Дзед Амбам і Лялечка. «Фота такое ж дзівачнае, як песенька «Лісабончык», — каменціруе ўнучка.

Сакавік 1971-га. Рэспубліканская прэса піша пра трагічную гібель у Мінску знакамітага хірурга, загадчыка кафедры ўралогіі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў, заслужанага дзеяча навукі БССР, прафесара Абрама Міхельсона.

 

Пазней стануць вядомымі падрабязнасці: пацыент з захворваннем прастаты запэўніў сябе, што дыягназ няправільны, што лечаць яго не так, — і адпомсціў выстралам з паляўнічай зброі. Трагедыя адбылася на лесвіцы Мінскай абласной дзіцячай бальніцы на Падлеснай, як тады называлася вуліца Броўкі. 69-гадовага прафесара неадкладна прааперыравалі малодшыя калегі, якім ён сказаў, быццам ведаючы, што гэта нічога не дасць: «Мяне забілі».

 

Забілі…

 

«Мы ўсё зрабілі, як вы вучылі», — сказалі яны яму. І нібы прабліснула надзея. Да дзядулі Абрама прыйшла ўнучка Ліда, школьніца ў белым халаціку, які ён падарыў ёй незадоўга да гэтага з нагоды пачатку заняткаў у гуртку «Юны медык».

 

Але атрыманыя раны не пакінулі шанцаў.

 

Гэта падрабязнасці смерці. Далей жа — выключна жыццё. Жыццё ўрача, да якога, каб атрымаць паратунак, прыязджалі з усіх куткоў СССР і які сапраўды ратаваў, здзяйсняючы нездзяйсняльнае.

 

Дзядуля Амбам

 

Бончык-Бончык-Бончык,

Мадрыда-Лісабончык,

Бон-Бон-Бон,

Мадрыда-Лісабон.

 

Малеча пазірала цікаўнымі вочкамі, у якіх ані не было сну. Мо ён затрымаўся недзе ў Боне, Мадрыдзе ці Лісабоне — у нейкім нязнаным месцейку з гэтай дзівакаватай дзядулевай песенькі, бо там жа таксама жывуць маленькія дзеці, якім трэба спаць. А мо гэта песенька такая нясонная, бо ніякая не калыханка, і дзядуля Амбам толькі дражніць ёй унучку, бо хоча гуляць, зазіраючы ў вочкі, гарэзнічаць з гэтай пястункай яго адзінай дачкі Фрэды.

 

Уражлівая Фрэда так перажывала за дысертацыю бацькі, што пабаялася ісці на абарону, каб ад хвалявання не нарадзіць раней за тэрмін. Кранальны эпізод чуллівых узаемных стасункаў маленькай інтэлігентнай сям’і...

 

Зрэшты, сям’я і маленькая, і вялікая адначасова. Колькі неверагодных гісторый пра розных прадстаўнікоў некалькіх родаў чуе дзяўчынка ва ўтульных сценах дзедавай кватэры з вокнамі на Сталінскі праспект — у кожнай гучаць галасы яе продкаў па той ці іншы бок сям’і, па дзедавай і бабчынай лініях, з далёкай і блізкай мінуўшчыны… Жывуць тут разам з Лідай, якую пакуль што ўсе завуць Лялечкай, дзед Амбам, у пазнейшым маўленні Абрам, баба Така, яна ж Каця, мама Фрэда з татам Мішам і прабабка Сара. Сапраўднае бабуліна імя — не Каця, а Гіта, але так у гэтай сям’і вядзецца здавён: дзяўчынак часта называюць Гітамі і кожная Гіта ператвараецца ў Кацю.

 

Замест казак нанач баба Така распавядае, як жылося ў яе дзяцінстве, у дарэвалюцыйны час. Пад мернае шыпенне прымуса, пад ціхае патрэскванне тарфянога брыкету ў атапляльнай калонцы, пад гэтыя ды іншыя незабыўныя адметнасці ранейшага побыту, гаворка ідзе пра Калач і страшныя падзеі, што адбываліся ў гэтым маленькім мястэчку, чыя назва гучыць так утульна, так смачна, быццам адчуваеш на языку пругкі пшанічны мякіш: Калач...

 

У 1918-м у Калачы прабабка Сара страціла мужа і паехала, аўдавелая, да свайго бацькі ў Мінск. У дарозе захварэла на сыпны тыф, і ад яго ўскладненняў да вялікай бяды дадалася яшчэ адна: Сара аглухла. А была яна, як і яе бедны муж, забіты ў рэвалюцыйнай калатнечы, зубным урачом, і каб далей зарабляць на жыццё, карміць дзетак, давялося ёй перавучвацца на бухгалтара.

 

Дачка яе Каця, будучая баба Така, атрымаць адукацыю, як яе бацькі, не магла, бо ў новым часе лічылася дачкой класава чужых элементаў. Па схільнасцях і здольнасцях яўны гуманітарый, яна вымушана была вывучыцца стэнаграфіі і машынапісу і працаваць сакратаркай у нейкага начальніка, які любіў, звяртаючыся да яе пад час працы, працытаваць папулярную п’еску: «Пиши, Цыбуля, не теряй нить».

 

Але на шчасце, ёсць тое, над чым эпохі не ўладныя: праз лёс Каці павінна была неўзабаве прайсціся зусім іншая нітка — звязаць яго з лёсам генія хірургіі.

 

Вучань аптэкара

 

Абрам быў старэйшым сынам у сям’і, дзе расло сямёра дзяцей і дзе хлопчыкаў назвалі па-біблейску: Абрам, Ісак і Якаў. Нарадзіўся ў 1902-м, што ў спалучэнні з імем атрымала пэўную сімвалічнасць: акурат у той год у Мінску ў тэатральнай зале «Парыж» на рагу Яўрэйскай і Новамаскоўскай (цяпер — Калектарнай і Нямігі, будынак не ўцалеў) адбыўся — з дазволу ўладаў, легальна, як мае быць, — першы ў гісторыі Расіі з’езд сіяністаў. Заўзятай прыхільніцай ідэі здабывання радзімы і вяртання ў яе лона была сястра Абрама Матля, якая пазней пасялілася ў Палестыне і там сябе канчаткова знайшла. Яе муж стаў ганаровым грамадзянінам Тэль-Авіва, іх сям’я належала да ліку заснавальнікаў краіны Ізраіль. Па зразумелых прычынах брат з сястрой не маглі перапісвацца, але слава хірурга Абрама Міхельсона дайшла да Ізраіля, калі яму прыйшлося прааперыраваць пасля аўтамабільнай аварыі аднаго замежнага грамадзяніна, і гэты выпадак трапіў у замежную прэсу. Матля тады акурат і падумала, што гэта, мабыць, пра яе брата пішуць. І паслала ліст у Савецкі Саюз. Але не яму, не брату, баючыся нашкодзіць, а Рышы, малодшай сястры.

 

Бацька Матлі, Абрама, Рышы, іх братоў Ісака і Якава, сясцёр Дрэйзі і Іды ўсё жыццё рубіў мяса ў лаўцы, і гэты факт, паколькі засведчваў самае што ні ёсць пралетарскае паходжанне, даў юнаму Абраму магчымасць паступіць на медыцынскі факультэт толькі-толькі заснаванага Белдзяржуніверсітэта. А чаму медыцынскі? Таму што Абрам ужо цвёрда стаяў на медыцынскім грунце: падлеткам яго аддалі ў аптэкарскія вучні і ў гэтым статусе ён авалодаў лацінай, фармакапеяй ды іншымі ведамі, у якіх яму захацелася замацоўвацца і развівацца.

 

На апошнім курсе медыцынскага факультэта студэнт Абрам Міхельсон знаёміцца з Іосіфам Самойлавічам Капланам, вядомым у Мінску фельчарам, пра якога ходзяць легенды — як пра чалавека, да якога ідуць раіцца тыя, хто, заплаціўшы ўрачу тры рублі, шалёныя грошы, жадае праверыць урачэбнае прызначэнне. «Пане Каплане, — пытаюць яны, — ці варта мне гэта прымаць?»

 

Міхельсон і Каплан, нягледзячы на свае ўзросты, паводле якіх яны адно аднаму сын і бацька, калі не ўнук і дзед, хутка становяцца сябрамі. Міхельсон часта і доўга гасцюе ў Каплана і, верагодна, яшчэ сам не ведае, што цягне яго ў дом знакамітага фельчара не толькі магчымасць даведацца пра нешта новае, чаго і на медфаку не выкладаюць, і не толькі духоўная блізкасць і сумесная дзейнасць… Сумесна яны прыдумалі, у прыватнасці, мазь для загойвання ран. Каплан прыдумаў, а Міхельсон, не быў бы раней аптэкарскім вучнем, удасканаліў, дадаўшы свой кампанент. Запатэнтавана яна, зразумела, не была, а паміж сабой яны называлі яе маззю КаМі — Каплана&Міхельсона. Бабуля Каця называла яе «жоўтай маззю». У доме Міхельсонаў яна не зводзілася і добра лекавала дробныя ранкі, апёкі, парэзы — любыя пашкоджанні скуры. Анэстэзіна 1 грам, дэрматола 2 грамы, вокісу цынка 3 грамы, вазеліна і ланаліна ўзяць у роўных колькасцях, давесці да 40 грамаў, перамяшаць.

 skrin15082023Аднойчы ў Негарэлым

 

Дык вось, хадзіў Міхельсон да Каплана размаўляць пра жыццё, медыцыну ды мазі і далёка не адразу пра сябе зразумеў, што ходзіць ён не толькі да старэйшага таварыша, але і таму, што падабаецца яму Капланава прыгажуня-унучка, юная Каця. Сімпатыя аказалася ўзаемнай. Калі Абрам Міхельсон скончыў медфак, яны пабралiся шлюбам і паехалі ў Койданава. Абрам там загадваў бальніцай. Працаваў ён і ў блізкім адтуль Негарэлым, і таму ў казках нанач ад бабы Такі гучалі для ўнучкі гісторыі і з такімі ўступамі: «Было гэта ў Койданаве…», «Аднойчы ў Негарэлым…». Кватаравалі Міхельсоны ў койданаўскага яўрэя-краўца, і было там дзіця, з якім у дарослых адбываліся такія дыялогі: «Вэлвэл, колькі супу табе наліць?» — «Ні многа ні мала, а поўную міску».

 

У Койданаве Абрам Міхельсон пачаў апісваць выпадкі са сваёй урачэбнай практыкі і, афармляючы іх у артыкулы, пасылаць у навуковы часопіс «Беларуская медычная думка». Выпадкі клінічныя, артыкулы навуковыя, але чытаць напісанае Міхельсонам было ці не менш цікава, чым «Запіскі юнага ўрача» Міхаіла Булгакава, а то і «Запіскі пра Шэрлака Холмса» Артура Конан Дойля. Выпадкі з рэальнай практыкі правінцыйнага доктара, несумненна, вартыя ўвагі калег, сведчылі пра наяўнасць у аўтара не толькі літаратурнага таленту, але і навуковай жылкі, бо трэба было знайсці пры вялікай колькасці пацыентаў і цяжкасці працы на ўчастку час, энергію і жаданне перажытыя выпадкі метадычна і заўзята апісваць. Канечне, гэта не маглі не заўважыць. Заўважыўшы, запрасілі на кафедру — займацца навукай. Так з гісторыі пра атручванне палыном, прынятым як глістагоннае, з выпадку выдалення са страўніка безаара пачынаўся шлях простага ўрача да… не будзем пісаць «да вядомасці» ці «да славы», бо што яны значаць у параўнанні з выпраўленымі чалавечымі лёсамі і выратаванымі жыццямі, лік якіх з кожным годам ішоў на сотні.

 

У эвакуацыі

 

Калі Абрам і Каця вярнуліся ў Мінск і Абрам заняўся навукай, Каця змагла атрымаць адукацыю, бо была ўжо жонкай «чырвонага» дацэнта. Яна скончыла медінстытут, але гэты выбар прафесіі быў больш вымушаны, чым добраахвотны. Ёй больш падабалася гісторыя. Затое яна была ідэальнай жонкай для таго, хто хоча займацца медыцынскай навукай, бо валодала стэнаграфіяй і машынапісам, а да таго ж разбіралася ў прадмеце і таму магла рэдагаваць медыцынскія тэксты, што, уласна кажучы, і рабіла. А да вайны была санітарным урачом, таму, калі пачалася вайна, у Мінску адсутнічала. Тады хадзіла показка, што варожыя элементы труцяць калодзежы, і яе далучылі да расследавання, праз што яна была адпраўлена ў камандзіроўку ў Стоўбцы.

 

Так Абрам і Каця згубілі адно аднаго ў пачатку вайны і не адразу знайшліся. Іх дачцэ Фрэдзе 22 чэрвеня 1941 года спаўнялася 9 гадоў, і бегла яна з глухой бабкай Сарай і прадзедам Іосіфам у бамбасховішча, трымаючы ў руках імянінны пірог. Іосіф Самойлавіч, той самы фельчар Каплан, калі стала зразумела, што вайна за тыдзень не згорнецца, з палаючага Мінка сыходзіць адмовіўся. Іншыя сем’і ў такіх сітуацыях прымалі рашэнне трымацца разам і праз гэта ўсе гінулі да аднаго. Але ў іх сям’і так не здарылася: старэнькі Іосіф застаўся, астатнія Мінск пакінулі. Яны выжылі, а ён, як ім распавялі пасля вайны суседзі, памёр сваёй смерцю амаль неўзабаве.

 

Абрам быў моцна блізарукі, таму на фронт яго не ўзялі. У вайну ён, вядучы хірург эвакашпіталя ў Уфе, ратаваў раненых, праз што і сам ледзь не загінуў, прааперыраваўшы пацыента з гангрэнай, а таксама выкладаў у адным з эвакуіраваных туды медінстытутаў. Калі Мінск у 1944 годзе вызвалілі, папрасіў дазволу вярнуцца, каб адбудоўваць родны горад, лячыць яго жыхароў і выкладаць яго будучым урачам. Каця, таксама ваеннаабавязаная, у вайну была ўрачом санітарнага поезда.

 

Метад Міхельсона

 

Хто здзейсніў мару Каці пра гісторыю? Гэта зрабіла Фрэда. Яна стала ўнікальнай супрацоўніцай музея гісторыі медыцыны, бо многія асобы, якія станавіліся персанажамі музейных экспазіцый, былі ёй не проста знаёмыя: яны яе малую трымалі на руках.

 

Пошукам рашэння рэдкай — адзін выпадак на 30 тысяч нованароджаных, — але разам з тым вялікай праблемы — прыроджанай адсутнасці пярэдняй сценкі мачавога пузыра — Абрам Міхельсон заняўся адразу пасля вайны, і заканамерны вынік праз дзесяць гадоў меў выгляд доктарскай дысертацыі, на старонках якой дэманстраваліся поспехі аўтарскай распрацоўкі — метада Міхельсона, як будзе ён потым значыцца.

 

Ці трэба тут пералічваць дыягназы, ад якіх ратаваў ён дзяцей і дарослых? Дзякуючы таму, што ён пачынаў як хірург шырокага профілю і меў неабмежаваныя магчымасці ў напрацоўцы вопыту, ён здолеў узняцца на такія высокія прыступкі прафесіяналізму, з якіх адкрылася новае бачанне хірургіі і асабліва ўралогіі, дзе яму не было роўных.

 

«Развядзіце кручкі, няшчасненькі»

 

Хто яго ведаў і памятае, усе як адзін гавораць пра неверагодную дабрыню. Як ён пры яго дабрыні кіраваў калектывам, як крытыкаваў і злаваў? Калі яму асісціраваў нехта з курсантаў і быў зусім ніякі, ён мог сказаць, да прыкладу, так: «Развядзіце кручкі, няшчасненькі». Простыя словы дзейнічалі мацней за любое ўшчуванне.

 

Ён быў прадстаўнічы і відны: прыгожы мужчына, які ведае сабе кошт як прафесіянал і трымаецца адпаведна. Фанабэрыстасці, уласцівай некаторым вучоным, у ім не было зусім. Апранаўся проста, але даволі стыльна. У Каці на гэта да яе іншых якасцей быў яшчэ і выдатны густ. А ён жартаваў: маўляў, што ні апране і што ні абуе, хоць картовыя штаны і парусінавыя туфлі, якія ён націраў крэйдай, — усе ў яго пытаюцца: «Абрам, дзе ты гэта дастаў?» А ён так умеў насіць нават простыя рэчы, што на ім яны выглядалі шыкоўна.

 

Калі збіралася кампанія, сэрцам быў Міхельсон. У доме з крамай «Антыкварыят» жылі многія вядомыя ў Мінску ўрачы, і калі ён прыходзіў у госці да прафесара-артапеда Барыса Навумавіча Цыпкіна, яго жонка тэлефанавала ў кватэру на паверх ніжэй, дзе жыла прафесар-гінеколаг Марыя Бенцыянаўна Майзель, і гаварыла: «Маня, падымайся, у нас Міхельсон».

 

«Добры дзень, таварыш вялікі хірург!» — пісалі яму дзеці. А ён меў альбомы з іх фотаздымкамі. Ён, калі нехта з яго пацыентаў кашляў, прыносіў з дому таблеткі. Ён кожны вечар браў тэлефонную трубку, раз за разам набіраючы нумар аддзялення — пакуль нехта адкажа і пакліча дзяжурнага ўрача. Вялікага хірурга цікавілі дробныя падрабязнасці: ці сухія ў пацыентаў павязкі, ці працуюць у іх катэтары…

 

Той вясной, калі яго забілі

 

З унучкай Лідай, калі яна выказала жаданне стаць урачом, дзед Абрам стаў распрацоўваць уяўныя сюжэты яе прафесійнай будучыні: вось яна скончыла медыцынскі інстытут, вось яе паслалі па размеркавані ў глухую вёску, вось ён, ужо старэнькі, адыходзіць ад спраў і едзе ў тую самую вёску, грэецца там на прызбе і дае ёй парады ў складаных сітуацыях.

 

Не збылося…

 

Той вясной, калі яго забілі, яна скончыла восьмы клас і замест таго, каб ісці на летнюю практыку на радыёзавод, папрасілася ў 3-ю бальніцу. З дакументаў і аргументаў у яе былі толькі членскі білет гуртка «Юны медык» і белы, падораны дзядулем халат.