Пётр і Таццяна Барысюк
Пётр і Таццяна Барысюк. Фота з сямейнага архіва..

31 снежня 1997 года я прысвяціла свайму бацьку Пятру Пятровічу Барысюку такі верш:

Шукаеш ісціну, як фатум,

яна ж рухомая, атрутная,

як ртуць.

Жадаю: беларускім хай

Сакратам

цябе твае нашчадкі

назавуць.

 

Доктар-наватар, адданы сваёй справе

 

Pyotr Barysyuk1А нарадзіўся ён 29 мая (31 мая па пашпарце) 1938 года ў вёсцы Каты Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і.

 

12 лютага 1938 года, яшчэ да нараджэння сына, яго бацька Пётр Цярэнцьевіч Барысюк з’ехаў у Чыкага (ЗША) і застаўся там назаўсёды, апошнія 39 гадоў перад выхадам на пенсію працаваў на швейнай фабрыцы. Але з сям’ёй пастаянна ліставаўся і дапамагаў матэрыяльна. Мой бацька ў 1969, 1976 і 1979 гг. ездзіў у ЗША па запрашэнні Пятра Цярэнцьевіча. У 1990 годзе наведаў яго магілу ў Чыкага.

 

Пасля Дзеткавіцкай дзесяцігодкі бацька скончыў Брэсцкае медвучылішча (1958-й), потым служыў у войску. Па дэмабілізацыі з лістапада 1959-га па верасень 1960 года працаваў фельчарам у Бездзежскай участковай бальніцы Драгічынскага раёна.

 

У 1965 годзе скончыў стаматалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага медінстытута. Як адзін з лепшых вучняў бацька трапіў у артыкул «Наши отличники»  С. Красоўскага, надрукаваны ў газеце «Советский медик».

 

Пасля медінстытута бацька прайшоў спецыялізацыю (4-месячныя курсы) па анестэзіялогіі ў Беларускім інстытуце ўдасканалення дактароў, працаваў анестэзіёлагам у Цэнтральнай раённай бальніцы Пінскага раёна да лістапада 1967 года, са снежня 1967-га і да жніўня 1976 года — у 6-й стаматалагічнай паліклініцы Мінска на адміністратыўных пасадах, стаматолагам-анестэзіёлагам і стаматолагам-хірургам, а з верасня 1976 года — анестэзіёлагам у 7-й стаматалагічнай паліклініцы.

 

«В мае 1968 года в этой  (6-й. —  Т. Б.) поликлинике мною впервые в Республике Беларусь был внедрен и широко применялся в работе масочный фторотано-закисно-кислородный наркоз в амбулаторной стоматологической практике (для лечения и удаления зубов)», — пісаў П. Барысюк у «Сама-справаздачы аб працы доктара-стаматолага-анестэзіёлага 7-й стаматалагічнай паліклінікі г. Мінска…», датаванай прыкладна канцом 1990 года.

 

У сваёй практыцы Пётр Барысюк рабіў унутрывенныя, унутрыцяглічныя і масачныя наркозы. У той самай крыніцы ён згадвае пра тое, што неаднаразова выступаў з дакладамі па пытаннях агульнага абязбольвання ў амбулаторнай стаматалогіі.

 

Паколькі ён усведамляў шкоду зубной шчоткі з натуральнага шчаціння, бо яна была жорсткай і раніла дзёсны, ён зрабіў больш эфектыўную для здароўя ма- дэль зубной шчоткі з паралону, падарыў яе сваёй стрыечнай сястры Кацярыне Васільеўне Барысюк, якую яна, паводле яе сведчання, на сабе выпрабоўвала. Адзіным недахопам зубной шчоткі з паралону было тое, што яна хутка ламалася і трэба было рабіць новую.

 

Бацька быў аўтарам 4-х рацыяналізатарскіх прапаноў у сферы стаматалагічнай анестэзіялогіі, пацверджаных у 1974 годзе. Ён захаваў да самай смерці ўсе свае зубы (ні адзін не вырваў), навучыў мяне лячыць зубы без анестэзіі.

 

Пацыенты яго хвалілі:  казалі, што рука ў яго была лёгкая, што ён  «загаворваў» чалавека сваімі  размовамі пра паэтаў  і каханне — і ірваў зуб нечакана і хутка.

 

Pyotr Barysyuk3

 

Паэт і філосаф у пошуках глыбіні...

 

Акрамя доктарскіх будняў, бацька быў паэтам і публіцыстам. Пісаў артыкулы пра стаматалагічныя праблемы, пчалярства, вырошчванне тапінамбура на лецішчах і статус мовы тытульнай нацыі ў Беларусі ў 1990-х гадах. Быў пчаляром, вынайшаў арыгінальную мадэль вадзяной васкатопкі.

 

Пётр Барысюк быў цудоўным бацькам для маёй сястры Венеры і мяне, дзедам чатырох унукаў. Цікавіўся надзвычайнымі здольнасцямі чалавека, магчымасцю яго замбіравання ў наш час: хадзіў са стрыечнай сястрой на выступленне Вольфа Месінга ў  Доме афіцэраў прыкладна на пачатку 1970-х і са мной на лекцыю Тодара Дзічава на пачатку 1990-х. Бацька шмат чытаў кніг, часопісаў, газет. З перыядычных выданняў выразаў артыкулы пра доўгае жыццё і неўміручасць.

 

Пры жыцці Пётр Барысюк падрыхтаваў і выдаў дзве кнігі вершаў на рускай мове: «Поиск истины» (1995) і «Поиск истины продолжается» (2000). Ён пісаў вершы па-руску, паводле яго прызнання, каб больш людзей з тэрыторыі былога Савецкага Саюза змаглі яго прачытаць. Пры тым што беларускую мову ведаў добра. Пісьменнікі-дактары — гэта асаблівыя творцы. Яны праз жыццё нясуць гэтыя свае дзве іпастасі. Так, напрыклад, гэта праява ўвасоблена ў вершы П. Барысюка:

 

МЕДИЦИНА И ЛИТЕРАТУРА —

Две женщины, одна другой

милей…

Часто вы воюете друг

с другом

За сердца писателей-

врачей…

Было так всегда и так

ведется,

Что судьбы не знает человек.

…Может мне, как Чехову,

придется

 

Доживать… с любовницей свой век?

 

Трэба заўважыць, што 07.01.1987, калі гэты верш пісаўся, у бацькі яшчэ не было праблем з сэрцам. Праз 10 гадоў, 03.01.1997, ён  пайшоў на пенсію з-за сваёй стэнакардыі, і мая мама Зінаіда Мікалаеўна яго даглядала, вадзіла ў паліклініку на працэдуры. «Я цябе ацаніў», — прызнаваўся ён маме ў тую пару. «Лепш позна, чым ніколі», — адказала тады яму мама.

 

Лірычны герой паэта Барысюка максімальна аўтабіяграфічны. Аўтарскі стыль просты, ясны, лаканічны. Ён рабіў стаўку не на навізну вобразаў і стылю, а на дакладнасць выказвання сваіх думак і пачуццяў, на іх глыбіню, на веданне жыцця. Ён меў схільнасць да філасофіі: імкнуўся дакапацца да сутнасці з’яў і падзей. У яго творчасці выявіліся ўсе жанрава-тэматычныя пласты: інтымная, грамадзянская, філасофская, пейзажная лірыка. Пра сябе ён казаў так:

 

Я не воздвиг себе памятник,

Хоть прожил немало дней:

Пусть имя мое будет

в памяти

Знавших меня людей.

 

Дзякуючы бацьку ў нашай сям’і панаваў культ розуму (мама жартам называла яго «разумацель» — той, хто мае розум).

 

Всех тех, кто мыслит,

уважаю я

За их способность и не лень

к мышленью.

У всех должна быть точка

зрения своя,

Всегда отличная от прочих

точек зренья.

 

Ён цытаваў, відазменена, таго ж Дэкарта: «Пока я мыслю — я существую».

 

Яшчэ адзін культ у нашай сям’і дзякуючы бацьку — культ працы:

 

Трудились люди на земле

от века,

Добывая пищу и уют.

И если труд и создал

человека,

То я готов молиться лишь

на труд.

 

Імкненне да праўды ва ўсёй яе светапогляднай глыбіні было сэнсам жыцця для майго бацькі. Ён быў прыхільнікам ідэі самаахвярнасці доктара дзеля выздараўлення пацыента:

 

Доктора, продляя жизнь

больному,

Сами, знаю, долго не живут.

Можно, значит, жизнь

продлить другому,

Только сокращая жизнь

свою!..

 

А таксама ідэі самаахвярнасці дзеля чужой радасці:

 

Жить для других, в беде

приняв участье,

И счастьем наполняться

оттого,

Что ты другим приносишь

каплю счастья,

Хотя ни капли нет

у самого...

Што датычыцца выхавання, згадваю, што бацька любіў паўтараць словы французскага аўтара Эрнэста Легуве: «Мэта выхавання — навучыць нашых дзяцей абыходзіцца без нас». І заклікаў нас, дачок, да самастойнасці — і ў мысленні, і ў побыце. Бацька навучыў нас з сястрой цярпець боль пры лячэнні зубоў без анестэзіі, мець апору на сябе, казаць праўду, чытаць кніжкі, мець крытычнае мысленне, любіць паэзію і цікавіцца медыцынай.

 

...Памёр Пётр Барысюк 20 красавіка 2001 года, пражыўшы 62 гады. Пахаваны каля сваёй маці Марыі Карпаўны Барысюк на Паўночных могілках Мінска. На яго магільнай пліце выгравіравана цытата з яго верша: «Всю жизнь я истину искал!». Ці знайшоў ён сваю ісціну? Мяркую, што так. Гэта яго любоў да родных, да медыцыны, да паэзіі і яго пастаяннае інтэлектуальнае і маральнае ўдасканаленне. Памяць пра яго жыве.