На мой званок і прапанову аб сустрэчы прафесар Данілаў з усмешкай папярэдзіў: «А вы ведаеце, што мне пайшоў 99-ы год?» Так, я ведаю. І для мяне гэта не шараговае інтэрв’ю. Я хачу атрымаць важны ўрок, як жыць. Жыць доўга і шчодра. Каб і ў сталым веку атрымліваць асалоду ад кніг, абыгрываць камп’ютар у шахматы, быць цікавай суразмоўцай. Каб мець у сабе такую ж шчырую любоў да людзей і ўдзячнасць да жыцця.
Усё было, усё атрымалася
Іван Данілаў:
Я ўсё рабіў вельмі позна. У 22 гады паступіў у фельчарскую школу ў Пінску, у 25 гадоў — у медінстытут. Дыплом урача атрымаў у 31 год, а ў 34 (апошні год, калі дазвалялася) паступіў у аспірантуру. Усё ў маім жыцці было на мяжы. Але галоўнае, што ўсё было і ўсё атрымалася.
На долю Івана Пятровіча выпалі вялікія выпрабаванні. Аднак, азіраючыся на той далёкі час, можна ўпэўніцца, што ў многім яны і перадвызначылі яго прафесійны лёс.
Вясковае дзяцінства ў атачэнні кніг
Нарадзіўся Іван Данілаў у палескай вёсцы каля Кобрына на тэрыторыі тагачаснай Польшчы. Да вайны паспеў скончыць 7 класаў польскай школы. Ён і па сёння цытуе вялікія ўрыўкі з «Пана Тадэвуша».
Іван Данілаў:
У мяне ў дзяцінстве была вельмі добрая памяць, я лепш за этнічных палякаў ведаў літаратуру. Ды і іншыя навукі даваліся лёгка. Дырэктар школы дамогся, каб мяне за дзяржаўны кошт прынялі ў Віленскую электратэхнічную гімназію. Але не паспелі. Ішоў ужо 1939 год, і гэтая ідэя не ажыцця-вілася.
Юнацтва пад кулямі
У гады Вялікай Айчыннай вайны Іван Данілаў змагаўся з ворагам у складзе Пінскага партызанскага злучэння. Спачатку быў сувязным, наведваўся пры патрэбе і ў суседнія вёскі, і ў горад. Але мясцовая паліцыя вылічыла хлопца, і ў 1943 годзе яго арыштавалі. Івана ўжо везлі да немцаў у Драгічын, але, на шчасце, у адной з вёсак канваіры надумалі зладзіць п’янку. Далей з арыштантам паехаў толькі адзін ахоўнік, і хлопцу ўдалося ўцячы.
Праязджаючы паўз хутар, я папрасіўся папіць вады і саскочыў з воза. А ля калодзежа хуценька павярнуў за хлеў і праз балота пабег да лесу, — узгадвае той драматычны момант Іван Пятровіч. — Бегчы давялося з паўкіламетра, і я імчаў наўпрост, не пятляючы. Ахоўнік тройчы страляў, але не патрапіў. Сёння я думаю, што ён мог з лёгкасцю забіць мяне на адкрытым балоце. Але той чалавек ведаў маю сям’ю і, напэўна, пашкадаваў, даў сысці.
Іван дабег да лесу і інтуітыўна павярнуў не да роднай вёскі, а ў адваротны бок — да горада. Гэта было правільнае рашэнне, бо паліцаі шукалі яго па ўсіх хутарах. Калі, нарэшце, усё супакоілася, хлопец вярнуўся дадому, адкапаў схаваны раней карабін і канчаткова падаўся ў лес, у партызанскую зону.
Іван Данілаў:
Быў разведчыкам. Здаралася, у якасці правадніка дапамагаў падрыўнікам дабрацца да чыгункі. Я вельмі добра ведаў мясцовасць, і не толькі ў нашым раёне, але і на Валыншчыне. Тады ўжо на чыгунцы паўсюль стаялі ахоўныя вышкі, і немцы пры любым падазроным руху пачыналі прастрэльваць дарогу і навакольны лес. Уначы было бачна, як зіхацяць кулі. Ад падрыўнікоў патрабавалася вялікая вытрымка, каб не ўцякаць ад смерці, а абмінуць яе. І я ведаў усе лагчынкі, дзе можна было стаіцца і перачакаць.
Іван Данілаў узнагароджаны баявым ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, меда- лямі «За баявыя заслугі», «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» ды інш.
Паміж жыццём і смерцю
Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў 1944 годзе ўсіх партызан забралі на фронт, а Івана Данілава вырашылі адправіць у вышэйшую камсамольскую школу. Гэтая ідэя не спадабалася хлопцу, і ён запісаўся добраахвотнікам у адзін з палкоў. На фронт, аднак, не паспеў, у кастрычніку 1944 года каля Мала-дзечна падарваўся на міне. Аскепак прабіў правае лёгкае.
Іван Данілаў:
На маё шчасце, на станцыі стаяў санітарны цягнік. Мяне толькі ўнеслі, і ён паехаў. Каля пяці месяцаў я туляўся па шпіталях. Гемаглабін упаў да 43 %. Доктар кажа: «Што ж нам рабіць, хлопчык? У цябе першая група крыві, а за ноч мы выкарысталі ўсе запасы, няма чаго пераліваць. Будзем спадзявацца на тваю маладосць». Пазней развіўся гнойны плеўрыт. Антыбіётыкаў не было, рану проста прамывалі дэзрастворамі. Але, сапраўды, я быў малады, моцны. Адужаў.
На санітарным цягніку Івана Данілава завезлі ажно ў Чыту. Там у яго была апошняя аперацыя, і пасля акрыяння хлопец павінен быў адправіцца ваяваць у Маньчжурыю. Але ў старой куртцы знайшлося накіраванне ў той самы полк, куды ён не трапіў з-за ранення. А гэта — заходні фронт.
Іван Данілаў:
Я ехаў сюды цэлы месяц і бачыў, як галадае Сібір, еўрапейская частка Расіі. На чыгуначных станцыях былі вайсковыя сталоўкі, дзе нас кармілі па талонах. І ўсюды дзеці прасілі ежы. На гэта цяжка было глядзець. У тых сталоўках я еў нішчымныя супы і кашу, а хлеб стаў аддаваць дзецям. Праўда, калі заехалі ў Заходнюю Беларусь, жабракоў тут ужо не было. Але было шмат папялішчаў, мой родны дом таксама быў спалены.
У палку, куды Іван Данілаў трапіў ужо напрыканцы вайны, яго прызначылі служыць старшым пісарам. І дэмабілізаваўся ён толькі ў 1946 годзе.
У тую ж восень Іван Данілаў быў залічаны ў Пінскую фельчарскую школу, якую скончыў з адзнакай. І без іспытаў паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут.
Урач і будаўнік
Адразу пасля атрымання дыплома ў 1955 годзе Іван Пятровіч быў прызначаны галоўным урачом Поразаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Ён і сам не ведае, як рашыўся на такую адказную працу. Але гэта быў надзвычай плённы час.
Іван Данілаў:
Тагачасны раён быў па-дзелены на тры ўчасткі. Пацыентаў многа (было вельмі шмат хворых на сухоты), а магчымасці аказваць дапамогу абмежаваныя. Я прайшоў падрыхтоўку ў галіне фтызіятрыі, накупіў кніг і пачаў працаваць.
Уласнымі сіламі ў вёсцы Новы двор (гэта каля самай Белавежскай пушчы) пабудавалі бальніцу, а ў Поразаве — будынак інфекцыйнага аддзялення. Будавалі практычна сваімі рукамі з камянёў, сабраных на палях. Дапамагалі ўсе — медсёстры, санітаркі, вяскоўцы. Талакой удалося ўзвесці зграбныя пабудовы і істотна павялічыць колькасць бальнічных ложкаў.
Галоўны гематолаг рэспублікі
Адпрацаваўшы ў Поразаве 3 гады, Іван Данілаў паступіў у аспірантуру кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб Мінскага медінстытута. Навука захапіла яго, і хутка вучоны абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Іван Данілаў:
Раненне і тулянне па шпіталях не прайшлі бясследна. Яшчэ тады я даведаўся, што ў мяне першая група крыві, што мне нельга пераліваць іншыя групы. Слухаў размовы ўрачоў і ўсё больш цікавіўся гэтымі пытаннямі. Зразумела, калі заняўся навукай, пачаў вывучаць кроў больш грунтоўна. У выніку эксперыментальныя і клінічныя даследаванні абагульніў у доктарскай дысертацыі «Пераліванне крыві, стабілізаванай з дапамогай фасфатна-цытратных цэлюлозных сарбентаў».
У 1964 годзе Іван Данілаў быў прызначаны дырэктарам Беларускага НДІ гематалогіі і пералівання крыві. Адначасова (на працягу 10 гадоў) быў галоўным гематолагам Міністэрства аховы здароўя БССР.
Іван Пятровіч вельмі шмат зрабіў для ўдасканалення гематалагічнай службы ў Беларусі і вырашэння праблем донарства. Праўда, самому стаць донарам не давялося (у маладосці перанёс хваробу Боткіна). Вучоны працаваў над пытаннямі прымянення стэроідных гармонаў. Вывучаў праблемы, звязаныя з паталогіяй органаў дыхання. Укараніў новы метад ацэнкі імуннага статусу ў хворых хранічным бранхітам, зацяжной пнеўманіяй; метад ранняй дыягностыкі хранічнага «лёгачнага сэрца».
У 1974–1989 гадах Іван Данілаў працаваў загадчыкам кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб Мінскага медыцынскага інстытута. Пазней загадваў лабараторыяй гематалогіі НДІ радыяцыйнай медыцыны, вывучаў рэгіянальныя характарыстыкі крывятварэння ў жыхароў тэрыторый, забруджаных радые- нуклідамі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Іван Данілаў — выдатнік аховы здароўя СССР, выдатнік аховы здароўя Манголіі (разам з жонкай год працавалі там ва ўрадавай бальніцы). Вучоны падрыхтаваў двух дактароў навук, 18 кандыдатаў навук.
Via est vita
Іван Пятровіч, вы напісалі 12 гістарычных кніг...
І яшчэ адну падрыхтаваў да друку. Часам у мяне пытаюцца, чаму я варушу старыя часы. Скажу так: хто не бачыць у сучаснасці мінулага, той будзе заўжды наступаць на адны і тыя ж граблі.
Я атрымліваю асалоду ад кніг. Мне падабаецца, што яны прадаюцца, а значыць патрэбныя людзям.
Вы даўно на пенсіі. Як гэта — перамяніць актыўнае прафесійнае жыццё на хобі і дамашнія клопаты?
Вядома, я сумую, бо нікога з маіх сяброў ужо няма. Мне вельмі не хапае гутарак з прафесарам Рыгорам Мацвяйковым, з якім мы калісьці разам працавалі ў Мінскім медінстытуце. Таксама мы шмат стасаваліся з фалькларыстам, літаратарам Арсенем Лісам. Гэта ён параіў мне весці запісы, што ў выніку і вылілася ў гістарычныя кнігі. Арсень мяне заахвочваў, ухваляў, крытыкаваў. Гэта было сапраўднае сяброўства. Шэсць гадоў таму памерла мая жонка Вольга. Мы ажаніліся на трэцім курсе, пражылі доўгае жыццё.
Малодшая дачка з сынам цяпер жывуць далёка, мы бачымся зусім рэдка. А вось старэйшая дачка і яе сын з сям’ёй жывуць побач. Яны часта наведваюць мяне, усяляк дапамагаюць.
Іван Пятровіч, як пражыць 100 год і нават больш?
Ніколі не трэба трымаць злосці. Злосць зніжае імунітэт. Калі адчуваеце штосьці падобнае, схадзіце на споведзь — яна сапраўды мае лячэбны эфект.
Каб падтрымліваць сябе ў тонусе, я часам гуляю з камп’ютарам у шахматы. Нядаўна ўнук устанавіў мне больш складаную версію. Спачатку прайграваў, але зноў пачаў даволі часта выйграваць. Прыемна.
Цяпер на замову выдавецтва перакладаю адну са сваіх кніг. Гэта штодзённая праца, якая таксама мне вельмі падабаецца.
І яшчэ важны момант — амаль кожны дзень я выходжу на прагулку. Ведаеце, старасць пачынаецца з ног. Як толькі чалавек перастае рухацца — хутка атрафіруюцца ўсе мышцы, у тым ліку сардэчныя. Памятайце: Via est vita — «Дарога — гэта жыццё»!