Алена Пальчык, старшая медсястра гінекалагічнага аддзялення Навагрудскай ЦРБ
Фота з архіва А. Пальчык

Пра старшую медсястру гінекалагічнага аддзялення Навагрудскай ЦРБ Алену Пальчык, якая нядаўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя, калегі кажуць, што яе адданая праца заслугоўвае самай высокай ацэнкі.

 

 

Генадзь Алексеевіч, загадчык гінекалагічнага аддзялення:

 

Наша Алена не толькі выдатны прафесіянал, але і вельмі душэўны чалавек. Да нас па медыцынскую дапамогу звяртаюцца жанчыны з рознымі паталогіямі рэпрадуктыўнай сістэмы. Часта ў роспачы. Ды Алена Святаславаўна ўмее іх выслухаць, супакоіць. Яна ўвесь час як на пры- франтавой паласе, што засцерагае ўсіх нас у бараць- бе з жаночымі праблемамі ад стрэсаў і страхаў. Пасля такой псіхалагічнай падтрымкі з жанчынамі значна лягчэй працаваць. Алена Святаславаўна ўмее ладзіць з усімі. У яе добрыя стасункі і з маладымі спецыялістамі, якія прыслухоўваюцца да яе парад, бо адчуваюць падтрымку і паразуменне, і з нашымi ветэранамi працы. За мінулыя гады яна пазнаёмілася не толькі з пацыентамі, але і з іх сем’ямі. Відаць, таму так лёгка кантактуе з людзьмі, і людзі ёй удзячныя.

 

Ала Адамовіч, галоўная медсястра:  

 

У маім падпарадкаванні больш як 400 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу. Алена Святаславаўна вызначаецца вялікай адказнасцю за даручаную справу. Яе не мае сэнсу кантраляваць. Заўсёды зробіць так, як трэба. Калі перапрафіліравалі нашу ўстанову для работы з кавіднымі пацыентамі, цяжка было б справіцца без дапамогі старшых медсясцёр. Алена Святаславаўна дужа актыўны памочнік у нашай каманднай рабоце. На першым часе яна знаходзілася на працы і днём, і ноччу, і на выходных: інфекцыя была незнаёмая, і мы не ведалі, як з ёй змагацца. Адкрывалі па 4, па 5 пастоў. І ўрэшце справіліся! У першую чаргу дзякуючы такім прафесіяналам, як старшая медсястра Алена Пальчык.

 

Алена Пальчык19 102021

 

Алена — мясцовая. Нарадзілася ў Навагрудку. Пасля Слонімскага медвучылішча яе размеркавалі ў Навагрудскую ЦРБ. З 1998 года працуе ў гінекалагічным аддзяленні, з 2003-га — старшай медсястрой.

 

Алена Пальчык:

 

У дакавідны час усё было прасцей: складала графікі работы, адпачынку, планы вучобы і г. д. Цяпер наша праца арганізавана па-іншаму. У чырвонай зоне працуем з пацыентамі, у чыстай — з дакументацыяй. У чырвонай зоне я бываю кожны дзень, каб пракантраляваць выкананне заданняў. Хочацца як мага лепш арганізаваць работу, каб яна была прадуктыўнай. З надыходам пандэміі жыццё стала падобным на франтавое…

 

З пачаткам пандэміі нашы людзі яшчэ больш згуртаваліся ў адзіны дружны калектыў, якому пад сілу вырашаць самыя складаныя задачы. На базе нашай медыцынскай установы створаны міжраённы цэнтр па кавіднай інфекцыі. Прымаем пацыентаў з Навагрудскага, Карэліцкага і Дзятлаўскага раёнаў.

 

У вольную часіну люблю хадзіць пешшу і назіраць, як прачынаецца прырода: зелянее трава, на дрэвах з’яўляецца лістота, расцвітаюць вясновыя кветкі… Менавіта тады разумееш, якое гэта шчасце жыць і быць здаровым.