Анатамічная разгортка, дапаможнік для студэнтаў-медыкаў пачатку 20-га стагоддзя,сёння сказалі б «інтэрактыўны атлас».

У той год, калі ўрач Нікола Бучэла, седзячы ў скляпеністым памяшканні Старога Замка ў Гродне, старанна выводзіў трактат пра лячэнне і смерць караля Стэфана Баторыя, на яго радзіме ў Італіі адкрылася бібліятэка Джыраламіні, якая да нашых дзён лічыцца адной з самых незвычайных. А вось ці патрапіў у Джыраламінскую кніжніцу трактат Нікола Бучэла?

 

Дапусцім, што так. Тады ён мог апынуцца сярод многіх тысяч тых рарытэтаў, якія былі скрадзены з бібліятэкі ў 2012 годзе. І калі сапраўды сярод іх апынуўся, то мог вярнуцца туды праз год або два, як большасць. А мог не вярнуцца зусім: пятая частка скрадзенага ўжо не трапіла на былыя свае паліцы.

 

Як бы ні было, але для Беларусі кніга Нікола Бучэла «Пра ход лячэння і прычыны смерці Стэфана Баторыя» (1586) стала адным з найпершых навуковых выданняў па медыцыне. Апярэдзіў яе хіба толькі зборнік навуковых прац «Медыцынскія і фізічныя каментарыі да напісанага» (1584), выдадзены яшчэ адным італьянцам і гродзенскім урачом, які таксама лячыў караля, — Пьерам Сімонэ Сімоні.

 

Ab ovo

 

Пьер Сімонэ Сімоні прытрымліваўся тэорыі гумаральнай паталогіі, згодна з якой хвароба ў’яўляецца вынікам няправільных суадносін вадкасцей у арганізме. Усе памятаюць гэтыя вадкасці як неўміручую гіпакратаву класіку: кроў, слізь, жоўць і чорная жоўць. А Нікола Бучэла быў прыхільнікам так званай салідарнай тэорыі, паводле якой хвароба ўзнікае пры парушэнні суадносін цвёрдых часцінак — адлегласці паміж імі робяцца ці занадта вялікімі, ці занадта малымі — і органам кепска. Абедзве тэорыі мелі рацыянальнае зерне, кожная сваё, абедзве спрыялі далейшаму разуменню нормы і паталогіі, развіццю медыцынскіх ведаў, але спрэчкам іх адэптаў гэта ніколечкі не замінала. Працуючы ў адным месцы ў адзін час і маючы агульнага пацыента, Сімоні і Бучэла абвінавачвалі адзін аднаго ў няправільным лячэнні Стэфана Баторыя і рабілі гэта рэўнасна і публічна. На анатаміраванні каралеўскага цела Сімоні па нейкай прычыне не быў, а Бучэла не толькі прысутнічаў, але і непасрэдна ўдзельнічаў, і напісаў трактат, у які ўключыў пратакол працэдуры, зроблены Якубам Гаслаўскім.

 

«Бучэла разглядаў усе вантробы, але нічога не знайшоў», — піша Гаслаўскі. «Толькі ў тым пузыры, дзе бывае жоўць, у гэтым праходзе, куды яна цячэ, ёсць камень, такі вялікі, як мускатны арэх, і значыць, у гэты пузыр жоўць не ўваходзіла», — працягвае ён. «Ды і не было яе там зусім, толькі чыстая вада і яшчэ адзін камень, — разважае далей. І робіць выснову: — Прычына смерці не ў гэтым».

 

Прычына, якую сучаснікі Баторыя і іх медыцынскія спадкаемцы шукалі, перабіраючы паміж атручваннем, хранічнай трафічнай язвай нагі, запаленнем лёгкіх і хваробай сэрца, знайшлася, калі прамінулі стагоддзі. Вычыталі яе між радкоў з апісаннем нырак. Вось гэта месца, на якое калі і звярталі ўвагу ўрачы тых часоў, дык проста як на цікавы, але невытлумачальны факт: «Ныркі надзвычай вялікія, як у вала, што дзіўна, бо ў чалавека яны амаль такія самыя, як у вылегчанага барана. Такіх ні Бучэла, ні я не бачылі ні ў адным целе». Новым пакаленням урачоў гэтых слоў аказалася дастаткова, каб зразумець тое, што не было даступным для разумення раней: Баторый пакутаваў ад двухбаковага полікістознага перараджэння нырак, і хапіла яму пераахаладжэння, наслоенага на ператамленне, каб узнікла вострае запаленне і самаатручваннем арганізма праявіла сябе ныркавая недастатковасць.

 

starye_medknigi_2_21.08.jpg

 

Кнігу «Пра ход лячэння і прычыны смерці Стэфана Баторыя» Нікола Бучэла выдаў у Кракаве пад псеўданімам Дж. Ч’якоры. У экспазіцыі Музея гісторыі медыцыны Беларусі Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі копія яе тытульнай старонкі суседнічае з копіяй тытульнай старонкі працы П’ера Сімонэ Сімоні «Медыцынскія і фізічныя каментарыі да напісанага», і яны не толькі ані не спрачаюцца, але і салідарна адкрываюць сабой тэматычную прастору старых медыцынскіх выданняў: адсюль, маўляў, пачалося...

 

starye medknigi 6 21.08

 

Далёка-далёка далей

 

Далёка-далёка далей, калі ўжо прамінулі стэнд, прысвечаны Францыску Скарыне (бо ён жа таксама доктар, хоць ніякай медыцынскай кніжкі не напісаў), скульптурны партрэт Жылібера (шыкоўны настолькі, што лепшага няма нідзе, нават у Музеі прыроды ў Парыжы ён не вельмі ўдалы) і тытульнікі дысертацый выпускнікоў ды выкладчыкаў медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта, спрэс першых на нашай зямлі ў сваіх галінах… Тут ненадоўга прыпынімся.

 

Вось дысертацыя Міхаіла Гамаліцкага, які родам з Бялавічаў. Ён, можна сказаць, першы наш гематрансфузіёлаг, бо ніхто да яго не займаўся пераліваннем крыві. А дысертацыя — пра значэнне крывяносных сасудаў пры ўзнікненні нервовых хвароб. Вось дысертацыя Канстанціна Парцянкі з-пад Мінска, пачынальніка ў анкалогіі, — прысвечана раку губы. Побач даследаванне на суісканне ступені доктара медыцыны пра хваробу, названую крупам, зробленае Феліксам Рымкевічам, магіляўчанінам, адным з першых нашых псіхіятраў, адным з першых, хто выкарыстоўваў пры аперацыях эфірны наркоз, а да таго ж — мужным змагаром з халерай. Вось яшчэ сярод іншага — праца Вікенція Герберскага, які, пазнаёміўшыся ў Парыжы з Рэнэ Лаэнекам, вынаходнікам стэтаскопа, прывёз гэты ладны прадмет на беларускія землі і стаў такім чынам першым сярод нашых медыкаў, хто прымяняў інструменты ў дыягностыцы. Яго дысертацыя, абароненая ў 1812-м, распавядае пра вадзянку хрыбетніка. Тут і стары знаёмы Станіслаў Баніфацый Юндзіл з-пад Ліды, аўтар першых падручнікаў па батаніцы і заалогіі, ратавальнік жылібераўскай «Флоры Літвы». Але рушым далей…

 

Вось дзве работы нясвіжскага хірурга Фрыдэрыка Тэадора Эме, які сваю доктарскую таксама абароніць у Вільні. Пакуль што ён толькі лекар, але практычны вопыт мае такі, што дактарам у яго павучыцца. Гэты немец, запрошаны Радзівіламі іх лячыць, выдаў брашуркамі апісанні сваіх аперацый. Тады ўсе так рабілі, хто мог, і была гэта самая што ні ёсць звычайная практыка абмену вопытам. Хаця ён у прадмове піша, што гэта, маўляў, для таго, каб грамадства паверыла ў моц хірургічнага метаду і перастала баяцца. Як жа! Для немедыцынскай грамадскасці, можа, не трэба было так пісаць?

 

«Я пасадзіў пацыентку на табурэт, а за ёй паставіў моцнага мужчыну, які трымаў яе за рукі і плечы, другому загадаў сачыць за ёй збоку, каб не варушылася, трэці трымаў адцягнутую малочную залозу, чацвёрты — неабходныя для аперацыі інструменты, а сам я, абвязаўшы шаўковай паўрозай усю малочную залозу для лепшага аддзялення яе ад грудной мышцы, стаў злева і… маючы ў руцэ скальпель, зрабіў разрэз такі вялікі, які мне дазволіла здаровая скура», — чытаем у «Назіранні за левай жаночай малочнай залозай, часткова пашкоджанай ракам, а ў астатнім скірам, якая паўтара гады прыносіла невыносны боль і была ссечана 19 мая 1773 года ў Нясвіжы», выдадзеным у 1774 годзе. Аперацыя цягнулася… дзве хвіліны. Пухліна важыла… 3,7 кілаграма. Доктар Эме яе потым даследаваў і апісаў, дзякуючы чаму ў нашы дні 24-гадовай замужняй Агнешцы Хамавай з 18-га стагоддзя падкарэктавалі дыягназ: ліставідная пухліна малочнай залозы. Пацыентка Эме стала зусім здаровай праз 55 дзён, на працягу якіх ёй толькі рабілі «процігніласныя» кампрэсы. Валянцін Грыцкевіч у кнізе «З факелам Гіпакрата» піша, што яна яшчэ і цяжарная была, і нарадзіла праз дванаццаць тыдняў здаровенькае дзіця.

 

starye medknigi 3 21.08

 

Дэталізаваны аповед пра другую аперацыю Фрыдэрыка Тэадора Эме чытачу без медыцынскай адукацыі таксама лепш было б не паказваць. Сачыненне пад назвай «Апісанне каменя, які знаходзіўся ва ўрэтры 22 гады і быў высечаны ў Нясвіжы 9 лютага 1773 года практыкам медыцыны, хірургіі і акушэрства, з гравюрамі», — самае старое з вядомых друкаваных сачыненняў па ўралогіі ў гісторыі медыцыны Беларусі. Аперацыя была зроблена Каспару Кастравіцкаму, прадстаўніку таго рода, з якога потым выйдзе Гіём Апалінэр. Так з Нясвіжам зноў перагукнуўся Парыж. 

 

starye medknigi 4.1 21.08

 

А гэту кнігу, напісаную ў Нясвіжы ўрачом Радзівілаў Хрысціянам Шульцам, гісторык медыцыны Рыгор Кручок назваў адным з першых твораў па медыцынскай геаграфіі. «Кароткае паведамленне пра хваробы, скрозь распаўсюджаныя ў Каралеўстве Польскім, але пераважна ў Вялікім княстве Лістоўскім», выйшла ў 1754 годзе ў Дрэздэне і адрасавалася ўрачам, якія збіраліся практыкаваць на нашых землях. А што ў насельніцтва было хваробай нумар адзін? Вядома, каўтун. Шульц даво-дзіў, што прычына каўтуна не ў кепскім кровазвароце і што няма ніякай канвульсіі валасоў, а ёсць праблема з гігіенай. Да іншых, больш складаных і аб’ектыўных, менш саромных і нашмат менш залежных ад чалавека прычын гэтага захворвання думка 24-гадовага нямецкага лекара не дайшла.

 

Арыгіналы

 

А гэта копія артыкула Карла Гібенталя і адначасова чарговая гісторыя пра навуковую недальнабачнасць.

 

Народжаны ў Цвярской губерніі Карл Іванавіч Гібенталь працаваў інспектарам Мінскай урачэбнай управы, потым займаў тую ж пасаду ў Віцебску, але яшчэ ў мінскі перыяд, з 1811 года, ці не першым ва ўсёй Еўропе стаў выкарыстоўваць гіпс для фіксацыі пераломаў. Ідэя прыйшла ў яго галаву дзякуючы захапленню скульптурай: у вольны час ён ляпіў. І вось у пачатку 1812-га ён падае ў Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію рапарт пра вынайдзены ім метад «лячэння паламаных костак без бандажа», а там яго… адхіляюць.

 

Кафедру хірургіі там узначальвае Іван Фёдаравіч Буш, ён і заварочвае метад Гібенталя, ставячы яго пад сумненне. Буш — вышыня, яго імем пазней назавуць акадэмію, прэміяй і медалём яго імя будуць уганароўваць лепшых выпускнікоў, але вынаходнікам гіпсавай павязкі праз яго скепсіс будзе лічыцца не мінчук Гібенталь, а галандзец Хендрыкс, чый артыкул на гэту тэму надрукуюць у 1814-м, тады як Гібенталь дачакаецца сваёй публікацыі ў нямецкамоўным рускім прыродазнаўча-медыцынскім зборніку (Russische Sammlung für Naturwissenschaft und Heilkunst) толькі ў 1816-м.

 

Да гэтай пары разглядаліся копіі, але пакрысе мы даходзім да арыгіналаў. І трэба сказаць, што ўздзеянне першых на органы пачуццяў ніяк не слабейшае за эфекты апошніх. З найбольш цікавага — вучэбны дапаможнік па анатоміі, якім карысталіся студэнты-медыкі пачатку 20-га стагоддзя.

 

Або вось падручнік па акушэрству 1936 года на беларускай мове. Пісаў Максім Львовіч Выдрын, заснавальнік і кіраўнік першай у Беларусі кафедры акушэрства і гінекалогіі. Між іншым, масквіч. Але прыехаў у Мінск выкладаць на медфаку БДУ, вывучыў беларускую мову і напісаў падручнікі — адзін па акушэрству, другі па гінекалогіі — на беларускай мове. Вось як ён пра гэта пісаў у папярэднім выданні — «Гінэколёгіі»: «Студэнты Беларускага медычнага інстытута да апошняга часу вывучалі гінэколёгію па падручніках проф. Крэўскага, Шрэдэра, Мэнге і Опітц. Указаныя падручнікі надта вялікія, і студэнтам было вельмі цяжка прапрацоўваць такі вялікі матэрыял, у даны-ж час і гэтых падручнікаў няма ў продажы. Улічваючы гэтыя акалічнасці, я, згодна просьбы студэнтаў, рашыў напісаць для іх падручнік на беларусскай мове».

 

starye medknigi 5 21.08

 

Адсюль, з музея гісторыі медыцыны, можна зрабіць яшчэ не адзін агляд, і не толькі надрукаванага. Прынамсі, рукапісны рэцэптурны зборнік нясвіжскай аптэкі князёў Радзівілаў 1600–1640 гадоў так і выпучваў свае цінктуры ды унгвэнтумы, так і сыпаў у вочы каліграфічна выпісанымі пульвісамі, але… Іншым разам!

 

Падрыхтавана пры дапамозе Музея гісторыі медыцыны Беларусі Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі і асабіста галоўнага захавальніка фондаў Дзмітрыя Лапцэвіча.