Чарльз Дарвін у маладосці.
Чарльз Дарвін у маладосці. Фото з адкрытых крыніц.

Доктар Дарвін агледзеў сына і не знайшоў нічога, што магло выклікаць недамаганне. Чарльз проста ператаміўся ў плаванні, якое замест двух гадоў зацягнулася на доўгія пяць. За гэты час арганізм атрымаў такую нагрузку, якую смела можна раўняць з двума дзясяткамі гадоў аседлага жыцця ў Англіі. Проста нельга так моцна напружваць мозг...

 

Урач-слухач памыляецца

 

Роберт Дарвін не прызнаваў праблем. Калі яны існуюць, то не ў яго сістэме каардынат.

 

Шмат у чым ён быў падобны на бацьку Эразма Дарвіна, вядомага ўрача і натураліста, аўтара ідэі пра тое, што жыццё на зямлі пайшло ад жывой часцінкі, надзеленай здольнасцю даваць новыя, палепшаныя часцінкі, і яшчэ пра тое, што мацнейшыя асобіны размнажаюцца больш актыўна і ахвотна, а значыць паляпшаюць наступныя пакаленні. Гэтымі ідэямі (выкладзенымі ў кнігах, якія папская курыя, ясная справа, забараніла) Эразм Дарвін амаль намацаў тэорыю выжывання найболей прыстасаваных, але гісторыі, відаць, трэба было, каб не ён яе сфармуляваў, а ўнук, які народзіцца праз сем гадоў пасля яго смерці.

 

Больш, чым што-небудзь іншае, Дарвінаў-урачоў, Эразма і Роберта, яднала іх… паўната. І дзед, і бацька Чарльза выглядалі як шэкспіраўскі Фальстаф, але свае 340 фунтаў вагі (амаль 155 кг) кожны з іх насіў вельмі лёгка. З першымі промнямі сонца Роберт Дарвін бадзёра выходзіў на працяглы, не менш за гадзіну, шпацыр па крутых узгорках, дзе прабягала, віхляючы паміж дрэў, вядомая ўсёй акрузе «доктарава сцяжынка».

 

У канцы маршрута яго чакаў жоўценькі фаэтон, на якім ён аб’язджаў сваіх пацыентаў, а тыя чакалі яго не столькі дзеля парашкоў і пілюляў, якія ён ім прапісваў, колькі дзеля ўвагі, з якой ён выслухоўваў іх беды. Скажам, у місіс Блумфілд баліць нага. Але яна яму не пра нагу, а пра тое, як цяжка даглядаць агарод і кветкі, і ён яе так уважліва слухае, як не слухаў ніхто. Яна глядзіць на яго буйны нос паміж шырока расстаўленымі вачыма, на шчокі і падбародак, злітыя ў адно цэлае, на бялюткі шалік пад падбародкам, які ўпіраецца ў яго тугі вузел, на ўсю мажную постаць гэтага ціхамірнага доктара — і пра боль у назе забываецца.

 

Robert DarvinДоктар Роберт ДарвінСлава «ўрача-слухача» хадзіла за Робертам Дарвінам па ўсёй ваколіцы Шрусберы (графства Шропшыр), і калі яго сын Чарльз наважыўся спыніць сваю медыцынскую адукацыю (бо лекцыі па анатоміі дзейнічалі на яго як снатворнае, а хірургія  проста адварочвала ад сябе), брат прывёў яму ў прыклад вопыт іх любімага бацькі: той, маўляў, анатомію таксама не надта ўважае, затое ўмее хворага разгаварыць, і гэта дае яму шматлікую кліентуру.

 

Чарльз не паслухаў ні брата, ні бацьку і з медыцынаю развітаўся. А вось Роберт Дарвін сапраўды ўмеў паставіць дыягназ там, дзе многія губляліся ў сімптомах як у трох соснах. І пры ўсёй размеранасці яго медыцынскай практыкі ёсць у яго біяграфіі факт навуковага адкрыцця: гэта ён апісаў так званы эфект паслявобразу — калі па доўгім узіраннi ў яркі аб’ект перад вачыма нейкі час яшчэ працягвае стаяць яго выява, пры тым што самога прадмета ўжо няма.

 

Па вечарах доктар Дарвін дае волю нагулянаму за дзень апетыту і выкліканаму працяглым маўчаннем жаданню пагаварыць. За сталом ён ператвараецца ў прамоўцу. За талеркай запраўленага смятанай грыбнога супу ідзе гусіны пірог, за ім — бульба, гатаваная трыма спосабамі, пасля — «хвілінкі» з яек, узбітых з цукровай пудрай, вяршкамі і ружовай вадой, або фамільны кменавы пірог, або слівавы пудынг, і пад гэта ўсё — бясконцае вяшчанне: пра палітыку, камерцыю, прыроду, найноўшыя тэорыі чаго б там ні было, і ўсё змястоўна, цікава, карысна — доктар Дарвін не імправізуе, ён, пакуль ездзіць у фаэтоне, прадумвае, што будзе гаварыць за сталом. Жывот у яго такі вялікі, што давялося выразаць у гэтым стале паўкруг, але паўната, здаецца, не ўплывае на яго здароўе (ці хварэў ён увогуле хоць калі?), а вось голас робіцца ад яе надта гучным.  

 

Акурат гэтым голасам Роберт Дарвін і сказаў свайму сыну, што трэба яму адпачыць, а ніякіх лекаў не трэба. Чарльза словы бацькі не супакоілі. Ён не лічыў сябе ператомленым. На «Біглі» было дастаткова часу, каб чаргаваць паветраныя ванны на палубе з пачытваннем кнігі на канапе ў каюце капітана Фіцроя. Тут нешта іншае… «Пасля вяртання з плавання я цэлыя месяцы адчуваў сябе здаровым, як ніколі, — разважаў Чарльз, калі пасля доўгай вячэры надышла цішыня. — Прыступы пачаліся амаль праз год, у верасні 1837-га. Што я тады рабіў?..»

 

Найгорш ён адчуваў сябе тады, калі не рабіў нічога. І гэта яго прыгнятала. Утваралася замкнёнае кола: ён не мог працаваць з-за кепскага самаадчування, а вымушаны прастой у працы даводзіў яго да адчаю, які пагаршаў яго стан. Моцнае сэрцабіцце, галавакружэнне, ліхаманка і рвота — што гэта можа быць?

 

Каралеўскія медыкі ў змове

 

За пяць гадоў падарожжа Чарльз, фізічна не вельмі моцны, сур’ёзна хварэў разы тры ці чатыры. Марская хвароба ў разлік не ідзе. Было, што ён выпіў віскі індзейцаў, а аднойчы яго ўкусіў трыатомавы клоп, але такія сімптомы, як цяпер, ён адчуў яшчэ да падарожжа — калі «Бігль» два халодныя мокрыя месяцы, лістапад і снежань, прастаяў у Плімуце ў чаканні свайго адплыцця. Каманда павінна была заставацца на борце. Вось тады яму ўпершыню і зрабілася кепска: сэрца трымцела, цела калацілася, было млосна і ванітавала.

 

Цяпер такое здараецца ўсё часцей. У любы час дня і ночы. Чарльз ужо звяртаўся да самага папулярнага лонданскага эскулапа, каралеўскага лейб-медыка Генры Холанда. Асабісты ўрач будучай каралевы Вікторыі выявіў у пацыента Дарвіна банальны гастрыт. Калі пацыент пераказаў яму свой самы звычайны дзень, доктар Холанд прамовіў, па сутнасці, тое, што яму будзе даводзіць і бацька: нават самая здаровая стрававальная сістэма адказвае непаладкамі на такое моцнае нервовае і разумовае напружанне, як у яго.

 

Дзень у Чарльза Дарвіна чаго толькі не змяшчаў — і падрыхтоўку даклада пра выкапнёвых млекакормячых для Геалагічнага таварыства, і хваляванне з-за прапановы стаць сакратаром гэтага таварыства («праца не на год і не на два, пакуль ад яе вызвалюся, пройдзе цэлая вечнасць»), і клопаты з урадавай датацыяй на друкаванне кніг па заалогіі, і прыцэльны аналіз дзённікавых запісаў, зробленых на «Біглі», а ў іх і пра чарапах на Галапагосах, і пра ўюркоў з чатырох розных месцаў архіпелага, і пра парэшткі шкілетаў каля Пунта-Альты… І пакутлівыя пошукі адказаў на пытанні, якія не даюць спакою: як узнікаюць, прыстасоўваюцца, працвітаюць і выміраюць біялагічныя віды? Здагадкі, развагі, сумненні, гіпотэзы, параўнанні…

 

— Вы хочаце сказаць, што думаць шкодна? — усклікнуў пацыент у адчаі. — Як тады мне працаваць?

 

На гэта доктар Холанд паабяцаў яму выратаванне пры дапамозе сваёй знакамітай дыеты: есці трэба пераважна далікатнае мяса кшталту цяляціны і не ўжываць нічога смажанага, а таксама ніякага хлеба, ні малака, ні сыру, ні гародніны, ні садавіны.

 

Незадаволены парадамі каралеўскага медыка, няшчасны Чарльз Дарвін папрасіў дапамогі ў Джэймса Кларка, з якім пазнаёміўся на пасяджэнні Геалагічнага таварыства. А той яму тое самае:

 

— Ніякіх адхіленняў не бачу. Вы проста перанапружваецеся. Вам трэба перасяліцца ў вёску і хаця б на некалькі тыдняў перастаць працаваць.

 

Гэта было ўжо падобна на змову. Яму няма ад чаго адпачываць, ён увогуле не любіць адпачываць, а сядзець з галавой у нататніках і даваць волю думкам — гэта яго ратаванне ад іншых, менш цікавых, але неабходных заняткаў. Праца, якая робіцца з задавальненнем, не можа быць шкоднай.

 

Kabinet DarvinaКабінет Дарвіна

 

Думка, што ён у сваіх навуковых развагах ідзе супраць стваральніка гэтага свету з ўсімі яго відамі жывёл і раслін, адны з якіх паміраюць, а іншыя ўзнікаюць, «і досвед прымушае нас чакаць, што ўсялякі і кожны арганізм павінен відазмяняцца пад уплывам новага асяроддзя», — думка, што гэта і ёсць прычына недамагання, яго галаву, натуральна, наведвала, і не раз. Але хіба ён выганяў Госпада з той тэорыі, якую так пакутліва, так доўга, з такімі азіраннем і страхам выводзіў? Госпад стварыў закон, які кіруе ўсім, што адбываецца з біялагічнымі відамі, а ён, Чарльз Дарвін, спрабуе гэты закон сфармуляваць. Проста «усё гэта перастае быць няўцямнай метафарай, а ператвараецца ў факт». Нельга ўявіць узнікненне такога прыгожага свету з яго свядомымі істотамі вынікам выпадковасці — для Дарвіна гэта галоўны аргумент на карысць існавання Бога.

 

Наступныя дзесяць гадоў Чарльз, хоць і пасяліўся ў вёсцы, як раіў Кларк (і каб нішто не перашкаджала думаць!), рэгулярна меў прыступы нявядомай хваробы. Літаральна кожныя тры дні ў яго была рвота, ён мерз і не мог сагрэцца, у яго кружылася галава, перад вачыма скакалі мушкі, а часам ён страчваў прытомнасць. У рэшце рэшт, ён напісаў завяшчане і паклаў яго ў шуфляду разам з лістом пра апошнюю просьбу — перадаць незавершаны рукапіс кнігі пра трансмутацыю відаў таму, хто здолеў бы яе завяршыць.

 

Ён клапатліва расклаў па тэчках усе свае напрацоўкі, прадугледзеў у завяшчанні грашовую суму для выдаўца, назваў нават прозвішча чалавека, якога варта наняць рэдактарам…

 

Але гісторыя працягвала бачыць у ім, а не ў некім іншым, аўтара найвялікшага адкрыцця. Да выхаду «Паходжання відаў» заставалася дзесяць гадоў…

 

Дарвін сабе не верыць

 

У пачатку сакавіка 1849 года Чарльз Дарвін з жонкай Эмай і дзецьмі прыехалі на аздараўленне ў водалячэбніцу доктара Джэймса Мэнбі Галі, аўтара вельмі папулярнай кнігі «Лячэнне вадой пры хранічных захворваннях», выдадзенай у 1846 годзе. Доктар Галі — жорсткі крытык традыцыйнай медыцыны з яе поліпрагмазіяй, калі пацыенту прапісваецца процьма сродкаў адначасова, і кожны з іх выклікае неабходнасць прымаць дадатковыя сродкі для памяншэння пабочных уздзеянняў. «Апіяты змагаюцца з эфектамі ртуці, але самі яны патрабуюць сродкаў для ачышчэння, а тыя — сродкаў ад метэарызму, якія, у сваю чаргу, выклікаюць пякотку і трэба тады прымаць шчолачы і апіяты», — піша доктар, называючы такі план лячэння няправільным, і прапаноўвае альтэрнатыву.

 

Акрамя лячэння вадой ён выкарыстоўвае гамеапатыю. Сур’ёзныя грамадскія колы Англіі крытыкуюць гэты метад з такім самым імпэтам, з якім ён крытыкуе традыцыйную медыцыну. Зрэшты, гэтыя ж колы будуць пасля высмейваць і тэорыю паходжання відаў, выведзеную яго шропшырскім пацыентам, які таксама не верыць у эфекты гамеапатыі, але цалкам даверыўся новаму доктару і з дзіцячай паслухмянасцю прымае літаральна ўсё, што той яму панавыпісваў. Ад гамеапатыі карысці няма, але і шкоды не будзе, навошта ж крыўдзіць такога руплівага доктара, ад якога ўсе з’язджаюць задаволенымі.

 

Ідуць дні, стан здароўя Чарльза мяняецца. У канцы сакавіка ён піша, што добра сябе адчувае ажно дзесяць дзён запар, чаго раней не было. У красавіку канстатуе ўжо трыццаць дзён без ніякіх сімптомаў, ды яшчэ прыбаўку ў вазе і здольнасць пераадольваць вялікія адлегласці ў пешых прагулках. У чэрвені Дарвіны пакідаюць лячэбніцу задаволеныя, як і ўсе іншыя пацыенты доктара Галі.

 

Пазней хваравіты стан да Чарльза вяртаўся, але не так часта, і кожны раз гэты стан можна было прагнаць у той самай клініцы, дзе доктар Галі не дапаўняў гамеапатыяй водалячэнне, а водалячэннем спрыяў эфектыўнасці гамеапатыі. «Пацыенты, якія прымаюць водныя працэдуры, лепш успрымаюць сваё лякарства, чым іншыя людзі», — пісаў доктар Галі.

 

Так прайшло наступнае дзесяцігоддзе, у канцы якога з’явілася «Паходжанне відаў». А потым Чарльза Дарвіна захапіла ў разумовы палон дзівоснае дзіва — расліны, якія ядуць насякомых. Калі ён эксперыментаваў з круглалістай расянкай, выпрабоўваючы на ёй розныя рэчывы, прыйшла яму ў галаву думка (не без уплыву доктара Галі, напэўна) прасачыць, як яе лісцікі рэагуюць на звышмалыя, гамеапатычныя дозы.

 

На аміячную соль у развядзенні 1:4 000 000 валаскі расянкі далі адказ. І развядзенне 1:20 000 000 на іх падзейнічала. «Чытач значна лепш зразумее, якім было развядзенне, калі ўспомніць, што 5 000 унцый вады запаўняюць 31-галонную бочку. У гэты аб’ём дадаецца адзін драбок солі, і толькі палова вадкай драхмы гэтага раствору трапляе на ліст, але такой колькасці дастаткова, каб сагнуўся кожны валасок», — напісаў шчыра здзіўлены Дарвін у сваіх «Насякомаедных раслінах». Вынікам гэтых эксперыментаў ён доўга не верыў. Шукаў крыніцу пагрэшнасці. Не знайшоў. І выпрабоўваў далей, і прыйшоў да высновы, што расянка рэагуе на звышмалыя дозы не ўсіх, а толькі асобных рэчываў. Па сутнасці, эксперыментальна пацвердзіў адразу некалькі прынцыпаў гамеапатыі, у якую не верыў.

 

Доктар Кларк адмаўляецца ад ганарару

 

— Даун-хаус — Мека для вучонага свету. Вы хочаце, каб за гонар наведваць Меку я яшчэ і грошы атрымліваў?

 

Ніхто з сыноў Чарльза не можа ўгаварыць доктара Эндру Кларка прымаць грашовыя ўзнагароды за візіты да хворага бацькі. У Дарвіна часам здараюцца галавакружэнні, і доктар Кларк (не той, да якога Дарвін звяртаўся ў маладосці, а іншы, прэзідэнт таварыства лонданскіх клініцыстаў) прапісвае адпачынак і «сухую» дыету.

 

Darvin v starostiЧарльз Дарвін у старасціДарвіну 73 гады, ён адчувае сябе нядрэнна, хаця кваліфікуе такое адчуванне як паміранне, а не жыццё. Вывучае псіхалогію раслін, правярае ўздзеянне гукаў на земляных чарвякоў і вуглякіслага аміяка на хларафілавыя зярняты і карнявую сістэму, піша ў лістах да калег, якія адпраўляе з вясковай глухамані пад назвай Даун, што памрэ, калі працаваць перастане, але не наважваецца ўжо ні на што маштабнае.

 

У лютым 1881-га Дарвін моцна пакутуе ад галавакружэнняў, арытміі і боляў у сэрцы, але ў гадзіны палёгкі ахвотна назірае за тым, як распускаюцца крокусы. Доктар Кларк наведвае Даун часцей і часцей. Аднойчы ён пачуе, як яго пацыент скажа сваёй жонцы Эме, што не баіцца памерці. Праз некалькі хвілін доктар Кларк закрые Дарвіну вочы.

 

P. S.

 

Чарльзу Дарвіну рэтраспектыўна прыпісваюцца хвароба Шагаса (якую ён мог атрымаць ад укусу кляшча ў час знаходжання «Бігля» каля берагоў Лацінскай Амерыкі), недастатковасць лактазы (і правільна каралеўскі доктар параіў адмовіцца ад малака!), сіндром Аспергера (які сам Аспергер называў аўтыстычнай псіхапатыяй), тэрмінальны ілеіт, стэнакардыя, сінкопэ, іпахандрычны сіндром, хранічная інтаксікацыя мыш’яком, фенолам, фармальдэгідам ды іншымі рэчывамі, з якімі вучонаму даводзілася мець справу ў эксперыментах, а таксама іншыя дыягназы.