Пра гэтага чалавека можна здымаць кіно — такі цяжкі і велічны выпаў яму лёс. Ён і сам дзівіцца, што выжыў падчас вайны, смерць літаральна хадзіла па пятах. Але Перамогу наш герой — франтавы фельчар — сустрэў, працуючы ў палкавым шпіталі пад Берлінам. А ў мірнай Беларусі яго чакала доўгае прафесійнае жыццё сельскага фельчара. Сямёну Іосіфавічу Шуберцію з вёскі Куранец Вілейскага раёна 106 гадоў. Цэлы век, напоўнены самаадданай працай, спагадлівасцю і дабрынёй.
Кароткае дзяцінства
Сямён Шуберцій нарадзіўся за некалькі месяцаў да заканчэння Першай сусветнай вайны. Як і многія ў той час, сям’я вяла сціплую, але самадастатковую гаспадарку. Быў свой дом, конь, карова. Сямён быў адзіным сынам сярод пецярых дзяцей, таму, калі падрос, шмат дапамагаў бацькам.
Сваё кароткае дзяцінства ён заўсёды ўспамінаў з вялікай цеплынёй. Бо пазней было ўсялякае, даводзілася нават галадаць. Бацькі вельмі хацелі, каб сын атрымаў добрую адукацыю, і пасля заканчэння школы адправілі яго вучыцца ў Жытомірскі медыцынскі тэхнікум.
Сямён Шуберцій скончыў навучанне ў 1939 годзе і адразу быў прызваны на службу ў Чырвоную армію на пасаду фельчара палкавой санчасткі.
Вайна
Вайна заспела полк у латвійскім Шаўляі. У ноч з 21 на 22 чэрвеня ў часці пачулі гул бамбардзіроўшчыкаў, а неўзабаве сталі паступаць першыя параненыя. Сямён Шуберцій быў прызначаны памочнікам галоўнага ўрача медсанбата.
— Дапамогу даводзілася аказваць у вельмі складаных умовах, медыцынскіх інструментаў і матэрыялаў не хапала. Але ратавалі і лячылі тым, што было, — успамінаў Сямён Шуберцій.
Усё лета 1941-га адступалі. А ўвосень, апынуўшыся ў акружэнні каля ракі Волхаў пад Ленінградам, трапілі ў палон.
Як Сямён, яўрэй па нацыянальнасці, выжыў у фашысцкім палоне? Яго некалькі разоў спрабавалі расстраляць. Але аднойчы ён згубіўся ў калоне ваеннапалонных, і ніхто са сваіх не выдаў. Другі раз эсэсавец ужо прыставіў да галавы Сямёна пісталет, але якраз падвезлі абед, і той вырашыў «не псаваць апетыту», забіць пазней.
Пакуль эсээсаўцы абедалі, іншыя немцы забралі Сямёна і накіравалі яго ў фільтрацыйны лагер. Дзякуючы моцнаму здароўю, што дазваляла цяжка працаваць, мужчыну адправілі ў шахту. І там яму зноў «пашанцавала». Напарнік апынуўся цёзкам па прозвішчы — таксама Шуберт, і, пэўна, з гэтай прычыны не выдаў яго ў гестапа.
Пазней Сямён апынуўся ў фермерскай гаспадарцы. Ён быў вельмі дужы фізічна, таму змог перажыць і знясільваючую працу, і голад. А яшчэ ён ніколі не страчваў надзеі. Пасля вызвалення войскамі саюзнікаў зноў вярнуўся на фронт і ў 1944–1945 гадах прадоўжыў служыць у медсанбаце.
Увесь час Сямён хваляваўся пра лёс сваіх родных у акупацыі. Пасля вайны ўжо ён даведаецца, што аднавяскоўцы колькі маглі, рызыкуючы жыццём, хавалі яўрэйскую сям’ю. На жаль, бацькі Сямёна загінулі. А вось сёстры выжылі. Сястра Геня пайшла медсястрой на фронт, а малодшыя Соня і Іда ўсю вайну перабылі ў роднай вёсцы (хаваліся ў суседскіх хатах, а часцяком — у стагах з сенам). Соня і цяпер жыве ва ўкраінскім Роўна, ёй 101 год.
Перамогу Сямён Шуберцій сустрэў недалёка ад Берліна, дзе размяшчаўся яго медыцынска-санітарны батальён. Але дарога дадому аказалася доўгай. Дэмабілізаваўся ён толькі ў кастрычніку 1946 года.
Калі вярталіся з Германіі, часць затрымалася на станцыі Нахаў недалёка ад Гомеля. Там Сямён Іосіфавіч і пазнаёміўся з настаўніцай Аленай Пятроўнай. На трэці дзень знаёмства прапанаваў ёй стаць жонкай.
Сямён Шуберцій з жонкай Аленай Пятроўнай.
— Тры дні былі знаёмыя, пажаніліся і пражылі вельмі шчаслівае жыццё, — расказвае дачка ветэрана Ала Сямёнаўна Жук.
Сямён Шуберцій узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» і юбілейнымі медалямі.
Мірнае жыццё
Сямён Шуберцій пэўны час нават працаваў на пасадзе ўрача. Але неўзабаве нарадзіўся сын Георгій, і сям’я захацела пераехаць у вёску. Спачатку жылі ў Нарачы, тут з’явілася на свет дачушка Ала. А потым вызвалілася месца фельчара ў вёсцы Куранец на Вілейшчыне. У 1954 годзе Сямён Шуберцій купіў тут хату і застаўся ў маляўнічым месцы на ўсё жыццё.
«У нейкі момант тата зразумеў, што наша хата гніе, — расказвае дачка ветэрана. — Грыбок ужо з’еў ніжнія вянкі і распаўсюджваўся далей. Грошай на рамонт не было, а трэба было жыць. Калі ў Нарачы, дзе раней працаваў тата, даведаліся пра гэту сітуацыю, некалькі мужчын прыехалі і прапанавалі бясплатна паправіць хату. Як тата ставіўся да людзей, так і яны ў цяжкую хвіліну жыцця падставілі плячо — уратавалі наш дом».
Сямён Шуберцій нястомна лячыў людзей ва ўчастковай бальніцы, на ФАПе, у дзіцячым доме-інтэрнаце ў Багданава, дапамагаў хворым дома. Штодня пераадольваў многія кіламетры — на спадарожных машынах, часта пешшу, а зімою — на лыжах. Потым ужо набыў матацыкл, а пазней абзавёўся машынай, стала прасцей.
Аднавяскоўцы вельмі давяралі свайму фельчару. Да яго нават з Мядзельшчыны прыязджалі, бо ведалі, наколькі гэта добры спецыяліст. Сямён Іосіфавіч нікому не адмаўляў, прымаў пацыентаў у любы час.
З супрацоўнікамі Куранецкай амбулаторыі, канец 1950-х гадоў.
На заслужаны адпачынак ён сышоў у 82 гады. Актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, арганізаваў хор пры клубе. І праз шмат гадоў людзі шануюць Сямёна Іосіфавіча за яго нястомную працу, чуласць і душэўную шчодрасць.
З удзячнасцю
Сямён Шуберцій аўдавеў больш за 15 гадоў таму, але да 101 года жыў адзін. Дачка Ала (да пенсіі выкладала французскую мову ў Вілейскай гімназіі) прыязджала з горада двойчы на ты-дзень, гатавала, прыбірала. А ён сам даглядаў сад, зграбаў лісце, чысціў дарожкі ад снегу. На жаль, захварэў на каранавірус, трапіў у бальніцу. Гэта быў вельмі цяжкі час для ўсёй сям’і, Сямён Іосіфавіч вярнуўся дадому моцна аслабелым. Цяпер дачка пастаянна з ім.
— Тату ў вёсцы ўсе вельмі паважаюць, — гаворыць Ала Жук. — Я іду па вуліцы, а людзі цікавяцца, як яго здароўе, перадаюць цёплыя словы, прывітанні.
Шаноўны ўзрост Сямёна Шуберція натхняе. У яго часта пытаюцца, як пражыць такі доўгі век.
— Я ўсё жыццё вельмі шмат працаваў, — прызнаваўся ў розных гутарках Сямён Іосіфавіч. — Быў сумленным з сабой і з людзьмі, паважаў усіх, хто побач. І, вядома, я вельмі любіў жыццё.
Умовы яго жыцця былі далёка не ідэальнымі. Ён не хавае, што калісьці курыў (на вайне без гэтага цяжка), але даўно кінуў. Ніколі не быў пераборлівым у стравах. Перажыўшы пакутлівы голад у палоне, заўсёды быў рады любой, нават самай простай ежы. Ён гадамі не высыпаўся, але лічыў сваім абавязкам дапамагаць усім, хто мае патрэбу. І людзі памятаюць пра гэта... Магчыма, яго даўгалецце якраз і падсілкоўваецца шчырай чалавечай удзячнасцю.
Напярэдадні Дня Перамогі хочацца пажадаць Сямёну Шуберцію здароўя. Хай гэтая вясна будзе для яго такой жа цудоўнай, як усе мірныя пасляваенныя вёсны. Жыві, дарагі ветэран!