Фота прадастаўлена аўтарам.

Некаторыя гісторыі лепш пачынаць з канца. Гэта здаецца неверагодным, але сённяшняя Нацыянальная бібліятэка Ізраіля мае ў сваім складзе больш за шэсць дзясяткаў тысяч кніг, што сабраў для яе адзін чалавек. Урач, які нарадзіўся ў Гродне. Ён збіраў іх па ўсім свеце, калі бібліятэкі яшчэ і знаку не было, купляў іх на ўласныя сродкі, ажыццяўляючы сваю самую запаветную мару — яе існаванне. Звалі гэтага чалавека Іосіфам, і хто ведае, ці не быў ён святым…

 

А пачыналася так…

 

«Наш горад багаты на нашчадкаў Аўраама і Ісаака», — пісала Эліза Ажэшка. Адзін з іх, Іосіф, сын Аарона, нарадзіўся ў самую што ні ёсць залатую пару — на 22-гі дзень кастрычніка — у 1844-м. З будучай знакамітай пісьменніцай яны былі амаль што равеснікамі, таму з яе нататак пра гродзенскіх яўрэяў можна пабачыць карціну яго маленства і юначых гадоў. Жыў ён, відаць, недзе там, дзе, паводле яе назірання, шэрыя хаткі так блізка адна ад адной пасаджаны, што можна падумаць, быццам нехта іх напалохаў і яны згрувасціліся, каб лягчэй ім было шаптацца і плакаць ад гора.

 

Іосіф Хазановіч нарадзіўся ў сям’і гандляра, вялікага знаўцы Торы і трошкі паэта, але гадаваўся ў дзеда з бабкай, бо ў немаўлячым узросце страціў маці. Які ўдзел у выхаванні дзіцяці браў бацька, невядома.

 

Даросшы да трох гадкоў, хлопчык, згодна з традыцыяй народа, якому належаў, быў аддадзены ў хедэр — яўрэйскую рэлігійную пачатковую школку. Наведваючы яе, ён вельмі рана зразумеў неабходнасць у што б ні стала перайсці мяжу, за якой адкрываецца іншы свет — дзе можна і добрую адукацыю атрымаць, і займець прэстыжны занятак. Іосіф самастойна вучыць рускую мову, каб яго прынялі ў гімназію, і дабіваецца гэтага: яго сапраўды прымаюць. Але доўга ў гімназіі ён не правучыцца: пакіне па ўласнай волі. Прычына для яго досыць важкая: ён не можа дазволіць сабе асвойваць граматыку і арыфметыку ў святую суботу.

 

Якім чынам Іосіф Хазановіч даб’ецца такой падрыхтоўкі, з якой трапляюць на ўніверсітэцкія лавы, — гэта яшчэ адна невядомая старонка ў яго біяграфіі, але, тым не менш, ён паступіць на медыцынскі факультэт старой Альберціны.

 

Alma mater

 

Альберцінай Кенігсбергскі ўніверсітэт пачалі называць пасля смерці яго заснавальніка — герцага Альбрэхта Гагенцолерна.

 

Установа мела славу ўнікальнейшага ўніверсітэта Еўропы — за тое, што тут, як больш нідзе, пакараць маглі не толькі студэнта, але і выкладчыка, прычым розгамі і публічна. Гэтая незвычайная з’ява спарадзіла небывалыя братэрскія адносіны паміж выкладчыкамі і студэнтамі.

 

І хоць на час вучобы там Іосіфа Хазановіча традыцыя пакаранняў сышла ў нябыт, але дух бунтарства дзеля справядлівасці аказаўся, відаць, нязводным: прапітаны ім Хазановіч застанецца такім назаўсёды.

 

hholaaa

Гэты будынак Кенігсбергскага ўніверсітэта на час паступлення туды  Хазановіча толькі-толькі ўзвялі.

 

Медыцынскі — самы вялікі факультэт Альберціны, а на час вучобы Іосіфа прыпадае яго росквіт: адна за адной ствараюцца новыя кафедры, будуюцца і адкрываюцца клінікі. Некалі тут выкладаў Карл Бэр, названы за свае шматлікія адкрыцці ў тэме развіцця плода бацькам навукі эмбрыялогіі.

 

Герман фон Гельмгольц, вядомы эксперыментамі ў электрафізіялогіі, а ў найпершую чаргу тым, што прыдумаў афтальмаскоп, таксама тут выкладаў. З гэтага яго вынаходніцтва, якое адбылося за восем гадоў да паступлення на вучобу Хазановіча, афтальмалогія пачала вылучацца ў асобную навуку. Кафедра афтальмалогіі арганізавалася ў Альберціне ў той год, калі Хазановіч атрымліваў дыплом, але хваробы вачэй і без кафедры выкладаліся на належным узроўні. Напэўна таму праз некалькі гадоў практыкавання ў хірургіі Хазановіч стане афтальмолагам.

 

На паўстагоддзя раней за Хазановіча ў Кенігсбергскім універсітэце вучыўся Карл Дзіфенбах, пачынальнік пластычнай хірургіі. Легендарны Мікалай Пірагоў праходзіў у яго практыку.

 

За год да паступлення Хазановіча, у 1865-м, у Кенігсбергскі ўніверсітэт прыехаў працаваць Эрнст Лейдэн, якога адразу ж прызначылі ардынарным прафесарам і дырэктарам клінікі ўнутраных хвароб. Менавіта ў гэты час Лейдэн пачынаў практыкаваць новыя метады дыягностыкі, заснаваныя на лабараторных даследаваннях. Пакінуць яны Альберціну адначасова: у 1872 годзе Лейдэн пяройдзе ў Страсбургскі ўніверсітэт, а Хазановіч атрымае дыплом. Праўда, за год да гэтага ў час франка-прускай вайны Хазановіча пашлюць у Берлін практыкавацца ў шпіталі для палонных французаў. Ратаванне байцоў процілеглага лагера стала акалічнасцю, якая ўмацавала яго светапогляд.

 

Гуманіст-скандаліст

 

У першыя гады пасля ўніверсітэта Іосіф Хазановіч працуе недзе ў Пецярбургу, але ў 1878-м перасяляецца ў Беласток.

 

Што такое Беласток яго часу? Горад, пра які ў мемуарах пісалася, што можна яго абысці за гадзіну, меў вельмі выразны падзел на цэнтр і ўскраіны. У цэнтры жыла інтэлігенцыя, якая размаўляла па-руску і па-нямецку, а польскай сярод іх валодала толькі абслуга. На ўскраінах сяліўся просты люд, рамеснікі, дробныя гандляры, бедната. Гэта паводле ўспамінаў сучасніка Осіпа Дымава. Ён піша, што «яўрэйскі рамантык доктар Хазановіч» жыў у цэнтры — там, дзе «багатыя лаўкі, аптэка Вільбушэвіча, крама Мураўёва, Высакародны сход».

 

Рамантык Хазановіч спачатку працуе ў бальніцы, але там за лячэнне трэба браць грошы не  толькі ў багатых, але і ў бедных, а гэта пярэчыць яго ідэалам і ўяўленням пра справядлівасць.

 

Адмаўляючыся браць плату з бедных, ён стварае праблемы бальніцы і самому сабе. Адзіны спосаб ад гэтых праблем пазбавіцца — сысці ў прыватную практыку. Ён так і робіць. Папраўляючы здароўе бедных бясплатна, доктар вельмі хутка здабывае сабе славу гуманіста, але ў некаторых вачах выглядае як скандаліст. Канфлікт двух іпастасей, а заадно і стаўленне да Хазановіча з боку мясцовай эліты праяўляецца вельмі ярка ў адной досыць страшнай гісторыі.

 

Жыў тады ў Беластоку доктар Граноўскі. Меў ён багаты дом і вялікі сад, аддзелены ад свету высачэзным плотам. Аднойчы ў гэты сад залез яўрэйскі хлопчык з беднай ускраіны. Фурман яго злавіў, прывёў да гаспадара-доктара і потым моцна трымаў дзіця ў руках, пакуль доктар выпальваў яму ляпісам на ілбе слова «злодзей» тройчы: па-руску, па-польску і на ідышы. Сведкам гэтага стаў чаляднік. Ён пачуў стогны, падглядзеў праз шчыліну ў плоце, што робіцца ў садзе Граноўскага, і паляцеў пра гэта расказваць. Мемуарыст піша: «Горад закіпеў, як кацёл». У вялізным натоўпе, што сабраўся каля дома Граноўскага, асаблівым абурэннем вылучаўся доктар Хазановіч. Ён сказаў, што зробленае з хлопчыкам зроблена з усім Беластокам, што чалядніку будуць неўзабаве прапаноўвацца грошы, каб ён ніколі не ўспамінаў тое, што ўбачыў, што здзейснена тут самае сапраўднае злачынства і вінаваты мае быць пакараны. Хазановіча падтрымаў равін. Ён заклікаў не лячыцца ў Граноўскага і дабівацца, каб яго пазбавілі ліцэнзіі.

 

Ахвяру экзекуцыі, піша сучаснік, забралі ў бальніцу, з Граноўскім тры гадзіны прасядзеў прыбылы з Пецярбурга чыноўнік па асобых даручэннях, потым доўга ішло следства, на працягу якога адзінага сведку пужалі пагрозамі і ўгаворвалі адмовіцца ад паказанняў, падкупляючы, як і прадказваў Хазановіч, грашыма. Рашэнне суда скаланула ўвесь Беласток: Граноўскага… апраўдалі. Яўрэйскую абшчыну… аштрафавалі. Доктара Хазановіча і равіна… абвінавацілі ў беспарадках і выслалі з горада на тры гады.

 

Шпаркі доктар

 

Трошкі раней, чым здарыўся гэты выпадак, распачаўся ў Расійскай імперыі рух за ўз’яднанне яўрэйскага народа і аднаўленне яго на гістарычнай радзіме. У Беласток ідэі гэтага руху заносіліся найперш з радзімы Хазановіча — з Гродна. Адбывалася гэта не без уплыву твораў Элізы Ажэшкі. Яе галоўны яўрэйскі раман «Мейр Эзафовіч» трыумфальна крочыў па свеце, узрушваў грамадскасць і падштурхоўваў творцаў працягваць тэму.

 

Ажыўленая яўрэйская грамадскасць стварала дабрачынныя суполкі, якія мелі на мэце дапамогу не толькі яўрэям, а ўсім людзям без аглядкі на нацыянальнасць і веравызнанне, спасылаючыся на тое, што гэта і ёсць сапраўдны твар сіянізму: клопат пра ўсіх.

 

У 1880-х пайшла хадзіць па Беластоку прымаўка «шпаркі, як карэтка лінас хацэдэк». А пра зайздросных жаніхоў гаварылі так: зграбны, як улан з дзясяткі, спраўны, як рэчка Белая, пунктуальны, як лінас хацэдэк. Таму што першыя ў горадзе карэткі хуткай дапамогі належалі дабрачыннаму яўрэйскаму таварыству «Лінас Хацэдэк». Сэнс назвы — «Дзяжурствы пры хворых». Гэта было ў пэўным сэнсе папрокам на адрас тых, хто прытрымліваўся рэлігійнага прадпісання бікур-халім, якое азначала, што хворых трэба абавязкова наведваць, але не надта рана і не вельмі позна, сваякам — ад самага пачатку хваробы, іншым — праз тры дні, каб засведчыць павагу, а таксама па той прычыне, што наведванне хворага на шасцідзясятую долю памяншае яго пакуты, а наведвальнік атрымлівае гарантыю аддзякі ў наступным свеце.

 

Таварыствы «Лінас Хацэдэк» утвараліся і фінансаваліся яўрэямі, але не дзялілі хворых ні на багатых і бедных, ні паводле храмаў, у якіх яны моляцца. У Беластоку арганізатарам такой суполкі быў, канечне ж, Іосіф Хазановіч. Мела яна і службу хуткай дапамогі, і бальніцу, а пазней адкрыла яшчэ і паліклініку, сталоўку ды аптэку.

 

Доктара Хазановіча лічылі вар’ятам. Сям’і ён не меў. У самым пачатку свайго жыцця ў Беластоку жаніўся, але выбранніца неўзабаве памерла, і больш ён сям’ю не ствараў.

 

Калі ў 1896 годзе горад накрыла эпідэмія халеры, ён не спаў па некалькі сутак, аднолькава ратуючы жыцці яўрэяў, палякаў, рускіх, украінцаў… За гэта быў прызнаны ўладамі афіцыйным гарадскім урачом. 

 

«Лухта ваш кашаль, едзьце ў Палестыну»

 

У канцы свайго трохгадовага выгнання з Беластоку, у 1890-м, Іосіф Хазановіч з’ездзіў у Палестыну. Пасля гэтага ён, як піша ў мемуарах сведка Осіп Дымаў, спыняў мінакоў на вуліцах, хапаў іх за каўняры і заклікаў ехаць у Палестыну. Пацыенты чакалі ад яго парад і рэцэптаў, а ён ім: «Лухта гэты ваш кашаль, едзьце ў Палестыну».

 

mma54a

Дом на гары Скопус. Бібліятэка і архіў Іосіфа пасля 1920-х знаходзіліся тут.

 

Апантаны кніжнік, чый беластоцкі дом быў поўны рознай літаратуры, там, на «запаветнай зямлі», ён пастанавіў уласнаручна арганізаваць нацыянальную яўрэйскую бібліятэку. І вось што значыць моцна хацець: у яго гэта атрымалася! Ён купляў кнігі па ўсім свеце, выпісваў з-за мяжы антыкварныя выданні, прасіў плаціць яму за лячэнне не грашыма, а кнігамі, даваў аб’явы ў прэсу свету з просьбай прысылаць яму або кнігі, або грошы на іх набыццё...

 

І ў 1895 годзе Хазановіч адправіў у Іерусалім груз вагой у чатыры тоны — амаль дзевяць тысяч тамоў.

 

Усяго ж ён уклаў у фундамент будучай нацыянальнай бібліятэкі сваёй гістарычнай радзімы 63 тысячы тамоў.

 

kkkabva

Будынак першай бібліятэкі, у якую перапраўляліся кнігі Іосіфа Хазановіча.

 

Пастанова аб яе будаўніцтве была прынята ў 1905 годзе на 7-м Сіянісцкім кангрэсе, і было ўжо вылучана месца, але з-за Першай сусветнай вайны, а потым і іншых важкіх па-дзей усё пайшло не так: будаўніцтва адклалася раз, другі, трэці... У 1920-я на гары Скопус быў адкрыты ўніверсітэт, і сабраныя Хазановічам кнігі часова сталі ўніверсітэцкай біблія-тэкай і — асобнай структурай — архівам Іосіфа. Прыгожая назва. А марыў Іосіф пра гмах, у якім збяруцца «плады яўрэйскага духу», яго пачаткаў і яго будучыні, і стане гэты гмах сімвалам яднання яўрэйскага народа, раскіданага па свеце, як і яго кнігі, і «ўсе кнігі, напісаныя па-яўрэйску і пра яўрэяў і іх навукі, знойдуцца ў гэтым гмаху». Цалкам гэтая мара спраўдзілася толькі ў 21-м стагоддзі.

 

А што Хазановіч? З пачаткам Першай сусветнай вайны яўрэяў з Беластока павысялялі. Доктар — ужо 71-гадовы дзядок — патрапіў у Екацярынаслаў. Не маючы сродкаў да існавання, ён жыў у прытулку. Захварэў і памёр ці то ў 1918, ці то ў 1919 годзе. І час быў нялёгкі, і родных у яго не было, і зямля, у якую яго пахавалі, была для яго чужая, таму і помніка на яго магіле няма. Але нашто яму на магіле помнік? Помнік яму — Нацыянальная бібліятэка Ізраіля.