Не такі ўжо і страшны гэты прафесар Вятохін. Нават крыху і смешны ў сваіх кругленькіх — па модзе — акулярчыках, з вусікамі «шчотачкай» — як у Чапліна, толькі сівымі. «Інтэграцыя арганізма абумоўлена нервовай сістэмай, а менавіта цэнтральнай нервовай сістэмай і яе вышэйшым аддзелам — карой галаўнога мозга», — паўтарае Надзя Траян яго інтанацыяй, напрасоўваючы сукенку, каб пайсці ў ёй на свята.
Экзамен па фізіялогіі — вось што па-сапраўднаму страшна, але гэта толькі ў аўторак, а сёння нядзеля, сёння ўрачыстае адкрыццё Камсамольскага возера, у капанні якога яна, актыўная камсамолка і студэнтка медыцынскага інстытута, брала ўдзел. У рэшце рэшт хочацца проста сустрэцца з сяброўкамі і пагуляць. Экзамен жа пачакае.
— Надзя, Надзечка, — кліча бацька. — Толькі што па радыё перадалі выступленне таварыша Молатава. Аб’яўлена вайна.
«Вайна… Значыць, экзамена па фізіялогіі паслязаўтра не будзе…» — першае, што пранеслася ў Надзінай галаве. Праз імгненне яна схамянулася: пры чым тут экзамен? І маланкай бліснула новая думка: трэба ісці ў інстытут!
Напрасаваная сукенка выглядала ўжо не па-святочнаму. Адчуваючы, як настывае гарачае паветра чэрвеня, Надзя са Старажоўкі паспяшалася на Ленінградскую...
Яны рыхтавалiся да вайны
У сталіцы БССР сям’я супрацоўніка бісквітнай фабрыкі Віктара Траяна жыла не так даўно, пераехаўшы з Краснаярска. У Мінскі медінстытут Надзя перавялася з Першага Маскоўскага. Новую аднакурсніцу мінскія «дзеці падзямелля» (так называлі студэнтаў-медыкаў за тое, што яны, маўляў, праз вучобу не бачаць сонца) прынялі ў сваю дружную сям’ю літаральна адразу. Надзя — чалавек кампанейскі, умее знайсці агульную мову з кожным, ды і родам яна з Беларусі — нарадзілася ў Дрысе. Новенькую не проста прынялі — яе неўзабаве прызначылі старастай патока.
Толькі ўчора студэнты Надзінай групы па-сяброўску сядзелі за круглым сталом у пакоі імянінніка-аднакурсніка, а сёння… Сёння вайна. Пасля выступлення па радыё таварыша Молатава ў галоўным будынку медінстытута на Ленінградскай сабралася некалькі чалавек. Абмеркавалі сітуацыю, падумалі, што рабіць, дамовіліся назаўтра прыйсці сюды а 8-й і заняцца ператварэннем аўдыторый у імправізаваныя палаты для параненых. Яны рыхтаваліся да вайны, уся краіна да яе рыхтавалася. Не ў апошнюю чаргу ў рамках гэтай падрыхтоўкі праводзіліся парады фізкультурнікаў, якія дэманстравалі савецкім людзям не толькі хараство выканання складаных гімнастычных практыкаванняў, сімвалізуючы гэтым зладжанасць савецкага грамадства ў пераадоленні цяжкасцей індустрыялізацыі, але і гатоўнасць да абароны, якая выяўлялася ва ўменні валодаць зброяй, скакаць з парашутам і адольваць паласу перашкод.
"Фізкультурнікі — рэзерв Чырвонай Арміі!" — такі быў лозунг. У чарговым парадзе фізкультурнікаў, намечаным на 29 чэрвеня, павінна была браць удзел і Надзея Траян. Але дэманстраваць гатоўнасць да абароны давялося не на парадзе…
З улікам выключных абставін
Планы студэнтаў парушыліся: назаўтра вайну ў Мінску было і чуваць, і відаць.
«Спачатку гарэла Савецкая вуліца, а потым ужо было неагляднае поле агню», — так успамінаў дзень 23 чэрвеня той самы прафесар Вятохін, які 24-га павінен быў прымаць экзамен па фізіялогіі ў Надзі і яе аднакурснікаў і якога яны (экзамена, а не прафесара) баяліся так, як належыць сумленным студэнтам баяцца экзамена па фізіялогіі. І вось што яшчэ шчымлівае ён сказаў пра той Мінск: «Калі ў агні аказаўся горад, тады стала зразумела, які ён вялікі. Калі едзеш на трамваі, гэтага не бачыш. А ў ім жа было больш за 300 тысяч жыхароў».
24-га Іван Андрэевіч выйшаў з сваёй кватэры ў доме для акадэмічных работнікаў на Камароўцы і рушыў у Акадэмію навук да начальства. Акрамя працы на кафедры нармальнай фізіялогіі ў медінстытуце і выкладання на біяфаку БДУ ён узначальваў Інстытут эксперыментальнай фізіялогіі. Прыйшоў у акадэмію і спытаў: «Што рабіць? Людзі хвалююцца. Ці можна іх адпускаць». Яму адказалі адмовай: «Працягвайце працаваць». Праз некалькі гадзін, не ў стане назіраць хваляванне сваіх супрацоўнікаў за сем’і, дзяцей і жытло, прафесар самавольна ўсіх адпусціў — «з улікам выключных абставін».
Каб выратаваць сябе
Студэнтам новы парадак прадпісваў рэгістравацца. Надзя не рэгістравалася: не ўсе загады варта спяшацца выконваць. Немцы патрабавалі здаваць радыёпрыёмнікі — яна і тут не спяшалася.
Не здаў свой прыёмнік і прафесар Вятохін і, настроіўшы яго 12 снежня на Маскву, істотна падняў сабе дух, даведаўшыся пра тое, што на самой справе адбылося з фашыстамі пад савецкай сталіцай. Зусім не так пісала нямецкая прэса, якой гандлявалі ў новаадкрытай кнігарні разам з «некаторымі кніжкамі, цікавымі для сучаснай культуры», якія прафесар ахвотна купляў. «Тут я зразумеў, — прызнаваўся ён, — што пераможныя паведамленні германскага камандавання ёсць у значнай ступені агітацыя, разлічаная на падтрыманне духу ва ўласных войсках, а не інфармацыя пра сапраўдны стан спраў».
Аднойчы ў двор дома, дзе жыла Надзя Траян, прыехала нямецкая машына. Фашысты сабралі дзяўчат і жанчын у кузаў і кудысьці павезлі. Надзя ехала і гадала: куды? Прывезлі ў радыётэхнікум. Загадалі памыць там падлогу і вокны — падрыхтаваць памяшканні для пражывання нямецкіх салдат. Потым Надзю з яшчэ адной студэнткай медінстытута перавезлі ў юрыдычны інстытут, дзе ў сутарэннях стаялі мяхі з бульбай. Дзяўчатам сказалі яе абіраць. Кожны дзень абіраць бульбу для нямецкіх нудляў і кнэдляў. За гэта давалі ежу.
Там жа працавалі кухоннымі памочнікамі палонныя чырвонаармейцы. І там жа стаялі скрыні з патронамі, гранатамі, медыкаментамі... Сам лёс загадваў красці гэта ўсё пакрысе і з вадзіцелем, таксама палонным, перапраўляць у лес і хаваць. Тады якраз пайшла пагалоска, што ў лясах ёсць патрыёты, якія змагаюцца з немцамі.
Дзяўчаткі загарэліся жаданнем сысці ў лес. Але ў прызначаны для ўцёкаў дзень палонныя разам з вадзіцелем зніклі. Пагалоска тым часам сцвярджала, што партызаны ёсць недзе пад Смалявічамі. І акурат у Смалявічах Надзін бацька працаваў на торфазаводзе.
«Кожны павінен быў працаваць, — успамінаў прафесар Вятохін. — Калі хто адмаўляўся ад працы, яго сурова каралі, адпраўлялі ў турму або высылалі на працу ў Германію». Медыкі таксама павінны былі працаваць, інакш іх чакаў зусім не зайздросны лёс. «Усе пачалі працаваць, каб выратаваць сябе, — апраўдваўся прафесар Вятохін. — Многія з медработнікаў сышлі з горада на раён, там сытней, бо кожны хворы нясе ўрачу яйкі, сальца, муку… І ўсё ж большасць прафесараў заставалася ў горадзе, у самім Мінску».
Прафесар Вятохін пры новых парадках загадваў электракардыяграфічным кабінетам у першай клініцы. Часта да яго прыходзілі немцы: карыстацца грамадзянскай меддапамогай ім забаранялася, але яны не давяралі сваім урачам і, усяляк абыходзячы розныя перашкоды, траплялі «да рускіх».
Пад носам у немцаў
Бухгалтару Смалявіцкага торфазавода імя Арджанікідзэ Віктару Траяну патрабаваўся рахункавод…
Структуру ўсіх вытворчасцей у немцаў апісвае, зноў жа, прафесар Вятохін: «Сядзіць нямецкі шэф і пад гэтым немцам-шэфам, які вырашае ўсе пытанні, сядзіць рускі дырэктар. Рускі, бо ўмее размаўляць па-руску».
Дачка бухгалтара і былая студэнтка прафесара Вятохіна Надзя Траян умела размаўляць па-нямецку — і гэта дало ёй магчымасць з рахункаводаў перайсці неўзабаве ў сакратаркі і стаць перакладчыцай гера ўпраўляючага. «Я была абавязана прысутнічаць на нарадах нямецка-рускай адміністрацыі, — успамінала яна. — А гэта столькі інфармацыі: калі і куды паедуць машыны паліцыі і жандармерыі забіраць скаціну і прадукты ў мірнага насельніцтва ці моладзь для адпраўкі ў Германію».
Пра тое, каб сысці ў лес, яна перастала думаць, як толькі выйшла на сувязь з партызанамі: тыя яе запэўнілі, што яна будзе больш карыснай, працягваючы працаваць на торфазаводзе — пад носам у немцаў. Так Надзея Траян стала разведчыцай. А па сумяшчальніцтве — членам падпольнай камсамольскай арганізацыі, якая друкавала і распаўсюджвала заклікі «не ваяваць на чужой зямлі».
«Мы размнажалі звароты да нямецкіх салдат на іх жа друкарцы, — расказвала пазней доктар Надзея Траян. — Потым укладалі іх у пакуначкі з ягадамі і прапаноўвалі як пачастунак для немцаў, што едуць на фронт».
Друкарку (нават дзве — нямецкую і рускую) яны выкралі. Пасля гэтай аперацыі, якую так і назвалі — «Друкаркі», Надзю дапытвалі. І хаця ўсё абышлося, заставацца на торфазаводзе было небяспечна.
Але і звольніцца было небяспечна. Надзя баялася за таварышаў і бацькоў.
Трэба замуж
Нечакана ў Мінску з ёй паздароўкаўся хлопец. Разгаварыўшыся з ім, яна зразумела, што ён студэнт з яе патока. Новенькая на курсе, яна, хоць і стараста, не паспела пазнаёміцца з кожным. Яе ж, не толькі старасту, але і сапраўдную прыгажуню, хлопцы, натуральна, запомнілі. Такая ўдача! «Мне трэба замуж, давай распішамся», — выпаліла яна. Аднакурснік не задаваў пытанняў. Пайшлі ў нямецкую ўправу і распісаліся. Начальству торфазавода заставалася толькі павіншаваць супрацоўніцу з законным шлюбам і адпусціць да мужа ў Бабруйск, выпісаўшы з Германіі перакладчыцу-немку. Так Надзея трапіла ў партызанскую брыгаду «Дзядзькі Колі». Была там медсястрой, хаця свае медыцынскія веды ацэньвала на ўзроўні ўмення аказваць першую дапамогу. Больш важным зноў стала валоданне мовай ворага. І веданне Мінска.

Начальнік разведкі партызанскай брыгады "Дзядзькі Колі" Іван Залатар, Алена Мазанік і Надзея Траян.Фота з БДАКФФД.
Як падабрацца да Кубэ
Яго называлі драматургам і кабаном. Драматургам — таму што карныя аперацыі для беларусаў ён распрацоўваў як сцэнарыст. Кабаном — за жывёльны нюх на небяспеку. Колькі разоў яго спрабавалі знішчыць — ён кожны раз гэта як адчуваў. «Нікчэмнай асобай» назваў яго прафесар Вятохін у жніўні 1943-га, калі «геру Кубэ» заставалася жыць трошкі болей за месяц.
Паляванне на кабана вялі адначасова каля дзясятка атрадаў разведкі, сярод якіх быў і той, што ўваходзіў у брыгаду «Дзядзькі Колі».
Вось і атрымала Надзея Траян спецзаданне: пазнаёміцца з некім, хто працуе ў Кубэ, каб да яго падабрацца. І тут другі раз памагло нядаўняе мінулае студэнткі медінстытута.
Аднакурснік Грыша Грынгаус быў жанаты з выкладчыцай з кафедры анатоміі Таццянай Калітой, а тая, блакітнавокая бландынка з доўгай тоўстай касой, працавала ў Кубэ. Праўда, нядоўга: пакуль Надзя яе знайшла, гэтая праца была ўжо ў мінулым.
— Я баялася, што не вытрываю і сарвуся, — з хваляваннем расказала Таццяна. Але абнадзеіла: — У мяне там засталася прыяцелька Галя, я цябе з ёй пазнаёмлю.
Галяй аказалася Алена Мазанік. Таццяна з ёю пра ўсё дамовілася: Надзі трэба падысці да дома Кубэ, і калі Галя выгляне з акна, спытаць, ці не прадасць яна пляшку гарэлкі. Галя скажа, што гарэлка ёсць у яе дома, і напіша адрас. Дома Алена Мазанік начарціла Надзі апартаменты гаўляйтэра і расказала, дзе расстаўлена ахова…
Гадзіннік спыніўся апоўначы
22 верасня Надзя пад’ехала да дома Кубэ на ровары з кошыкам, у якім пад тортам і кветкамі ляжала міна, дастаўленая з брыгады «Дзіма». Убачыла ачапленне, пачула, як нехта сказаў, што ноччу ў доме быў выбух, — і зразумела, што яе міну апярэдзіла іншая і з горада трэба ўцякаць. Бо з кошыка міну не выкінеш: надта каштоўны груз.
За два дні да гэтага ў дом да Алены Мазанік прыходзіла Марыя Осіпава, яна ж Ганна Чорная, нібыта купіць туфлі, а на самой справе прынесла міну. Пакуль сястра Алены Валя Шчуцкая, увайшоўшы ў ролю, старанна гарлапаніла — «Ды прадай ты ёй гэтыя туфлі! Табе ж яны цесныя! А мы будзем сядзець галодныя праз гэтыя туфлі! Прадай! Лена, прадай! Марыя, забірай! Кажу забірай! О! От і правільна! От і добра! Дай я грошы сама палічу! Ты ж лічыць не ўмееш! Дай мне!» — бо паліцай Барыс, натапырыўшы вушы, падслухваў за тоненькай сценкай, — Осіпава ціхенька паказвала Мазанік, як прывесці міну ў дзеянне.
Толькі Марыя выйшла з дому Алены з туфлямі ў руках, як яшчэ адзін паліцай — сусед Генка — кінуўся распытваць, колькі з яе за гэтыя туфлі «садралі». «Ай, скнара, — скардзілася Марыя, — усё да пфеніга выцягнула, на скібку хлеба не засталося».
Надзя везла сваю міну ў кошыку пад тортам і кветкамі, а Алена сваю несла ў сумачцы, прыкрыўшы насоўкай. Афіцэру аховы, які зацікавіўся змесцівам сумачкі, Алена сказала, што нясе ў ёй насовачку для фрау Аніты, жонкі гаўляйтэра. «Калі вам падабаецца, я вам заўтра такую ж насовачку прынясу», — лапатала, халадзеючы ад страху. Гер афіцэр не стаў выцягваць насоўку з сумачкі.
А гер Кубэ спытаў, чаму Алена сёння такая бледная. Яна адказала, што зубы баляць, ноч не спала.
І адпрасілася да зубнога. Узмалілася: толькі не да нямецкага! Фрау Аніта сказала мужу, што не трэба суправаджаць Алену да доктара: "Мы ж ёй давяраем". Зноў ёй пашанцавала. І яшчэ раз пашанцавала, калі ўдалося падлавіць момант, каб падкласці міну пад матрас.
Гадзіннік Вільгельма Кубэ спыніўся апоўначы.
Пад покрывам ночы
Тры галоўныя гераіні гэтай гісторыі — Осіпава, Траян і Мазанік — былі дастаўлены на партызанскі аэрадром пад Бягомлем і разам з іншымі пасажырамі — параненымі і дзецьмі — адпраўлены самалётам у Маскву.
Надзя ляцець не хацела, нават падумвала ўцячы з самалёта пад покрывам ночы — так ёй было шкада пакідаць бацькоў і сяброў і так яна ці то праз юны ўзрост, ці то ад таго, што не яе міна забіла гаўляйтэра, не ўсведамляла той небяспекі, якая над ёю навісла. Але ёй пачапілі парашут і загадалі глядзець у люк, каб паведаміць экіпажу, калі ўбачыць нешта падазронае. Загады не абмяркоўваюцца…
Пройдзе зусім мала часу (які спатрэбіцца для праверкі ўсіх фактаў) — і 35-гадовая Марыя Осіпава, 29-гадовая Алена Мазанік і 22-гадовая Надзея Траян атрымаюць кожная па ордэну Леніна і зорцы Героя Савецкага Саюза — «за ўзорнае выкананне баявога задання ў тыле праціўніка і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства», як напісана ў Указе Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, падпісаным Калініным.
Ва ўзнагародным лісце Надзеі сярод іншага значыцца: «Падрыхтавала забойства Вільгельма Кубэ». Выдатнікі, бывае, здаюць экзамены аўтаматам.
Нясумная памяць
Надзя так і застанецца ў Маскве і працягне вывучаць медыцыну там, дзе пачынала, — у Першым Маскоўскім медыцынскім інстытуце, які пазней будзе названы Сечанаўскім. Скончыць яго ў 1947-м. Натуральна, з чырвоным дыпломам. Праз гады абароніць кандыдацкую дысертацыю. Будзе дырэктарам НДІ санітарнай асветы Мінздароўя СССР, старшынёй Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца СССР, удзельнікам розных іншых грамадскіх і прафесійных камітэтаў і аб’яднанняў.
А праз многа-многа гадоў, у 2021-м, да 100-годдзя Героя Савецкага Саюза разведчыцы Надзеі Траян у Маскве будзе адкрыты гісторыка-патрыятычны цэнтр яе імя, або «Траян-цэнтр», мэта якога будзе сфармулявана так: «нясумна даносіць гістарычную памяць да моладзі — тут будуць праводзіцца лекцыі па гісторыі, квесты і экскурсіі».
А што прафесар Вятохін? Ён таксама трапіў спачатку да партызан, а пасля ў Маскву. Працягнуў выкладаць у Мінску ўжо пасляваенным студэнтам, якія, як Надзя Траян да вайны, паўтаралі яго інтанацыяй: «Інтэграцыя арганізма абумоўлена нервовай сістэмай…»