Фонам для гэтай гісторыі няхай служыць дом у Гродне на рагу вуліц Карбышава і Леніна, у якім так і бачыцца мемарыяльны музей урача і грамадскага дзеяча. У гэтых сценах Аляксандр фон Тальгейм жыў з 1911-га да 1937-га, чвэрць стагоддзя. Тут жа лячыў сваіх пацыентаў. І хоць з таго часу праз Нёман і Гараднічанку сплыло шмат вады, будынак яшчэ і цяпер, нягледзячы на розныя яго прызначэнні, называецца домам Тальгейма. Нібы доктар да гэтай пары там жыве і працуе, працуе, працуе...
Чалавек-энерджайзер
Ёсць такія нястомныя асобы, для якіх адпачынак — тое, што называў гэтым словам вялікі знаўца фізіялогіі Паўлаў — папросту перамена заняткаў. Тальгейм паспявае за дзень пабыць у сямі іпастасях. Галоўны ўрач у гарадскім шпіталі днём, на вячэрні час ён ператвараецца ў прыватнага тэрапеўта і гінеколага, пра што сведчыць пазнака ў даведніку для гродзенцаў і жыхароў наваколля. Запісацца да яго на прыём можна па тэлефоне, набраўшы дзве васьмёркі, а можна прыйсці ад сямнаццатай да дзевятнаццатай гадзіны ў дом № 16 на рагу Напалеонаўскай і Сафійскай.
У першым выпадку на званок, хутчэй за ўсё, адкажа пані Станіслава — памочніца і каханая жонка. Народжаная, як і ён, у Варшаве, яна, як і ён, паходзіць са старога нямецкага роду і не пазбаўлена ўзорных нямецкіх якасцей: дакладная, пунктуальная, педантычная. А да ўсяго гэтага бацька, прафесар кансерваторыі Юзаф Гебельт, перадаў ёй у спадчыну музычныя і артыстычныя таленты. Яны і прывялі абаяльную Стасю да знаёмства з тонка арганізаваным маладым урачом, прыхільнікам музыкі і тэатра.
У Варшаве Аляксандр пачынаў пазаштатным асістэнтам бальніцы пры евангелічна-лютэранскай абшчыне. Пазаштатным — значыць, без выплаты грошай. Але, калі з іншага боку глядзець, гэта ўсё ж не была дармовая праца: так набываўся досвед лячэння ўнутраных і нервовых хвароб, а досвед, як вядома, за грошы не купіш.
Ды ўсё ж Аляксандра цягнула ў Гродна, дзе прабеглі гімназічныя гады, дзе вуліцы ведалі Тызенгауза, дзе над Нёманам строма навісае Каложа, дзе ў паветры лунае дух Баторыя, дзе жыве знакамітая Эліза Ажэшка і дзе побач сядзіба Путрышкі — яго родавае гняздо.
Бацька, Караль фон Тальгейм, хоць і служыў у губернскім казначэйстве ў Варшаве, валодаў невялікім маёнткам у Верцялішкаўскай гміне. Вёрст сем ці восем ад Гродна па Верцялішкаўскай дарозе — і ты ўжо ў Путрышках, і вось ужо маці, Каміла з Даманскіх, частуе цябе кнэдлямі з макам і тварагом ды фаворкамі ў ружовым цукры. Маладыя Тальгеймы пражылі ў Варшаве нядоўга. Пераехаўшы ў мясціны дзяцінства, Аляксандр спачатку працаваў у далекаватым Поразаве, але як толькі з’явілася месца ў Гродне… Вось тады ўсё і пачалося. Бывае, што месца чалавека выбірае і кліча, а дазваўшыся, дае яму сілы праявіцца напоўніцу…
Цяпер ён старшыня Гродзенскага таварыства ўрачоў і кіраўнік дэпартамента здароўя і міласэрнасці ў гарадскім магістраце, сябра гігіенічна-асветніцкага таварыста і таварыства Чырвонага Крыжа, член курортнай камісіі ў Друскеніках і розных іншых камісій — і санітарнай, і рэвізійнай, і прафсаюзнай, член некалькіх камітэтаў, сярод якіх і камітэт дапамогі беспрацоўным, і камітэт апекі над дзецьмі, і камітэт падтрымкі ахвяр вайны... Ён жа — адзін з заснавальнікаў музычна-тэатральнага таварыства «Муза» і старшыня яго праўлення…
Ён паспявае паўсюль. Не шкадуючы часу, вырашае праблемы санітарнага стану вуліц, жылых дамоў, гандлёвых кропак, руслаў Нёмана і Гараднічанкі... Маючы аўтарытэт, прапаноўвае пашыраць шпіталі, будуючы павільёны, і адкрываць гарадскія лазні. Выступае з дакладамі пра тое, што трэба арганізаваць у горадзе лядоўню для захавання мяса, вылучыць асобнае памяшканне пад продаж малака, заснаваць лабараторыю для аналізу якасці прадуктаў… Ён як ніхто клапоціцца пра інстытуцыі пад гаваркой сімпатычнай назвай «Кропля малака», аналагічныя ініцыяванай у Францыі ў 1894 годзе Goutte de lait, і непакоіцца за якасць харчавання ў прытулках для асірацелых дзяцей, інвалідаў і нямоглых старых.
1916 год, краіна знясіленая Першай сусветнай вайной, але дзецям для харчавання патрабуецца свежае малако — і за справу бяруцца Тальгейм ды яго аднадумцы. І вось ужо ў прытулку жыве каза, а неўзабаве з’явіцца і карова, таму што камітэт, у кіраўніцтва якога ўвайшоў Тальгейм, здолеў сабраць грошы і на карову, і на аплату працы малочніцы.
Лячэнне сірот і нямоглых доктар Тальгейм праводзіць абсалютна бясплатна. Між іншым, гэта не такая характэрная з’ява, як можа здавацца: ёсць у акружэнні Тальгейма ўрачы, якія бяруць за паслугі грошы. Зрэшты, мы не ведаем іх акалічнасцей…
Калі за апошнім з наведвальнікаў дома № 16 на рагу Напалеонаўскай і Сафійскай зачыняюцца дзверы, доктар Тальгейм, выпіўшы гарбаты з мейсенскага фарфору, сядае за артыкул або справаздачу. Піша пра англійскія фільтры. А іншым разам — пра неабходнасць стварэння акцыянернай суполкі для рэгулярнага вывазу смецця або пра нешта яшчэ. І ўсё гэта — забываючыся на ўласнае здароўе, на вельмі слабыя лёгкія і, у рэшце рэшт, на пухліну, якая не дазволіць яму жыць даўжэй…
Гады яго жыцця — перавёртышы: нарадзіўся ў 73-м, памёр у 37-м. Падобны «сімвалізм» нічога не значыць, калі пра чалавека няма чаго распавесці. Але тут мы маем цэлую гісторыю…
Чытальня ў санаторыі Казіміра і Браніславы Длускіх у Закапанэ. Тут шмат разоў адпачываў Тальгейм. Дарэчы, гаспадыня — старэйшая сястра самой Марыі Складоўскай-Кюры. Таму ў санаторый прыязджае не толькі знакамітая набелістка, але і іншыя зоркі навукі і мастацтваў.
Ахвяра інтрыг
Доктар Тальгейм сантыментаў не любіць, што б ні было, пацыента сустракае строгі, нават суровы позірк. А эфект, між іншым, адваротны. Сур’ёзны твар запэўнівае хворага ў тым, што ён трапіў да сапраўднага знаўцы, які, без сумненняў, дасць рады яго бядзе. Такая псіхатэрапеўтычная методыка спалучалася з далікатным гумарам, ніяк не чаканым ад чалавека з сур’ёзным тварам. А ён жа яшчэ і артыст!
Разам з жонкай Станіславай Аляксандр іграе ў пастаноўках, якія ладзяцца таварыствам «Муза». Толькі вось «Муза» усё менш і менш нагадвае тую, якой яна была ў свае першыя гады. Спачатку не стала Ажэшкі, якая была сэрцам «Музы», потым пачалася вайна, а потым…
Спачатку мясцовая прэса назвала «Музу» артыстычна-грамадскім клубам, а потым узніклі патрабаванні да гэтага клуба аказваць паслугі, якія прыносяць грошы: каб не адно спектаклі па-аматарску ставіць ды артыстаў прафесійных запрашаць, а каб яшчэ і ў карты гулялі, і ў більярд, і каб буфет працаваў. Хор непатрэбен, бібліятэка таксама. Тальгейм стаяў за тое, каб захаваць традыцыі, гаварыў, што новыя парадкі сціраюць першапачатковыя культурна-асветніцкія мэты «Музы», прапісаныя ў яе статуце, але дзе там…
Аднаго разу ўвечары, калі за апошнім з наведвальнікаў дома № 16 на рагу Напалеонаўскай і Сафійскай зачыніліся дзверы і доктар Тальгейм, выпіўшы кубак гарбаты, сеў чытаць прэсу, ён прачытаў у ёй пра сябе. Што як артыст ён бяздарны, а як урач — бярэ хабар. Пасля рэдактары тых газет, якія надрукавалі паклёпы, былі асуджаны на непрацяглае зняволенне, з іх былі спагнаныя грошы, а выпуск іх газет на нейкі час прыпыніўся…
Аднак «Музу» было ўжо не ўратаваць. У адзін з вечароў доктар Тальгейм сам пісаў у мясцовую прэсу, назваўшы сябе проста Т. Пісаў, што «Муза» стараннямі новых дзеячаў, якія яе захапілі, ператварылася ў кулінарна-ігорны клуб, дзе пануюць азарт і п’янства. Але гэта была ўжо толькі канстатацыя факта…
Апошні ўрач Элізы Ажэшкі
Урачоў, якія майскім ранкам 1910 года на працягу дзвюх гадзін адчайна змагаліся за жыццё сусветна вядомай гродзенкі, было трое. Аляксандр фон Тальгейм прымчаў на званок з яе дома па вуліцы Мураўёўскай другім — адразу пасля Стэфана Шумкоўскага. Генрык Замкоўскі, крыху смешны доктар, які шчодра сыпаў у гаворку займеннікі і пры пісьменніцы гаварыў «яна», падаспеў трэцім. Гадзіннік на паліцы каміна паказваў сем. Акенцы ў белых фіранках з фатальнай тугой пазіралі на засланы саломай брук.
Пра апошнюю акалічнасць будуць пасля пісаць як пра нешта звышардынарнае: маўляў, гродзенцы так уважылі пані пісьменніцу, што заслалі пад яе вокнамі вуліцу. Але нічога звышардынарнага не адбылося — так было заведзена здаўна, такая адметнасць часу: калі нехта сур’ёзна хварэе, вуліцу трэба заслаць — каб да хворага не далятаў грукат колаў. Так і ў рамане самой Элізы Ажэшкі «Пан Граба»: «Я прыгнечаная непрыемным уражаннем, — гаворыць гераіня, пані Д. — Палова Залатой вуліцы заслана саломай, каб да гэтага беднага пана Клёнскага не даносіўся грукат карэт».
А грукат на Мураўёўскай стаяў — не суняць: ішлі і ішлі ў бок чыгуначнай станцыі сялянскія фурманкі, шляхецкія брычкі і панскія экіпажы. Некалі гэта была тая самая Верцялішкаўская дарога, па якой вёрст сем-восем праехаць — і будуць тальгеймаўскія Путрышкі. Аднекуль цяпер пайшло, што Эліза Ажэшка ведала Аляксандра Тальгейма з яго гімназічных гадоў, бо добра была знаёмая з гаспадарамі Путрышак.
Але факты сведчаць пра адваротнае: калі верыць дзённіку пісьменніцы, у Путрышкі яна першы раз трапіла ў 1898-м. Аляксандр тады атрымаў дыплом. Цалкам верагодна, што ў Путрышкі — на новае месца адпачынку ад гарадской мітусні — Ажэшка трапляе сапраўды з падачы маладога доктара, але не як даўняга, а як новага свайго знаёмага. Было, відаць, так: выпускнік медыцынскага факультэта летам 1898 года з’яўляецца ў бацькоўскай сядзібе і не прамінае наведаць у Гродне знакамітую аўтарку чытаных усімі аповесцяў і раманаў. Быў такі час, калі ў многіх, хто трапляў у Гродна, з’яўлялася, кажучы словамі Аляксандра Жыркевіча, агульнага прыяцеля Талстога і Рэпіна, «палымянае, непераадольнае жаданне дамагчыся знаёмства з гэтай знакамітасцю».
«Быць у Гродне і не ўбачыць яе было раўназначна збітай ісціне пра тое, што было б злачынствам наведаць Рым і не паспрабаваць зірнуць на папу», — піша ён. І вось Аляксандр Тальгейм знаёміцца з пані Элізай і запрашае яе пажыць у Путрышках. Бо піша яна пра Путрышкі лепшаму сябру Меету ў лісце ад 18 верасня 1898 года так, як не пісала б, калі б Путрышкі не былі ёй у навіну: «Здзівішся, прачытаўшы назву мясціны, з якой пішу, і паколькі яна трохі дзікая, перарабі яе сабе на Пятрушкі, як мы зрабілі, бо запомніць лягчэй».
Сядзібу Ажэшка апісвае як невялікую, ціхую, свежую і прыгожую, размешчаную сярод пагоркаў, парослых сасновым лесам, а гаспадароў называе людзьмі сумленнымі і цёплымі. Гэта пра Караля і Камілу, бацькоў Аляксандра. «Я наняла сабе два пакоі і жыву ў іх з Зоф’яй Гашкоўскай, — піша далей знакамітасць, згадваючы кампаньёнку. — А дакладней, жыву не ў пакоях, а ў прасторнай ліпавай альтанцы і ў лясах, якімі параслі ўзгоркі».
З таго часу Тальгейм стаў адным з урачоў Элізы Ажэшкі: іх у яе было нямала, бо нямала было і хвароб.
Адкуль ён ехаў да яе раніцай 5 мая 1910 года? Дом Тальгейма стаіць за квартал ад драўлянага шэрага доміка на Мураўёўскай, але тады ён пабудаваны яшчэ не быў. Магчыма, што малодшыя Тальгеймы жылі са старэйшымі, у Путрышках. Магчыма, што доктар на той час ужо валодаў тым самым чатырохмесным аўтамабілем маркі Zaveta, які напярэдадні Першай сусветнай быў рэквізаваны ў яго на ваенныя патрэбы згодна з «Часовым палажэннем аб рэквізацыі аўтамабіляў».
Магчыма, што на гэтым аўтамабілі ён і прыехаў з Путрышак па выкліку з дому Ажэшкі. І стаў адным з тых, хто чуў яе апошняе слова і бачыў апошні ўздых. Але ён, канечне, не бачыў таго, што ў апошнія імгненні бачыла яна. А яна апісала гэта загадзя ў адным творы — як раскінулася заслона, якую паглядам не агарнуць, і ў крыштальнай празрыстасці заіскрыліся росы, распусціліся кветкі, заблішчалі зарніцы, паўсталі вясёлкі, запалілася сонца, замігцелі зоркі і заззялі каметы на сваіх вечных шляхах. Акурат тады пралятала над Зямлёю камета Галея...
Пасляслоўе пра дом
Мая апошняя размова з гродзенскім гісторыкам медыцыны светлай памяці Фёдарам Ігнатовічам была акурат пра Тальгейма. Дакладней, пра яго дом. Фёдар Іванавіч, з якім мяне пазнаёміў Жан Эмануэль Жылібер і які сам даўно заслужыў, каб пра яго напісалі артыкул, час ад часу тэлефанаваў мне — і мы вялі працяглыя цікавыя гутаркі. Тым разам ён сказаў, што ў доме Тальгейма, верагодна, будзе музей. Я загарэлася навіной так, што ледзь не пачала ўжо распытваць пра экспазіцыю: а ці зробяць там усё так, як было ў прамінулым стагоддзі, а паводле якіх крыніц узнаўляюцца інтэр’еры, а што будзе на месцы палаты для хворых, а дзе возьмуць мэблю, а дзе, а што, а як…
Прынамсі, я паспела папрасіць паведаміць дакладную дату адкрыцця музея… А потым апынулася, што ніхто больш пра ідэю музея нічога не ведае. Але ж Ігнатовіч — не фантазёр. Мо празарліўца?..
Пытанне
У Гродне ў 1803 годзе мясцовым павятовым урачом быў выдадзены «Кароткi трактат пра так званую вакцыну, або каровiну воспу, i яе прышчэпліванне як папераджальны сродак супраць натуральнай воспы». Як завуць гэтага ўрача?
Правільны адказ
Карл Фрыдрыхавiч Цiфенбах
Пераможца конкурсу
Кремерман Светлана Владимировна. УЗ ОЦП Детская поликлиника №1.
Прыз
Вандроўка ў адну з самых рамантычных мясцін Беларусі — каралеўскі гораб Гродна (на дваіх).
Партнёр
Палажэнне аб правядзенні конкурсу можна спампаваць тут.