Ілюстрацыя з адкрытых крыніц.

Эпілепсія заўсёды выклікала адначасова цікавасць і жах, а ў тых, хто пакутаваў на гэтую хваробу, шукалі ці то прыкметы святасці, ці то прысутнасць дэманаў. Каб зразумець, пра што гаворка, давайце высветлім, што гэта за таямнічая немач, як яе лячылі і як да яе ставіліся нашыя продкі.

 

Хвароба Святога Валянціна

 

На працягу стагоддзяў у эпілепсіі было мноства назваў: падучая або падучка, боская, дэманічная, радзі-мец, чорная немач, ліхая хвароба, трасучка, пакаранне Хрыста, хвароба Святога Валянціна і іншыя.

 

Пра гэтую хваробу ў медыцынскай літаратуры згадваецца з найстаражытнейшых часоў. Адну з самых ранніх згадак пра эпілепсію можна знайсці ў тэкстах Старажытнай Месапатаміі. Аўтар тэксту апісвае пацыента з сімптомамі, падобнымі да падучай: «Яго шыя выкручаная налева, рукі і ногі напружаны, вочы шырока адчыненыя, а з рота цячэ пена пры поўнай адсутнасці прытомнасці».

 

Цягам ўсёй гісторыі чалавецтва стаўленне да гэтай хваробы было вельмі неадназначным. Старажытныя людзі лічылі эпілепсію містычнай з’явай і звязвалі стан прыступу з трансавымі ці рэлігійнымі перажываннямі.

 

Epilepsiya

 

Так, у Старажытнай Грэцыі многія бачылі эпілепсію формай духоўнай апантанасці і лічылі, што ў яе боскае паходжанне: нібы багіня Месяца Селена карала гэтай хваробай тых, хто яе ўгнявіў. Сваю незадаволенасць маглі выказаць і іншыя багі. Напрыклад, калі сімптомы прыпадку ўключалі ў сябе скрыгат зубоў або курчы з правага боку, то эпілепсію прыпісвалі багіне-маці Кібеле, а калі хворы гарлаў, як конь, то вінны быў марскі бог Пасейдон.

 

Пазней хворых на эпілепсію сталі лічыць апантанымі дэманічнай сілай, якая пранікала ў нутро чалавека, мучыла яго. Прыкладам, у Старажытным Рыме эпілептык лічыўся нячыстым: той, хто дакранаўся да яго, мог стаць здабычай дэмана. Людзі не елі і не пілі з таго ж посуду, якім карыстаўся хворы.

 

Каб адагнаць дэмана і не заразіцца, рымляне пляваліся. Такая «магічная гігіена» дапаўнялася «магічным лячэннем»: сродкам ачышчэння ад эпілепсіі лічылі кроў. Лепш за ўсё падыходзіла кроў параненага ў баі гладыятара: ён быў малады, моцны, калі і памёр, то здаровым. Гэтую кроў маглі піць проста са свежай раны, гэта значыць з целаў гладыятараў пілі як з жывых чар.

 

Пра гэта пісаў старажытнарымскі эрудыт Пліній Старэйшы: «Пакуль натоўп назірае, эпілептыкі п’юць кроў гладыятараў».

 

Epilepsiya4

Экзарцызм. Мініяцюра 13-га стагоддзя.

 

Лекавы пярсцёнак

 

У хрысціянскім свеце ў Сярэднія стагоддзі і нават пазней эпілептыкі таксама лічыліся апантанымі дэманамі, з-за чаго да іх саміх ставіліся як да ведзьмаў і ведзь-макоў. Па гэтай прычыне яны вызваляліся ад Эўхарыстыі. Да таго ж эпілепсія разглядалася як заразнае захворванне, крыніцай якога, на думку некаторых медыкаў, было смуроднае дыханне хворых. Таму са з’яўленнем першых у Еўропе псіхіятрычных бальніц эпілептыкаў маглі ізаляваць там ад грамадства.

 

Каб пазбавіцца ад гэтай хваробы, у тыя часы часта выкарыстоўвалі экзарцызм — рэлігійны абрад выгнання дэманаў або злыдухаў з цела чалавека, апантанага нервовай хваробай. Таксама ў сярэднявеччы былі лекары, якія інтуітыўна разумелі, што эпілепсія нейкім чынам звязана са станам чалавечага мозгу. І відавочным рашэннем было гэты самы мозг паправіць, для чаго звярталіся да адной з самых старажытных аперацый — трэпанацыі чэрапа. Таму напэўна невыпадкова ў наш час археолагі ў старажытных пахаваннях знаходзяць чарапы са слядамі трэпанацыі. Гэта акруглыя адтуліны, выціснутыя на косці вострым прадметам.

 

Epilepsiya3

Ян ван Хемесэн. Трэпанацыя (1550 - 1555 гг.)

 

Цікава, што ў сярэднявечнай Англіі была моцная вера ў цудадзейнасць каралеўскай улады. Перыядычна манархі выязджалі да народа і раздавалі сваім падданым асаблівыя пярсцёнкі, іх звалі cramp rings — сутаргавыя пярсцёнкі. Рабілі іх з манет, якія манарх клаў на алтар у Вялікую пятніцу. Верылі, што эпілептыкі, носячы гэтыя асвячоныя каралямі пярсцёнкі, супакойвалі мышачныя болі і здаравелі.

 

З архіўнай і гістарычнай літаратуры вядома, што такім сродкам карысталася першая жонка вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста (1520–1572) — дачка імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фердынанда і Ганны Ягелонкі Альжбэта Габсбург (1526–1545). Інфанта з дзяцінства пакутавала на эпілепсію і, каб пазбавіцца ад хваробы пасля няўдалых спроб лячэння іншымі сродкамі, загадала прывезці з Англіі такі «лекавы» пярсцёнак. Але, як вядома, ёй гэта не дапамагло, і яна памерла бяздзетнай у маладым узросце.

 

«Па праву кадука»

 

Дарэчы, лацінская назва хваробы — coducus. А персаніфікацыяй хваробы ў народным ўяўленні з’яўляецца кадук — нячысцік і адзін з галоўных злыдухаў у беларускай міфалогіі, які з’ядае немаўлят і тым самым прыводзіць род да вымірання.

 

Прымхлівае стаўленне да хворых на невылечную эпілепсію ў старажытнасці перакрэслівала надзеі такіх людзей на сямейнае жыццё і на працяг роду. Адсюль і нарадзілася юрдычнае «звычаёвае» права, паводле якога кароль Рэчы Паспалітай забіраў да скарбу вымарачныя маёнткі «па праву кадука».

 

Звычайна ўяўленне абывацеля пра хваробу вычэрпваецца карцінай жахлівага сутаргавага прыпадку, які суправа-джаецца пенай з рота. Але з цягам часу медыкі заўважылі, што існуюць розныя віды прыступаў эпілепсіі, сярод іх ёсць такія, што нагадваюць непрытомнасць, ёсць аўтаматызаваныя, неўсвядомленыя дзеянні хворага, а ёсць прыступы некантралюемай лютасці.

 

Толькі ў 1849-м, а затым у 1867 годзе ў Англіі і Нямеччыне былі арганізаваны першыя спецыялізаваныя клінікі для хворых на эпілепсію. У тыя ж часы прарыў здзейсніў брытанскі неўролаг Джон Х'юлінгс Джэксан. Джэксан высунуў ідэю, што сутаргі ўзнікаюць з-за спантанных кароткіх электрахімічных разрадаў у мозгу. Ён таксама выказаў меркаванне, што характар курчаў напрамую звязаны з лакалізацыяй і функцыяй актыўнасці ў мозгу.

 

А ўжо ў 20-м стагоддзі нямецкі псіхіятр Ханс Бергер распрацаваў электраэнцэфалограф — прыбор, які рэгіструе біяэлектрычную актыўнасць мозга чалавека. Электраэнцэфалаграма дазволіла Бергеру пацвердзіць, што курчы з'яўляюцца вынікам анамальнай актыўнасці мозгу. У дадзены момант запіс электрычных токаў мозгу нярэдка адыгрывае вырашальную ролю ў дыягностыцы эпілепсіі.

 

Народныя метады лячэння падучай

 

Як вядома па этнаграфічных дадзеных, на нашых землях падучая ў часы сярэднявечча і нават у 19-м стагоддзі сустракалася даволі часта. У народзе лічылі, што кожны чалавек нараджаецца з большай ці меншай схільнасцю да «падучкі». Але ў адных яна выяўляецца істэрычным смехам, у другіх — плачам, у трэціх — размовамі ў сне ды інш. Хто не перажываў ніводнага з іх, той рана ці позна зведае прыпадкі злой хваробы.

 

Пры першых сімптомах прыступу хворага накрывалі чорнай адзежынай і не краналі з месца да канца прыпадку. Або раілі таму, хто ўбачыць першыя прыпадкі падучай, разрэзаць сабе мізенец правай рукі і памазаць хвораму крывёю ашчэраныя зубы, але потым неўпрыкмет схавацца. Калі хворы не будзе ведаць свайго дабрадзея, ён можа адразу і назаўсёды вызваліцца ад лютай хваробы. Апроч гэтага, калі пачынаўся прыступ, крывёй кажана хвораму націралі скроні, бывала, так рабілі і кроўю ката, крата або пеўня.

 

Падчас неаднаразовых прыпадкаў раілі над хворым трымаць маладую курыцу і, як толькі скончыцца прыпадак, зарэзаць яе. Цёплаю крывёю курыцы трэба было памазаць хвораму грудзі, рот і зубы і схавацца, перш чым той апрытомнее.

 

Шырока выкарыстоўвалі і другія часткі цела жывёлаў. Так, высушанаю і сцёртую на парашок пупавіну кабылы-першародкі давалі хвораму на эпілепсію або абкурвалі яго дымам ад гэтага сродку. Таксама дробна секлі капыт лася, кідалі яго на распаленыя вуголлі, а хворы ўдыхаў гэты дым. З чорнага парасяці, свянцонага на Вялікдзень, бралі вушныя костачкі, сушылі іх на печы, таўклі ў парашок, змешвалі з вадой і паілі ім хворага штодня.

 

У народнай медыцыне таксама выкарыстоўвалі пярсцёнкі. Толькі рабілі іх з цвікоў, якімі прымацоўвалі падкову да каня, або з самой падковы. Такія пярсцёнкі раілі насіць на мезеным пальцы. Прычым гэты сродак лічыўся найбольш дзейсным. А каб пазбегнуць прыпадку або скараціць яго, у дзвярную каробку перад самым прыступам трэба было ўторкнуць іголку ці шпільку.

 

Часам лячэнне падучай замянялі імітацыяй смерці хворага і яго новым нараджэннем. Хворага пакрывалі белай посцілкай, запальвалі грамнічныя свечкі. Выконвалі і іншыя дзеянні: насілі на шыі стужку, якой дагэтуль звязвалі ногі нябожчыку, або клалі спаць на ручнік, на якім апускалі труну ў магілу. Таксама хворага клалі каля парога, каб над ім пранеслі труну.

 

Дзіцячую эпілепсію народныя лекары на беларускіх землях лячылі наступным чынам. Да знахара трэба было адвезці само дзіця або ягоную шапачку ці кашульку. Тады над хворым дзіцёнкам знахар запальваў свечку і маліўся. Верылі, калі падчас малітвы знахар не збіўся, то дзіця адразу паправіцца. Калі ж знахар збіваўся, то колькі разоў ён саб’ецца, то столькі будзе прыпадкаў. Калі ўвесь час збіваецца, то дзіця памрэ. Таксама, каб напалохаць радзімец (падучку), хворае дзіця клалі пад ночвы або пад парогам, а потым над ім разбівалі колькі новых гаршчкоў.

 

Хвароба геніяў?  Эпілепсію прыпісвалі і шматлікім выбітным ды знакамітым асобам. Сярод іх — Юлій Цэзар, Аляксандр Македонскі, Сакрат, Арыстоцель, Жанна д’Арк, Леанарда да Вінчы, Мікеланджала, Галілей, Калумб, Лінкальн, Іван Жахлівы, Пётр Першы, Ньютан, Альфрэд Нобель, Напалеон, Вальтэр Скот, Паганіні, Байран, Ван Гог, Дастаеўскі, Леў Талстой, Агата Крысці, Эдгар По, Чарльз Дзікенс, Флабэр і многія іншыя. Упершыню меркаванне пра тое, што гэтая хвароба з'яўляецца прыкметай геніяльнасці, выказаў яшчэ Арыстоцель. Зрэшты, ужо ў сярэдзіне 19-га стагоддзя навукоўцы заўважылі, што геніяльнасць і эпілепсія ніяк не звязаныя. Псіхічныя ці неўралагічныя хібы шэрагу вялікіх прадстаўнікоў мастацтва нярэдка з'яўляюцца прадметам вывучэння лекараў і навукоўцаў, якія спрабуюць растлумачыць імі асаблівасці іх творчасці. Але ў большасці выпадкаў такія спробы застаюцца марнымі, нягледзячы на настойлівасць даследчыкаў.