17 снежня 1921 года кіраваць медыцынай маладой беларускай рэспублікі ўпершыню прызначаецца беларус. Праўда, з амерыканскім дыпломам. На пасадзе народнага камісара аховы здароўя Алесь Сянкевіч пратрымаецца восем месяцаў…
Памятаеце, як у рамане «На ростанях» Якуб Колас апісвае сустрэчу Садовіча з Лабановічам? Першы аклікае другога семінарскай мянушкай: «Стары!» Той азіраецца — і бачыць земляка-аднакашніка, які «ідзе-калыхаецца, чамадан з распёртымі бакамі тарабаніць», грыміць басістым смехам на ўсю станцыю. «Не смейся, Бас, бо ў сківіцу дам!» — жартуе Лабановіч, таксама назваўшы таварыша па мянушцы. Абодва — настаўнікі, год як «з семінарскіх скур павылузваліся». Для вяскоўцаў яны «педагогі!», «святыя мучанікі за ідэю народнай асветы» (хоць гэта крыху з іроніяй), «лепшыя людзі ў свеце», «галубчыкі», «соль зямлі» (вось гэта ўжо цалкам шчыра), у той час як мясцовы фельчар — і «трубка гутаперчывая», і «рыцынная душа», і «п’яўка».
Лабановіча Якуб Колас піша, натуральна, з сябе. А Садовіч — гэта Алесь Сянкевіч.
Першы паварот
Яны сапраўды землякі-аднакашнікі. Адзін з Мікалаеўшчыны, другі нарадзіўся ў Акінчыцах, зусім побач. Амаль аднагодкі. Разам вучыліся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. І мянушка Бас не прыдумка, сапраўдная. Раней, чым у рамане «На ростанях», Якуб Колас «прапіша» Алеся Сянкевіча ў п’есе «Забастоўшчыкі», створанай паводле рэальных падзей — нелегальнага з’езда настаўнікаў, які адбыўся ўлетку 1906 года ў ваколіцах Мікалаеўшчыны, паміж дубамі, над Нёманам, ва ўрочышчы за ляском. У «Забастоўшчыках» Алесь Сянкевіч — Бас-Грэнка. Відаць, і праўда адметны голас быў у нашага наркамздрава канца 1921-га — першай паловы 1922 года.
Вось ён, яшчэ настаўнік, на палатне Кіма Шастоўскага — выяве ўдзельнікаў той самай нелегальнай настаўніцкай сходкі, якая для складання пратакола перамясцілася ў школу. За сталом сядзіць Канстанцін Міцкевіч, ён жа Якуб Колас, а Сянкевіч стаіць у яго за спінай у позе незадаволенасці і засцярогі — скрыжаваўшы рукі на грудзях. Той самы момант, калі «наехалі стражнікі», як запісаў ва ўспамінах Сянкевіч. Праз імгненне пасля таго, як Бас-Грэнка сказаў, што «на гарызонце нідзе ніякага чорта не відаць, усё спакойна» і ўвогуле «чорт яе бяры з паліцыяй» — абы пратакол ім у рукі не трапіў. Імгненне таму дзверы з шумам парывіста адчыніліся — і вось ужо «высокі, тонкі, худы, як кашчэй, ураднік з крыкам «Ні з месца!» кідаецца на пратакол». Калі б не гэтая сцэна, якая ў рэальнасці пацягнула за сабой арышты, следства, суды, лёс Сянкевіча склаўся б іначай.
Коласа асудзілі на тры гады, якія ён адбываў у мінскай турме з 1908-га па 1911-ы, ствараючы «Новую зямлю» і «Сымона-музыку». Алеся Сянкевіча магла напаткаць тая ж доля — і турма, і пісьменніцтва, — але ён здабывае замежны пашпарт і едзе ў ЗША.
Амерыканец
Там ён працуе на швейнай фабрыцы і на металургічным заводзе, будуе дамы, апрацоўвае лес, ловіць вустрыц… Такі беларускі Джэк Лондан. Таму што і ён піша. Пазней, ужо жывучы ў Савецкім Саюзе, яскрава апіша шлях беларуса ў «краіну Колюмба», тамтэйшыя прыгоды, «Нэў-Іорк», «тунэль, па якому ходзіць падземная машина», статую Свабоды, якая «пазірае на акіян»… Ён будзе пісаць і навукова-папулярныя, і літаратурна-крытычныя артыкулы, і нават на нейкі час стане членам рэдакцыйнай рады літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя» (як і Якуб Колас), і да заснавання Віцебскай філіі літаратурнага аб’яднання «Маладняк» будзе мець дачыненне, а пакуль што, як многія беларускія і амерыканскія пісьменнікі ў пачатку кар’еры, друкуецца ў перыёдыцы. Уступае ў Амерыканскую сацыялістычную партыю, як Джэк Лондан. Становіцца адным з wobblies — членам міжнароднай палітычнай арганізацыі «Індустрыяльныя рабочыя свету».
У той год, калі Якуб Колас трапляе ў турму, Алесь Сянкевіч сядае на ўніверсітэцкую лаву: заробленых у Амерыцы грошай яму хапае, каб паступіць у Вышэйшую медыцынскую школу ўніверсітэта Мэрыленд у Балтымары, «самым рускім горадзе Амерыкі».
У 1913-м ён ужо ўрач. Практыкуе спачатку ў Балтымары, пасля ў Філадэльфіі, а потым яго нешта прыцягвае на Аляску, дзе ён не толькі лечыць мясцовае насельніцтва, але і вывучае хваробы- эндэмікі.
І хто ведае, ці не атрымаў бы Амерыканскі кантынент яшчэ аднаго Дамейку, калі б не даляцела да Аляскі вестка пра тое, што ў Расіі адбылася рэвалюцыя.
Гэта яшчэ толькі люты 1917 года. Але ўжо ўлетку Алесь Сянкевіч купляе білет на карабель і неўзабаве апынаецца ва Уладзівастоку.
Новы літаратурны партрэт
На зямлі рэвалюцыі Алесь Сянкевіч пачынае з таго, што ўзначальвае ўрачэбны ўчастак Нікольск-Усурыйскага павета. Зрэшты, нядоўга. У пачатку 1918-га ён ужо кіруе ўсёй медыцынай Прыморскай вобласці. Але ў хуткім часе Прымор’е апынаецца ў руках белагвардзейцаў, і Сянкевіч, настроены рэвалюцыйна, ператвараецца ў падпольшчыка і партызана.
На левым беразе горнай рэчкі Сучан, у тайзе, у пятнаццаці вёрстах ад бліжэйшага населенага пункта, у даліне над ручаём, стаяць тры шалашы. Побач нацягнутая палатка, «адбітая ў амерыканцаў». Гэта партызанскі шпіталь, у якім, па ўспамінах камандзіра Ільюхава, «дзякуючы дбайнаму догляду» доктара Сянкевіча і яго памагатых, нават «прасвідраваны наскрозь кулямі, дзіравы як рэшата» ўладзівастоцкі грузчык і той паправіўся.
Аднаго разу ў атрад прыйшоў «душэўны малец» — худы, з дзіцячым тварам на доўгай шыі, блакітнавокі рашуча настроены юнак па мянушцы Булыга, які артыстычна чытаў Някрасава ля вогнішча. Гэта быў вучань уладзівастоцкай камерцыйнай вучэльні Саша Фадзееў. Ён адмовіўся ад выпускных экзаменаў, стаў у 17 гадоў камуністам і па закліку сэрца рушыў у партызаны. Хлопец так палюбіў свайго цёзку, начальніка шпіталя Аляксандра Сянкевіча, што ўвасобіў яго ў доктары Сташынскім у аповесці «Разгром», якую напісаў неўзабаве, па гарачых слядах тых падзей, пра якія пяецца ў знакамітым партызанскім гімне:
«По долинам и по взгорьям
Шла дивизия вперед,
Чтобы с боем взять Приморье —
Белой армии оплот».
Якуб Колас даў нам знаць, які голас быў у Алеся Сянкевіча. З твора Аляксандра Фадзеева можна даведацца, як гэты Бас выглядаў: «З барака, няскладна зламаўшыся ў дзвярах, выйшаў доктар Сташынскі. Адразу выпрастаўся, як доўгі сцізорык, і стала дзіўна, як гэта ён мог сагнуцца, калі вылазіў». На доктары шэры бальнічны халат, у яго жорсткія кашчавыя далоні, доўгі жоўты твар і бліскучыя чорныя вочы, якія глядзяць «неяк здалёк і тужліва, быццам увабралі ўсю бясслоўную тугу па людзях».
Ёсць думка, што гімн далёкаўсходніх партызан, які ўсхваляе перамогу чырвонаармейцаў над белымі, аўтар слоў прысвяціў герою рэвалюцыі і грамадзянскай вайны Сяргею Лазо. Але пра Лазо ў ім ні слоўца. А вось Алесь Сянкевіч пра Лазо напісаў. «Сёння прыйшоў да нас Сяргей Лазо, — занатаваў ён. — З кіем у руках, з велізарным таёжным клункам за плячыма, увесь абарваны, у лапцях. Што зрабілася з дарагім славутым Сяргеем! Твар, рукі, ногі распухлі. Раблю аналіз мачы. Нефрыт». Лазо два месяцы праблукаў у тайзе з атрадам, у якім былі параненыя, і трэба было іх адвесці ў бяспечнае месца. Завёў, а сам захварэў. Цэлы месяц ляжаў на хутары ў нейкага старавера, а як трохі ачуняў, рашыў давалачыся да Сянкевіча. «Лячу Сяргея, — піша Сянкевіч. — Дыета для яго хваробы ідэальная — аб’есціся нечым. — І далей: — Стаў на ногі Сяргей».
Калі «Разгромили атаманов, // Разогнали воевод // И на Тихом океане // Свой закончили поход…», Сянкевіч у новастворанай Далёкаўсходняй рэспубліцы стаў міністрам народнай асветы. Але зноў гэта ненадоўга. Відаць, такі ў яго лёс: якую пасаду ні зойме — усё ненадоўга.
ДВА ВЯРТАННІ Ў БЕЛАРУСЬ
Трохі пабыўшы камісарам земляробства ў Хабараўскім краі, Сянкевіч нарэшце вяртаецца ў Беларусь. З сярэдзіны снежня 1921-га да сярэдзіны жніўня 1922-га ён народны камісар аховы здароўя ў ССРБ.
Што ён паспеў зрабіць за тыя восем месяцаў, на працягу якіх узначальваў наш наркамздраў? Пачынаўся перыяд НЭП. Лячэбныя ўстановы пераводзіліся на мясцовы бюджэт, аптэкі здымаліся з дзяржаўнага фінансавання. Нават перавозка цяжка хворых карэтамі хуткай медыцынскай дапамогі ажыццяўлялася платна — за адзін рубель золатам. Не плацілі ўтрыманцы сабеса, бежанцы, беспрацоўныя, члены прафсаюзаў, чырвонаармейцы і міліцыянеры.
Тады ж на медыцынскім факультэце БДУ фарміруюцца «фундаментальныя» кафедры. У вёсках прапагандуецца фізкультура, і Алесь Сянкевіч піша пра яе папулярызатарскія артыкулы.
У жніўні 1922 года яго перакідваюць у Віцебск — трэба падняць там на належны ўзровень агітацыйна-прапагандысцкую дзейнасць, а заадно пракантраляваць стварэнне Віцебскай філіі літаратурнага «Маладняка».
А потым была Масква. Усяго толькі праз год, у 1923-м, Сянкевіч стаў там спачатку дырэктарам Інстытута гігіены і санітарыі Наркамздрава РСФСР, потым загадчыкам беларускага сектара Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцей Захаду. Лёс гуляе ім як мячыкам, які лётае паміж асветай і медыцынай, дзвюма атрыманымі некалі адукацыямі, беларускай і амерыканскай. Пасля трох гадоў у Маскве Алесь Сянкевіч зноў едзе ў Мінск — гэтым разам у БДУ, на кафедру гісторыі партыі і ленінізму. Потым рэктарствуе ў Беларускім камуністычным універсітэце, а потым зноў едзе ў Маскву — ва Усесаюзны радыёкамітэт. Пункт прыкладання сілы — служба «Апошніх паведамленняў». Як жа знакава!
Набліжаецца 1938 год…
Ішла жорсткая барацьба з інфекцыямі: рэспубліку апаноўвалі сыпны і брушны тыф, малярыя, халера, сіфіліс, туберкулёз і трахома. На барацьбу з апошняй акурат у 1922 годзе пачынаюць рэгулярна вылучацца грашовыя сродкі. Камісія па лячэнні хвароб вачэй будзе створана ў 1923-м, але пачатак гэтай работы закладаецца пры Сянкевічу. З таго ж 1922-га, з часу яго кіравання наркамздравам, бярэ свой пачатак дзіцячая псіхіятрычная служба.
На настаўніцкім нелегальным з’ездзе. Кім Шастоўскі. 1982 год.
«Захоўваць вечна»
Глядзіш на фотаздымак чалавека, лёс якога вядомы да апошніх імгненняў, — і здаецца, што гэты лёс быў прапісаны на твары загадзя. Пячаткай нанесены на стуленыя вусны, укладзены ў складкі між бровамі, у мяккі прышчур падслепаватых вачэй за круглымі шкельцамі акуляраў. Калі ён паспеў сапсаваць зрок? Калі глядзеў «здалёк і тужліва» з «тугою па людзях»?
10 студзеня 1938 года Алеся Сянкевіча арыштавалі.
Усё было, як у тысяч людзей, якія праз гэта тады прайшлі. «Санкцыянірую… Намеснік Генеральнага пракурора СССР… Ордэр на арышт… Сянкевіча Аляксандра Антонавіча… 1884 года нараджэння…» Ён, як тысячы людзей, чытаў гэта, адчуваючы, як вялікай іголкай праколваецца наскрозь яго сэрца. І не дачытаў да канца. Не паверыў. Потым былі «Рукі назад!», «Не азірацца!», дворык-калодзеж, нізкая арка, лесвіца з прыступкамі, якія ад краёў да сярэдзіны правальваюцца ямінамі ў палову сваёй таўшчыні. Колькі разоў павінны былі прайсці па іх дзве пары ног — канваіра і арыштанта? Потым былі зноў дзверы — з рашоткай і шыльдай «Прыёмная арыштантаў». Там забралі з кішэні гадзіннік, нататнік, насоўку… Насоўку працягнулі назад: «Вазьміце». Як здзек. «На гадзіннік атрымаеце квітанцыю». «Калі квітанцыю, значыць выпусцяць?» — прамільгнула ў галаве. І зноў: «Рукі назад!», ламаныя калідоры, аліўкавага колеру дзверы, шкляныя вочкі…
«Навошта вы зрэзалі гузікі?!» — «Не паложана!»
«У вас ёсць вошы?» — «Я ўрач».
«Венерычныя хваробы?» — «Што?»
А потым ён мыўся ў душы смярдзючым мылам. Потым яму далі бялізну не яго памеру, праштампаваную. А пра яго вопратку сказалі, што яна ў «пражарцы». Потым у яго ўзялі адбіткі пальцаў на бланк з надпісам «Захоўваць вечна», а ён здзіўляўся адсутнасці логікі: спачатку душ, а потым так запэцкаць пальцы! Яму далі кубак, у які налілі карычневай вадкасці. Кубак эмаліраваны, зялёны, грамаў на трыста, з вельмі дзіўнай выявай: кошка ў акулярах нібыта чытае кніжку, а на самой справе сочыць за птушачкай...
Прынеслі квітанцыю. «Калі квітанцыя, значыць не расстраляюць?!» — зноў прамільгнула ў яго галаве… Нічога дзіўнага, усё як у тысяч іншых…
Дзіўна толькі, што расстралялі яго 29 чэрвеня 1938 года не ў Маскве, дзе арыштавалі, а этапіраваўшы ў Мінск. Быццам нехта, хто ўзяў на сябе ролю лёсу, яшчэ раз захацеў кінуць мячык.
Прызнаны праз 28 гадоў невінаватым, Алесь Сянкевіч застаўся ў Мінску…