ён быў прыкамандзіраваны да шпіталя ў Цверы, праз час яго паставілі працаваць у Цвярской урачэбнай управе, і працаваў ён спачатку так добра, што атрымаў не адну падзяку, але потым, як кажуць, нешта пайшло не так.
Што можа пайсці не так у прынцыповай, па-нямецку адказнай, педантычнай асобы, якая вымушана ўперціся ў рускі «авось»? Ён не мірыўся з тым, што лічыў няправільным у арганізацыі медыцынскай справы, і патрабаваў належнага парадку ад кожнага, нават калі перад ім апынаўся нейкі высокі чын. Сам губернатар зрабіў быў яму заўвагу за «непрыстойныя ўчынкі супраць начальства», а потым, назіраючы, што Гібенталь сваіх прынцыпаў не мяняе, уласнаручна звольніў яго «за непавагу да мясцовага кіраўніцтва».
Так Карл Гібенталь апынуўся ў Віцебску.
Але перш чым там апынуцца, ён, пакуль быў у Цверы, адкрыў мясцовыя лячэбныя воды. Як піша згаданы Грыцкевіч, «яму дапамагала рознабаковасць яго інтарэсаў, якая не абарочвалася раскіданасцю, а наадварот: адны інтарэсы дапаўнялі другія». Эпоха асветніцтва хілілася да свайго схілу, і Гібенталь належаў ёй да канца. Ён быў не толькі ўрачом, але і скульптурай займаўся (дзякуючы чаму і прыйшла ў яго галаву тая «гіпсавая» ідэя), і меў яшчэ і інжынерны талент.
Перад першым сваім домам у Віцебску, які стаяў на Саборнай вуліцы, ён выклаў з драўляных шашак, ставячы іх тарчма, так званую тарцовую маставую: зрабіў гэта, як сам прызнаваўся, каб паменела шуму з вуліцы, каб не перашкаджаў ён яму працаваць. Тады ў яго доме кватаравалі графы Бенкендорф і Арлоў, камандуючыя гвардзейскім полкам, — і ад іх, як напіша Гібенталь праз гады, «этот тип дорожного ношения стал известен в С.-Петербурге».
Праўда, там, у Паўночнай Пальміры, пра тарцовую маставую гаварылі, быццам яе ідэя належала інжынеру Васілію Гур’еву. Гэта, відаць, як з тым самым гіпсам: ідэі ў паветры…
А яшчэ ён прыдумаў для Віцебска надзейную плаціну, якая вытрымала моцны павадак, і прадвадзіцель дваранства Шадурскі рэкамендаваў такую канструкцыю выкарыстоўваць паўсюль. Увогуле, спіс яго вынаходніцтваў — і ў медыцыне, і ў інжынерыі, і ў сельскай гаспадарцы — вельмі шырокі. Добрая іх частка — ад вадзянога млына да прыстасавання для фармоўкі цэглы (і плуг, і кармарэз, і бароны розных відаў, і цялежка для раўнамернага раскідвання ўгнаенняў, і водачарпальная машына, і розныя масты, стаячыя і плывучыя) — была ўвасоблена ў мадэлях-мініяцюрах з чырвонага дрэва і пасярэбранай бронзы віцебскім майстрам, таксама немцам, і прадавалася як сувеніры. Гібенталь быў членам Беларускага вольнага эканамічнага таварыства і арандаваў зямлю, на якой паступова разгарнуў даволі ладную гаспадарку. Друкаваўся ў «Земляробчай газеце» з паведамленнямі пра размнажэнне культурных дрэў атожылкамі, пра барацьбу з «хлебным чарвяком», пра тое, як рассякаць карані, што застаюцца ў зямлі пасля выкарчоўвання пнёў, пра такую канструкцыю плуга, каб узараць зямлю як мага глыбей, пра арганізацыю працы сялян у панскіх сядзібах… Сяляне яго вельмі любілі!
Віцебск — у сэрцы
Артыкул пад назвай «Остэапластыка, або Мастацтва ўзнаўляць страчаныя кавалкі касцей» Гібенталь адразу пісаў па-нямецку: відаць, прадбачыў, што ў Пецярбургу яго сачыненне зноў не прымуць. Артыкул надрукавалі ў 1825-м у берлінскім «Часопісе практычнай медыцыны», і хоць водгукаў ад калег ён амаль што не атрымаў, гэта было ці не першае пісьмовае сведчанне эксперыментаў па транпслантацыі, праведзеных на беларускай зямлі.
Гібенталю, дарэчы, было гэта важна: каб Беларусь «засвяцілася», як сказалі б мы сёння. Калі пісаў у пецярбургскі «Часопіс агульнакарысных ведаў» артыкул пра ўдасканалены ім замок ружжа, сканструяванага майстрам-збройнікам Арловым, то не прамінуў адзначыць, што калі гэты замок прыжывецца, то павінен называцца беларускім. Калі яго пасля чвэрці стагоддзя працы ў Віцебску спрабавалі перанакіраваць на такую самую пасаду — інспектара ўрачэбнай управы — у Адэсу, ён падаў прашэнне аб адстаўцы і застаўся жыць у беларускім Таледа (як пазней назаве Віцебск закаханы ў яго мастак Ілля Рэпін).
Віцебск часу Гібенталя на карціне Юзафа Пешкі.
Да Віцебска Гібенталь прырос сэрцам. Ганарыўся ім. Пісаў, што калі правесці лінію ад усходняга берага Новай Зямлі да Міжземнага мора за 150 вёрст ад усходняга берага вострава Мальта, атрымаўшы дыяметр Еўропы, і перасекчы гэтую лінію іншай, гарызантальнай, адзін канец якой губляецца ў Бергене, што ў Нарвегіі, а другі на Каспійскім моры ў Астрахані, то можна пераканацца, што «Витебск впадает в перекресток сих диаметров и, следовательно, представляет собою самое средоточие Европы». «К сему присовокупить должно еще то, что Витебск впадает в прямую линию, которая указует дорогу из С.-Петербурга к черноморскому порту — в Одессу. Обстоятельство, которое бесспорно назначает Витебск если не столицею, то, по крайней мере, центральной точкой путей сообщения России», — пераконваў ён.
А што на яго любоў адказваў Віцебск? У 1858-м, калі Гібенталь памёр, газеты, канечне, пісалі, што «ў сэрцы кожнага ён узвёў сабе вечны і непарушны помнік любові і ўдзячнасці», але вуліцу Падзвінскую, на якой ён, пабудаваўшы сабе двухпавярховую камяніцу, да самай смерці жыў, віцябляне ў 1911-м пажадалі перайменаваць у гонар Льва Талстога, калі той незадоўга да гэтага памёр далёка ад Віцебска — ў Разанскай губерніі.
Як хутка праходзіць мірская слава… Карл Гібенталь дакладна заслугоўвае хаця б гарадской скульптуры дзе-небудзь на прыступках хірургічнага корпуса. Або інфекцыйнага. Бо з эпідэміяй халеры ў Віцебску ён змагаўся гэтаксама заўзята, як у Мінску з цынгой.
Трансцэндэнтальная акрабатыка і марксізм
«У канцы 1830 года вельмі непрыемныя звесткі пачалі прыходзіць у Віцебск з усходу, — піша ў мемуарах этнограф і метэаролаг Максіміліян Маркс. — Маскоўская пошта прывозіла лісты, наскрозь папраколваныя, а то і прамочаныя нейкай вадкасцю або закуродымленыя нейкім курывам. Халера шляхам прусакоў і пацукоў з Індыі праз Персію, дзе моцна прарэдзіла народанасельніцтва, перайшла ў Расію». Еўропу яна наведвала тады першы раз, адзначае Маркс, і лютавала неймаверна.
Гібенталь не змагаўся з халерай, як іншыя — крывапусканнем і опіумам, — а паспрабаваў прымяніць водныя і спіртавыя растворы кавы. Кафеін, натуральна, узбуджаў прыгнечаную работу сэрца, і ў гэтым было ратаванне. А супраць распаўсюджання інфекцыі распрацавана была, як сёння б сказалі, цэлая сістэма мерапрыемстваў.
Хоць і пісалі ў некралогу, што не знайсці ў Віцебску і наўкола ніводнай сям’і, у якой Гібенталя не ведалі б як выратавальніка, але знайшоўся, прынамсі, адзін чалавек, які Гібенталя вельмі не любіў. Усё добрае, што ім рабілася, тлумачыў на свой капыл — як благое. Называў «пагардлівым ганарліўцам», які «разумее сутнасць хваробы з аднаго толькі позірку на пацыента». Быў упэўнены: усё, што робіць для горада Гібенталь, ён робіць толькі дзеля ўласнай славы — каб пра яго гаварылі і гаварылі. Згадваў, як Гібенталь прапісаў «ванючай і бруднай» жанчыне Rp. Aquae fluvialis — рачную ваду, каб тая памылася, і як магістр філасофіі Вірла (жыў у Віцебску і такі чалавек) называў Гібенталя экзістэнцыяльным акрабатам. Намякаючы на эксперыменты па трансплантацыі, дасціпнічаў: маўляў, Гібенталь мог адрэзаць парасяці ногі і прышыць замест іх лапы качкі, а кату адсекчы хвост і прымайстраваць пеўневы грэбень.
Гэтым ненавіснікам быў Максіміліян Маркс — той самы, які маляўніча апісаў шлях халеры ў Расію. Гэты чалавек у юнацтве хацеў стаць урачом, але спасцігнуць медыцыну не здолеў. Магчыма, такая прыкрая для яго акалічнасць і сілкавала нянавісць. Чужая душа — цёмны лес.
Папракнуць Гібенталя можна хіба ў тым, што шмат якое рацыянальнае зерне ён, як выказаўся згаданы Грыцкевіч, кідаў на цвёрды камень, а не сеяў ва ўрадлівую глебу, таму і сустракаўся з неразуменнем і непрыняццем то тут, то там. Такі ён быў па прыродзе — рускі немец, які палюбіў Беларусь.