У 1948 годзе цяжка хворы Міхась Кавалёнак пакідае пасаду міністра аховы здароўя БССР. На яго месца прызначаюць Івана Інсарава. За тры дзясяткі гадоў савецкай улады гэта ўжо чатырнаццаты кіраўнік галіны. Папярэднікі не затрымліваліся. Інсараў — затрымаецца.
У ранейшыя гады
На яго час прыпадуць істотныя пераўтварэнні — ад укаранення ўчастковага прынцыпа медыцынскага абслугоўвання і аб’яднання паліклінік з бальніцамі да «філіялізацыі» аптэчных пунктаў і абавязковага абследавання сельскага насельніцтва на туберкулёз. У Мінску адкрыецца некалькі вялікіх бальніц, у Гродне ўзнікне трэці ў рэспубліцы медыцынскі інстытут, сярэднія медыцынскія і фармацэўтычныя школы рэарганізуюцца ў медвучылішчы з поўнай зменай вучэбных праграм. На прадпрыемствах прыжывецца традыцыя штодзённых дзесяціхвілінак вытворчай гімнастыкі.
А ў календары прафесійных святаў з’явіцца Дзень медыцынскіх работнікаў. Першы раз яго адсвяткуюць у 1966-м.
У філармоніі збярэцца поўная зала. Узнёслы Іван Анісімавіч, як заўсёды, выступіць з маляўнічым дакладам. Потым медыкаў павіншуюць артысты. Агульнагарадскія ўрачыстасці з нагоды прафесійнага свята ў сталіцы БССР будуць ладзіцца з той пары кожны год, і штогод ён будзе на іх прысутнічаць, але далей ужо не як міністр, а ў якасці ганаровага госця: у тым самым 1966-м яго месца на варце аховы здароўя зойме Мікалай Саўчанка.
Праз 15 гадоў пенсіянер Іван Інсараў (былы міністр аховы здароўя, былы галоўны рэдактар часопіса «Здравоохранение Белоруссии», былы загадчык кафедры арганізацыі аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканальвання ўрачоў) запіша ў дзённіку:
«16 чэрвеня прайшоў агульнагарадскі сход, прысвечаны дню медыцынскіх работнікаў. Прыемна было паглядзець на маладых урачоў, медсясцёр, фельчараў і на сваіх гадаванцаў, якія у асноўным узначальваюць лячэбна-прафілактычныя ўстановы».
«А праз некалькі дзён — 40-годдзе з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, — працягне ён, схіліўшыся над тоўстым агульным сшыткам у ледзь заўважную клетку і з надпісам «Белавежская пушча» пад графічнымі елкай і зубрам на цыратовай вокладцы. — Было надрукавана шмат артыкулаў у газетах, часопісах, перадавалі па радыё і тэлебачанні пра ветэранаў вайны і партызанскага руху. Цяжкія, незабыўныя дні. Я пісаў пра іх у ранейшыя гады».
Ён любіў пісаць пра людзей…
Чэрвень 1958-га, Гродна. Працоўная група па стварэнні медінстытута. Другі злева — будучы рэктар Супрон, чацвёрты — міністр Інсараў, пяты — загадчык аддзела аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Гарыенкаў.
Тургенеўская натура
Яго прынята лічыць міністрам-рамантыкам, літаратарам, сябрам Якуба Коласа і Янкі Купалы. Так і было. Вось ён апісвае ў тым сваім дзённіку ўласны дзень нараджэння: «Споўнілася 78 гадоў. Міжволі прыходзяць на памяць вершы савецкага паэта Смірнова». І цытуе паэта Смірнова. У іншым запісе, зробленым у апошні дзень знаходжання ў санаторыі «Несвиж», дзве старонкі займае «Сумам Алімпіа» Віктора Гюго. Часта перапісвае з газет і часопісаў урыўкі з нованадрукаваных паэм, разважае над зместамі, занатоўвае ўражанні…
Ён і медінстытут у Гродне так адкрываў — паэтычна.
Вечарам 15 кастрычніка 1958 года на ўрачыстым пасяджэнні «з удзелам партыйнай і савецкай грамадскасці» міністр аховы здароўя БССР Іван Інсараў прамаўляе вітальнае слова не па-чыноўніцку, не «караценька, хвілін на сорак», як высмейваецца ў свежазнятай карціне. У прамове, якой хапіла трох сціплых старонак шырока расцягнутага машынапісу, Інсараў цытуе Янку Купалу і Змітрака Бядулю. Пад столь гарадскога дома культуры, дзе з нагоды адкрыцця 26-й вышэйшай навучальнай установы рэспублікі сабраліся не толькі выкладчыкі і студэнты, ляцяць адмыслова знойдзеныя ў Бядулі паэтычныя радкі пра хлопца Ігнася родам з-пад Гродна, які ў латаным бядой зрэб’і, у аброслай мохам хаціне еў замест хлеба бульбу з вадой і не мог атрымаць адукацыю, а потым прыйшла савецкая ўлада — і стала «добра, як ніколі», і змог ён вучыцца. «І сёння, у дзень адкрыцця Гродзенскага медыцынскага інстытута, перад намі сотні маладых Ясяў і Міхасёў, Наташ і Зось — моладзь з усіх раёнаў заходніх абласцей Савецкай Беларусі, запоўніўшых аўдыторыі і лабараторыі», — прамовіў Іван Інсараў, сарваўшы апладысменты.
Вось цікава: чаму з такім прозвішчам — як у героя тургенеўскага «Накануне» — ён пісаў пры паступленні на медфак БДУ сачыненне па Дастаеўскаму? Зрэшты, тургенеўскай тэмы магло і не быць у прапанаваным спісе. І ўсё ж, не-не ды падумаецца: а ці не памяняў Іван, сын Анісіма, ад нараджэння яму належнае прозвішча? Адкуль пад Слуцкам, дзе ён нарадзіўся, Інсаравы?..
Прыемны смутак завядання
Ён нарадзіўся ў вёсцы Селішча «ў зімовы люты траскучы мароз 26 студзеня 1903 года (старога стылю) — 8 лютага, калі па новым, у вялікай сялянскай сям’і з кепскім дастаткам». Было ўсяго: «і засмучэнняў, і вялікіх матэрыяльных цяжкасцей, і дзён, поўных шчасця і радасцей».
«Жылі бедна. Бацькі былі непісьменныя. «Універсітэты» старэйшых маіх сясцёр абмежаваліся годам заняткаў з сельскім настаўнікам. І толькі я ўжо стараўся вучыцца і ў 1927 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, медыцынскі факультэт. Гэта, як кажуць, асобная тэма, і трэба будзе напісаць падрабязна…»
Не напісаў. Не паспеў. Затое як хораша і кранальна ён піша пра родных. «Учора, 8 сакавіка, — свята жанчын. Мне страшна захацелася паехаць у родную вёску, дзе я даўно не быў, да сястры Ефрасінні. Надвор’е не вельмі спрыяла. Зранку быў моцны туман, ішоў дождж. Шафёр быў заняты. Мы выехалі ў 14 г. 10 хв. Адлегласць 120 км. Заехалі за дзве гадзіны. Назад выехалі а 19-й. Дарога была вельмі цяжкая, спрэс туман. Прыехалі ў 22 г. 10 хв».
Паабедалі, пагаварылі пра надзённыя справы — і ўсё «нібыта ў раннія гады, калі жылі яшчэ маці і бацька… Цяжкія ўспаміны, але яны надаюць мінуламу хараства. Прыемны смутак восеньскага завядання».
«“Універсітэты” старэйшых маіх сясцёр абмежаваліся годам заняткаў з сельскім настаўнікам. І толькі я ўжо стараўся вучыцца». 1910-я. Янка (злева) з таварышамі па школе.
Чым ён заняты на пенсіі? «Сёння нічога карыснага не рабіў. Праглядзеў часопісы «За рубежом», «Огонек», дадатак да «Известий» — «Неделю» і вось цяпер выбіраюся па Наташу, забраць Леначку з дзіцячага садка і заехаць у «Багатыр» купіць піжаму». «Атрымаў пенсію за верасень. Пабыў у паліклініцы». «Учора быў на адкрыцці 13-га з’езда Рэспубліканскага таварыства Чырвонага Крыжа. Паглядзеў на маладых прыгожых людзей, а яны на мяне — ужо пажылога, струхлелага. Многія з іх мае вылучэнцы, добрыя працаўнікі. Так заўсёды: адны ідуць да заходу, а іншыя да ўзыходу. Благаславёнае жыццё!»
Іншым разам іначай: «На душы неяк сумна, бязрадасна. Не разумею чаму», «Падзей у асабістым і грамадскім жыцці было шмат, але неяк было нецікава запісваць».
Найчасцей ён аналізуе падзеі ў краіне і свеце, пераказвае зместы дакладаў, дае ацэнку выступленням Брэжнева.
З «наменклатурнага» дома пад нумарам 28 на праспекце Леніна ён выходзіць гуляць у парк імя Янкі Купалы, сустракае там рэдкіх сваіх знаёмых, «таварышаў пенсіянераў», з якімі абмяркоўвае «бягучыя моманты», потым вяртаецца і чытае газеты. Або робіць запісы ў дзённік.
«Дні праходзяць звычайна. Дробныя хатнія клопаты, наведванне паліклінікі, чытанне газет і часопісаў». «Неяк радзеюць рады ветэранаў, і ў парку імя Янкі Купалы ўжо рэдка каго сустракаеш». «Шкада, што і яны пастарэлі». «Сумна, але што зробіш?»
Зіма і не зіма
1 красавіка 1981-га — гадавіна па жонцы. Ён прыводзіць яе любімы верш Блока, але трошкі мяняе ў ім апошнія радкі, адрасуючы іх яе памяці.
Яны пажаніліся ў 1934-м. Тады ў яго адразу з’явілася пяцігадовая сяброўка Леначка, маленькая стрыечная сястрычка жонкі. Дзяўчынка так палюбіла дзя-дзьку Янку, што ўскарасквалася яму на плечы кожны раз, калі ён прыходзіў (а прыходзіў ён часта, бо жылі ўсе ў адным двары) «і не злазіла цэлы вечар». Назаўтра дужы, мажны дзядзька Янка жартам скардзіўся: «Ой, шыі не магу павярнуць! Ой, рукі не магу падняць!» — і карасканне на плечы паўтаралася. Калі зімой 1937-га ў Інсаравых нарадзілася дачушка Наташа, дзядька Янка гуляў з немаўляткам у санках-вазочку ў кампаніі Леначкі. «Каб не было сумна, ён браў мяне з сабой на шпацыр. А для мяне не было большага шчасця, чым ісці побач з ім, слухаць вершы, аповеды... Шлях у нас заўсёды быў адзін: уніз па нашай Паштовай да рэчкі Свіслач, затым па Энгельса падымаліся да Савецкай (цяперашні праспект Незалежнасці), даходзілі да плошчы Свабоды і вярталіся назад», — успамінала Алена Спірыдонава, якая ў дарослым жыцці таксама стала ўрачом.
Мама і тата Леначкі любілі слухаць у выкананні дзядзькі Янкі ясенінскага «Чорнага чалавека». І пакоі на лецішчы Спірыдонавы здымалі ў адным доме з Інсаравымі. А калі ні мама, ні тата не маглі рашыць Лене задачку па матэматыцы (надта ж не даваліся тыя, што былі пра «басейны, параходы і самалёты»), дзядзька Янка рашаў. «Імкнучыся яшчэ раз усвядоміць сваю бескарыслівасць, даверлівасць,веру ў чэснасць людзей, я зноў вяртаюся да чалавека, які ўсталяваў мір у маёй душы на ўсё жыццё», — пісала Алена Спірыдонава ў сваім тоўстым сшытку ў ледзь заўважную клетку.
«Быў ён строгі да ўсяго, што рабіў, але выклікаў прыхільнасць да сябе незвычайна», — распавядала яна.
«Учора праважалі стары 1980 год — за сямейным сталом. Уключылі тэлвізар у 23 г. 45 хв. Селі за стол. Праслухалі выступленне Л. І. Брэжнева, потым па старой традацыі выпілі па трошкі і слухалі «навагодні агеньчык». Неяк з кожным годам гэтыя «агеньчыкі» драбнеюць і драбнеюць, быццам у такой вялікай краіне, як наша, няма маладых таленавітых, сапраўдна адораных артыстаў, якія маглі б парадаваць савецкіх людзей у Навагодні вечар. Слухалі і глядзелі «агеньчык» да 2 ночы, а потым я пайшоў спаць».
Ён не бурклівы і не прыдзірлівы, хутчэй — патрабавальны. Па старой міністэрскай звычцы, якая ўжо стала характарам. Мільёны савецкіх людзей замілоўвае гэты «блакітны агеньчык», а дзя-дзька Янка і пра наступны выпуск, на 1982 год, напіша ў тым самым сшытку, што «перадача звычайная, пад трафарэт, і радуе толькі тое, што ў кожнай заяве гучыць настойлівае жаданне захаваць мір на зямлі».
«Зіма і не зіма. Тэмпература паветра амаль што ўвесь час плюсавая». «Усё памянялася ў стасунках людзей і прыроды. Няма цяпер скрыпучых маразоў, калі снег рыпіць пад нагамі і вушы мерзнуць, паветра настылае і адчуваецца сапраўдная зіма».
Сэнс жыцця
Наташа і Лена — імёны сямейныя. Унучка міністра Інсарава Леначка нарадзілася 25 мая ў Наташы (Наталля Інсарава, кандыдат фізіка-матэматычных навук, выкладала ў БДМУ, пайшла з жыцця ў лістападзе 2023 года) і зяця Паўла (Павел Васіленка, падпалкоўнік, выкладаў на ваеннай кафедры ў палітэхнічным інстытуце).
«Адзначалі 4-годдзе Леначкі, — напісаў ён у дзённіку. — Прамінула ўжо чатыры гады, яна пасталела, стала разумнай, харошай дзяўчынкай. Сабралася бліжэйшая радня, прыйшлі сябры Наташы. Былі Шура з Марусяй, Буднікавы і іншыя». Буднікавы — гэта Алена Спірыдонава, але ўжо дарослая, з мужам. «Пасядзелі, пагаварылі, выказалі, як звычайна, шмат сардэчных зычэнняў Леначцы, а дзядуля сказаў, што ён хоча дажыць, каб адвесці ўнучку ў першы клас, а калі лёс «злітуецца», то і пасядзець з Леначкай у аўдыторыі ВНУ на яе першым курсе»…
«Сяджу і думаю: а што такое наша жыццё? Які ў ім сэнс? У чым яго каштоўнасць? Сёння ў Маскве на Чырвонай плошчы ля Крамлёўскай сцяны пахавалі генеральнага сакратара ЦК КПСС, старшыню Прэзідыума Вярхоўнага Савета Саюза ССР, маршала Савецкага Саюза таварыша Леаніда Ільіча Брэжнева, які памёр у выніку працяглай цяжкай хваробы… Паведамленняў пра хваробу і лячэнне т. Брэжнева раней не было. Гэтаму (смерці) папярэднічалі вялікія грамадскія мерапрыемствы, у якіх Леанід Ільіч браў актыўны ўдзел, выступаў, прымаў кіраўнікоў братніх камуністычных і рабочых партый, — і раптам не стала. А колькі засталося нявырашаных спраў, праблем як унутранага, так і знешняга парадку?! І раптам усё… Веліч Брэжнева Л. І. ў тым, што ён у апошнія гады няўхільна змагаўся за мір… Людзям патрэбны мір і спакойная праца, а ўсё астатняе здабудзецца рукамі. Дома нібыта ўсё добра. Леначка заўтра пойдзе ў дзіцячы садок, Наташа на працу, Павел таксама, і я паціху буду займацца сваімі гаспадарчымі справамі».
«Сёння нічога карыснага не рабіў». Іван Інсараў чытае газету.
Гэта апошні запіс у сшытку пад цыратовай вокладкай. Праз два месяцы, 15 лютага 1983 года, спакойна замкнуўшы восьмы дзясятак, Іван Анісімавіч Інсараў пайшоў з жыцця.
«Мінулае, звязанае з ім, здаецца мне ўсё болей прыцягальным. Я бязмежна шчаслівая, што побач са мною ў жыцці быў Іван Анісімавіч Інсараў», — напісала Алена Спірыдонава ўжо ў 21-м стагоддзі.
«Мара дзядулі збылася — я стала ўрачом», — піша ў WhatsApp тая самая Леначка з дзённіка Янкі-дзеда. Яна жыве ў Маскве, узначальвае артадантычны цэнтр адной з вядомых маскоўскіх клінік. У 2014 годзе ў яе нарадзіўся хлопчык Ігар, праўнук Івана Інсарава. «Самым важным для мяне ў дзяцінстве было пачуць гісторыю дзеда пра хлопчыка Янку, якую ён распавядаў перад сном. Гэта было нешта сакральнае, наш з ім рытуал».
Фота з архіва сям’і і Музея гісторыі медыцыны БДМУ.