Загадчыка аддзялення платных медыцынскіх паслуг гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Гродна Алега Яхімчыка пацыенты і калегі ведаюць не толькі як уважлівага доктара, але і як апантанага футбаліста, які актыўна ўдзельнічае ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных турнірах. Амаль чвэрць стагоддзя ён у медыцыне і... у футболе.
Дзіцячая апантанасць
Алег рос рухавым і гарэзлівым хлапчуком. Аднойчы вырашыў скокнуць з даху драўлянай хаты. Скочыў — і атрымаў сур’ёзную траўму. Доўга лячыўся ў стацыянары, а потым яшчэ сем гадоў рэабітацыі. Да таго ж, як расказвалі бацькі, вельмі часта хварэў. Бранхіты, пнеўманіі... Хацелася бегаць, гуляць, але ад урокаў фізкультуры Алега вызвалілі, і адзіным суцяшэннем была гульня з мячом у двары з сябрамі.
— Магчыма, тое, што я часта хварэў у дзяцінстве, і вымусіла мяне зрабіць медыцыну справай жыцця, — гаворыць Алег Яхімчык. — Я марыў дапамагаць людзям.
У Гродзенскім медінстытуце пачаў актыўна займацца спортам. Спачатку ўпотай ад бацькоў, каб тыя не хваляваліся. Усе нарматывы на занятках па фізічнай культуры выконваў лёгка. І, канечне ж, гуляў у футбол.
На шляху да Алімпійскіх гульняў
Пасля інстытута паехаў на радзіму ў Шчучын працаваць у раённай бальніцы.
— Ад прадпрыемства «Аўтапровад» мяне запрасілі ў каманду, якая брала ўдзел у чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па футболе, — узгадвае Алег Яхімчык. — Гэта было маё баявое хрышчэнне.
Праз пяць гадоў вярнуўся ў Гродна. Ажаніўся. Уладкаваўся на працу ў гарадскі аддзел аховы здароўя мясцовага гарвыканкама, паралельна працаваў урачом хуткай медыцынскай дапамогі. Браў актыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах устаноў аховы здароўя.
Апошнія 10 год працуе ў Гродзенскай БСМП. Актыўна ўдзельнічае ў футбольных баталіях. З 2013 года іх каманда гуляе на міжнародным узроўні. Штогод у польскім Закапанэ праходзяць «Алімпійскія гульні ўрачоў», дзе з польскімі калегамі спаборнічаюць беларускія дактары.
У 2016-м гродзенцы годна выступілі на чэмпіянаце свету ў Славеніі, заняўшы пятае месца сярод 16 каманд медыкаў.
— Я гуляю ў розных амплуа, — тлумачыць доктар Яхімчык. — Бываюць сапернікі моцныя. Бываюць слабыя. І тут важна адчуць сітуацыю. Стратэгію гульні лепш вызначыць да таго, як яна пачнецца. Два разы на ты-дзень наведваем трэніроўкі. Гульня дае шмат эмоцый. Радуемся, калі забіваем гол, засмучаемся, калі разумеем, што маглі лепей. Напрыклад, на чэмпіянаце свету нашымі супернікамі ў чвэрцьфінале стала польская каманда. На «Алімпійскіх гульнях урачоў» у Польшы мы звычайна перамагалі яе, а на міжнародным турніры не ўдалося. Медаль не атрымалі, але займелі шмат сяброў, з якімі пасля фатаграфаваліся, абменьваліся кантактамі, гутарылі на прафесійныя і жыццёвыя тэмы. Мяне заўжды цікавіць, што адбываецца ў сістэме аховы здароўя іншай краіны, якія новыя тэхналогіі і падыходы ў лячэнні яны выкарыстоўваюць. У такіх вандроўках мы адчуваем цёплае стаўленне замежных сяброў да беларусаў: нас любяць за шчырасць і душэўнасць.
У чэрвені 2014 года на спартыўных спаборніцтвах Алег Яхімчык атрымаў сур’ёзную траўму калена.
— Мне зрабілі артраскапію, праз два месяцы я рэабілітаваўся і паехаў у Закапанэ на «Алімпійскія гульні ўрачоў», дзе наша каманда заняла першае месца, — кажа Алег Яхімчык.
Ад Гродна да Гомеля
На працягу чатырох гадоў беларускія ўрачы — аматары футбола з Гродзеншчыны, Гомельшчыны, Міншчыны і Брэстчыны імкнуцца арганізаваць уласны чэмпіянат унутры краіны.
— Мы гуляем у розных гарадах Беларусі, — расказвае Алег Стэфанавіч. — У кастрычніку турнір у Баранавічах. Звычайна на такія спаборніцтвы прыязджаюць шэсць каманд з розных куткоў краіны. Праз месяц-другі прымае гасцей ужо іншы горад. Пасля вызначаецца пераможца.
Алег Яхімчык актыўна ўдзельнічае не толькі ў медыцынскіх, але і ў ветэранскіх турнірах, дзе гуляюць футбалісты, старэйшыя за 40 гадоў, і не толькі медыкі.
У сям’і Алега Яхімчыка ўсе аматары спорту. Жонка Ганна — урач-педыятр — падтрымлівае захапленне мужа. Дочкі Паліна і Хрысціна займаюцца каратэ. Яны ганарацца бацькам і заўжды заўзеюць за яго на трыбунах.