Асістэнт Аляксандр Балаклееўскі вядзе заняткі ў прысутнасці загадчыка кафедры Юрыя Астроўскага. Фота з альбома А. А. і Н. А. Грэсяў.
Асістэнт Аляксандр Балаклееўскі вядзе заняткі ў прысутнасці загадчыка кафедры Юрыя Астроўскага. Фота з альбома А. А. і Н. А. Грэсяў.

Нехта з іх кінуў фразу пра тое, як неймаверна хутка праляцелі 65 гадоў з таго дня, калі яны сталі першымі студэнтамі Гродзенскага медінстытута. Мяркуючы па тым, як дэталёва,  да самых драбніц яны ўспамінаюць вучобу, час для іх наогул падзяліўся надвое: у адным яны жывуць сабе рэальным жыццём з яго надзённымі клопатамі, а ў другім — не перастаюць быць студэнтамі. 

 

Вось нехта цягне экзаменацыйны білет і рыхтуецца здаць акушэрства прафесару Магілёву. Падгледзім?

 

Прафесар Магілёў і рэнтген

 

Міхаіл Веніямінавіч, загадчык кафедры, колішні выпускнік Сарбоны, а цяпер, дарма што прафесар, поўны элегантны мужчына ў хіпстарскім пінжаку, перш чым слухаць маладога чалавека з абаяльнай усмешкай на разумным твары, гукае да сябе лабарантку: «Зрабі, Кіра, чаю!» Кіра прыносіць чаю, прафесар робіць глыток і, не гледзячы ў змест білета, паварочваецца ў бок студэнта, якім апынаецца Слава Бука: «Дык кім вы хочаце быць?»

 

11 12 13 3nbhg766

Прафесар Магілёў. Фота з альбома А. А. і Н. А. Грэсяў.

 

— А я сяджу і думаю: скажы, што хочаш стаць акушэрам, дык будзе ганяць па ўсім акушэрстве. Сказаў, што люблю хірургію. Ён: «А што вы любіце ў хірургіі?» Я пачаў нешта адказваць, але ён перапыніў і спытаў, што мне падабаецца ў акушэрстве. Ну, тут я ведаў, што адказаць: усю першую лекцыю прафесар Магілёў прысвяціў жанчыне, распавядаючы, якая гэта кветка. «Кожны прыстойны мужчына, — кажу, — павінен любіць і паважаць акушэрства». «Дыплама-а-ат», — расцягвае прафесар Магілёў і дадае, што ўсім пра гэта раскажа. І, нічога больш не спытаўшы, ставіць пяцёрку.

 

Міхаіл Веніямінавіч тады не ведаў, а мы ведаем: Слава Бука — будучы прафесар Вячаслаў Бука, біяхімік і фармаколаг, лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і член некалькіх міжнародных навуковых таварыстваў…

 

А вось ідзе адказваць студэнтка, якая наўрад ці ўвогуле рыхтавалася, трапіўшы пад час сесіі ў раддом. «Як вы сябе адчуваеце? Як діцятка?» — задае прафесар Магілёў два пытанні, роўна як у білеце, і пасля адказаў на іх віншуе студэнтку Ларысу Петушкову, ставіць у залікоўку «5» і са словамі, што акушэрства яна здала на выдатна, дорыць ёй букет кветак.

 

Не мяркуйце па гэтых прыкладах, што вучыцца ім было лёгка. Вопытныя выкладчыкі бачаць, хто чаго варты. Магілёў жа наогул быў незвычайны. У Гродна прыехаў ажно з Благавешчанска, і хоць было яму трошкі за 60, апранаўся ён у лепшы традыцыях гродзенскіх хіпі.

 

— І аперыраваў вельмі цікава, — успамінае прафесар Бука. — Ніякага ўдзелу пальцаў — аднымі інструментамі працаваў. І ў студэнцкай аўдыторыі, і за аперацыйным сталом прафесар Магілёў нагадваў артыста: што ні рух, што ні жэст — віртуознае выкананне.

 

У інтэрнаце на Замкавай

 

Сняданку ў іх ці зусім не было, ці быў ён вельмі сціплы: шкляначка кіпеню з драбком цукру і лустачкай чорнага хлеба. Пакуль беглі цераз масток з аднаго корпуса ў другі, паспявалі схапіць піражок. З капустай або з павідлам. 

 

— Гэта было немагчыма смачна. Я тых піражкоў цэлую гару з’еў бы, але толькі два піражкі мог сабе дазволіць, — гаворыць Аркаша, як па-сяброўску называлі яго тады аднакурснікі.

 

Сёння Аркадзь Грэсь — доктар медыцынскіх навук, вядомы прафесар-уролаг. Распавядаючы пра студэнцкі побыт, ён згадвае гульню, у якую яны гулялі ў сталоўцы, пакуль чакалі чаргі. Раз-два-тры-чатыры-пяць — і хто пасля гэтай лічылачкі застанецца, таму будуць належаць луста хлеба і ўся гарчыца са століка, намазаная на яе тоўстым слоем.

 

— За гарчыцу і хлеб не плацілі, яны былі на сталах увесь час. Скончацца — зноў прынясуць. Вячэру стараліся гатаваць
самі, у інтэрнаце. Хто першы прыбег, той займае пліту і патэльню, а іншыя мусяць чакаць. Бульба смажаная або вараная з салам ды яшчэ калі цыбулькі дадаць — царская ежа. А калі нехта з дому прывёз салёненькія агурочкі!
М-м-м, смаката!

 

Добра ішоў чорны хлеб з салам. А сала, хто б яго ні прывёз ці каму б яго ні прыслалі, адразу абагульнялася — рабілася «усіхнім». Сетку з ім вешалі за акно. За кожным акном інтэрната на Замкавай, 5 у халодную пару года віселі такія сеткі-хала-дзільнікі. Сініцы ў студэнтаў сала не кралі.

 

11 12 13 5bhgyy776xd

У інтэрнаце на Замкавай. Слава Бука. Фота з альбома В. Букі.

 

«На старэйшых курсах харчаваліся ўжо лепш, — гаворыць прафесар Бука. — На пятым курсе мы брыгадай разгружалі мінеральныя воды для аптэчнага склада. Тады я разбіраўся ў мінводах як ніколі. І гэта пасля прыдалося на нейкім заліку або экзамене».

 

А інтэрнат… Адно слова: Замкавая. Раней будынак быў нечым палацам, але інтэрнат з яго выдарыўся прымітыўны. Паверх дзявочы, паверх мужчынскі. У пакоях, у залежнасці ад памераў, жылі па 4, 6, 8 і 10 чалавек. У кожным пакоі печка, якую дзяжурнаму трэба паспець распаліць, пакуль іншыя не вярнуліся з лекцый. Для гэтага ў двары інтэрната ўсё ёсць: і торф, і вугаль, і вёдры, і дровы, і калода, каб іх пасекчы, і «вострая» сякера…

 

Камендантам інтэрната быў былы старшына. Неверагодна добры, ён ставіўся да студэнтаў, як бацька да сыноў і дачок.

 

11 12 13 4bvgh633dg

У калгасе на бульбе. Фота з альбома В. Букі.

 

Дацэнт Малёнак і альдэгіды

 

Вучыць арганічную хімію па падручніку — складана і сумна. «Падручнікі можаце не разгортваць», — сказаў на першай лекцыі Мікалай Мітрафанавіч Малёнак, які прыязджаў у Гродна з Мінскага медінстытута, дзе яшчэ ў 1940 годзе стаў загадваць кафедрай арганічнай хіміі. Маленькі, трохі згорблены, знешне нічым не прыкметны, ён захопліваў іншым: яго манера выкладання была такая, што падручнік сапраўды можно было не чытаць.

 

«Ну вось літаральна пару слоў пра гэтыя альдэгіды!» — прамаўляў ён нараспеў — і пара слоў вылівалася ў досыць аб’ёмнае і ледзь не мастацкае апавяданне. У той самы час на дошцы з’яўляліся формулы, запісаныя такой выключнай каліграфіяй, што не запомніць гэта вязьмо было нельга. «Гэта трэба ведаць», — падкрэсліваў ён інтанацыяй — і студэнты старанна рабілі падкрэсліванні ў канспектах.

 

— Мы ўсе сядзелі як зачараваныя — ні стуку, ні груку, ні шэпту, — успамінае прафесар Грэсь.

 

Расказваючы пра дацэнта Малёнка, ён не прамінае згадаць і іншага хіміка, дацэнта Бандарына.

 

— Легендарная асоба! Ён выхаваў 20 дактароў навук і баюся сказаць колькі, недзе каля 30, кандыдатаў. У яго на кафедры працаваў асістэнтам будучы міністр аховы здароўя Уладзімір Улашчык, яго аспірантам быў будучы вядомы гематолаг Яўген Іваноў.

 

«Бандарын быў эстэт. Я не ведаю, дзе ў той час шылі такія касцюмы, у якіх ён прыходзіў на лекцыі. Кашуля ў яго была белым-белая, гальштукі ўсе на падбор, туфлі блішчалі. Ён ха-дзіў па аўдыторыі як па сцэне. Калі бачыў, што нехта апусціў галаву, падыходзіў: «Не спіш? Малайчына». Мы яго вельмі любілі».

 

Апошні прыклад ілюструе адну з праяў патрабавальнасці — рысы чалавека, які дакладна ведае, якім павінен быць ідэал, і не толькі сам да яго імкнецца, але і ўпарта схіляе на гэты шлях кожнага больш ці менш здольнага. З такім выкладчыкам не мог не прабудзіцца хімічны геній непераўзыдзенай зоркі гродзенскай медыцыны Юрыя Астроўскага.

 

Як без яго?

 

Ён вучыўся ў Бандарына ў Мінску, а потым яны сустрэліся ў Гродне, калі Астроўскага з кафедры біяхіміі ў Віцебскім медінстытуце запрасілі ўзначаліць у Гродне такую самую кафедру. І пачалося. Цяпер у каго ні спытай пра мінулае ГрДМУ, прозвішча Астроўскага зляціць з кожных вуснаў.

 

— У Гродне Астроўскі пачаў праяўляць свае звышздольнасці быць адначасова арганізатарам, вучоным і чалавекам, які ўмее запальваць у іншых іскры і весці ўслед за сабой, —  гаворыць прафесар Уладзімір Лялевіч, цяперашні загадчык той самай кафедры, якую арганізаваў будучы акадэмік Астроўскі.

 

Прафесар Лялевіч называе яе асаблівай. І справядліва: кафедра стала падмуркам, на якім быў неўзабаве ўзведзены — у Гродне, а не ў сталіцы — Інстытут біяхіміі Акадэміі навук БССР. Ужо ў 1966 годзе Астроўскі стаў прафесарам, а да Гродна з усіх куткоў СССР пралеглі шляхі ўдзельнікаў усесаюзных сімпозіумаў па вітаміналогіі. У межах інстытуцкай ЦНІЛ ён спачатку стварае праблемную вітаміналагічную лабараторыю, тая неўзабаве перарастае ў аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў Акадэміі навук БССР, а ён, актыўна набіраючы супрацоўнікаў і пашыраючы тэматыку навуковых даследаванняў, ператвараецца ні многа ні мала ў Інстытут біяхіміі.

 

— Кафедра біяхіміі і асабіста Астроўскі з’явіліся пачынальнікамі і правобразамі акадэмічнай навуковай установы ў нашым горадзе, —  падводзіць рысу пад гісторыяй кафедры прафесар Уладзімір Лялевіч.

 

Трэба яшчэ дадаць, што Астроўскі быў звышабаяльным, меў неверагоднае пачуццё гумару, а ў навуковы гурток да яго імкнуліся запісацца ўсе.

 

— Потым некаторыя паступова адсейваліся, заставаліся самыя зацікаўленыя, — канстатуе прафесар Бука.

 

Увогуле, вось вам бадай самы прыгожы доказ таго, што 65 гадоў для кафедры біяхіміі — гэта як пазаўчора: прафесар Лялевіч трэці яе загадчык — ад легендарнага Астроўскага на гэтай пасадзе яго аддзяляе толькі прафесар Лукашык. Таксама легенда.

 

11 12 13 1hbvgf66

Вось яны, першыя, на сваім першым курсе. Відаць, нейкі сход. Фота з альбома В. Букі.

 

Расказвае прафесар Лукашык

 

Выпускнік Пінскага медвучылішча, Мікалай Лукашык так праявіў сябе ў час вучобы ў Віцебскім медінстытуце, што на размеркаванні прадстаўнік міністэрства на яго бадзёрыя словы: паеду, маўляў, куды скажаце, абы працаваць хірургам, — паведаміў ашаламляльнае: «Бачыце, як ён добра гаворыць. А ў міністэрстве яго кандыдатура абмеркавана і адобрана для накіравання ў Гродзенскі медінстытут».

 

Стаяў 1959-ы, першакурснікі нованароджанага інстытута (гэта іх слоўка, першых: не адзін у парыве пяшчоты да ўласнага студэнцкага юнацтва параўнаў інстытут, у які прыйшоў, з немаўляткам) рыхтаваліся перайсці на другі курс, дзе ў праграме была біяхімія, і ўжо прызначанаму Астроўскаму патрэбна была каманда. Рэктар напісаў хадатайніцтва на імя міністра Інсарава, каб здольнага віцебскага выпускніка накіравалі да іх асістэнтам-стажорам. Тэлеграму ад будучага шэфа Лукашык атрымаў 15 чэрвеня і адразу паехаў у Гродна, каб рыхтавацца вучыць іншых. Узяў з сабой два чамаданы кніг.

 

— І нічога больш. Мама толькі дала, што пасцяліць і чым накрыцца, каб спаць, — успамінае прафесар Лукашык.

 

Прыехаў у голыя сцены.

 

Астроўскі ўзяў адпачынак, а гэты малады асістэнт завіхаўся, здабываючы неабходнае, каб яшчэ да верасня прынесці карысць. У яго, як ён кажа, толькі ў адным была перавага: ён любіў працаваць больш, чым іншыя. Хлопчыка з вёскі ў Іванаўскім раёне гэтаму навучыла дзяцінства. Яму было сем гадоў, калі бацька, седзячы за вячэрай недзе ў пачатку красавіка, раптам кажа: «Трэба табе, Коля, ісці працаваць». Трэба — значыць трэба. Пайшоў. Сваё пастухоўства ён памятае і па сёння.

 

— Яно для мяне святое. Ні на адзін дзень я не сышоў на пашу, каб у торбачцы разам з кавалкам хлеба і бутэлькай малака не было адной ці дзвюх кніг. Некаторыя кнігі перачытваў па некалькі разоў, бо ўсё ў ізбе-чытальні было ўжо прачытана. Па новыя кнігі ехаў, пазычыўшы веласіпед, у Іванава, за 22 кіламетры.

 

У сваіх першых студэнтах упарты перфекцыяніст бачыў адлюстраванне сябе.

 

«У гэтай моладзі было асаблівае імкненне працаваць. Студэнты прыходзілі а 8-й на заняткі, якія канчаліся а 16-й, і потым а 18-й вярталіся на кафедры і ўжо ледзь не да поўначы працягвалі працаваць разам з маладымі асістэнтамі. Яны групіраваліся ў вялізныя студэнцкія гурткі, з якіх выходзілі новыя супрацоўнікі кафедр. Цяпер гэта вядомыя ў нашай краіне людзі».

 

— З першых выпускаў магу назваць прафесара-біяхіміка, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Андрэя Майсяёнка, прафесара-неўрапатолага, заслужанага дзеяча навукі Якава Гардзеева, вядомага анестэзіёлага-рэаніматолага, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Івана Кануса, Аркадзя і Ніку Грэсяў, Вячаслава Буку… Магу пералічваць доўга.  Інстытут стаў кузняй кадраў не толькі для практычнай медыцыны, — сцвярджае прафесар Лукашык.

 

— Значная частка першага выпуску пайшла ў навуку, — пацвярджае прафесар Бука. — З адной толькі нашай пятай групы, сфарміраванай на пятым курсе, а на апошнім раздзеленай, выйшлі шэсць або сем дактароў навук.

 

Сакрэт такога поспеху прафесар Лукашык бачыць у тым, што ніводная кафедра ад самага пачатку не складалася з выпадковых людзей — кожны быў старанна падабраны.

 

Каб «навучыцца вучыць», сам Мікалай Лукашык у вольны ад працы час хадзіў у педінстытут слухаць лекцыі па псіхалогіі, педагогіцы і дыдактыцы.

 

Вучыцца чытаць арганізм

 

У той самы час наладжвала сваю працу яшчэ адна кафедра-старажыл — кафедра нармальнай фізіялогіі. Ну як, нармальнай… Калі цяперашні яе загадчык, прафесар Віктар Зінчук чытае студэнтам уводную лекцыю, ён гаворыць даслоўна так:

 

— Вы вывучаеце анатомію — асвойваеце макраазбуку, гісталогію — мікраазбуку, біяхімію — малекулярную азбуку, а калі трапляеце да нас, то пачынаеце вучыць ужо не азбуку — вы пачынаеце вучыцца чытаць жывы арганізм. Вы можаце чытаць у ім цэлыя сказы і нават абзацы, а самыя здольныя, самыя матываваныя будуць чытаць старонкі.

 

Пра што яшчэ распавядае прафесар Зінчук на першай лекцыі? Пра гісторыю кафедры. Яна пачалася загадам аб залічэнні ў штат першага супрацоўніка, якім стаў дацэнт Ігар Жмакін. Другім залічаным супрацоўнікам стаў заснавальнік тэорыі перыферыйных сэрцаў прафесар Арынчын. Хто з біёлагаў не ведае гэта прозвішча? Мікалай Іванавіч Арынчын у гісторыі ГрДМУ толькі ў штат другім трапіў, у астатнім ён паўсюль першы.

 

— Першы загадчык кафедры, першы прарэктар па навуковай рабоце, першы супрацоўнік інстытута, у каго выйшла манаграфія, першы, хто правёў навуковы форум. Гэта быў сімпозіум па пытаннях кровазвароту. Канцэпцыя перыферыйных сэрцаў нараджалася тут, у гэтых сценах, — гаворыць прафесар Зінчук. — Я расказваю студэнтам і пра Міхаіла Уладзіміравіча Барысюка, які стварыў навуковую школу па фізіялогіі дыхання. Яго канцэпцыя функцыянальнай сістэмы транспарту кісларода паспяхова развіваецца намі як тэарэтыкамі ў кааперацыі з клініцыстамі ўсіх спецыяльнасцей.

 

— Фізіёлаг Міша Барысюк быў таксама з нашага выпуску, — сказаў Вячаслаў Бука. — Ён першым з нас абараніў і кандыдацкую, і доктарскую дысертацыю.

 

А паталагічную фізіялогію выкладаў першы рэктар Леанард Феліксавіч Супрон.

 

— Велічыня, — гаворыць пра яго доктар Грэсь. — За вочы мы звалі яго Леафас.

 

Гэта з-за даследавання сродка пад назваю леафас, прызначанага для прафілактыкі і лячэння вострай прамянёвай хваробы.

 

Леафас, Леанард Феліксавіч, меў круты нораў і трымаў выкладчыкаў і студэнтаў у строгасці. Дзе яны маглі расслабіцца, дык гэта на студэнцкіх навуковых канферэнцыях, на якія выязджалі пераважна ў Прыбалтыку. Ехалі на старэнькім аўтобусіку. Той рыпеў і дыміў, але ж ехаў. Затое які досвед можна было атрымаць! Да прыкладу, у Тарту, у легендарным Дэрпцкім універсітэце, іх пасялілі ў пакоі, дзе жыў, калі там вучыўся, сам Мікалай Пірагоў. Пакой невялічкі і прахадны, але з яго вядзе вузкая лесвічка на гарышча — месца пакарання студэнтаў, якія правінаваціліся. А яшчэ яны ў Тарту першы раз убачылі твіст.

 

— У Гродне танцавалі не вельмі, — гаворыць Аркадзь Грэсь, — лепей сказаць тапталіся. І калі б мы, вярнуўшыся ў alma mater, пачалі танцаваць твіст, клопату б не абабраліся. Хто з нас меў доўгія валасы, той каля дэканата стараўся рабіцца нябачным. Бо дэкан Кірылюк мог спытаць: «Гэта што?» На адказ «прычоска» ішло кароткае «пастрыгчыся». 

 

На пытанне пра «самае страшнае» прафесар Бука згадвае агульную біялогію.

 

— Гэта на першым курсе. Вядзе Васіль Сямёнавіч Нікіцін, суровы загадчык кафедры. Расказвае пра ўсё, пачынаючы ад прасцейшых. Няма ў праграме толькі генетыкі, бо яна, як вучыць нас Васіль Сямёнавіч, — «прадажная дзеўка».

 

Страшнай дысцыплінай была фармакалогія. Але яе выкладаў Міхаіл Васільевіч Караблёў, і гэтым усё сказана. Цяпер кафедра фармакалогіі носіць яго імя.

 

«Караблёў быў імпазантны, — гаворыць прафесар Грэсь. — У калідоры вітаўся: «Добры дзень, доктар Грэсь!», «Добры дзень, доктар Бука!» Добразычлівы і прынцыповы, з афіцэрскай выпраўкай і выдатна пастаўленай мовай».

 

Прапедэўтыка і Гагарын

 

Урач-педыятр Ніка Грэсь, дацэнт, кандыдат медыцынскіх навук, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-даследчай лабараторыі БелМАПА, расказала пра дзень, які для ўсіх стаў самым шчаслівым. Гэта здарылася на трэцім курсе. У той дзень лекцыю па прапедэўтыцы ўнутраных захворванняў чытаў прафесар Шварц з Ленінграда.

 

— Ну як з Ленінграда, — сказаў пра Шварца прафесар Ілля Гельберг, які таксама распавёў сёе-тое пра той першы час, у які і яму, прыехаўшы ў Гродна з Кіргізіі, давялося павыкладаць. — Асабіста я здаваў Мікалаю Іллічу Шварцу экзамен у Фрунзе. У 1951 годзе ён быў яшчэ малады 62-гадовы прафесар, які на трэці паверх чытаць лекцыю забягаў праз прыступку, каб паказаць, які ён здаровы. Казаў: «Я мужик вологодской». 

 

Дык вось гэты прафесар Шварц, вясёлы выкладчык нуднай навукі прапедэўтыкі, мала што вельмі цікава яе выкладаў — менавіта яму выпала роля абвясціць гэтым першым пра першага чалавека ў космасе.
12 красавіка 1961 года ён паўстае перад вачыма студэнтаў на перапынку і абвяшчае: «Паляцеў у космас чалавек».

 

— Што тварылася! Перадаць нельга! — расказвае Ніка Грэсь. — Мы ўсе і плакалі, і смяяліся, і крычалі, і пляскалі ў далоні, а ён пры ўсёй сваёй важнасці, імпазантнасці — адно слова: ленінградскі прафесар — з намі разам і крычаў, і пляскаў у далоні, і другой паловы лекцыі, натуральна, ужо не было.

 

— Ён сябе заўсёды ўмеў паставіць вельмі годна, і мы яго нават пабойваліся, хаця ён быў добры, — дадае Аркадзь Грэсь. — Яго знешнасць выклікала жаданне выструніцца і слухаць у два вухі. І вось ад яго мы пачулі пра такую падзею, і радасць ад яе ён з намі дзяліў па-дзіцячы. Гэта быў яркі, неверагодны дзень. І сонца свяціла ярка, і думаць пра Гагарына, які ляціць недзе ў космасе, таксама было нечым неверагодным. А потым ён нас адпусціў. Мы кінуліся на вуліцу, а вуліца ўся ўжо была запоўнена — людзьмі, захапленнем, песнямі, радасцю…

 

Як на lamina cribrosa пасяліўся crista galli

 

— На гэтым фота злева — прафесар Армен Мікалаевіч Габузаў, загадчык кафедры нармальнай анатоміі, — распавядае пра свой альбом прафесар Вячаслаў Бука. — Фота пастановачнае: на нашым курсе Габузаў не выкладаў.

 

Першую лекцыю па анатоміі ў першы ж дзень, 15 кастрычніка 1958 года, прачытаў ім акадэмік Давід Маісеевіч Голуб. Таксама ж знакава! А далей выкладалі дацэнты: Уладзімір Леўчанка, Рамуальд Лойка, Ілля Новікаў.

 

— У анатоміі самае складанае — нервовая і кравяносная сістэмы, — гаворыць прафесар Аркадзь Грэсь. — І галаўны мозг. Косці і мышцы ў параўнанні з імі семачкі. Іншая рэч — косці чэрапа: у іх столькі адтулін і столькі ўсяго праз іх пралягае… Гэта сур’ёзна. А пры ўсёй гэтай складанасці і сур’ёзнасці выкладчыкі анатоміі былі ў нас ці не самыя любімыя. Лойка і Новікаў — дабракі. Патрабавальныя, але не зануды. Яны нас як ніхто разумелі. А каб нам было лёгка запомніць, давалі нам мнематэхнікі: «Як на lamina cribrosa пасяліўся crista galli, перад ёй foramen caecum, ззаду os sphenoidale…»

 

За асабістыя знаёмствы з героямі публікацыі аўтар выказвае вялікую падзяку А. Г. Майсяёнку і В. У. Буку.