Юрый Астроўскі. Фота прадастаўлена аўтарам.

Чэрвеньскай ноччу 1984 года на праспекце Будаўнікоў у Гродне адно акно гарэла, не патухаючы да світання. Не спаў прафесар Астроўскі. Ноч на 22 чэрвеня, якая ў яго пачалася звычайным парадкам, як усе яго бяссонныя ночы, — у роздумах над лёсамі дзяцей і ўнукаў, навукі і Бацькаўшчыны, — развярэдзіла старыя ўспаміны, і ён, уражаны і расчулены, да раніцы прасядзеў за пісаннем «замалёвак праўдзівых падзей і перажыванняў», за якія раней толькі думаў узяцца і якія, кладучы на паперу першыя сказы, назваў канвой для болей сур’ёзнай працы. «Мне б не хацелася, каб нескажоная інфармацыя пра індывідуальнае ўспрыманне падзей прамінулай вайны сышла ў нябыт», — напісаў вядомы на ўвесь Савецкі Саюз біяхімік, доктар медыцынскіх навук, член-карэспандэнт АН БССР, без двух гадоў акадэмік.

 

«Галоўнае, што я вынес з мінулага, якое праляцела так хутка, — пісаў далей Юрый Астроўскі, — гэта тое, што па-за палітыкай людзі ў масе сваёй застаюцца людзьмі і толькі людзьмі». Што прымусіла яго так наўмысна канстатаваць відавочнае?..

 

У кожнай гісторыі ёсць пачатак — гэта яшчэ адно відавочнае. Гісторыя «Нямецкіх замалёвак» Астроўскага пачыналася задоўга да вайны...

 

Юра вучыць нямецкую мову

 

Сяброўства СССР з Веймарскай рэспублікай (якую ўяўляла сабой Германія паміж кайзераўскай эпохай і прыходам да ўлады Гітлера) прывяло савецкую адукацыйную сістэму да ідэі, што нямецкая мова — галоўная замежная мова савецкіх школ. Потым настроі змяніліся, ад новай улады Германіі пацягнула пагрозай, але гэта толькі зацвердзіла неабходнасць вывучэння нямецкай. Пазней зноў падзьмула сяброўствам, і гэта было зноў пра тое, як важна вучыць нямецкую.

 

Муж і жонка Астроўскія, бацькі стараннага мінскага школьніка, дбалі пра тое, каб меў ён магчымасць займацца мовай Гётэ, Шылера і братоў Грым не толькі ў школе. Яны, філолаг і ўрач, шукалі па Мінску «сапраўдных немцаў», гэта значыць, тых, якія прыехалі з Германіі зусім нядаўна і маглі даваць іх дзіцяці ўрокі чыстай літаратурнай мовы. Спачатку Юра займаўся ў сям’і музыканта, які ненадоўга пасяліўся ў іх шматкватэрным доме і працаваў паблізу ў кансерваторыі. А калі музыкант з сям’ёй, не прыжыўшыся ў Мінску, з’ехаў, тады аднекуль з’явіўся кволы дзядок, якога Юра мусіў сам наведваць штотыдзень, на што бацькі давалі яму кожны раз пяць рублёў. І хоць здаралася, што заняткі ўпотайкі ад бацькоў ён прапускаў, марнуючы грошы на марожанае і цукеркі для сябе і сяброў, якія падбівалі яго збегчы ў кіно (і якое ж дзіця не спакусіцца?), але вынікі навучання не прымушалі сябе чакаць. Таму 22 чэрвеня 1941 года чвэрць гадзінкі папаўдні, калі наркам замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў, зайшоўшы ў будынак Цэнтральнага тэлеграфа ў Маскве на Цвярской, у размешчаную там штаб-кватэру Усесаюзнага радыё, па даручэнні Палітбюро звярнуўся да краіны з гістарычнай прамовай аб пачатку вайны з Германіяй, Юра Астроўскі сядзеў у цяньку на лавачцы ў Калодзішчах за 20 кіламетраў ад Мінска і ўважліва чытаў «Ціхі Дон». Але кніжка гэта была з надпісам Der stille Don на вокладцы — пераклад на нямецкую. Яго першая кніга на замежнай мове. Ён свядома выбраў вялікі складаны твор.

 

Першыя сустрэчы

 

У Калодзішчах ён быў з маці і братам: доктар Папеня-Астроўская выехала на лецішча з дзіцячым садком, які абслугоўвала, а сыноў — падлетка Юру і малога Славіка — пасяліла на здымнай кватэры паблізу.

 

Yurij Ostrovskij6Юрый Астроўскі. 1945 год.Пасля прамовы Молатава па радыё вайна зрабілася відавочнай — нібыта прыйшла ў Кало-дзішчы па правадах і гэтым жа шляхам дабралася да іншых мясцінак, дзе да той хвіліны было яе не чуваць. Доктар Папеня-Астроўская і тры выхавацелькі, якія, як і яна, у пачатку лета пакінулі Мінск з сынамі-падлеткамі, некалькі дзён чакалі, нікуды не выязджалі: Мінск гарэў, а ў іх было спадзяванне вярнуць выхаванцаў садка іх бацькам. Калі на пяты дзень рушылі на Усход, дзяцей, чые бацькі былі невядома дзе, заставалася пры іх яшчэ многа. Давялося браць у калгасе чатыры падводы. Але дарэмны быў гэты шлях. За пару дзясяткаў кіламетраў да Барысава паказаліся ў небе парашутысты, а потым стала вядома, што вораг ужо там. Давялося вяртацца ў Калодзішчы.

 

Недалёка ад летняй базы садка размяшчаўся лагер пагранічнікаў. Вайскоўцы пакідалі яго ў спешцы, таму засталіся замкнёныя ў вальерах сабакі, якія жудасна вылі, і сякая-такая зброя. Юрка і яго прыяцелі-аднагодкі знайшлі карабіны, патроны, гранаты... Усё надзейна схавалі ў лесе. Думалі: некалі вернуцца, арганізуюць партызанскі атрад — зброя дакладна спатрэбіцца. А Юрка ўпотайкі ад сяброў, не сказаўшы нічога маці, узяў дзве гранаты, і калі, папоўніўшы запас харчавання, садок на колах зазбіраўся ў Мінск, паклаў іх на адну з падводаў пад сена. А зверху пасадзіў гурт малых...

 

«Думалася вельмі проста, — пісаў прафесар Астроўскі на паперы ў дробную клетку, увесь пагружаны ва ўспаміны пра тыя дні. — Калі немцы — ворагі і паспрабуюць усіх нас арыштаваць, я кіну ў іх дзве гранаты… Мне толькі што споўнілася 16, і я лічыў сябе цалкам здольным».

 

Тым часам і маці, і выхавацелькі дзіцячага садка лічылі, што Юра будзе весці з немцамі перамовы — бо лепш за ўсіх ведае нямецкую мову.

 

«Першая сустрэча з невялікім нямецкім пастом адбылася пры выездзе на шашу Мінск — Масква, — напісаў прафесар, зрабіўшы некалькі глыткоў даўно астылай гарбаты. — Убачыўшы наперадзе трох нямецкіх салдат з аўтаматамі, я для ўпэўненасці праверыў сена, дзе ляжалі схаваныя гранаты, і ўнутрана рыхтаваў сябе да рашучых дзеянняў».

 

Сваё 16-годдзе Юра сустрэў у згаданым шляху на Усход роўна праз тыдзень пасля пачатку вайны, 29 чэрвеня. Была нядзеля. Другая ваенная нядзеля, на якую, у адрозненне ад першай, ніхто ўжо не строіў ніякіх планаў, акрамя як знайсціся ў той страшэннай мітусні, у якой дзеці з бацькамі гублялі адно аднаго.

 

Калі нямецкі патруль даведаўся, што дзяцей на падводах вязуць у Мінск, бясконцы рух па шашы — машыны, танкі, пушкі — быў неадкладна спынены. Патрульныя так парупіліся пераправіць падводы з дзецьмі на правільны бок шашы. Адзін з іх пачаў тлумачыць усхваляваным жанчынам, што ў горадзе каля ўваходу ў цэнтральны парк адкрыты спецыяльны пункт Чырвонага Крыжа для збору дзяцей, якія згубілі бацькоў. «Відаць, мы былі не першымі, хто вяртаўся ў горад, і нямецкія пасты мелі неабходную інфармацыю. Немцы пажадалі нам шчасліва даехаць, а мае гранаты засталіся спакойна ляжаць у сене», — напісаў прафесар Астроўскі ў эпізодзе пад загалоўкам «Першыя сустрэчы».

 

У Мінску гранаты былі перахаваныя з сена ў дрывотню. Вялікі шматкватэрны дом, дзе жылі Астроўскія, згарэў дашчэнту ў пажары, які бушаваў 25 і 26 чэрвеня. З калодзішчанскімі клункамі Астроўскія пасяліліся ў сваякоў, потым знайшлі пустую ўцалелую кватэру, з якой марадзёры яшчэ не паспелі сцягнуць усю мэблю, і перабраліся ў яе. Маці пайшла працаваць у бальніцу да доктара Клумава, адкуль кожны дзень прыносіла кацялок незразумелага варыва. Па картках пачалі выдаваць трохі хлеба…

 

Yurij Ostrovskij3

Мінск у ліпені 1941-га.

 

Усяго не раскажаш

 

Калі доктара Папеню-Астроўскую звольнілі з бальніцы як «непажаданы бальшавіцкі элемент», жыць зусім не было на што, і яны, памыкаўшыся па Мінску, перабраліся бліжэй да радні, у Слонім. «Там я працаваў настаўнікам пачатковых класаў, затым памочнікам зубнога тэхніка ў паліклініцы.

 

Yurij Ostrovskij5

Слонім, які ён быў, калі сюды прыехаў Астроўскі. 1943 год.

 

З лета 1943-га ўсталяваў сувязь з партызанскай брыгадай імя Ракасоўскага: набываў медыкаменты, радыёдэталі, паперу для друкавання падпольнай газеты, выконваў іншыя даручэнні», — піша Астроўскі ў аўтабіяграфіі. У ёй усяго не раскажаш. Не апішаш нейкую з начэй таго самага 1943-га, калі шалёныя ліхтары фашысцкага патруля раскідвалі ў цемры светлавыя снапы, гатовыя, натыкнуўшыся на сілуэт чалавека, ператварыцца ў свінцовыя струмені. Не будзеш расказваць, як, стаіўшыся каля дрывянога кастра, беражліва трымаў сумку з радыёдэталямі, якія трэба было перадаць сувязному Мікалаю Ціхану. Не раскажаш, што гэта была апошняя партыя з саліднага даваеннага радыёаматарскага запасу. І тым больш не раскажаш, калі ты біяхімік, што ў юнацтве марыў канструіраваць прыёмнікі і працаваць на радыёстанцыі.

 

Yurij Ostrovskij4

Рынкавая плошча ў Слоніме. Сюды ліліся пазыўныя Масквы з прыёмніка, сканструяванага Астроўскім.

 

Юрый Астроўскі раскажа ўсё гэта ў 1985-м карэспандэнту «Гродзенскай праўды», калі той будзе пісаць нарыс да яго 60-годдзя і для гэтага правядзе з ім дзень. У тым нарысе прафесар Астроўскі крочыць на працу ў заснаваны ім Інстытут біяхіміі звілістай сцежкай, слухае, як шапочуць, калыхаючыся пад ветрам, сіне-зялёныя кроны, і думае пра гэты шэпт. Густы веер галін раскочваецца на ветры, рассейвае пякучыя сонечныя промні, быццам жменяй кідае на твар яскравыя блікі, і ў гэты момант успамінаюцца герою нарыса іншыя промні і блікі — ад фашысцкага ліхтара.

 

А пра малодшага браціка Славіка прафесар карэспандэнту не скажа. Ён пакіне сабе гэты боль. Будзе гаварыць, як пасля вызвалення Слоніма ад захопнікаў райкам камсамола накіраваў яго аднаўляць радыёвузел. З партызанскім радыстам Мішыным яны зманціравалі станцыю, выставілі з балкона «званочак» гучнагаварыцеля на гаманлівую рынкавую плошчу, і тая, пачуўшы пазыўныя Масквы, раптам сціхла. Але не скажа, што ў тыя хвіліны, калі ўсе радаваліся вызваленню, думка яго ляцела праз горад да груды зямлі над магілкай малодшага браціка, якога ў верасні 1943-га задушыла нямецкай машынай.

 

А няшчасная маці, доктар Папеня-Астроўская, у першыя ж мірныя дні брала ўдзел у рабоце камісіі па расследаванні фашысцкіх зверстваў. Якія нечалавечыя карціны яна была вымушана не проста ўбачыць, а пільна даследаваць як урач! Вачыма маці, якая нядаўна пахавала сваё дзіця.

 

«Пры аглядзе целаў выяўлена, што рукі ўсіх ахвяр завязаныя назад дротам, амаль усе забітыя стрэлам у патыліцу, большасць дзіцячых ахвяр кінутыя ў яму жывымі, пра гэта сведчыць адсутнасць кулявых раненняў», — напісана ў страшным дакуменце, складзеным 19 ліпеня 1944 года.

 

Ён апісвае раскопкі, якія вяліся 18 і 19 ліпеня на Петралевіцкай гары — месцы зверскага забойства мірных жыхароў у ноч з 3 на 4 ліпеня таго ж года, за тыдзень да вызвалення Слоніма.

 

Yurij Ostrovskij2

19 ліпеня 1944 года. Пахаванне грамадзян Слоніма,расстраляных на Петралевіцкай гары.

 

Юра зноў вучыць нямецкую

 

У лістападзе 1944-га 19-гадовы Юрый Астроўскі быў прызваны на службу ў Савецкую Армію. У красавіку 1945-га атрымаў пасведчанне аб заканчэнні школы санітарных інструктараў.

 

«Пра сваю службу ў арміі Юрый Міхайлавіч расказваў няшмат, — успамінае нявестка Вольга Астроўская, урач-кардыёлаг. — Гаварыў, што апынуўся ў коннай дывізіі. Я спытала, ці даводзілася яму страляць у ворага, бо вайна ж працягвалася. Ён адказаў, што ні ў кога не страляў. Прызнаўся, што стрэліць ён і не змог бы, страляў бы міма. Калі я спытала, што ён рабіў у акопе, ён адказаў, што вучыў нямецкую мову. «А як вы, — пытаюся, — не баяліся?» Ён: «Баяўся. Вучыў нямецкую мову і думаў, што вось-вось трапіць у мяне нямецкая куля. Але ўсё роўна вучыў».

 

«Ён расказваў, што ў вайну так апантана вучыў нямецкую, што нават сачыняў на ёй вершыкі на хаду, — гаворыць біяхімік Барбара Фустачэнка. — Вучыў яе, бо хацеў страшны час пусціць сабе на карысць».

 

Расказваюць, што на адным з юбілеяў Астроўскага, калі яго віншавалі і ўганароўвалі высокімі словамі, адзін з высокапастаўленых прысутных перад усім чэсным людам прызнаўся, што ў вайну, калі быў падлеткам, хацеў юбіляра забіць. Астроўскі пры гэтых словах сядзеў і ўсміхаўся. А ўсім было цікава: забіць? за што? А за тое, што, як толькі ўсе адстраляюцца на вучэбных стрэльбах, так адразу Астроўскі бярэ ў рукі кніжку і вучыць нямецкую мову. Тут вайна ідзе з немцамі, а ён нямецкую вучыць…