Кацярына Папеня (на фота у верхнім радзе ў цэнтры).

Першую ў сваім жыцці працу Кацярына Папеня атрымала яшчэ ў дзяцінстве. Зрэшты, так часта здаралася з дзецьмі ў 20-м стагоддзі.

 

Місія ARA і намаганні дзіцячай волі Флойда Трэнхема, штатнага фатографа American Relief Administration, у Маскве папярэдзілі: трэба быць маральна гатовым да таго, што ён убачыць на ўласныя вочы і будзе фіксаваць на фотакамеру. Трэнхем адмахнуўся: ён вопытны рэпарцёр, яму чаго толькі не давялося бачыць, — што яго можа ўразіць? А пасля сто разоў успомніў гэтую сваю саманадзейнасць. У адным з пакояў прытулку ва Уфе ён пабачыў не менш як дзве сотні дзяцей адначасова.

 

Урач, які яго суправаджаў, паказваў на іх і каменціраваў: «Вось адно памерлае дзіця, вось другое, а вось гэтае, паглядзіце сюды, памірае цяпер». Ці не кожныя дзве хвіліны, як успамінаў потым Трэнхем, нехта з дзяцей паміраў. Ён з жахам выбег на вуліцу, але сустрэўся там з не меншым жахам: да дзвярэй прытулку на адкрытых санках падвезлі дзяцей. Босых, без шапак, у парваным адзенні. Самаму малому гады два. Быў люты 1922 года, Трэнхема, апранутага ў касцюм авіятара на мехавой падкладцы, прабіраў холад. «Можаце ўявіць, што адчувалі гэтыя дзеці. Іх маленькія вушкі былі крывава-чырвоныя», — напісаў ён у рэпартажы.

 

Фрэнсіс Ролінз, урач той самай American Relief Administration, датрываў да красавіка і з’ехаў, не маючы болей ні надзеі, ні сілы палепшыць сітуацыю. Эпідэміі ўспыхвалі адна за адной, адолець іх было немагчыма: людзі падалі на вуліцах, мінакі распраналі іх дагала, і так, праз адзенне, распаўсюджваліся інфекцыі.

 

American Relief Administration, ARA, амерыканская арганізацыя, створаная па распараджэнні прэзідэнта Вудра Вільсана з мэтай рэалізацыі прынятага ў 1919 годзе Сенатам ЗША «Закона аб дапамозе галадаючым у Еўропе», па просьбе Максіма Горкага прыбыла ў Савецкую Расію, чый нявопытны ўрад (гэта прызнаў нават Ленін) давёў свой народ да голаду жорсткімі ўмовамі харчразвёрсткі, да якіх дадалася засуха 1920 года. ARA забяспечвала насельніцтва пацярпелых ад голаду тэрыторый вопраткай, медыкаментамі і харчаваннем. 

 

Уфа таго часу мела каля чатырох дзясяткаў прытулкаў, у якіх жылі дзеці ад 3 да 16 гадоў: бежанцы Першай сусветнай і сіроты, чыіх бацькоў забрала рэвалюцыя. Адным з такіх прытулкаў з 1920 года пачала кіраваць 16-гадовая беларуска Каця Папеня, якая яшчэ ў 1915-м перасялілася з Гродзенскай губерніі ва Уфімскую разам з бацькамі.

 

Праз родны кут сям’і Папеняў пралегла лінія фронту, і яны былі вымушаныя ператварыцца ў бежанцаў. Каці было адзінаццаць, калі яна стала няняй па найму, сумяшчаючы гэтую працу з вучобай. Скончыла сельскую школку з пахвальным лістом, настаўнікі параілі вучыцца далей у сярэдняй школе ва Уфе, але бацька, Васіль Папеня, не мог забяспечыць жыццё дачкі ў горадзе, і тыя самыя настаўнікі дапамаглі яму ўладкаваць яе ва Уфімскі прытулак для дзяцей бежанцаў. Жыла ў прытулку, вучылася ў школе, потым школа змянілася на вячэрнюю, а прытулак стаў месцам працы.

 

vcfd435vfg

Голад у Башкірыі, 1921 год.

 

Пра страшны голад 1922-га і сваё вяртанне ў Беларусь яна напісала суха: «У 1922 годзе, суправаджаючы галадаючых дзяцей, апынулася ў горадзе Старадубе і потым пераехала ў Мінск, дзе працягвала працаваць кіраўніцай дзіцячага дома і па вечарах вучылася». Ні ўражанняў фатографа Трэнхема, ні адчаю доктара Ролінза: у аўтабіяграфіі — толькі факты. А гэта ж была ўжо другая хваля эвакуацыі, і ўсё, што апісвалі амерыканцы ў сваіх справаздачах, Каця Папеня на працягу 1921-га не проста назірала, а перажывала. Ды і за словам «эвакуацыя» хаваецца мноства выпрабаванняў.

 

Сотні дзяцей трэба было памыць у маленькай лазні, завесці на кожнага картку, скласці агульны спіс… Калі вы думаеце, што там было шмат персаналу і было каму гэтым займацца, то памыляецеся, там адзін быў у полі воін… Спяшаліся, таму карантыннага тэрміну не вытрымлівалі, медыцынскі агляд пры пасадцы ў цягнік праводзіўся павярхоўна, аддзел народнай асветы, выпраўляючы дзяцей ў 25-градусны мароз, выдаваў на іх толькі бялізну, харчавання на ўсіх не хапала. Але мала было з усімі гэтымі складанасцямі давезці дзяцей да пункта прызначэння — трэба было і там праяўляць немалыя намаганні яшчэ напалову дзіцячай волі, каб займацца ўладкаваннем побыту дзяцей на новым месцы.

 

Надаецца годнасць

 

У 1923 годзе Кацярына Папеня скончыла вячэрнюю школу ў Мінску, па камандзіроўцы Саюза работнікаў асветы была дапушчана да экзаменаў, здала іх і паступіла на медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

 

Вучылася на адным курсе з Таццянай Бірыч, будучай зоркай беларускай афтальмалогіі, і з Міхасём Кавалёнкам, будучым міністрам аховы здароўя БССР. Клініку дзіцячых хвароб, якую Кацярыне так часта даводзілася назіраць у жыцці, ім выкладаў заснавальнік і загадчык кафедры дзіцячых хвароб Васіль Лявонаў. Яшчэ адна выдатная асоба — прафесар Максім Выдрын — выкладаў акушэрства і гінекалогію.

 

Выпускнік Маскоўскага ўніверсітэта, Выдрын, перш чым апынуцца ў Беларусі і напісаць на беларускай мове два падручнікі для студэнтаў, удасканальваў свае веды ў Берліне, Лейпцыгу, Мюнхене, Магдэбургу… Быў, між іншым, знаёмы з самім Дэдэрлейнам, якога Булгакаў прапісаў у сваіх «Нататках юнага ўрача».

 

Прафесар Дэдэрлейн, чытаючы лекцыі, так мяняў інтанацыю і голас, што змест гаворанага запамінаўся студэнтамі сходу — па асацыяцыі з тонам. Канечне, Максім Львовіч Дэдэрлейна крыху пераймаў, але не толькі ў гэтым быў сакрэт папулярнасці яго лекцый, на якія збіраліся не толькі студэнты: дыпламаванаму ўрачу таксама не шкодзіла пачуць лішні раз, што «трэба лячыць не міому, а пацыентку з міомай».

 

Каця вучылася на медфаку і працягвала кіраваць дзіцячым домам. Паспела за гэты час і закахацца, і выйсці замуж за студэнта лінгвістычнага аддзялення Міхася Астроўскага, і стаць маці. Калі ў чэрвені 1928-га Кацярына Папеня-Астроўская здавала Дзяржаўны экзамен у Медыцынскай іспытнай камісіі, на падставе чаго ёй быў выдадзены дыплом, якім, як у ім напісана, «надаецца годнасць урача з усімі правамі, прысвоенымі гэтай годнасці», сыну ўжо споўнілася тры гадкі.

 

Малеча сядзеў на нізенькім стульчыку і спрабаваў зняць сандалікі, але нешта ў яго не атрымлівалася. «Што, Юранька? Што ты хочаш? Ты мне скажы», — прасіў яго тата, настойваючы, каб хлопчык не паказваў на ножкі, а гаварыў. Юранька задумаўся: як сказаць? А потым прыдумаў: «Адбуй мяне». Мама гэтай мілай сцэны не бачыла. Яна шмат што з маленства першынца прапусціла.

 

«Лёс мой ад самага дзяцінства складваўся так, што маці мая, закончыўшы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, правандравала, працуючы доктарам, па розных вугалках роднай Беларусі», — напіша сын праз дзесяцігоддзі.

 

Першае месца працы Папені-Астроўскай — урачэбны ўчастак у Варонічах. Гэта ў Ветрынскім раёне на Полаччыне. Чытаеш гэта ў лістку па ўліку кадраў — і думаеш: з кім дзіця? Пацыенты радаваліся: «Пасвятлела на нашым участку, палепшала». Але праз паўгода Кацярына Папеня-Астроўская працуе ўжо на Бабруйшчыне. Чытаеш запіс пра гэта — і выдыхаеш з палёгкай: у Бабруйску ў яе радня мужа, ёсць каму дзіця даглядзець. Толькі калі сыну спаўняецца шэсць гадоў, яна ўладкоўваецца на пасаду ардынатара акушэрска-гінекалагічнай клінікі БДУ, але і гэта ненадоўга: наступнае месца працы — Заслаўе.

 

cfdp098bvg

Полацкая бальніца.

 

Гэтыя бясконцыя змены працоўных месцаў — прыкмета часу, у якім урачоў не хапае і таму кожны з іх сёння тут, заўтра там, ні сабе, ні сям’і не належыць. Сваю занятасць Папеня-Астроўская апісала ў аўтабіяграфіі адным радком: «У 1928 годзе скончыла медфак Б.Д.У. і з таго часу без перапынку працавала ўрачом на Беларусі».

 

Калі пачалася вайна, яна працавала ў лагеры ў Калодзішчах. Зноў ёй выпала ратаваць, суцяшаць, накіроўваць, арганізоўваць… Падлетак Юра і малы Славік былі побач. Міхася Астроўскага, мужа і бацьку, яшчэ ў 1940-м арыштавалі за тое, што ён падпісаў ліст у абарону асуджаных беларускіх літаратараў…

 

У першы год вайны Кацярына Папеня-Астроўская працавала ў Першай савецкай клініцы, «у гінекалогіі ў прафесара Клумава», як яна напіша ў аўтабіяграфіі, але летам 1942-га «была знятая з працы як непажаданы бальшавісцкі элемент».

 

Каб выратаваць сям’ю ад голаду, яна едзе бліжэй да радні і апынаецца ў Слоніме. Працуе там у радзільным доме. Сын Юра ўладкоўваецца памочнікам зубнога тэхніка.

 

Дзеі над Шчарай

 

19 ліпеня 1944 года, на дзясяты дзень пасля вызвалення Слоніма, доктар Папеня-Астроўская ўдзельнічае ў складанні «Акта аб гітлераўскіх ліхадзействах у Слонімскім раёне Баранавіцкай вобласці БССР». Гэты страшны дакумент разам з ёй падпісваюць не толькі яшчэ два ўрачы і прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, але і свяшчэннікі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, што сведчыць пра яго надзвычайны змест.

 

Акт апісвае раскопкі 18–19 ліпеня на Петралевіцкай гары масавай магілы мірных жыхароў, якія, паводле заключэння судмедэкспертызы, былі па-зверску забітыя ў ноч з 3 на 4 ліпеня таго ж года. На першай старонцы дакумента пералічваюцца ахвяры. «Сярод забітых выяўленыя: урач-хірург Жураўлёва Кацярына Паўлаўна з дзюма дочкамі 5 і 7 гадоў Юліяй і Валерыяй, зубны ўрач Чарняўская Вольга Назараўна з двума сынамі двух і пяці гадоў Валерыем і Анатолем, урач скурна-венерычных захворванняў Зайцаў Дзмітрый, інжынер Сяргеева Тамара…»

 

Страшны пералік даходзіць амаль да канца старонкі, апошнія радкі займаюць яшчэ болей жудасныя сказы: «Пры аглядзе целаў выяўлена, што рукі ўсіх ахвяр завязаныя назад дротам, амаль усе забітыя стрэлам у патыліцу, большасць дзіцячых ахвяр кінуты ў яму жывымі, пра гэта сведчыць адсутнасць кулявых раненняў…» На другой старонцы акта апісваюцца ранейшыя зверствы фашыстаў. Палову трэцяй старонкі займаюць імёны вінаватых з іх пасадамі пры немцах.

 

Што адчувала доктар Папеня-Астроўская? Што магла адчуваць жанчына, урач, маці, якая менш чым за год да гэтага страціла малодшага сына? Васьмігадовы Славік «быў забіты нямецкай машынай пры адпраўцы людзей у Германію», як напішуць пасля ў даведцы.

 

«У чаканні сваіх мы захавалі каштоўны бальнічны інвентар і інструменты», — піша доктар Папеня-Астроўская. Пасля вызвалення Слоніма яна шмат працавала па ўзнаўленні лячэбных устаноў горада. Яе стараннямі была ўзноўлена праца Слонімскай школы медыцынскіх сясцёр, якую яна і ўзначаліла. Цяпер да ўрачэбнай, арганізацыйнай і санітарна-асветніцкай працы дадалася педагагічная. Зрэшты, проста вярнулася да яе тая роля, якую яна некалі выконвала, кіруючы дзіцячым домам.

 

«Мне асабіста як дырэктару даводзілася замяняць тых выкладчыкаў, якіх не хапала», — пісала яна. Чытала, успамінаючы Выдрына, лекцыі па акушэрству. Выкладала і нервовыя хваробы, і інфекцыйныя, і псіхіятрыю, і фізіятэрапію, і лацінскую мову. Распрацавала асаблівую схему абязбольвання ў родах, якую выкарыстоўвала з 1946 года.

 

З восені 1944-га гэтая вытанчана прыгожая, адважная, рашучая, цярплівая і цягавітая жанчына засталася ў Слоніме адна. Сына Юру забралі па ўзросце ў армію, потым ён паступіў вучыцца ў Мінскі медінстытут, а мужа Міхася, які ў 1941-м вярнуўся з лагера, бо пачалася вайна і стварылася неразбярыха, зноў арыштавалі: за тое, што ў вайну кіраваў Слонімскай школай і настаўніцкай семінарыяй. Артыкул 58-1а, 10 гадоў лагера.

 

«Ешь без соли — будешь рожать без боли»

 

Калі сын Юра пасля заканчэння медінстытута ў 1950-м быў размеркаваны на працу ў Полацкую абласную бальніцу (Полацкая вобласць існавала да красавіка 1954 года), яго маці перавялася са Слоніма ў Полацк. Да сына з нявесткай і ўнучкай. У 1951-м нарадзіўся ўнук, у 1955-м яшчэ адзін…

 

І зноў яна ў раз’ездах. Яе камандзіруюць то ў Відзы, то ў Браслаў, то ў Мiёры, то ў Варапаева, то ва Ушачы… Дзівоснае адчуванне: пры ёй нараджаецца чалавек, тата ці мама якога таксама нарадзіліся ў яе на вачах, з яе дапамогай — калі яна працавала на Полаччыне першы раз, яшчэ ў канцы 1920-х.

 

Хто яе памятаў, той не мог не сказаць пра яе з захапленнем: «Якая жанчына!»

 

«Яна была заўсёды такая аптымістка», — успамінае словы сваёй мамы, урача-акушэра-гінеколага, Тамара Зіматкіна, дацэнт кафедры прамянёвай дыягностыкі і прамянёвай тэрапіі ГрДМУ, кандыдат біялагічных навук. Так атрымалася, што яе мама — вучаніца Кацярыны Папені-Астроўскай, працавала з ёй разам у Полацку, а сама Тамара Зіматкіна — вучаніца Юрыя Астроўскага, які стаў знакамітым вучоным, біяхімікам, акадэмікам.

 

Жанчыны яе вельмі любілі, — гаворыць Тамара Зіматкіна. — Яна была высокакласным спецыялістам і ў той жа час вельмі простай, даступнай. Магла і па-добраму пажартаваць, і падкалоць так, каб паставіць чалавека на месца. Размаўляючы з пацыенткамі, карысталася рознымі прымаўкамі. Напрыклад, гаварыла так: «Ешь без соли — будешь рожать без боли». Мама мая яе на ўсё жыццё запомніла. Юрый Міхайлавіч многае ўзяў ад яе як сын: і знешне, і ў характар.

 

Сэрца Кіці

 

Сэрца Кацярыны Папені-Астроўскай, перажыўшы шмат выпрабаванняў, якія выпалі на яе долю, не вытрывала аднаго разу ўвечары ў 1961 годзе, калі яна прыйшла з працы і вырашыла прыняць ванну, каб адпачыць. Яно проста спынілася.

 

«Я бачыў твар Юрыя Міхайлавіча ў той момант, калі ён атрымаў з Полацка вестку пра смерць маці, — успамінае прафесар Мікалай Лукашык, адзін з першых вучняў Астроўскага. — Я памятаю, якое гэта гора было для яго».

 

«Я павінен жыць доўга», — гаварыў Міхась Астроўскі сваім унукам. На пытанне «Чаму, дзядуля?» адказваў: «Мая Кіці не дажыла шмат гадоў, я павінен дажыць за яе». Ён перажыў сваю Кіці на 20 гадоў. Да апошняга дня выглядаў здаровым.

 

Вось ён, на здымку са Славікам: хлопчык у плеценым вазку, апрануты ў вялікае, не па памеры, зімовае паліто. Міхась Андрэевіч трымае вазок, пазіруе, злёгку ўсміхаецца. Хлопчык глядзіць кудысь убок, не туды, куды бацька.

 

А вось на іншым здымку магілка Славіка ў Слоніме. Побач маці, доктар Папеня-Астроўская. Яна прысела справа ад помнічка, абаперлася на агароджу. Адну руку паклала на помнічак — як трымала б яе на сынавым плячы, другая рука ляжыць на калене. На прыгожым твары боль і сум. На магілцы цвітуць астры і шпажнікі.

 

Некалі Міхась Астроўскі разам са старэйшым унукам і яго жонкай доўга хадзілі па Слонімскіх могілках, шукалі магілку Славіка. Хадзілі, шукалі — і не знайшлі. Дзед Міхась гаварыў, што трэба арыентавацца на нейкае дрэва, але дрэвы ўжо ўсе памяняліся. Ён хадзіў, шукаў і плакаў…

 

А Кацярына пахаваная ў Полацку на могілках Святога Ксаверыя. На яе помніку выбіты сімвал медыцыны — чаша Гігіеі. Сёлета доктару Папені-Астроўскай споўнілася 120 гадоў. Яшчэ жывуць у Полацку тыя, каго яна прыняла з першым крыкам у свае клапатлівыя рукі.

 

Фота прадастаўлены аўтарам.