Гамеапатычная аптэка на Гарохавай вуліцы.

Вось так дакранешся да гісторыі хатніх аптэчак — і знойдзецца табе што дадаць наўздагон напісанаму.

 

«В Гороховой улице, в одном из больших домов»

 

«Николай Петрович, как все домоседы, занимался лечением и даже выписал гомеопатическую аптечку», — чытаем у рамане «Отцы и дети», створаным у пачатку 1860-х. Калі б Мікалай Пятровіч узнік не з чарнільніцы Івана Тургенева, а быў рэальнай асобай, згаданую гамеапатычную аптэчку ён відавочна выпісаў бы з Пецярбурга, дзе ў доме № 15 па Гарохавай вуліцы працавала першая ў Расійскай імперыі гамеапатычная аптэка, якой «поистине образцово» кіраваў знакаміты ў свой час правізар Фрыдрых Карлавіч Флемінг, «внушительная и симпатичная личность».

 

Паводле рэкламы ў старым часопісе, аптэка на Гарохавай, 15 прапаноўвала «улучшенные аптечки» на 40, 60 и 80 лекавых сродкаў «в полированных весьма изящных и прочных ящиках». Усе лекі прадаваліся «в стклянках», найбольш ужывальныя фасаваліся па 1/2 унцыі (амаль 15 г), астатнія — па 2 драхмы (трошкі больш за 7 г). Асобна прапаноўваліся разнастайныя парашкі і пластыры, таблеткі і кроплі — цытварны палын ад глістоў, пепсін «для выпраўлення слабага стрававання», нюхальны сродак супраць паліпаў у носе, ледзянцы ад кашлю, гамеапатычная кава, жалезныя кроплі, а таксама гігіенічныя сродкі з прафілактычнымі і гаючымі ўласцівасцямі — зубныя парашкі з вустрычнай вапнай для ўмацавання эмалі і стафізагрыяй ад запалення дзясны, дзіцячая прысыпка з драўнянага парашку, мыла ад вяснушак і з арнікай супраць карбункулаў і сінякоў, губныя памады ў пенальчыках — і розныя ападэльдокі. На гэтых апошніх варта спыніць увагу, бо хоць і памятаецца з гогалеўскіх «Мёртвых душ», як Наздроў абзывае Чычыкава Ападэльдокам Іванавічам, але што яны такое, гэтыя ападэльдокі?

 

А гэта старадаўнія сродкі супраць усяго, што толькі можа лячыцца мазямі, ад карбункулаў да вывіхаў. Яны яшчэ ў Парацэльса прыводзяцца, ён і даў ім такую назву. Бярэцца медыцынскае мыла, дадаецца разведзеная ў спірце камфара, даводзіцца да кандыцыі ам’ячнай вадой, прыпраўляецца маслам чабору і размарыну, а потым аздабляецца нечым у залежнасці ад прызначэння.

 

Аптэка на Гарохавай вуліцы прапаноўвала гатовыя ападэльдокі з календулай, беладоннай, аканітам, самбукам, крапівой, багуном, калацынтам, балігаловам, гельземіем і іншымі дабаўкамі ў «стклянках» па 4 рублі за тузін.

 

«Достопамятнейшее исчадие гусиного пера»

 

Там жа, на Гарохавай, прадаваліся бюсцікі Ганемана «очень изя-щной работы» коштам 1 рубель (за 2 рублі можна было набыць тузін багуновых пластыраў ад раматусу) і гравіраваныя партрэты Ганемана па 50 капеек. Набывалі іх часцей разам з так званымі поўнымі гамеапатычнымі аптэкамі — не скрынкамі, а цэлымі вялікімі (і вельмі прыгожымі) шафамі, прызначанымі «для земств, фабрик, аптек и т. п.»). Мець бюсцік бацькі гамеапатыі дома было прыкметай яўнай сімпатыі да метаду, які, пасля таго як быў дазволены Мікалаем І (імператар і сам стаў пацыентам сталічных гамеапатаў), адны прымалі спакойна, другія ўхвалялі як панацэю, а трэція, нягледзячы на прызнанне на дзяржаўным узроўні, крытыкавалі на чым свет стаіць, называючы Ганемана Усёразбавіцелем, яго вучэнне — хітрасплеценай казкай «Тысячы і адной ночы», паслядоўнікаў — дэцыльённай доляй урача, а іх дзейнасць — бясконца вадкай Месіядай.

 

«Достопамятнейшее исчадие гусиного пера» — так назваў вучэнне Самуіла Ганемана Уладзімір Даль, знакаміты складальнік «Тлумачальнага слоўніка жывой вялікарускай мовы», фалькларыст, этнограф і, пра што не ўсе ведаюць, урач. Зрэшты, і пра Усёразбавіцеля, і пра казкі Шахеразады, і пра дэцыльённую долю ўрача дасціпнічаў у часопісе «Сын Отечества» ён жа, падпісаўшыся псеўданімам. Артыкул назваў адпаведна: «Критическое очищение и омовение врачебных конюшен Авгия…». Не быў бы лексікографам, калі б выказаўся іначай. Быў пачатак 1830-х, Даль ужо стаў знакамітасцю, выпусціўшы зборнік народных казак, а гэтая гучная часопісная расправа над гамеапатыяй зрабіла яго папулярным і ў медыцынскіх колах.

 

Тым часам бушавалі адна за адной эпідэміі, і там, дзе прымяняліся гамеапатычныя сродкі, смяротнасць аказвалася самай нізкай. Дзякуючы гэтай акалічнасці ў 1833 годзе і быў у Расійскай імперыі афіцыйна дазволены «ганеманаў метад».

 

Так пачалі з’яўляцца аптэкі, з якіх лекі з гамеапатычнымі сігнатурамі, «в стклянках», «в изящных лакированных ящичках» траплялі ў сядзібы, дзе такія самыя дамаседы, як згаданы тут тургенеўскі Мікалай Пятровіч, прапісвалі сваім родным, прыслузе, работнікам і сялянам, як толькі здаралася ў тым патрэба, розныя прыпаркі, прымочкі і паласканні, якія самі ж і складалі, варожачы над скрынкай са «стклянкамі», балазе да кожнай такой скрынкі, прадаванай «с наставлениями», дадаваліся «мерочка для капель, стакан, разделенный на чайные и столовые ложки, облатки, капельник и оподельдоки» — «все принадлежности для заготовления разведений». Можна не сумнявацца, што першаснай сваёй папулярнасці гамеапатыя была абавязана тым, што сама важданіна з начыннем яе аптэчак была заняткам цікавым і захапляльным. Існавала кніга «Домашний врач-гомеопат», у якой падрабязна расказвалася, як самастойна, без урача, карыстацца гамеапатычнымі сродкамі і ў якіх выпадках што прымяняць: «Открыв скляночку, высыпают на ладонь нужное число крупинок и дают больному захватить их языком или высыпают их на совершенно сухую чистую ложку и стряхивают на язык», «Кто предпочитает лекарства в жидком виде, тот вместо двух крупинок должен давать каплю».

 

Жыў у той час царскі ўраднік Далінскі. Бацька яго быў пракурорам. Сын заахвочваў бацьку набыць для дамашняга карыстання гамеапатычную аптэчку, а бацька супраціўляўся катэгарычна, як толькі мог. Праўда, не жадаючы крыўдзіць сына, ён усё ж час ад часу чытаў рэкамендаваныя ім артыкулы і кніжкі. «Калі вылечыш мяне ад гемарою — маёй самай вялікай пакуты, — прызнаю цябе лепшым за доктара Шарпа, чыю брашуру ты мне прыслаў», — аднойчы напісаў бацька сыну. У выніку бацька набыў сабе аптэчку і даволі часта яе папаўняў, звяртаючыся да сына з просьбай прыслаць то адно, то другое з ліку сродкаў, якіх у правінцыі не знайсці. Ён ужо і сам заахвочваў сваіх прыяцеляў набываць гамеапатычныя аптэчкі. Сын пазней стаў ганаровым членам гамеапатычнага таварыства. Было за што прысвоіць яму такое званне: з падачы гэтага ўрадніка ў гамеапаты перакваліфікаваўся шмат хто з урачоў, у тым ліку, да прыкладу, і Яўстахій Урублеўскі, які, у прыватнасці, займаўся лячэннем сына беларускага паэта і перакладчыка Ула-дзіслава Сыракомлі.

 

У Траццякоўскай галерэі захоўваецца карціна Аляксандра Бейдэмана «Гомеопатия, взирающая на ужасы Аллопатии», у 19-м стагоддзі вядомая і пад назвай «Торжество гомеопатии. Аллегорическое изображение». Шмат дзе можна прачытаць, што яе заказаў урач-акушэр Яўген Габрыловіч, сын правізара Осіпа Габрыловіча і бацька гамеапата Мікалая Габрыловіча, але гэта відавочная памылка: на час напісання карціны Яўген Габрыловіч яшчэ толькі вучыцца медыцыне, а да гамеапатыі звернецца толькі праз амаль чвэрць стагоддзя. Карціна пісалася ў Мюнхене, а ён акурат у Мюнхене і вучыўся, ад гэтага супадзення, відаць, і ўзнікла памылковае меркаванне. Карціну хутчэй заказаў яго сын. Або мастак сам пажадаў ухваліць сваім творам альтэрнатыўны кірунак лячэння.

 

 

Левая палова карціны, пісаная цёмнымі фарбамі, аддадзена алапатыі. Тут над скурчаным ад болю пацыентам схіліліся ўрачы: адзін сыпле яму нешта ў горла, другі пускае кроў, трэці панастаўляў процьму п’явак, чацвёрты і пяты наліваюць з гіганцкай бутлі нейкую вадкасць ў лыжку памерам з чарпак, шосты і сёмы пілуюць небараку нагу, восьмы ўзіраецца ў лабараторны сасуд, за спінай у яго цэлая шафа з такімі сасудамі, дзявяты, дзясяты, адзінаццаты — сабраліся ў кутку на кансіліум, дванаццаты трымае над галавой поўную скрыню флаконаў, паміж якімі прыладзіўся велізарны шпрыц, а за спінай у гэтага дванаццатага з цёмнай шафы выглядвае страшны шкілет, і яго пустыя вачніцы і блішчастыя ў цемры зубы злавесна ўсміхаюцца. На пярэднім плане плачуць няшчасныя жонка і дзеці.

 

Правая палова карціны залітая нябесным святлом. Прымасціўшыся на аблоках, пазіраюць у бок страшнай сцэны антычныя багі і багіні, сярод якіх пазнавальныя Зеўс, Асклепій, Афіна… Прыроўненая да іх Гамеапатыя ў вобразе мажнай жанчыны трымае ў адной руцэ шалі і вогненны меч у другой. Збоку сціпла стаіць, нічога не робячы, стары Самуіл Ганеман...

 

Ох як шмат прачытанняў можа мець гэты жывапіс! Прынамсі, біцэпсы галоўнай гераіні, валадаркі малых доз, — вельмі гаваркая дэталь.

 

«Не забудьте, что у гомеопатов теории еще нет, а есть одна только практика»

 

Аднойчы папячыцель вучэбнай акругі Аляксей Пяроўскі, ён жа пісьменнік Антоній Пагарэльскі, прыяцель Уладзіміра Даля, але з ліку прыхільнікаў моды на гамеапатыю, сказаў яму па-сяброўску як урачу: маўляў, чым спрачацца тэарэтычна, ці не лепей было б выпрабаваць метад на практыцы. Мінае пяць гадоў ад той дасціпнай публікацыі пра ўрачэбныя канюшні Аўгія — і ў часопісе «Современник» публікуецца артыкул супрацьлеглага зместу з болей чым сціплай назвай «О гомеопатии», пададзены ў форме ліста да князя Адоеўскага. «Вы хотели знать, любезный друг, каким образом я убедился в действительности гомеопатической медицины и признал, вопреки прежнему мнению моему, основательность этой школы — охотно расскажу Вам это во всей подробности; напечатайте, если хотите, письмо мое». Грамадскасць зноў загула — і зноў сімпатызуючы аўтару. «Даль со всей искренностью и со всем самоотвержением благородного человека и ученого, предпочитающего святую истину личному самолюбию, признается в своей прежней несправедливости», — захліпаўся ад захаплення Вісарыён Бялінскі.

 

Крыштальна сумленны Даль прызнаецца, як верыў у тое, у чым і ў галаву не прыходзіла сумнявацца, але аднойчы ўбачыў на свае вочы, як angina tonsillarum была вылечана за лічаныя гадзіны адным гамеапатычным прыёмам. Расказвае, як імкнуўся пераканаць сябе ў тым, што гэта або падман, або выпадковасць, або памылка закралася ў яго назіранні, — і пачуў ад свайго любімага ўніверсітэцкага прафесара, што «несмотря на все недостатки гомеопатического лечения, действенность бесконечно утонченных снадобий не подлежит в иных случаях никакому сомнению». Піша, як угаворваў сябе не думаць «об этом диве дивном, чуде чудном, от которого у мыслящего человека должна вскружиться голова и ум может зайти за разум», і як у часе яго адсутнасці захварэў на круп яго сын, а па вяртанні дадому ён застаў дзіця ўжо здаровым: «Корпусный доктор наш, статский советник Бидерман, пользовал его гомеопатически». «Все-таки прошу заметить, что учение это не раскол, в котором фанатики легко могут блуждать, и не толк философический; нет, это дело осязаемое, познаваемое пятью чувствами», — напісаў Даль. І заклікаў не пашкадаваць часу на правя-дзенне сумленнага даследавання «важнейшего из всех современных врачебных вопросов: что такое гомеопатия?». Папрасіў помніць, што «у гомеопатов теории еще нет, а есть одна только практика», — і палічыў за лепшае назаўсёды сысці з медыцыны.

 

«Внезапно заболевшему человеку»

 

У другой палове 19-га стагоддзя гамеапатычныя аптэчкі распаўсюдзіліся шырока. «Несложные проблемы со здоровьем можно решить с помощью гомеопатии в домашних условиях», — пісалі часопісы, сцвярджаючы, што «совсем неплохо иметь в доме аптечку, позволяющую оказать первую помощь внезапно заболевшему человеку».

 

g9a096v6

Аптэчкі з рэкламы ў старым часопісе.

 

ds449978888

 

«В случае серьезного заболевания самолечением заниматься не стоит», — папярэджвалі аўтары. Раілі: «Гомеопатические лекарства должно сохранять в новых склянках, хорошо закупоренными новыми бархатистыми пробками. Склянка и пробка от одного лекарства не годится для другого, а потому нужно внимательно следить за тем, чтобы не перемешать пробки. Во избежание таких случайностей при отпуске гомеопатических лекарств название их и деление ставятся на склянке и пробке», «Лекарства, приготовленные из минеральных веществ, большей частью не теряют от времени своего лекарственного действия. Растительные же должно возобновлять чаще», «Когда лекарство мутнеет, то его надо признать испорченным».

 

Асобна друкаваліся дыеты, якіх трэба было прытрымлівацца пры лячэнні гамеапатычнымі сродкамі. Забараняліся на гэты перыяд курэнне, ужыванне піва, віна, гарэлкі, кавы, чаю, ліманадаў, вострых спецый, кіслых ягад, тлустага, салёнага, пірагоў і гарачага хлеба.

 

Сляды дамашніх гамеапатычных аптэчак можна прыкмеціць і ў мемуарах, і ў ліставаннях, і ў гаспадарчых кнігах, і на рэкламных старонках перыёдыкі, і ў творах мастацкай літаратуры.

 

Брат Дастаеўскага ўспамінаў, што, калі ў таго без дай прычыны пачалася такая страшная хвароба горла, што ён страціў голас, то іх бацька — урач, перакананы алапат, — «испытав все средства и не видя пользы», паслухаўся парады выпрабаваць гамеапатыю. Будучаму пісьменніку рабілася, праўда, то лепш, то зноў кепска. У выніку хвароба прайшла, але голас на ўсё жыццё застаўся, па словах брата, «не совсем естественный».

 

А потым Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі, пішучы «Братьев Карамазовых», палічыў патрэбным увесці ў тэкст вуснамі героя прамоўлены выраз пра «гамеапатычныя долі» — вобразна, не ў медыцынскім значэнні.

 

«Пройдет, ежели кучер съездит в арбатскую аптеку»

 

Льву Талстому не было ніякай розніцы, гамеапат перад ім ці алапат, у рамане «Война и мир» ён кідае іх, не разбіраючы, у адну кучу разам з варажбітамі, сцвярджаючы, што ўсе яны, як і лекі, якія глытае Наташа Растова, карысныя толькі тым, што задавальняюць маральныя патрэбы хворай і яе родных, — адпавядаюць чалавечым імкненням мець надзею на паляпшэнне і магчымасць паспачуваць. «Доктора для Наташи были полезны тем, что они целовали и терли бобо, уверяя, что сейчас пройдет, ежели кучер съездит в арбатскую аптеку и возьмет на рубль семь гривен порошков и пилюль в хорошенькой коробочке и ежели порошки эти непременно через два часа, никак не больше и не меньше, будет в отварной воде принимать больная».

 

А Эліза Ажэшка, і без таго выдатна падкаваная медыцынскімі ведамі, уражвае яшчэ і дасведчанасцю ў прынцыпах гамеапатыі, калі выводзіць у лісце да сябра-ўрача такія радкі пра канстытуцыянальныя тыпы: «Тое, што для кожнага чалавека існуе сваё лякарства, найбольш для яго карыснае, — гэта факт. Для мяне такім лякарствам з’яўляецца арсенік. Не ведаю, ці вы помніце, але я дакладна помню, што, калі мы з вамі толькі пазнаёміліся, я была такая слабая, як ніколі пазней, і менавіта арсенікам вы ператварылі мяне ў моцную і здаровую на доўгі час. Былі яшчэ іншыя сродкі, але арсенік я ўжывала даўжэй за астатнія, і ён аказаўся для мяне цудадзейным». Няма ніякіх сумненняў, што ў шэрым доміку на Садовай у Гродне была аптэчка «в изящном ящике», і яго гаспадыня, запісваючы ў дзённік пра сваю кампаньёнку «Марыня захварэла», проста не лічыла патрэбным дадаць радочак пра тое, як, адкрыўшы скляначку, насыпала на далонь патрэбную колькасць крупінак і дала хворай...