І што ж вы цяпер нам параіце? Надрукаваць ваш опус у газеце “Известия”»? Гэта быў відавочны здзек. Начальнік лагера смяяўся ў твар арыштанту, які, здавалася, ігнараваў рэчаіснасць — пачуваўся не зэкам, высланым за Палярны круг, а вучоным, адкамандзіраваным на Пячору для пастаноўкі навуковых эксперыментаў. Але гэты здзек быў прарочым: той «опус» усё ж надрукавалі. І менавіта ў «Известиях».
Здані на могілках
Месяцовае святло азарае жахлівую сцэну: істоты ў гумовых ботах, з пальчаткамі на руках, у белых медыцынскіх халатах, узброеныя засцерагальнымі акулярамі і павязкамі, нахіляюцца над магілай — уздымаюць вечка труны.
Ліхтарык «лятучая мыш» уключаецца толькі тады, калі месяц, напалоханы страшным відовішчам, хаваецца за аблокі. Таемна, пад покрывам ночы, адбываецца эксгумацыя целаў тых, хто нядаўна памёр ад чумы, у якую ў Гадруце, пасёлку Нагорнага Карабаха, ніхто не верыць…
Завадатары эксгумацыі — нкусаўцы, у кампаніі з імі — Леў Зільбер, былы загадчык аддзялення ў Інстытуце мікрабіялогіі Наркамата аховы здароўя, а з нядаўняга часу дырэктар Азербайджанскага інстытута мікрабіялогіі. Ён быў выкліканы ў раён эпідэміі кіраваць яе ліквідацыяй.
З Масквы ў Баку Леў Зільбер прывёз вялікія спадзяванні — праявіць свае сілы, веды і досвед у рашэнні якой-небудзь складанай задачы. Масква не давала яму разгарнуцца. Дырэктар тамтэйшага інстытута Барыкін даўно ўжо страціў аўтарытэт, і Зільбер хоць і быў яго вучнем, на кожным вучоным савеце імкнуўся ўказаць на дзірку ў яго тэорыі, тым больш што гэта было нескладана, бо дзіркі ў тэорыі імунітэта, як яе фармуляваў Барыкін, з кожным эксперыментам Зільбера рабіліся ўсё большымі.
Зільбера ўвогуле вылучала пазіцыя нападаючага, з-за чаго ў сям’і, якую ён пару гадоў таму, у 1928-м, стварыў з Зінаідай Ярмольевай, увесь час успыхвалі спрэчкі на тэму этыкі паводзін вучонага. Зінаіда Вісарыёнаўна была міратворцам і не дазваляла сабе нападаць на калег. Не дазваляла яна гэта і мужу.
А як прыгожа ўсё пачыналася! Маладыя паехалі ў Францыю працаваць у Інстытуце Луі Пастэра… Цяпер яна засталася ў Маскве, а ён тут, у Гадруце, на могілках — шукае ўчарашні дзень… У літаральным сэнсе. Вечарам зайшоў да яго ўпаўнаважаны НКУС і з парога сказаў, што чума — справа рук дыверсантаў. Яны, маўляў, выразаюць з целаў памерлых органы — і так распаўсюджваецца зараза.
— Мікроб чумы лёгка вырасціць у лабараторыі ў колькасці, якой хапіла б для заражэння соцень тысяч людзей, — запярэчыў Леў Зільбер, даводзячы, што дыверсантам, хто б яны ні былі, няма ніякага сэнсу выразаць органы з трупаў.
На гэта нкусавец адказаў загадам тэрмінова арганізаваць раскопкі на могілках:
— Трэба праверыць, ці цэлыя целы памерлых. Але рабіць гэта варта ноччу, каб не прыпісалі нам апаганьвання пахаванняў.
І вось 35-гадовы прафесар у кампаніі чырвонаармейцаў, узброеных ламамі і рыдлёўкамі, аглядае цела за целам, пра сябе называючы гэты занятак суцэльнай фантасмагорыяй. Ён не спаў па начах, распрацоўваючы мерапрыемствы па ліквідацыі ўспышкі, фарміраваў бактэрыялагічныя атрады, пісаў правілы ізаляцыі, патрабаваў прысылаць для выселенага з заражаных дамоў насельніцтва ўцепленыя палаткі, вопратку і бялізну, — і раптам такая «засада»... З дзесяці раскапаных магіл у трох будуць знойдзены целы без сэрцаў, без печані і… з адрэзанымі галовамі.
Чартаўшчына
Чартаўшчына хавалася ў тым, што Леў Зільбер, якому ўдалося спыніць эпідэмію чумы ў Гадруце, ды яшчэ матываваць узнаўленне руху чыгункі, блакада якога стварала праблемы і адбівалася на матэрыяльным становішчы ўсёй мясцовасці, а таксама арганізаваць вываз збожжа з папярэдняй яго пераборкай, якая гарантавала адсутнасць у ім грызуноў, плюс адстаяць дабротны будынак бальніцы, не даўшы яго падпаліць, пераканаўшы мясцовыя ўлады, што пасля трайной апрацоўкі ён не стварае пагрозы (для чаго давялося пасяліцца ў ім разам з усім бакатрадам!), Леў Зільбер, якому за ліквідацыю чумнага ачага наркам аховы здароўя паціснуў руку і сказаў, што чакае яго ордэн Чырвонага Сцяга, — Леў Зільбер якраз і апынуўся тым дыверсантам, пра якога яму ў пачатку, выклікаўшы з Баку ў Гадрут, распавёў упанаважаны НКУС. Суцэльная фатасмагорыя. Ордэн давялося чакаць тры з паловай дзясяткі гадоў, а за гэты час быць асуджаным на зняволенне тройчы.
«За што яго пасадзілі ў Баку? — разважаў у сваім «Эпілогу» малодшы брат Зільбера — пісьменнік Веніямін Каверын. — Прычыны, як вядома, ткаліся з паветра, як вопратка для караля ў казцы Андэрсана. Для АДПУ было важна даказаць, што чума занесена дыверсантам». Гэтыя словы ў іншым месцы дапоўнены наступнымі: «…па незалежнасці свайго характару, па ўпартай схільнасці шукаць у сваёй і чужой дзейнасці здаровы сэнс ён быў ідэальным аб’ектам для арышту. Што сказаць пра чалавека, які сварыцца з сакратаром парткама і кідае ў яго першы прадмет, які трапляецца пад руку, а пасля выганяе з лабараторыі?»
А загадка на могілках разгадвалася проста: паводле мясцовай традыцыі, калі адзін за адным паміраюць члены сям’і, прынята лічыць, што першы з памерлых працягвае жыць у магіле і цягне ў яе астатніх.
Каб спыніць мор у сям’і, трэба раскапаць магілу «жывога», «забіць» яго, выразаць сэрца і печань і накарміць імі членаў сям’і. Гэта мясцовая знахарка адразала трупам галовы, даставала органы і праз іх памнажала колькасць ахвяр. Знайшлі яе ў чумным бараку, але яна, дажываючы апошнія хвіліны, ні ў чым не магла ўжо прызнацца.
Знайшлася і крыніца інфекцыі: год быў ураджайны на збожжа — і яго не паспелі цалкам прыбраць з палёў, што выклікала ўзмоцненае размнажэнне грызуноў. Яны і былі «дыверсантамі».
У турму, аднак, трапіў выратавальнік…
У крузе першым
Як трапна выказаўся пісьменнік Каверын, арышты пачатку 1930-х нішто ў параўнанні з тым «дзікім разгулам бязлітаснасці, крывадушнасці, бруднай нястрымнасці і беспрасветных нястач», які надышоў пазней.
Першы тэрмін зняволення прафесара Зільбера цягнуўся чатыры месяцы. За гэты час Веніяміну Каверыну ўдалося звязацца з Максімам Горкім, які да яго як маладога пісьменніка быў вельмі зычлівым. Зрэшты, Горкі назваў гэта цяжкай справай, і, хутчэй за ўсё, дапамог не ён.
«Праца клопату перад абліччам жалезнага гвалту, пагружанага ў грубую немату, яшчэ не знайшла ўвасаблення ў мастацкай літаратуры», — разважае Каверын у сваёй патэтычнай манеры. Вось і ў яго «Разгорнутай кнізе», дзе ад імя гераіні Таццяны Уласенкавай распавядаецца пра Зінаіду Ярмольеву як вынаходніцу антыбіётыка крустазіна, нічога не пішацца пра яе смеласць і іншую самаахвярнасць: не тую, з якой яна наўмысна сябе заражае халерай (дарэчы, калі ў Гадруце Леў Зільбер адчуў у сябе сімптомы чумы, ён папрасіў, калі стане горш, накарміць яго морфіем, «каб без пакут памерці»), не тую, з якой яна прысвячае сябе навуцы, а тую самаахвярнасць, з якой пакінутая каханым жанчына, не памятаючы незаслужаных крыўдаў, «увасабляецца ў чалавека, ратаванне якога робіцца мэтай яе настойлівасці і кемнасці, аптымізму і гумару ў бязвыхаднай сітуацыі і цярпення, цярпення, цярпення». Іншымі словамі, гэта яна яго выцягнула з турмы. І паколькі арышты пачатку 1930-х — гэта яшчэ далёка не тое, што будзе пазней, Леў Зільбер па вяртанні на волю атрымлівае высокае прызначэнне: спачатку ў Цэнтральны інстытут удасканалення ўрачоў, а потым — на пасаду намесніка дырэктара бактэрыялагічнага інстытута імя І. Мечнікава.
Заняўшыся там вывучэннем вірусаў, арганізаваўшы для такой мэты даследчыцкі цэнтр, ён не мог і падумаць, што гэтыя нябачныя істоты, пра якіх ён так заўзята дакладвае на ўсесаюзным навуковым пасяджэнні, прысвечаным іх ролі ў біялогіі, медыцыне і сельскай гаспадарцы, будуць цяпер першымі ў спісе падазрэнняў НКУС.
Другі арышт Льва Зільбера не прымусіў сябе чакаць.
Турэмны партрэт. «Вязень-мастак выявіў яго задуменна-суровым, з цвёрдым пакутлівым позіркам, у куртцы з высокім каўняром, які, падпіраючы падбародак, наглуха «замыкае» шыю. Але вось вы ўзіраецеся… Гэта не каўнер, гэта туга зацягнуты сабачы ашыйнік…» (Веніямін Каверын, «Эпілог»).
Геній у юрыдычнай трактоўцы
Экспедыцыя на Далёкі Усход мела на мэце знайсці прычыну невядомай да гэтага інфекцыйнай хваробы цэнтральнай нервовай сістэмы. Пад кіраўніцтвам Льва Зільбера каманда вопытных вірусолагаў за адзін сезон 1937 года, з мая па жнівень, не толькі знайшла ўзбуджальніка — вірус энцэфаліта, але і выявіла, што пераносчыкам з’яўляецца клешч. Гэта была экспедыцыя, якая заклала пачаткі савецкай медыцынскай вірусалогіі і вірусалагічнай школы.
Але, як даводзіў Льву Зільберу следчы, з юрыдычнага пункту гледжання талент вучонага нічога не варты. Па вяртанні з Далёкага Усходу ўсе як адзін удзельнікі экспедыцыі атрымалі Сталінскую прэмію, а іх кіраўніка Льва Зільбера абвінавацілі ў тым, што ён меў намер заразіць энцэфалітам Маскву праз вадаправод. У даносе яшчэ гаварылася, што ён наўмысна марудзіць з распрацоўкай лекаў…
На гэты раз у зняволенні доктар правёў два гады, з 1937-га па 1939-ы, хаця прысуджана было дзесяць гадоў выпраўленча-працоўнага лагера. Зноў пра яго вызваленне клапацілася Зіна Ярмольева, хоць ён ужо быў мужам іншай і яна мела ўжо іншага мужа.
Леў і Зіна, пачатак 1930-х гадоў.
Калі прачытаеце дзесь, што доктар Андрэй Львоў з рамана Каверына «Разгорнутая кніга» спісаны з Льва Зільбера, — не спяшайцеся верыць. Насамрэч Андрэй Львоў спісаны з другога мужа яго трэцяй жонкі. Зінаіда Ярмольева, легенда савецкай бактэрыялогіі, была Зільберу трэцяй жонкай.
Да сапраўднага прататыпа — Аляксея Захарава, чыя высакароднасць так пасавала шырокім плячам, прыгожаму твару, блакіту вачэй і міжвольна магутнаму пацісканню рукі, пасля якога даводзілася расціраць анямелую далонь, да прафесара Аляксея Захарава, загадчыка аддзела эпідэміялогіі Бактэрыялагічнага інстытута імя І. Мечнікава, зухаватаму жыццялюбу Льву Зільберу было далёка — як чалавеку, якому, як сам ён выказваўся, «не паказана» сямейнае жыццё, далёка да тых, хто пры ўсіх дасягненнях кар’еры на першае месца выводзіць шчасце каханага чалавека.
Леў Зільбер не зведаў кахання на ўсё жыццё, яго каханне рассыпалася на мноства дробных кароткіх пачуццяў, хаця трэба сказаць, што апошні шлюб даў яму двух сыноў і трошкі «асцепяніў». А Зінаіда Ярмольева нават у шлюбе з Аляксеем Захаравым шукала, як Зільберу дапамагчы. Як дапамагчы чалавеку, які на нішто звёў іх шлюб, які быў абыякавым і халодным нават тады, калі жонка цяжка і доўга хварэла. Так, і геній можа здзяйсняць учынкі, за якія павінна быць сорамна. Зрэшты, у гэты ж час арыштавалі і Аляксея Захарава, і яна разрывалася, каб дапамагчы ім абодвум.
Выратавала аднаго.
Талерка баршчу і кавалак масла
У арыштанта Зільбера, якога ў 1940-м, праз год пасля вызвалення ад папярэдняга пакарання, абвінавацілі адразу па чатырох пунктах артыкула 58, за контррэвалюцыйную дзейнасць, па адным з якіх ужо можна было ісці на расстрэл, у прафесара Зільбера, якога заморвалі холадам, голадам, грукатам, пазбаўлялі паветра, вады і ежы, якому адбілі ныркі і паламалі рэбры, не заставалася ніводнай прычыны для аптымізму нават нягледзячы на ўсе клопаты па яго вызваленні, на якія гэтым разам брат і былая жонка мабілізавалі ўсе сілы. Але гэта быў Леў не толькі па імені. «Ёсць шмат падстаў меркаваць, што для чэкістаў усе нашы клопаты былі нішто ў параўнанні з пазіцыяй самога Льва, зламіць якога апынулася цяжкай задачай», — напіша малодшы брат.
Выслухаўшы абвінавачванні — здрада радзіме, контррэвалюцыйная агітацыя, дыверсійная шкодніцкая работа і «нешта яшчэ, здаецца, сувязь ці то з Рыкавым, ці то з Пятаковым», Леў Зільбер толькі прамовіў: «Калі-небудзь з гэтага будуць смяяцца коні».
Да Пячорлага ён, абмарожаны, ледзь дабраўся. А калі ўрачы, якія яго, прафесара, чыё імя было гучным у імуналогіі і вірусалогіі, добра ведалі, далі яму талерку баршчу, — еў, заліваючыся слязьмі. Зрэшты, гэта была хвілінная слабасць. Калі «пахан», зацяты ўгалоўнік, забярэ ў яго кавалак масла, ён адмяцеліць яго не па-прафесарску, а потым як доктар будзе правяраць, ці няма ў былога «пахана» пераломаў. Былога, таму што пасля такога ўчынку «паханом» становіцца ён. Але толькі на два тыдні — пакуль не перавядуць яго ў хімічную шарашку.
Словам «шарашка» ў савецкі час называлі навукова-даследчыя інстытуты і канструктарскія бюро турэмнага тыпу, у якіх працавалі асуджаныя вучоныя. Прафесару Зільберу, які пачаў з ягелю здабываць дрожджы і вырабляць з іх вітамінныя дабаўкі ў ежу і лекі ад пелагры, прадпісана было заняцца выпускам спірту з гэтых дражджэй.
У чым палягала трагедыя
Зняволены Зільбер дзейнічаў ці не болей рашуча, чым тады, калі займаў высокія пасады ў навуковых установах. Дайшоўшы ў вывучэнні вірусаў да здагадкі, што яны маюць дачыненне да паводзін клеткі пры яе ракавым перараджэнні, ён арганізаваў лабараторыю па даследаванні рака, здабыўшы для яе ўсё неабходнае абсталяванне, выпісаўшы ўсю патрэбную літаратуру, айчынную і замежную. Ён умеў уплываць на людзей і падпарадкоўваць іх сваёй мэце.
— Дык што вы цяпер нам параіце? Надрукаваць ваш опус у газеце «Известия»?
Камісар другога ранга, начальнік шарашкі, пазіраў на дзіўнага арыштанта лянівым незадаволеным позіркам выцвілых, а калісьці блакітых вачэй — і не было ў іх ніякай цікавасці ні да Зільбера, які запатрабаваў з ім сустрэцца, ні да таго, што ён бітую гадзіну апантана вярзе. Што ён зрабіў асаблівае? Навучыўся лячыць рак? Не, кажа, не навучыўся. І за гэтымі словамі паўтарае процьму ўсялякіх «але». Але калі стане вядомай прычына… Але калі апісаць механізм… Але яго вопыты сведчаць…
— Самае цікавае, гражданін камісар, у тым, што вірус толькі пачынае хваробу. Ён ператварае нармальную клетку ў ракавую, а далей рак расце без яго ўдзелу. Больш за тое, у ракавых клетках ствараюцца ўмовы, у якіх вірус не можа трываць. І ён з іх знікае. Трагедыя вучоных, якія шукалі ў пухлінах вірус, заключаецца ў тым, што…
«Трагедыя даследчыкаў, якія прыклалі масу намаганняў для пошуку падобных агентаў, палягала ў тым, што яны іх шукалі там, дзе іх сапраўды няма, — у сфарміраваных пухлінах. Выпадак, які мы не ўпусцілі, паказаў, што іх трэба шукаць у момант узнікнення пухліны, і гэта стварыла аснову для паспяховага вывучэння пытання», — пісалася на трэцяй старонцы газеты «Известия» 17 студзеня 1945 года.
Асуджаны трэці раз, зноў на дзесяць гадоў, Леў Зільбер быў вызвалены праз чатыры — у сакавіку 1944-га, акурат пад свой юбілей, 50 гадоў. Ліст пра несправядлівыя абвінавачванні і дасягненні перад савецкай навукай падпісаў Мікалай Бурдэнка — галоўны хірург арміі. Далучыліся Леон Арбелі, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук СССР, пісьменнік Каверын, біяхімік Энгельгардт і стваральніца савецкага пеніцыліну Ярмольева. Яна была ініцыятаркай паслання таварышу Сталіну. У 1946 годзе Леў Зільбер атрымаў Сталінскую прэмію за тое, што зрабіў у 1937-м. І ўзначаліў Інстытут вірусалогіі.
Ёсць меркаванне, што Сталін асабіста папрасіў прабачэння ў вучонага. Але пісьменнік Веніямін Каверын, малодшы брат, які «з гадамі вывучыў яго лепш, чым сябе», пра такое не піша…