Сёлета ўрачу і натуралісту, які ў далёкім 1775-м прыбыў з Ліёна ў Гродна, каб стварыць за кароткі час не горшую, чым там, медыцынскую школу, закласці лепшы, чым там, батанічны сад, выдаць падручнік па ветэрынарыі і напісаць шматтомнік «навуковай гісторыі» краю (датычнай, прынамсі, батанікі, земляробства і мiнералогіі), споўнілася 280 гадоў.
Пра такіх юбіляраў у нас калі пішуць, дык з доляй пафасу. Але пагадзіцеся, гэта не надта дасканалая оптыка, праз якую насамрэч мала што відаць. А што калі яе памяняць? Адкінуць пафас ды паглядзець на героя як на звычайнага чалавека з цяжарам неадназначных памкненняў… Калі паўстаюць перад намі драбніцы малавядомых фактаў, за імі часам заўважаецца нешта большае. Тое, што пры іншых абставінах не адкрылася б.
Позірк чуллівага крытыка і дом з відам на сад
Гісторык Тадэвуш Карзон, вельмі аўтарытэтны ў свой час (нарадзіўся ён у 1839-м у Мінску, а пражыў 80 гадоў), вялікіх сантыментаў да гродзенскага француза не меў. Апелюючы да безлічы яго іпастасяў (і батанік, маўляў, і заолаг, і ўрач, і ветэрынар, і ў геалогіі знаўца), ён вельмі сумняваўся, што «такі ўніверсальны прафесар мог у медыцыне і хірургіі ўзняць сваіх вучняў вышэй, чым да ўзроўню фельчараў». Але гэты ж Карзон не сумняваўся, што садоўнікам Жылібер быў выдатным. Паўтары тысячы экзотаў, якія прыжыліся і ўтварылі аазіс на Гарадніцы за два гады, — гэта моцна. Канечне, ён прывёз з сабой шмат насення і саджанцаў, прэзентаваных вядомымі батанікамі Еўропы, а потым калекцыю яшчэ і папаўнялі шматлікія карэспандэнты ды госці. Канечне, ён сеяў-садзіў і капаў-паліваў не адзін: у гродзенскага старасты Тызенгауза хапала працоўных рук.
Тым не менш уявіце сабе: чужая краіна, туга па сям’і і страчаным асяроддзі калег-аднадумцаў, з якімі можна было гадзінамі весці размовы, прысвечаныя батаніцы як навуцы і асаблівасцям гадавання раслін як вялікай прыемнасці для вачэй і душы (сам аўтар «Лістоў пра батаніку» Жан-Жак Русо быў яго сябрам!), з кім цікава было разважаць пра каметы, адкрытыя Шарлем Месье, тэлескопы, спраектаваныя Уільямам Гершалем, і сусветныя падарожжы Кука, і эксперыменты з гарэннем, якія праводзіць Лавуазье…
Зрэшты, пры гэткіх умовах, ды ў Гродне, у той час вельмі сумным на выгляд, каб не захварэць на нервовую ліхаманку (улічваючы яшчэ, што з Францыі Жылібер проста збег), заставалася толькі адно: перагнаць у сваіх дасягненнях і Кука, і Лавуазье, і Месье.
«Батаніка здаецца відавочна галоўнай спецыяльнасцю гэтага вучонага», — напісаў у сваім дзённіку праніклівы Іаган Бернулі, які гасцяваў у Жылібера ў верасні 1878-га. Іншымі словамі, хоць Жылібер быў запрошаны ў Гродна найперш як урач, а дакладней, як арганізатар медыцынскай адукацыі «выбітных гродзенскіх юнакоў» (значную частку якіх стваралі кемлівыя, але ўсё ж сялянскія хлопцы), ведалі яго хутчэй з іншага боку — як садоўніка.
Што гэта нам дае? Што ўсе, хто ў Гродне нават у нашы дні імкнуўся знайсці яго дом, маглі не мець поспеху менавіта па гэтай прычыне. Мабыць, не варта было шукаць на карце «дом урача». Доктар медыцыны і кіраўнік медыцынскай школы ў час, калі шляхта неахвотна аддае сваіх сыноў вучыцца на лекараў (бо непрэстыжна), — гэта адно, а заснавальнік каралеўскага батанічнага саду, з’явы моднай і «статуснай», — зусім іншае. Другому — хвала і пашана. У такім разе на карце тызенгаўзавай Гарадніцы трэба шукаць дом садоўніка.
Акурат так падпісаны квадрацік, размешчаны на тэрыторыі батанічнага сада, паміж прамавугольнічкамі аранжарэй, зусім недалёка ад болей складанай геаметрычнай фігуры, пазначанай як медыцынская школа. Сустракаюцца, праўда, артыкулы, у якіх напісана, што дом гэты быў пабудаваны спецыяльна для нейкага вопытнага садоўніка. Недзе нават названа яго імя і сказана, што для павышэння кваліфікацыі яго неаднаразова пасылалі за мяжу. Але ці не маем мы тут справу з хібамі перакладу? Па-першае, з чаго нейкаму садоўніку (калі толькі гэта не сам Жылібер) быць вопытным і навошта тады спатрэбіўся Жылібер? Па-другое, дзіва дзіўнае, каб некалькі тысяч відаў раслін, пасаджаных і ў адкрыты грунт, і ў аранжарэях, даглядаў адзін чалавек (нават калі б гэта быў сам Жылібер).
Але ж не падобна на тое, каб у будынку пад назваю «дом садоўніка» пражывала брыгада. Логіка ўсё ж правакуе надзею на тое, што дом гэты быў Жыліберавым. Эх, Бернулі! Вось літаральна «садовая галава». Усё мацярдушкі з календуламі. Апісаўшы свайго новага знаёмага і прызнаўшы яго сад лепшым з тых, якія даводзілася яму бачыць ва ўсёй Еўропе (а бачыў ён іх дастаткова), ён нічога не напісаў пра дом, у якім «гэты ладна складзены вучоны француз так ветліва і шчыра запрашаў закватараваць».
Але ведаеце, чаго яшчэ вельмі шкада? Што дом садоўніка (ці адна з прылеглых да яго аранжарэй) страчаны адносна нядаўна. Будынак быў разбураны толькі ў 1970-я, прастаяўшы дзвесце гадоў. Болей за тое, батанічны сад у Гродне яшчэ ў 1940-м, калі верыць карэспандэнту тагачаснай «Советской Белоруссии», існаваў. Хоць, канечне, ужо ў іншым статусе. «Упарта прабіваюцца з-пад зямлі галоўкі цюльпанаў, — пісалася ў красавіку таго года. — Цвіце аргенцінская лілея, пяшчотнае вочка яе кветкі пазірае жоўценькай зрэнкай. Расцвіла, квітнее цымерарыя, адцвіла какосавая пальма».
Божы промысел і бурштыновы ружанец
Універсальнасць, пра якую пісаў Тадэвуш Карзон, гэта не верхаглядства і супраць навукі не грэх. Жан Эмануэль Жылібер перад навукай сучаных яму Францыі і Рэчы Паспалітай мае заслуг дастаткова. Працы французскага натураліста, прысвечаныя, у прыватнасці, нашай фауне, — яго назіранні за пушчанскімі мядзведзямі і зубрамі, ласямі, бабрамі, расамахамі, балотнымі чарапахамі — названыя піянерскімі. Яго калекцыі насякомых і мінералаў непакояць сучасных даследчыкаў, бо да гэтай пары даюць нагоду для роздуму.
Не застаецца па-за ўвагай і роля Жылібера ў складанні карты нашай флоры. Як і яе ўзоры, ім літаральна ўвекавечаныя. Зірнуць на Herbarium Grodnense, які цяпер знаходзіцца ў Кіеве, — мара батаніка! Тыя, хто яго бачыў, эпітэтаў не шкадуюць: засушаныя раслінкі, маўляў, ледзь не дыхаюць водарам нашых лугоў, хоць адлучаныя ад гэтых лугоў ажно два з паловай стагоддзі таму. Больш за тое, раслінкі, калі зрабіць іх біяхімічны аналіз, могуць шмат пра старыя часы распавесці… Жылібер і без таго названы першым даследчыкам нашай флоры, а пры такіх акалічнасцях ён ператвараецца яшчэ і ў захавальніка гістарычных скарбаў.
Немалыя яго заслугі і ў трактаванні вучэння Лінея. Эпоха падарожжаў, а з імі адкрыццяў новых зямель узбагачала батаніку роўна настолькі, наколькі рабіла яе няўклюднай. Увайшло ў традыцыю даваць расліне доўгае імя, у якое ўключаліся — страшна ўявіць — назва месца, з якога яна прывезена, імёны людзей, якія яе адтуль везлі, імёны раслін, якія маюць з ёй падабенства, ды іншыя акалічнасці, якія лепш не пералічваць.
Дайшло да таго, што ў кампаніі навукоўцаў нельга было зразумець, пра якую расліну гаворка: адны мелі на ўвазе адно, іншыя іншае, у адной расліны магло быць два дзясяткі імёнаў і два дзясяткі раслін маглі быць названыя аднолькава. Невядома, чым усё скончылася б для батанікі, калі б не Карл Ліней і ўведзеная ім бінарная наменклатура, знаёмая сёння ўсім, хто адрознівае Plantago major ад Matricaria chamomilla. Па першым часе яна патрабавала спецыяльных тлумачэнняў, і сапраўднымі асветнікамі былі тыя, хто гэтыя тлумачэнні рабіў. Дзеля справядлівасці варта дадаць: Жылібер прапагандаваў сістэму Лінея, нягледзячы на тое, што меў свае, адрозныя ад лінееўскіх, погляды на класіфікацыю.
Быў ён нязгодны і з тым, што расліны маюць «жыццёвую сілу», якая штурхае расці-размнажацца. Ну, на такое ўяўленне царква, ясная рэч, не магла пазіраць скрозь пальцы. Кажуць, што менавіта па гэтай прычыне Жыліберава «Флора Літвы» (тая самая «навуковая гісторыя» краю, якую ён, згодна з дамовай, абавязаны быў напісаць і ў якой, насуперак назве, распавядаецца не толькі пра флору) мела сорам патрапіць на тытунёвую фабрыку. Друкарня, каб хоць трохі «адбіць» выдаткі, прадала наклад «Флоры» на ўпакоўку для цыгарэт. Такі літаральны варыянт выкурвання «вальнадумства».
Але ж мы дамовіліся глядзець на Жылібера як на звычайнага чалавека. З’яўляючыся такім, ён не толькі меў вялікія планы і процьму энергіі для іх дасягнення, але і дазваляў сабе ўчынкі, з навуковай, ды і проста чалавечай этыкай не сумяшчальныя. Працу вучня падпісаць як сваю, уключыць у свой тэкст без пазнак цытавання цэлыя кавалкі тэкстаў іншых аўтараў, выдаць выяву марской чарапахі за ілюстрацыю чарапахі балотнай, не стрымаць легкадумна дадзенае абяцанне — на гэтым Жылібера падлоўлівалі не раз.
З Францыі ў Рэч Паспалітую, будзем чэснымі, ён уцякаў з-за даўгоў, якія не мог аддаць. Тая самая сітуацыя выштурхнула яго і з Рэчы Паспалітай у Францыю (хоць, канечне, ён тлумачыў свой ад’езд іншым). Зрэшты, калі вярнуцца да «Флоры Літвы», трэба сказаць, што некалькі яе экзэмпляраў усё ж ацалела. Але зноў жа, не на карысць добрай памяці пра яе супярэчнага аўтара: сёння яна сваіх чытачоў хутчэй расчароўвае, чым зачароўвае.
Іншая рэч — яго працы, прысвечаныя мінералогіі. Праўда, і з іх мала якія ўцалелі. Вядомая поўным тэкстам, падаецца, толькі адна — прысвечаная даследаванню глебы і тарфянікаў на Навагрудчыне, а калі больш дакладна, то ў ваколіцах Шчорсаў, дзе гаспадарыў граф Яахім Літавар Храптовіч. Як пісаў пра яго сам Жылібер, «шляхціц, варты павагі як за шырокія погляды, так і за рэдкія цноты». Іншыя працы не захаваліся, але існуюць згадкі пра іх у тэкстах навукоўцаў той эпохі. І яны прымушаюць думаць пра Жылібера як пра чалавека з вельмі моцнай даследчыцкай інтуіцыяй. У прыватнасці, гэта ён правёў першае палеанталагічнае даследаванне ваколіц Гродна, знайшоўшы мноства жывёльных акамянеласцяў.
Але што асабліва ўражвае, дык гэта даследаванне Жыліберам прыроды бурштыну. У час, калі ніхто яшчэ дакладна не ведаў, што гэта такое і як утвараецца (некаторыя нават лічылі, што гэта мёд, які зацвярдзеў пад уздзеяннем мурашынай кіслаты, і ўсё — ад характэрнага колеру да наяўнасці насякомых, якія трапілі ў пастку нібыта з-за жадання паласавацца, — такому сцвярджэнню спрыяла), наш француз не сумняваўся, што гэта ніякі не мёд, а жывіца. І дарэчы, валодаў бурштыновым ружанцам, кожная пацерына якога трымала ў сваім палоне новы від насякомага. Такая своеасаблівая энтамалагічная калекцыя. Цікава, дзе сёння той ружанец?
Авантуры ліёнскага мэра
Калі «Флору Літвы» ратаваў ад лёсу цыгарэтнай паперы Станіслаў Баніфацый Юндзіл, малодшы калега Жылібера і яго пераемнік у справе выкладання медыцыны (праўда, ужо ў Віленскай школе, куды Жылібер перабраўся з Гродна пасля таго, як на яго патрона і спонсара Антонія Тызенгаўза абрынуліся праблемы), самога Жылібера на Літве ўжо не было.
З’ехаў ён нечакана і непрыгожа. Скардзіўся, што ў Вільні спрабавалі яго атруціць (ажно тройчы!), патрабаваў кампенсацыі за бібліятэку і вяртання гербарыя, прывезенага ім з Францыі (хоць і бібліятэка, і гербарый набываліся спецыяльна для медыцынскай школы на Тызенгаўзавы асабістыя сродкі), пагражаў «прыпадняць цёмныя заслоны» невядома над чым. Пазней прычынай вяртання ў Францыю ён называў ужо не пагрозу атручвання, а… неспрыяльны клімат і кепскае адчуванне. Катастрафічна, маўляў, страчваў вагу і набываў «колер скуры нябожчыка», бо «працаваў без меры».
А што пісаў непасрэдна ў той час, калі так працаваў? «Калі спытаеце пра мой лёс, адкажу, што ён найшчаслівейшы! — дакладаў не абы каму, а самому Антуану Ларану дэ Жусьё, бацьку паняцця «сямейства» ў батаніцы, натуралісту ўзроўню Карла Лінея. — Тытулы мае спрэс ганаровыя: галоўны інспектар медыцынскіх школ Літоўскага княства, першы прафесар такой школы ў Гродне, лекар таго самага княства, каралеўскі лекар, прыдворны дарадца». Літву ён называў «нашым краем», ваколіцы Гродна нагадвалі яму ваколіцы Манмарансі. Пра падрыў здароўя — нічога. У рэшце рэшт да 1810 года, амаль да смерці, якая напаткала яго ў 1814-м ва ўзросце 73 гадоў падчас сну, Жылібер меў найвыдатнейшае здароўе, пра што сведчыў яго прыяцель, таксама ўрач, па прозвішчы Сент-Мары, які пасля смерці даследаваў яго цела. Толькі апошнія чатыры гады, пісаў Сент-Мары, Жылібера непакоілі падагра і ныркавыя камяні.
Праца ў Вільні сапраўды магла быць больш цяжкай, чым у Гродне. І дакладна аплочвалася танней, бо Вільня не Гродна, дзе правілі баль шчодрасць і размах Тызенгаўза. А па вяртанні ў Францыю Жылібер далучыўся да палітычных падзей, якіх не цураўся і да ад’езду і якія давялі яго потым і да пасады мэра Ліёна, і да сядзення ў турме, і да рэальнай смяротнай пагрозы. А хіба што-небудзь з пералічанага спрыяе здароўю?..
Кім жа ён быў, наш француз Жылібер? Таленавітым арганізатарам і вучоным ці авантурыстам і скандалістам, які шукае прызнання любой цаной? А хіба нельга быць адначасова і тым, і другім?..
Замест букета да помніка
Трэба яшчэ тут сказаць, што ў той год, калі Жылібер выехаў з Гродна, паміж дзясятай і адзінаццатай гадзінамі вечара 13 сакавіка 1781 года ў Баце, што ў Англіі, на тэрасе дома на Нью-Кінг-стрыт містар Уільям Гершаль зноў выпрабоўваў свой тэлескоп: навёў яго на сузор’е Блізняты і назіраў так званыя слабыя зоркі.
Адна з іх выглядала трошкі большай за астатнія — не такой ужо слабой. Містар Уільям западозрыў у аб’екце камету і, паведаміўшы пра гэта спачатку сястры, а потым яшчэ і туды, куды ў такіх выпадках варта паведамляць, працягнуў сваё назіранне. Праз пару месяцаў стала вядома, што Гершаль адкрыў не камету — маленькае нябеснае цела з хвастом, утвораным газам і пылам. Гершаль у той вечар адкрыў планету Уран… Такім чынам свет, які да гэтага часу быў абмежаваны арбітай Сатурна, пашырыўся ў той год роўна ўдвая. Замаячыла эпоха вялікіх зменаў, якія не адбываюцца без папярэдніх гісторый…
Аўтар выказвае падзякі прафесару Пятру Дашкевічу (Нацыянальны музей прыродазнаўства, Парыж), Мікалаю Дарашкевічу (Музей-аптэка, Гродна), прафесару Андрэю Майсяёнку (Інстытут біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі).