Доктар Вітольд Наркевіч-Ёдка.

Доктар Вітольд Наркевіч-Ёдка, знакаміты ў 19-м стагоддзі афтальмолаг, уладальнік маёнтка Бабоўня (цяпер вёска ў Капыльскім раёне), мемуараў па сабе не пакінуў.  Не было яму калі іх пісаць. Але вось што значыць відны чалавек: у гісторыі не страціўся,  ва ўспамінах сучаснікаў фігуруе то тут, то там. І ўсё ж складанне яго жыццяпісу з раскіданых там і сям звестак аказалася квэстам, які не так лёгка прайсці.

 

Блуканні ў лабірынце навук

 

Што першае ўводзіла ў зман? Калізіі прафесійнай адукацыі 19-га стагоддзя, калі медыцына спляталася з ветэрынарыяй у адно цэлае, на медыцынскіх факультэтах ствараліся ветэрынарныя падраздзяленні, а ветэрынарная справа падпарадкоўвалася Медыцынскаму дэпартаменту Міністэрства ўнутраных спраў. І вось, паводле аднаго сведчання, «Витольдъ Александровъ сынъ Наркевичъ Йодко, окончивъ полной курсъ въ Минской Губернской Гимназіи», са згоды дзядзькі, надворнага саветніка Фамы Наркевіча-Ёдкі, «отправился въ Дерптъ вступить въ Ветеринарную Школу и оставаться въ оной впредь до полученія ученой степени», а ў адпаведнасці з другімі згадкамі скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт і пасля абароны працы «Пра лімфатычныя парушэнні вока» атрымаў ступень доктара медыцыны. Якую выснову тут лёгка можна зрабіць?

 

Пры існаванні факта падпарадкаванасці ветэрынарнай справы медыцынскай галіне можна меркаваць, што Ветэрынарная школа ў Дэрпце была часткай тамтэйшага медыцынскага факультэта і пераход з ветэрынараў у медыкі адбыўся ў сценах нямецкамоўнай alma mater на эйн-цвэй-дрэй. Але памылкай было так лічыць, і гэтая памылка выкрылася падчас далейшага поркання ў мінулай эпосе, якое выявіла існаванне на час паступлення Ёдкі ў Дэрпт, а гэта верасень 1852 года, Ветэрынарнай школы як асобнай самастойнай навучальнай установы, прычым адкрытай літаральна нядаўна — за чатыры гады да таго. Цікава, што яе адкрыццё стала вынікам ліквідацыі Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, у складзе якой акурат існаваў ветэрынарны аддзел. Гэта была спадчына Жылібера, пераведзеная з Гродна ў Вільню, а Жылібер яшчэ ў Гродне вучыў сваіх архараўцаў адначасова і ветэрынарыі, і медыцыне. Цікава, што кнігі з бібліятэкі Віленскай акадэміі насуперак усялякай логіцы пераехалі ў Дэрпт не на медыцынскі факультэт універсітэта, а ў Ветэрынарную школу. Зрэшты, былі сярод іх і кнігі па ветэрынарыі.

 

Ветэрынарны інстытут у Дэрпце на старой паштоўцы.

 

Паводле неаспрэчнага меркавання

 

І вось юны Ёдка, добра адвучыўшыся ў Мінскай гімназіі, паступае з дазволу апекуна-дзядзькі на ветэрынарыю ў Дэрпт. Наступны дакумент, у якім ён «засвечваецца» ўсяго толькі праз два месяцы пасля паступлення, складаецца на імя куратара Дэрпцкай вучэбнай акругі генералам інфантэрыі. «Маю звярнуцца да Вашай Высокай Эксцэленцыі з просьбай аб адлічэнні навучэнца першага разраду Вітольда Ануфрыя Наркевіча-Ёдкі. Маю тым большую неабходнасць гэтага ў сувязі з тым, што пасля прамаўлення прысягі, у якой названы навучэнец запэўніваў, што хоча з усёй сур’ёзнасцю прысвяціць сябе вывучэнню ветэрынарнай справы, ён паказаў благі прыклад іншым навучэнцам праз ненаведванне лекцый і, прапусціўшы заняткі, не ў стане цяпер канечне вытрымаць экзамены за семестр.

 

У сувязі з гэтым, паводле майго неаспрэчнага меркавання, не павінна быць яму паблажкі, каб у будучыні ізноў падобныя людзі не імкнуліся паступаць на вучобу, абы пускаць час на іншыя патрэбы».

 

Адказ на гэты зварот генерал інфантэрыі дае на імя дырэктара школы. Запэўнівае ў сваёй згодзе на адлічэнне, загадвае выканаць прынятае рашэнне і праінфармаваць пра здарэнне паліцэйскае ўпраўленне, пакідаючы за паліцыяй права меркаваць, ці з’яўляецца дапушчальным далейшае знаходжанне Ёдкі ў горадзе.

 

Ну і за што так мог укляпацца былы прыкладны вучань мінскай гімназіі і будучы светач афтальмалогіі?

 

Пра прыроду студэнцкага бунту

 

Дэрпт не глухі закуток, але і не прытулак студэнцкай раздуранасці. У адзін час з Ёдкам там вучыліся многія вядомыя ў будучыні асобы. Пётр Бабарыкін, пісьменнік, драматург, журналіст, літкрытык, перакладчык і хросны бацька паняцця «інтэлігенцыя» (на новы лад: не як работнікі разумовай працы, а як прадстаўнікі «высокай разумовай і этычнай культуры»), у тых самых 1850-х перавёўся ў Дэрпт («больш культурны, чым усе павятовыя гарады», «яго можна было параўнаць з такімі, як Віцебск») з Казані, дзе вывучаў права, дзеля хіміі (сам Бутлераў яму гэта параіў) і медыцыны.

 

Дык ён піша, што за яго пяць гадоў у Дэрпце, гэтых «лівонскіх Афінах», не было «нічога такога»: і «мамзэляў» вадзілася вельмі мала, ды і тыя хіба што на ўскраінах, і «ніводнай папойкі з жаночым полам» («не так, як у Казані, дзе любімай формай маладзецкіх п’яных студэнцкіх натоўпаў лічылася граміць публічныя дамы»), што тут можна было, «прыпаўшы да крыніцы навукі, жыць танна і ціха» і што «такая строгасць не была вынікам знешняга ціску, а хутчэй існавала ў паветры і адпавядала настрою, з якім аддаешся культу чыстай навукі».

 

Але! Заўсёды ж ёсць «але». «Але існавалі саюзы, якія не прызнавалі нямецкіх уставаў». Бабарыкін мае на ўвазе так званыя канвенты, ці карпарацыі, у якія студэнты імкнуліся групіравацца паводле веравызнаня, мясцовасці, з якой прыехалі, спецыяльнасці, якую атрымліваюць, і розных іншых прыкмет.

 

Нямецкія ўставы ўсё ж тут ні пры чым. Паходжанне «энергіі бунту» вычарпальна тлумачыць аўтар свежай біяграфіі Леніна Леў Данілкін. Акурат на прыкладзе Казані і тлумачыць. «Мы цяпер кепска разумеем, у чым праблема тых маладых людзей, — піша Данілкін. — Яны што — не хацелі вучыцца? Хацелі, у тым і справа. Студэнты пратэставалі таму, што ў звычайным жыцці яны былі нармальнымі дарослымі мужчынамі — ім дазвалялася браць шлюб, камандаваць воінскімі падраздзяленнямі, але вось у сценах універсітэта яны аказваліся нібы дзецьмі, без правоў. Ім забаранялася ўсё: любыя формы арганізаванага таварыства — у якім многія мелі патрэбу проста таму, што гэта быў іх адзіны спосаб выжыць у гады вучобы».

 

Нелегальныя — бо забаронена ж — зямляцтвы былі пераважна клубамі па інтарэсах, з удзелам у якіх, безумоўна, лягчэй перажываюцца любыя нягоды, і «суб’ектамі падпольнай эканомікі» — бо «валодалі механізмамі здабывання сродкаў, найперш узносамі ў касу ўзаемадапамогі, а яшчэ прадугледжвалі напаўлегальныя мерапрыемствы накшталт вечароў танцаў, сапраўднай мэтай якіх таксама быў збор сродкаў» — і для тых, хто не змог бы без гэтых сродкаў працягваць вучобу, і для тых, хто ўжо мае канфлікт з уладамі на той самай глебе членства ў зямляцтве ці іншай якой «карпарацыі». Так і Ленін: пры паступленні ў Казанскі ўніверсітэт падпісаў паперку, што абяцае нікуды не ўступаць, — і першае, што зрабіў, — уступіў у самарска-сімбірскае зямляцтва.

 

Але калі ў Казані бунтавалі свістам, крыкамі, зрывам заняткаў і шпуляннем у спіны прафесараў мочаных яблыкаў, то ў Дэрпце такіх дыверсій не ладзілі. У Дэрпце такое было немагчыма.

 

Сам-насам з прафесарам і без усялякіх фармальнасцей

 

Мы не ведаем (пакуль што), якая прычына парушыць устаў была ў нашага юнага Ёдкі — чаму ён не наведваў заняткі літаральна ўжо з першых дзён і ажно так злосна, што яго тут жа выключылі са студэнтаў. Але трэба дзякаваць, што паліцыя не палічыла патрэбным прагнаць яго з Дэрпта.

 

Налета ён зноў паступае. Але цяпер ужо ва ўніверсітэт — «гонар Дэрпта», «паўночны Гейдэльберг» — на медфак. Тут ён знаходзіць тое, чаго патрабуе душа, настроеная на навукі.

 

Многіх, хто яму выкладае, апісаў не толькі Пётр Бабарыкін, але і Баляслаў Ліманоўскі, гісторык і публіцыст, які ў Дэрпце таксама вывучаў медыцыну. Ёдка, Бабарыкін і Ліманоўскі не былі аднакурснікамі, але двума-трыма гадамі вучобы супалі. І вось мы бачым прафесара фармакалогіі Рудольфа Бухгейма, які расказвае пра гісторыю медыцыны і яе навейшыя метады. Стваральнік новай фармакалогіі, як яго называлі за тое, што аддзяліў яе ад фармакагнозіі і фармацыі, аказваецца, мае кепскую дыкцыю. Горш гаворыць толькі Эрнст Рэйснер — «жудасна манатонна і дубінавата».

 

Але гэты Рэйснер выявіў, як развіваецца лабірынт унутранага вуха, і ў яго гонар названа некалькі анатамічных структур.

 

«Бліскучымі і прыемнымі лектарамі» былі фізіёлаг Бідэр («надзвычай вытанчаны», ён чытаў «асаблівым прыўзнятым, але мяккім тонам») і «таленавіты няўдачнік, спецыяліст па палеанталогіі» Асмус («вылучаўся дасціпнасцю і шырынёю паглядаў»).

 

А вось прафесар Перс Вальтэр. Бабарыкін назваў яго цудоўным акушэрам, у Ліманоўскага ён стары грубіян і на экзаменах дэспат, але  вельмі далікатна на «жаночым фантоме» вучыць «адчуваць палажэнне дзіцяці ў тазе жанчыны» і «аказваць патрэбную дапамогу пры родах».

 

Прафесар Гвіда Карлавіч Самсон фон Гімельштэрн — дэкан! — чытае судовую медыцыну і дазваляе ўдзельнічаць у даследаваннях жывых і нежывых па-шкоджаных цел, а намеснік прафесара Карл Руфус Вейрых давярае самастойна ацэньваць стан хворых у студэнцкай паліклініцы і выпісваць рэцэпты.

 

Гэтым студэнтам і праўда шанцуе. «У Казані студэнты не працавалі нідзе акрамя як у анатамічным тэатры, — параўноўвае Бабарыкін. — Пра фізіялагічны кабінет, вівісекцыі і дэманстрацыі на апаратах у час лекцый па фізіялогіі там і паняцця не мелі!

 

Прафесар Брэві паказваў казанцам працэс дзейнасці сэрца на сваёй насоўцы. Там тэрапію чытаў гамеапат, а фармакалогію запознены эскулап, які рэкамендаваў марэну супраць бледнай немачы!»

 

У клініках Дэрпта «пахла новымі павевамі ў медыцыне, чыталі privatissima па розных аддзелах тэорыі з практыкай, у той час як у Казані яшчэ не ўмелі прыстойна абыходзіцца з плесіметрам і ніхто не чытаў лекцыі пра «выстукванне» і «выслухванне» грудной поласці».

 

Экзамены таксама параўноўваюцца і даволі вобразна: з аднаго дэрпцкага іспыта можна было, піша Бабарыкін, «выкраіць» тузін казанскіх. Хімію ён здаваў цэлы дзень, «у два прыёмы, сам-насам з прафесарам і без усялякіх іншых фармальнасцей».

 

vcvcvfff

Паштоўка з выявай Дэрпцкага ўніверсітэта.

 

«Шкандалы» па-дэрпцку

 

Пра саюзы, якія не прызнавалі уставаў, Бабарыкін працягвае так: «Яны дабіліся гэтага не без барацьбы, і немцы іх пабойваліся ўжо таму, што ў выпадку дуэляў (па-дэрпцку «шкандалаў») яны выходзілі толькі на пісталетах, а не на нямецкіх эспадронах, якія мы няправільна звалі рапірамі». Падставы для дуэляў ён называе бязглуздымі і напалову камічнымі, аднак калі не мець пэўнай колькасці «шкандалаў», можна было страціць рэпутацыю.

 

Кажаце, што снарад у адну варонку двойчы не трапляе? Ну-ну…

 

Была тады ў Дэрпце адна прыгажунька, з танцорак. Ад яе шмат у каго кружылася галава. Дадайце да гэтага дэрпцкую моду ўсё вырашаць праз дуэлі… Ды на пісталетах… Ці кружылася галава ў Вітольда Наркевіча-Ёдкі, мы не ведаем. Пазней закружыла яму галаву фрэйліна імператарскага двара, якая трапіла да яго ў пацыенткі, бо мела праблемы са зрокам, дык, вылечыўшы яе, ён з ёй жаніўся, і стала яна гаспадыняй Бабоўні, маці чатырох дзетак, двое з якіх атрымалі імёны сваіх бацькоў: Вітольд і Марыя. А з-за той прыгажунькі-танцоркі, якую невядома як звалі, адбылася ў Дэрпце дуэль са смяротным вынікам, і з-за гэтай дуэлі, а дакладней, з-за супрацьстаяння выкладчыкаў і студэнтаў, выкліканага забаронай пахаваць ахвяру шумна-гучна, Ёдка наш змушаны быў Дэрпт пакінуць. Адкуль вядома? Расказаў Баляслаў Ліманоўскі. Сустрэў Ёдку ў Вроцлаве выпадкова. Увогуле Ліманоўскі і Ёдка па-за сценамі Дэрпта сустракаліся толькі двойчы: адзін раз тады ў Вроцлаве, другі ў Бабоўні, калі доктар ужо меў сям’ю. Ліманоўскі ўспамінае, як да яго выбег маленькі цікаўны хлопчык, старэйшы сынок Вітольдзік. Вырасце — стане рэвалюцыянерам.

 

Апісваючы вроцлаўскую сустрэчу, Ліманоўскі канкрэтна паведамляе, што прычынай ад’езду Ёдкі з Дэрпта была дуэль. У іншым месцы і дуэль апісвае, і пахаванне. Але пра ролю Ёдкі ў тых падзеях — ні слоўца…

 

Зрэшты, усё выправілася: Ёдка ў Дэрпт вярнуўся і давучыўся. Гэта непазбежны ход падзей для чалавека, настроенага на навуку.

 

Калі паверыць у казку

 

Пасля ўніверсітэта Вітольд Наркевіч-Ёдка два гады стажыраваўся па хваробах вачэй у Берліне, потым абараніў дысертацыю і заняў месца дацэнта ў Варшаўскай медыка-хірургічнай акадэміі. Выкладаў і ў іншых установах, працаваў у некалькіх клініках, сярод іх і афтальмалагічны інстытут, які пэўны час узначальваў. За трынаццаць гадоў працы там пры яго ўдзеле было прааперыравана дзевяць соцень пацыентаў з адной толькі катарактай, ад якой насельніцтва пакутавала, як ад эпідэміі. Але гэта толькі адна клініка.

 

А колькі людзей ён выратаваў ад слепаты, калі па стане здароўя пакінуў Варшаву і асеў у сваёй Бабоўні, перабудаваўшы сядзібны дом так, каб былі ў ім аперацыйная і перавязачныя, ператварыўшы многія мясцовыя хаты і хаткі ў бальнічныя домікі і палаты. Бо да яго ішлі і ішлі, ехалі і ехалі.

 

Пацыентаў сваіх доктар лячыў бясплатна, а дадому адпускаў толькі праз тыдзень пасля аперацыі, просячы яшчэ з тыдзень закрываць хворае вока ад празмернага дзённага святла «ядвабным чорным фартушком».

 

Якой павінна быць слава пра чалавека, наколькі моцнай — удзячнасць яму, каб праз 85 гадоў пасля яго смерці ў вёсцы, што разраслася вакол яго маёнтка, пра яго яшчэ гаварылі? Я жыла ў Бабоўні ў пачатку 1980-х і чула прыгожую легенду, нават казку, пра добрага доктара, які вяртаў лю-дзям зрок. У школе настаўнік пытаўся ў майго аднакласніка Ёдкі (забыла імя), што ён ведае пра сваё прозвішча. Настаўнік быў не з мясцовых, але цікавіўся. Вось і я зацікавілася легендай пра добрага доктара, якая аказалася не легендай… 

 

jjxbbvx6

Бальніца ў Бабоўні на месцы сядзібы Наркевічаў-Ёдкаў.

 

Цікавыя выпадкі і арыгінальныя хірургічныя рашэнні доктар Ёдка апісваў у манаграфіях. Чытаць іх можна як апавяданні. «Чароўны перыяд гісторыі аперыравання катаракты пачынаецца з казкі пра коз, якія, досыць часта маючы катаракту, пазбаўляліся ад гэтай хваробы, напорваючыся вачыма на вострыя сукі дзікіх дрэў. Пліній у гэту казку паверыў, Анціфол прысвяціў ёй эпіграму. Што такое лячэнне з’яўляецца фактам, які заслугоўвае веры, у тым сумнення няма, але якому з існуючых спосабаў лячэння тая байка дала пачатак?..»