Смяротнасць дзяцей і парадзіх да рэвалюцыі 1917 года складала высокую долю, асабліва ў сялянскім асяроддзі. І хоць рабіліся некаторыя захады да навучання павітух, але яны былі відавочна недастатковымі і вымагалі больш эфектыўнага вырашэння. Таму вялікае значэнне мелі прыватныя радзільныя прытулкі. Часам іх стваралі мясцовыя землеўладальнікі на ўласныя зберажэнні. Як, напрыклад, адкрыты ў пачатку 20-га стагоддзя радзільны прытулак у маёнтку Шчорсы Навагрудскага павета.
І сыраварня, і вінакурня, і суднаверф…
На скрыжаванні аўтадарог на Любчу, Івянец, Карэлічы знаходзіцца вёска Шчорсы. У цэнтры яе мураваная Дзмітраўская царква, пабудаваная ў канцы 18-га стагоддзя на месцы старой драўлянай. Побач з вёскай рэшткі старадаўняга маёнтка, які знаходзіўся ва ўласнасці графскага роду Храптовічаў, а з канца 19-га стагоддзя і да 1939 года — Храптовічаў-Буцянёвых.
У канцы 18-га стагоддзя маёнткам валодаў Яўхім Храптовіч. Ён арганізаваў тут узорную гаспадарку і пабудаваў новы палаца-паркавы комплекс, які быў знішчаны ў гады Першай сусветнай вайны. У маёнтку была сыраварня, дзе працавалі запрошаныя швейцарскія майстры, а сыры адпраўлялі ў Пецярбург. Тут таксама дзейнічалі вінакурня, алейня, цагельня, тры млыны, рабілі фурманкі і калёсы, а на суднаверфі маленькія судны — віціны.
Шчорсы славіліся сваёй бібліятэкай, дзе ў 1839 годзе бібліятэкарам працаваў Ян Чачот, які ад мясцовых сялян запісваў фальклор. У маёнтку часта бываў Адам Міцкевіч. Лічыцца, што менавіта тут ён напісаў сваю знакамітую паэму «Гражына».
Пра маёнтак Шчорсы і яго ўладальнікаў ёсць звесткі ў большасці гістарычных энцыклапедый, а таксама ў шматлікіх краязнаўчых публікацыях. Але нідзе не згадваецца, што ў пачатку 20-га стагоддзя тут існавала бясплатная медыцынская ўстанова — радзільня. Гэта адзіная такога кшталту бальніца ва ўсёй тагачаснай Мінскай губерніі.
Радзільню вырашыла адкрыць гаспадыня маёнтка А. Храптовіч-Буцянёва ўвосень 1909 года і пастанавіла, што сюды будуць прымаць жанчын з дзвюх валасцей — Шчорсаўскай і Нягневіцкай.
Падрабязная інфармацыя пра шчорсаўскую радзільню ёсць у выданні «Труды 3-го съезда врачей Минской губернии», які адбыўся ў Мінску ў 1914 годзе. Гэта даклад шчорсаўскага доктара С. Б. Ляўшэцкага.
Функцыянал бальніцы
Радзільня была адкрыта ў студзені 1910 года. Спачатку там было 6 ложкаў, і яны месціліся ў будынку ранейшай багадзельні для старых сялян. Адразу пасля адкрыцця пачалося ўзвядзенне спецыяльнага будынка па навейшым праекце, разлічаным на 10 месцаў. Бальніцу склалі 5 драўляных будынкаў на каменных падмурках: галоўны корпус, дзе было 16 пакояў і 2 калідоры; дом для доктара; дом вартаўніка і 2 пральні; дрывотня; склад для бальнічных рэчаў і ляднік. Тэрыторыя радзільні была абкружана плотам і абсажана ліпамі.
Штат работнікаў складаўся з доктара, акушэркі, дзвюх сядзелак і кухаркі. Акушэрка загадвала таксама гаспадарчай часткай, а фельчар сачыў яшчэ і за працай апаратаў, за вадой, вентыляцыяй ды інш.
Доктар меў дом, а кожны з супрацоўнікаў — асобны пакой. Адчынілі новую радзільню пад лета 1912 года. Утрыманне ўстановы абыходзілася для гаспадароў у 8 тысяч рублёў на год.
Спачатку пацыенткі паступалі праз парадны ўваход у аглядальню. Потым бралі ванну, пераапраналіся ва ўсё бальнічнае, а сваё адзенне адпраўлялі дахаты ці складалі ў мех і змяшчалі яго ў кладоўку. Калі ў каго з радзільніц выяўлялі высокую тэмпературу, то змяшчалі ў ізалятар.
У ванным пакоі стаяла жалезная эмаліраваная ванна з калонкай і кранамі для гарачай і халоднай вады, а таксама жалезны эмаліраваны ўмывальнік з невялікім душам і адкідным прысценным столікам. Падлога была бетонная, зверху пакрытая драўлянымі кратамі. Тут жа была і дзіцячая цынкавая ванначка. Побач з ванным пакоем знаходзіўся ватэрклазет.
У адной палаце было 2 ложкі, яшчэ ў двух — па 4. Сцены былі пакрытыя белай фарбай. Каля кожнага ложка стаяў столік, тумбачка для падкладного судна і электрычны званок для выкліку сядзелкі. У канцы меншага калідора быў прымацаваны пажарны кран з доўгім шлангам. Ацяпляўся будынак галандскімі печамі з белай гладкай кафлі. Асвятляліся пакоі лямпамі-газнічкамі са здымнымі абажурамі. Вентыляцыя была пракладзена па капітальных трубах. У кожным пакоі вісеў абраз, але без рызаў. На вокнах парусінавыя шторы, якія лёгка здымаліся.
Мэблю рабілі ў майстэрнях маёнтка — з закругленымі рагамі, кантамі. А вось ложкі выпісвалі з Масквы. Яны былі спецыяльныя, жалезныя. На іх ножкі можна было ставіць калёсікі, і такім чынам перамяшчаць пацыентку ў радзільню і палату. На жалезны пераплёт ложка клалі дошкі, затым саламяны цюфяк, а потым матрац з конскіх валасоў. Наверх засцілалі прасціну, цырату, а на яе падсцілку.
Пасляродавы догляд
Пасля родаў маці і немаўляты знаходзіліся ў розных пакоях. Жанчына не павінна была падымацца з ложка 6 дзён. За пацыенткамі даглядалі сядзелкі, якія падавалі падстаўныя судны і праз дзень мянялі бялізну. Немаўлят прыносілі карміць у палату, на гэта адводзілася 20 хвілін. Двойчы на дзень доктар аглядаў маці і дзіця.
Пасля родаў пупавіну немаўляці загортвалі ў марлю і прыбінтоўвалі да жывата. На правае запясце павязвалі бранзалецік з белай цыраты, падбітай байкай, на ім пісалі парадкавы нумар. Выпісвалі парадзіх толькі на 7–8-ы дзень, калі ўсё было ў норме.
За тры гады існавання ўстановы тут нарадзілася 192 дзіцёнка. Нягледзячы на тое, што радзільня была бясплатнай, не ўсе жанчыны маглі адлучыцца ад хаты, асабліва ў сезон палявых прац. А некаторыя ў тыя часы проста не давяралі дактарам, а больш па традыцыі спадзяваліся на бабак-павітух.
Увогуле ў гарадах Беларусі ў 1904 годзе медыцынскую дапамогу жанчынам аказвалі 284 акушэркі і бабкі-павітухі, а ў 1910 годзе іх ужо было 413.