Паводле міфалагічных уяўленняў пра вертыкальную трохскладовую структуру свету, рыба з’яўляецца адзнакай яе ніжняй часткі — свету памерлых. Узгадаем беларускую загадку пра рыбу: «На тым свеце жывы, а на гэтым — мёртвы». Апроч гэтага стравы з рыбы былі абавязковымі для памінальнай вячэры на Дзяды і Куццю. Беларусы даўней верылі, што свет стаіць на вялізнай рыбіне. Калі яна варушыцца, то здараюцца землятрусы. Калі ж з нейкай прычыны тая рыба перавернецца на другі бок, то свет пера-куліцца дагары нагамі і настане канец свету.

 

Нямы як рыба...

 

У народных вераваннях беларусаў адсутнасць голасу ў рыбы азначала забарону карміць ёю дзяцей, пакуль яны не навучацца гаварыць, інакш яны доўга будуць нямымі як рыбіна. Немата як прыкмета свету мёртвых мела істотную ролю ва ўяўленнях пра рыб не толькі як пра душы памерлых, але і пра душы дзяцей, якія яшчэ не з’явіліся на свет. Таму рыба была звязана як са смерцю, так і з нараджэннем. Напрыклад, сон пра рыбу для жанчыны мог служыць прыкметай цяжарнасці. Да прыкладу, у народным сонніку гаворыцца: «Злавiла ў сне рыбу — дзiця народзiш. Калi шчуку, то дзяўчынку, а калi карася, то хлопчыка».

 

Уяўленне пра душу ў вобразе рыбы адлюстравана ў казцы пра тое, як бяздзетная каралева, з’еўшы рыбку, нараджае дзіця. У адным з варыянтаў гэтай казкі злоўленую рыбу з’ядае сама каралева, рэшткі аб’ядае кухарка, а памыі выпівае карова. У выніку ўсе тры персанажа адначасова нараджаюць сыноў: Івана-каралевіча, Івана-кухарчонка і Івана — каровінага сына.

 

Маюцца павер’і пра некаторыя віды рыб. Асобная роля адводзілася шчупаку. У беларускім фальклоры ён звязаны з мужчынскім пачаткам і часта выступае як пасмяротнае ўвасабленне душы. Па некаторых павер’ях, ён нібыта абцягнуты жалезам як панцырам. Сваім хвастом ён разбівае лёд на рэках і азёрах. У казках і паданнях шчупак перавозіць Хрыста праз раку, і ў падзяку за гэта той робіць яго каралём рыб.

 

Лічылі, што на ілбе шчупака нібыта захаваныя крыж і дзіда, якой быў працяты распяты Хрыстос. Відаць таму пчаляры клалі шчупака пад асвячоную паску, расціралі яго лобную костку і, змяшаўшы з мёдам, закормлівалі ёю пчол. Асобнай сілай надзялялі нашы продкі вострыя шчупаковыя зубы. Верылі, што яны валодаюць ахоўнымі ўласцівасцямі.

 

Сківіцу ад першага злоўленага шчупака вешалі над уваходам у хату як абярэг ад нячыстай сілы, а хрыбтовыя косткі — у варотах для засцярогі ад павальных хвароб.

 

Косткі шчупака бралі на рыбную лоўлю ў якасці амулета і насілі пры сабе, каб улетку не ўкусіла змяя. Для абярэга скаціны шчупаковую галаву вешалі ў пячны комін і пры першым выгане жывёлы на пашу падкладалі пад ногі карове, каб яна пераступіла праз яе.

 

Што лячылi?

 

Неаднаразова ў народнай творчасці сустракаюцца так званыя замовы на шчупаковыя зубы. Менавіта вострыя зубы шчупака ўжываліся ў абрадах лячэння кілы (грыжы). Знахар праводзіў рыбінай сківіцай па кіле, здзяйсняючы сімвалічнае «загрызанне» хваробы. Таксама шчупаковыя косткі з зубамі высушвалі і таўклі ў парашок, які ўжывалі «ад калацця». Тлушч шчупака дапамагаў ад прастуды, насмарку і кашлю. Ім змазвалі ступакі. Жоўцю гэтай рыбы лячылі жаўтуху, ліхаманку, бяльмо, курыную слепату.

 

У народнай медыцыне шырока выкарыстоўвалі і іншых рыб.

 

nbvg434

 

Каменьчыкі з галавы акуня ўжывалі ад хваробы нырак і прыкладалі да дзяснаў ад зубнога болю. Скуру вугра варылі і атрыманы клей выкарыстоўвалі ад нарываў і кілы. Тлушчам вугра лячылі глухату і шум у вушах.

 

Печань наліма клалі ў шклянку і ставілі на сонцы, а потым мазалі ёй каламутныя вочы. У краязнаўчай літаратуры ёсць згадкі, што ў 19-м стагоддзі ў вёсцы Нізкая Вуліца каля Магілёва жыла знахарка Марыя, якая здымала бяльмо на вачах жоўцю розных рыбак, якія вадзіліся ў мясцовай рачулцы. Слава пра знахарку ішла далёка, і да яе на лячэнне ехалі нават з аддаленых раёнаў.

 

Не абмінулі ў народных павер’ях і такую адметнасць рыбы, як «халодная» кроў. Справа ў тым, што, як цяпер вядома, тэмпература цела рыбы цалкам залежыць ад тэмпературы навакольнага асяроддзя і сталай велічыні не мае. Нашы продкі выкарыстоўвалі гэтыя веды: рыбай кармілі хворых на гарачку або з высокай тэмпературай. Дзеля гэтага iм давалі з’есці рыбку, вынятую з вантробаў шчупака, абкурвалі яго спаленымі рыбінымі косткамі з каляднага стала, прыкладвалі да ступняў кампрэсы з палавінак ліна.

 

Як пазнаць цара рыбаў

 

Вобраз рыбы быў шырока распаўсю-джаны ў розных павер’ях і прадказаннях. Так, рыбіны лускавінкі часам сімвалічна суадносіліся з манетамі. У некаторых рэгіёнах Беларусі існаваў звычай класці іх на стол падчас вячэры напярэдадні Калядаў, бо ўважалі, што яны прыносяць багацце і грошы. Хто пакладзе затым гэтыя лускавінкі да сябе ў кашалёк, той ніколі не будзе мець патрэбы ў грошах. А бачыць у сне рыбіну з луской азначала прыбытак на грошы. Рыба з белай луской прадвяшчала сярэбраныя грошы, а з цёмнай (акунь, шчупак, лін, мянтуз, пячкур ды інш.) — дробныя грошы. Таксама бачыць рыбу ў сне азначала ўлетку дождж, а ўзімку адлігу або снег.

 

У вельмі даўнія часы косткі рыб выкарыстоўвалі нават у жаночых упрыгажэннях. Насілі каралі з пазванкоў рыб. Іх таксама нанізвалі на дротавыя скроневыя кольцы. Рабілі і металічныя амулеты ў выглядзе выяў розных рыб.

 

bvcfxd34

 

Паводле павер’яў, рыбы, як і ўсе жывыя істоты, маюць свайго цара. Ён уладарыць над усімі рыбамі, што жывуць у злучаных паміж сабою вадаёмах, і ахоўвае іх ад рыбакоў. Там, дзе жыве рыбін цар, рыбакі зрэдчас могуць пахваліцца ўловам. І наадварот, калі рыбін цар куды-небудзь адлучаўся, можна было вылавіць без цяжкасці ледзь не ўсю рыбу з гэтага вадаёма. Убачыць цара рыбаў могуць не ўсе, а толькі моцныя рыбаловы-чараўнікі. Звычайна сярод людзей на розных пагулянках, напрыклад, вяселлі, ён з’яўляўся ў вобразе вясёлага паніча, але з нябачным для неабазнаных на чараўніцтве людзей рыбіным хвастом.

 

Як частку старажытных вераванняў, легенд і паданняў выявы рыб сёння можна ўбачыць на некаторых гербах беларускіх населеных пунктаў. Гэта Паставы Віцебскай вобласці і Астравец Гродзенскай вобласці, а таксама гарадскі пасёлак Любча Навагрудскага раёна.