Іван Бегер (злева) на аперацыі. Фота з архіва Т. Зіматкінай.

Гэта былі шчаслівыя акуляры. Ён у іх столькі аперацый зрабіў! Як жа ён мог іх забыць? А ўсё буякі, хай іх чорт. Не быў бы матэрыялістам, сказаў бы, што звёў Балотнік. А вось як звёў, так няхай і направіць!.. Жарты жартамі, але доктар Бегер, якога сямейнікі насілу адгаварылі ад вяртання на балота, толькі ўсыпіў іх пільнасць, а сам назаўтра, ледзь развіднела, даўся-такі згубу шукаць.

 

Шчаслівыя акуляры

 

Вось тут ён спыніўся, убачыўшы зарасці балотных буякоў. Шызыя ягады, буйныя, як вішні, вабілі і спакушалі. Іван Георгіевіч скінуў з пляча дубальтоўку, зняў паляўнічы рукзак, у якім ляжала здабыча, і прыпаў на калена — паласавацца саківітымі бобкамі. «Дурнічкі-дурнічкі, гарлачык невялічкі, сыпцеся роўна, тады будзе поўна», — закруцілася ў галаве, перакручваючы сунічкі на дурнічкі. А гарлачыка і няма. Няма куды сыпаць. І рукзак заняты. Застаецца хіба зняць кашулю ды назбіраць у яе. Так і зрабіў Іван Георгіевіч. Зняў кашулю, дастаўшы з яе кішэні акуляры і паклаўшы на бліжэйшую купіну. Ягад многа, ён з гэтага месца не сыдзе, акуляры няхай паляжаць. І так захапіўся зборам ягад, што на акуляры забыўся. А яны вельмі важныя, без іх яму на працы ніяк. Гэта і прымусіла доктара Бегера ісці на балота з самага ранку. Прабадзяўся да абеду, шукаючы, але знайшоў.

 

— Як ён здолеў знайсці іх на тым балоце, для ўсіх засталося загадкай, — успамінае дачка доктара Бегера Тамара Зіматкіна, дацэнт ГрДМУ. — Верагодна, яму дапамагалі доўгія гады працы ў хірургіі, дзе трэба пралічваць кожны рух, і фатаграфічная памяць.

 

Ваўкавыскі Дон-Кіхот

 

Невядома чаму, але пры знаёмстве з жыццём Івана Бегера захацелася пераглядзець кінакарціну «Дзеці Дон-Кіхота». Так шмат агульнага ў філасофіях нашых герояў — майго сапраўднага і кінематаграфічнага папанаўскага. А вось гэты эпізод: «Вы хочаце, каб у вашым ложку нараніцу выяўляліся белыя мышы, вожыкі ды іншыя паўзуны?» — паўтораны амаль літаральна. У кватэры доктара Бегера на трэцім паверсе ваўкавыскай шматпавярхоўкі ўвесь час аднекуль з’яўлялася розная жыўнасць: то два жоўценькія браты-кураняты, якіх унукі ўгаварылі купіць, угледзеўшы на рынку, то качаня, якое яны разам з дзядулем уратавалі з каціных кіпцяў, то калматы чорна-белы сабачка, якога проста па дарозе на лецішча падабралі. Іван Георгіевіч быў увасабленнем бескарыслівай дабрыні і ахвярнай любові да ўсіх і ўсяго на свеце.

 

І тое, што ён стаў урачом, зусім не дзіўна. Гэта вельмі верагодны шлях для хлопчыка, які, па-першае, нарадзіўся ў Вялікай Кракотцы пад Слонімам. Уладзімір Караткевіч назваў яго вёску слонімскай Швейцарыяй. Класікаў упікаць нядобра, але маленькімі Швейцарыямі засланая ўся Беларусь. Радзіма Івана Бегера з яе Свята-Зосіма-Саваціеўскім Вяліка-Кракоцкім мужчынскім манастыром хутчэй падабенства Святой зямлі, да стварэння якой, і гэта па-другое, продкі Івана Бегера мелі непасрэднае дачыненне. У 1884 годзе тут быў узведзены мураваны храм са званіцай, які стаіць і сёння.

 

Будавалі, як пішуць даведнікі, мясцовыя пасяленцы. Даведнікі імёнаў не называюць, але гэтымі пасяленцамі, майстрамі-мулярамі былі дзед Івана і яго родны брат. І дом, у якім у 1927 годзе 25 студзеня нарадзіўся Іван, цяпер належыць манастыру, і гэта па-трэцяе. Там, дзе маці люляла маленькага Ясіка ў калысцы, з любоўю зробленай бацькам, дзе Ганна Міхайлаўна і Георгій Фаміч радаваліся першым крокам свайго дзіцяці і яго першым поспехам, цяпер жывуць паломнікі, якія, як прадпісвае манастырская памятка, пасяляюцца тут «для ўдзелу ў богаслужэннях і нясення послуху, а не для адпачынку і забаў».

 

Некалі адсюль хлопчык Ясік штораніцы крочыў на свой першы «послух» — у мясцовую школку. Скончыў яе, сямігадовую, і падаўся давучвацца ў Слонім. Там вучобу перапыніла вайна, і толькі 1947-м ужо дваццацігадовым маладым чалавекам Іван атрымаў атэстат, з якім паступіў на доктара ў Віцебскі медінстытут. Урачэбнага вопыту набіраўся пасля ў Міёрах і Маладзечне, а прайшоўшы ардынатуру ў Мінску, прыехаў хірургам у Ваўкавыск. Каб стаць тым, кім стане, ён стажыраваўся ў ваенна-медыцынскай акадэміі ў Ленінградзе.

 

Дачка прыводзіць справаздачныя звесткі за 1984–1988 гады: Іванам Бегерам праведзена 586 аперацый рознай складанасці — і на канечнасцях, і ў брушной поласці, і ў грудной клетцы. Ведама, раённы хірург.

 

— У таты была першая група крыві, таму і кроў ён рэгулярна здаваў, быў ганаровым донарам СССР, — дадае Тамара Зіматкіна.

 

Але гэта не донкіхоцтва. Донкіхоцтва — гэта паехаць у 1986 годзе ў Чарнобыль і адпрацаваць там, аказваючы медыцынскую дапамогу ліквідатарам аварыі, не адзін тэрмін. Па ўласнай волі — бо маладыя хірургі, якія павінны былі прыехаць яму на змену, маглі потым не мець дзяцей. Ён, бацька дзвюх дочак і сына, дзед чатырох унукаў, не мог паступіць іначай.

 

Летась у верасні

 

Ваўкавыская ЦРБ у верасні адзначала 85-годдзе. Як, зрэшты, іншыя раённыя бальніцы заходняй часткі Беларусі, якія вядуць сваю гісторыю ад восені 1939-га, калі «на той бок», праз былую мяжу, з асаблівай місіяй накіраваліся санітарна-эпідэмічныя, аўтахірургічныя і іншыя спецыяльна створаныя атрады, арганізаваныя наркамздравам, «узброеныя» студэнтамі-валанцёрамі і вопытнымі медыцынскімі кадрамі, пакліканымі павесткамі з ваенкаматаў і ўласнымі палымянымі сэрцамі.

 

З нагоды названай даты ў бальніцы адкрылі музей гісторыі медыцыны раёна, паказаўшы нашчадкам, якая гэта важная справа — захоўваць памяць пра слаўных продкаў. Словы «нашчадкі» і «продкі» ўжытыя тут, зразумела, у пераносным значэнні — датычна медыцынскіх прафесій. Але і ў прамым таксама: на святкаванні юбілею бальніцы, яскравымі эпізодамі якога стала ўрачыстае адкрыццё не толькі музея, але і памятнага каменя, прысутнічалі спецыяльна запрошаныя дзеці і ўнукі тых, хто з’яўляўся арганізатарам і стваральнікам медыцынскіх служб горада і раёна — ад супрацьтуберкулёзнай і неўралагічнай да хірургічнай і педыятрычнай. Іх прысутнасць надала афіцыйнаму мерапрыемству сямейнай утульнасці і цеплыні. Таму і экскурсія ў музей, бадай што першая ў яго гісторыі, аказалася неверагодна кранальнай. Быццам вялікая сям’я пасля доўгіх гадоў разлукі шчасліва сабралася ў бацькоўскім доме. Знялі са старой этажэркі аздоблены плюшам альбом і селі разглядаць фотакартачкі.

 

Вось, да прыкладу, цікавы кадр. Пачатак 1960-х, галоўны ўрач Мікалай Кірыльчык кіруе ператварэннем у бальнічны гарадок былой пагранічнай базы: адміністрацыя асталявалася ў штабе, у спартыўным зале аселі неўролагі, а дзе было сховішча зброі, там размясціўся радзільны дом. Акушэрска-гінекалагічную службу ўзначальвае Ніна Аляксандраўна Бегер. Строгая. Прынцыповая. Нават суровая. Аўтарытэтная. І на працы, і дома. Як там у рускага класіка? «Они сошлись. Волна и камень, стихи и проза, лед и пламень».

 

— Характарам мама была поўнай процілегласцю таты, — гаворыць дачка. — Тата — сціплы інтэлігент і вялікі рамантык, мама — баявая, яркая, энергічная...

 

Іван і  Ніна

 

Deger3Ніна БегерПазнаёміліся яны ў Міёрах, куды яна прыехала працаваць пасля Мінскага медінстытута і куды ён трапіў па размеркаванні пасля заканчэння сваёй alma mater у Віцебску. За маскай строгасці хавалася дабрыня, ён гэта адразу ўбачыў. Аднойчы пачуў, як той самы голас, якім аддаюцца ўладныя распараджэнні, якія ніхто не пасмее не выканаць, спявае душэўныя, пяшчотныя песні. Разгледзеў пад непрыступнасцю патрэбу ў клопаце.

 

— Юнацтва мамы было трагічным, — расказвае Тамара Зіматкіна. — У вайну яна страціла спачатку бацькоў, а потым і першага мужа — ён загінуў у 1942-м у Мінску. Засталася адна з немаўляткам — маёй старэйшай сястрычкай, якой было толькі некалькі месяцаў.

 

Словы пра тое, як ёй было цяжка, лішнія. Пасля вызвалення Мінска Ніна паступіла ў медінстытут і выдатна вучылася. Яе рэкамендавалі ў аспірантуру, але мудры дырэктар (тады яшчэ рэктараў не было) прафесар Магілеўчык сказаў, што з маленькім дзіцем у разбураным Мінску яна без падтрымкі прападзе, што трэба ёй ехаць туды, дзе спрыяльныя ўмовы. «Вось, скажам, на Віцебшчыну, — прамовіў Захар Кузміч, павёўшы брывом уверх — быццам паказваючы на карце, што вісела за яго спінай, тую самую Віцебшчыну. — Там азёры, поўныя рыбы, і прырода супакаяльная, і людзі — такія душэўныя!» Ніна паслухалася парады і прыехала ў Міёры. Неўзабаве стала загадчыцай радзільнага адзялення. А тут Іван, малады хірург. Прапануе руку і сэрца. Ён ёй падабаецца, нават вельмі, але…

 

— Пасля некалькіх маміных адмоў тата рашыўся на яшчэ адзін крок: зрабіў прапанову ў дзень яе нараджэння, 1 мая, — расказвае Тамара Іванаўна. — А для гарантыі заручыўся падтрымкаю сябра-юрыста.

 

«Вашу згоду, Ніна, я магу тут жа дакументальна зафіксаваць», — прамовіў юрыст.

 

Дакумент аб рэгістрацыі іх шлюбу датуецца 3 мая, бо хоць і было каму распісаць іх, але афіцыйна 1 і 2 мая лічыліся непрацоўнымі ў сувязі з днём Інтэрнацыянала, як тады называлася свята, якое пазней назавуць Днём міжнароднай салідарнасці працоўных.

 

— Да канца жыцця мама і тата святкавалі дзве гэтыя даты, — гаворыць дачка. — А тата, дарма што сур’ёзны ўрач, хірург, двойчы танцаваў пад вокнамі мамінага радзільнага аддзялення: спачатку — калі нарадзілася я, а потым — у дзень нараджэння майго брата. Мама здолела зрабіць мужу самы каштоўны падарунак — нарадзіць яму сына 25 студзеня — у дзень яго нараджэння. Разам яны пражылі 54 гады.

 

Ніна Бегер спалучала ў сабе валявы характар і душэўнасць.

 

Рыцар сярэбранага скальпеля

 

«Тамара Іванаўна, там вашаму тату прысвечаны цэлы стэнд», — пачула Тамара Зіматкіна, калі з братам Аляксандрам, загадчыкам кабінета ультрагукавога даследавання Свіслацкай райбальніцы, ды іншымі гасцямі свята, дзецьмі калег іх бацькоў, пераступіла парог музея. 

 

— А я разгубілася, думаю: чаму ж менавіта тату? Аказалася, гэта стэнд, прысвечаны хірургіі. Для самай складанай і самай цікавай галіны медыцыны вылучылі найбольшы стэнд. І татаў партрэт на ім — самы вялікі ва ўсім музеі. Тата са стэнда загадкава ўсміхаецца, нагадвае мне «Мону Лізу», а экскурсавод, урач-педыятр Таццяна Кісель, ветэран працы, гаворыць: «А гэта наш бог хірургіі, сапраўдны рыцар сярэбранага скальпеля». У мяне слёзы стаялі ў вачах, калі пра яго расказвалі.

 

Пераказвалі ўспаміны сучаснікаў, якія апісвалі Івана Георгіевіча Бегера як «самага сціплага доктара», які «за ўсё жыццё не пакрыўдзіў ніводнага чалавека», а на аперацыях, калі рабілася мясцовая анестэзія, каб пацыент не баяўся, ладзіў свой «фірмовы манеўр» — пачынаў раптам расказваць нешта вельмі цікавае на гістарычную тэму і так адцягваў увагу ад сваіх дзеянняў і магчымага болю.

 

Прыгожых эпітэтаў не шкадавалі і іншым героям былых часоў. Медсястру Галіну Марусаву назвалі каралевай перавязак, урача Яніну Макавецкую — легендай педыятрыі. Але гэта не прыдуманае, не дзеля сцэнарыя. Усе гэтыя эпітэты браліся з іх жыцця: так пацыенты і называлі сваіх ратавальнікаў.

 

— Ведаеце, што мяне заўсёды ўражвае? — гаворыць Тамара Зіматкіна. — Калі мы прыязджаем у Ваўкавыск на магілу мамы і таты, заўсёды на ёй бачым кветкі і вельмі часта жывыя, толькі-толькі прынесеныя. А бывае, што застаем людзей, якія стаяць перад помнікам. Гэта іх пацыенты. Многіх тата аперыраваў па некалькі разоў, многім літаральна вярнуў жыццё… А на 25 студзеня, татаў дзень нараджэння, бачым утыркнутыя ў снег яловыя лапкі, упрыгожаныя навагоднімі цацкамі. Гараджане помняць і шануюць.

 

Тамара Іванаўна расказвае, як яе тата да апошніх дзён чытаў-перачытваў кнігі па хірургіі, на якія ніколі грошай не шкадаваў. Багата ілюстраваныя фаліянты ён выпісваў і з Венгрыі, і з Чэхаславакіі, і нават калі ўжо не працаваў, цэлымі гадзінамі сядзеў над старонкамі. Яна пыталася, навошта ён чытае тое, што добра ведае, а ён адказваў: «Гэта ж так цікава!»

 

— Так бясконца ён быў закаханы ў сваю хірургію…

 

Музей як сімвал еднасці

 

Галоўны ўрач Ваўкавыскай ЦРБ Алена Грыцкевіч, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, пераможца конкурсу «Жанчына года — 2019», восем гадоў кіруе калектывам, які ў гістарычнай рэтраспектыве налічвае два дзясяткі ўрачэбных дынастый. Ідэя не толькі адзначыць 85-годдзе, сабраўшы ўсе пакаленні, але і адкрыць музей (а гэтаму, зразумела, папярэднічала вялікая праца з людзьмі і архівамі, праца, за якую бяруцца з палымянымі сэрцамі), стала для яе і калег-аднадумцаў, нягледзячы на ўсе клопаты, святам напярэдадні свята.

 

— Адкрыць музей і арганізаваць такое свята было вырашана, каб паказаць пераемнасць і еднасць некалькіх пакаленняў, якія тут працуюць і працавалі, папулярызаваць высакародныя медыцынскія прафесіі і ўпісаць добрую славу Ваўкавыскай бальніцы ў гісторыю медыцыны краіны, — пераказвае галоўную ідэю падзеі Тамара Зіматкіна, чые бацькі мелі дачыненне да справы адукацыі і выхавання пакаленняў фельчараў і медыцынскіх сясцёр — яны шмат гадоў выкладалі ў Ваўкавыскім філіяле Слонімскага медвучылішча.

 

На свяце 85-гадовай і пры гэтым вельмі сучаснай бальніцы прысутнічалі дзеці і ўнукі пачынальнікаў-арганізатараў, самі ветэраны, чыя памяць захавала імёны, падзеі, даты, былыя галоўныя ўрачы. І ўсе былі такія прыгожыя, такія знешне і ўнутрана ўрачыстыя, святочна апранутыя, эмацыйна ўзрушаныя, памаладзелыя на тыя дзясяткі гадоў, якія прамінулі ад пачатку іх працы ў гэтай бальніцы, якая ўжо мае і новыя сцены, і новыя тэхналогіі. Некаторыя з ветэранаў ахвотна аддалі ў музей інструменты, якія назвалі «дагістарычнымі», бо імі карысталіся «сто год таму». Госці жыва дзяліліся ўспамінамі, усміхаліся адно аднаму, радаваліся як дзеці, калі бачылі свае фотаздымкі ў якасці экспанатаў...

 

Ivan Deger4