Сяргей Аляксееў
Сяргей Аляксееў. Фота Таццяны Русаковіч, «МВ».

Мой суразмоўца Сяргей Аляксееў, загадчык кафедры агульнай хірургіі БДМУ, доктар мед. навук, прафесар, выкладчык і аўтар падручнікаў для студэнтаў, — наш сённяшні юбіляр. Гэта чалавек, які дзеліць сваё прафесійнае жыццё на розныя ўзроўні, вылучаючы ў кожным з іх людзей і падзеі, што падштурхнулі да новага вітка ў развіцці і станаўленні. Да сваёй вышыні яшчэ трэба было дайсці. І малады спецыяліст мінчанін Сяргей па ўласным жаданні пасля заканчэння інтэрнатуры па хірургіі паехаў працаваць у Буда-Кашалёўскую ЦРБ.

 

Сяргей Аляксеевіч, што паспрыяла такому рашэнню?

 

Гэта былі 1987–1989-я — паслячарнобыльскія гады. У насельніцтва і ўрачоў быў трывожны стан, многія з’язджалі ў іншыя краіны СССР. Калі я прыехаў, у ЦРБ было занята толькі тры стаўкі з адзінаццаці. Мы жартавалі, што тры з паловай, бо начмед таксама сумяшчаў працу хірурга ў гэтай бальніцы. У той час у раёне жыло больш за 68 тысяч чалавек.

 

Было даволі вялікае хірургічнае аддзяленне на 80 коек: змешаная, экстранная, планавая хірургія, яшчэ і траўматалагічныя койкі. Пэўны час у быльніцы працаваў нават уролаг. Працы было шмат, давялося лячыць і дзяцей. Адчувалася вялікая адказнасць, асабліва калі патрэбна была экстранная аперацыя. Памятаю выпадак з прыкладна двухгадовым дзіцёнкам. Мы тады сумняваліся наконт дыягназа. Я выклікаў загадчыка аддзялення, каб пацвердзіў, ці апендыцыт гэта. Бо прымаць рашэнні, датычныя дзяцей, — вельмі адказна.

 

У Буда-Кашалёва давялося асвоіць і траўматалогію, бо з траўмамі звярталася да 30 % ад колькасці ўсіх пацярпелых. Была і экстранная хірургія, і цяжкія пацыенты з апёкамі, остэаміелітамі, захворваннямі прамой кішкі, са стомамі. Праца была сапраўды цікавая. У прафесійным плане, канечне, многаму навучыўся, набіў руку. Давялося таксама вырашаць розныя жыццёвыя калізіі. Дапамагала старэйшая медыцынская сястра аддзялення Любоў Гудкова. Падказвала, як выбудоўваць камунікацыю з пацыентамі і калегамі, дзялілася жыццёвай мудрасцю. Гэта была тая школа жыцця, якую неабходна было прайсці.

 

Раскажыце пра сваю тагачасную працоўную нагрузку...

 

З улікам траўматалогіі за год выконвалі больш за 2 000 аперацый — і самастойных, і асістэнцый. А дэструктыўны апендыцыт даводзілася аперыраваць і ў адзіночку. Шэраг траўм — з урачом-анестэзіёлагам Іванам Астапевічам, які пасля дачы наркозу мог праасісціраваць пры выкананні некаторых лапаратамій. Унікальны чалавек, адзін, без напарніка, адпрацаваў у бальніцы 9 гадоў, наколькі я памятаю. Ён адкрыў анестэзіялагічнае аддзяленне на 6 коек пры хірургіі. Калі на раёне неабходна было сабраць брыгаду, але не атрымлівалася, Іван Мікалаевіч даваў наркоз і асісціраваў на аперацыях.

 

Я быў вельмі задаволены, што патрапіў у добры калектыў, які ўзначальваў загадчык аддзялення Аляксандр Харавец. Яго магу назваць сваім настаўнікам. Тады, у 1988 годзе, выконвалі 26 дыстальных рэзекцый страўніка, гэта нават болей, чым аперацый з нагоды ўскладненняў жоўцекамянёвай хваробы. Тады адсутнічала ультрагукавая дыягностыка, а фібрагастрадуадэнаскапія з’явілася толькі ў 1989 годзе, за некалькі месяцаў да майго паступлення ў аспірантуру на кафедру хірургічных хваробаў № 1 колішняга Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута.

 

Чаму абралі менавіта Буда-Кашалёўскую ЦРБ?

 

Я быў размеркаваны ў Мінск, у бальніцу хуткай меддапамогі. За час інтэрнатуры адчуў, што праца не такая разнастайная, як хацелася б. А я марыў навучыцца рабіць самастойна штосьці складанае. У Мінскай вобласці і раёне не было магчымасці размеркавацца, толькі ў Гомельскай.

 

Мне дазволілі выбраць любое месца з цэнтральнай раённай бальніцай. Я вырашыў, што з Буда-Кашалёва зручна дабірацца да Мінска, цягніком 4–5 гадзін, гэта не так шмат. А па-другое, я не выбіраў менавіта месца, а глядзеў на пэўны аб’ём працы. Па прыездзе ў Буда-Кашалёва папрасіў галоўнага ўрача і загадчыка аддзялення паказаць мне аперацыйны журнал і пабачыў там даволі складаныя аперацыі на тыя часы (па траўматалогіі, уралогіі, сківічна-тваравай хірургіі).

 

Вы практыкуеце ўжо 37 гадоў. Азіраючыся на гэты вопыт, што можаце сказаць?

 

Мне пашчасціла… Адзначыўшы 60-годдзе, можна падво-дзіць пэўны вынік. Скончыў лячэбны факультэт колішняга Мінскага дзяржаўнага медінстытута, пасля якога прайшоў інтэрнатуру па хірургіі і затым працаваў урачом-хірургам. Найперш згадваю людзей, якія дапамаглі мне вызначыцца з прафесійнай дзейнасцю.

 

На 4-м курсе я прыйшоў у гурток пры кафедры шпітальнай хірургіі № 2 у 9-й гарадской клінічнай бальніцы. Кіраваў ім дацэнт Васіль Касмачоў, чалавек складанага лёсу, які прайшоў праз ліхалецці вайны і, натуральна, былы франтавік, ён меў адмысловы светапогляд. Жалезны чалавек. Васіль Іосіфавіч шмат увагі надаваў падрыхтоўцы будучых хірургаў у гуртку, якім кіраваў. Дапамог мне ў практычным станаўленні.

 

Узгадваю і кіраўніка студэнцкай работы Івана Мірановіча, пад началам якога працаваў каля двух гадоў. Ён дапамог мне вызначыцца з тэмай, раіў, дапамагаў і з практыкай. Шмат чаму навучыў у лячэбным плане. Ён працаваў у 9-й бальніцы, займаўся хірургічнай гепаталогіяй, меў вялікі вопыт. Таксама былы франтавік, партызан, потым ён узначальваў гарадскі аддзел аховы здароўя горада Мінска, быў на грамадскіх пачатках прарэктарам па лячэбнай рабоце ў нашым інстытуце.

 

Яшчэ адзін мой настаўнік Адам Ляўковіч дапамог мне, студэнту 5-га курса, выканаць першую маю аперацыю — апендэктамію. Гэта было на дзяжурстве ў 6-й гарадской клінічнай бальніцы, якая аказвала тады экстранную хірургічную дапамогу.

 

У субардзінатуры па хірургіі на 6-м курсе, якая таксама запачаткавала навыкі работы, узгадваю прафесара Міхаіла Козырава, які курыраваў нашу групу. Ён давяраў нам, студэнтам, выконваць першыя самастойныя аперацыі. Па пятніцах быў дацэнцкі дзень, калі два студэнты-субардзінатары пад кіраўніцтвам Козырава выконвалі грыжасячэнне пад меснай анестэзіяй. Настаўнік заўжды дапамагаў парадай, прыглядаў за намі. Я вельмі ўдзячны яму.

 

У інтэрнатуры, на кафедры неадкладнай хірургіі, у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзе я апынуўся пасля інстытута, мне вельмі шмат дапамагалі загадчык кафедры, прафесар Рыгор Шорах, загадчыкі хірургічных аддзяленняў Іосіф Кучынскі і Уладзімір Чарнюк.

 

Маё аспіранцкае жыццё звязана з імем вядомага прафесара, стваральніка хірургічнай школы Аляксандра Шотта. Ён кіраваў маёй кандыдацкай дысертацыяй і шмат чаго зрабіў для майго станаўлення як навуковага супрацоўніка. Дапамог вызначыцца з тэмай і выпрацаваць педантызм, навучыў працаваць са студэнтамі, раскрыў магчымасці для навукова-педагагічнай працы. 

 

Пасля сканчэння аспірантуры абараніў кандыдацкую дысертацыю, застаўся на кафедры хірургічных захворванняў. З часам перайшоў на агульную кафедру ужо дацэнтам, у 2004 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Дыягностыка, прагназаванне, лячэнне і прафілактыка гнойна-септычных ускладненняў у хворых з інтраабдамінальнай інфекцыяй».

 

Абараняўся ў Маскве, у Дзяржаўным інстытуце ўдасканалення ўрачоў Міністэрства абароны РФ пад кіраўніцтвам заслужанага ўрача Расійскай Федэрацыі, былога галоўнага хірурга 40-й арміі ў Афганістане Валерыя Хрупкіна. У 2005 годзе я прайшоў настрыфікацыю доктарскага даследавання, каб атрымаць пацвярджэнне ВАК Беларусі. Таму сёння ў мяне два дыпломы доктара медыцынскіх навук: Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

 

Пасля абароны доктарскай стаў прафесарам на кафедры ваенна-палявой хірургіі ваенна-медыцынскага інстытута, колішняга ваенна-медыцынскага факультэта ў складзе БДМУ. Хочацца сказаць цёплыя словы пра тагачаснага загадчыка кафедры Сяргея Жыдкова, які даверыў мне, маладому прафесару, цэлую базу 4-й клінічнай бальніцы. Я адпрацаваў там да 2009 года, да вяртання назад на кафедру агульнай хірургіі ужо ў якасці загадчыка.

 

А вы сталі жалезным чалавекам, як ваш настаўнік Касмачоў?

 

Не, не стаў (смяецца). Я не той школы. Вайна накладвае адбітак на характар чалаека, змяняе яго. Людзі, якія прайшлі вайну, — гэта людзі з імкненнямі. Узгадваюцца параўнанні савецкага акцёра Анатолія Папанава. Ён казаў, што тыя, хто прайшоў вайну, — жалезныя людзі, пасляваенныя — пластыкавыя людзі, а наша пакаленне — гэта ўжо пластылінавыя людзі.

 

У мінулым годзе кафедра адзначыла 100-годдзе. Раскажыце пра яе гісторыю, калі ласка.

 

Са Смаленска ў Мінск прыехаў прафесар Міхаіл Сакалоўскі, які правёў вялікую арганізацыйную работу і ў студзені 1922 года заснаваў кафедру агульнай хірургіі. Ён быў і загадчыкам кафедры, і першым дэканам, чытаў лекцыі па сківічна-тваравай і па агульнай хірургіі. Ён жа выканаў першую ў рэспубліцы рэзекцію страўніка ў 1-й савецкай бальніцы (зараз 3-я ГКБ імя Я. У. Клумава). Доўгі час кафедрай кіраваў Савелій Рубашоў, запрошаны з Ленінграда, заснавальнік інстытута гематалогіі. Потым — прафесар Яўген Корчыц, прафесар Раўноў, які займаўся пытаннямі пералівання крыві і траўматычнымі пашкоджаннямі. У пачатку 1950-х гадоў загадваў кафедрай і Пётр Маслаў, вядомы вучань Аляксандра Вішнеўскага і Сяргея Спасакукоцкага.

 

Так, гісторыя шчодрая на імёны...

 

Усе мае папярэднікі зрабілі ўнёсак у станаўленне хірургіі ў рэспубліканскім маштабе. Хтосьці заснаваў інстытут ці хірургічную школу, а хтосьці супрацьзобную станцыю ці стаяў каля вытокаў стварэння анкадыспансера.

 

Чым жыве кафедра ў наш час?

 

Кафедра складаецца з 26 супрацоўнікаў і займае 4 клінічных базы. Яны месцяцца ў Мінскай клінічнай цэнтральнай раённай бальніцы і 3-й, 4-й, 5-й клінічных бальніцах сталіцы. У цэнтральнай бальніцы 7 хірургічных аддзяленняў на 400 коек. Сярод аперацый — увесь аб’ём умяшальніцтваў пры экстраннай і гнойнай хірургічнай паталогіі, хірургічнай гастраэнтэралогіі, рознапланавай сасудзістай паталогіі. У тым ліку аперацыі рэканструктыўнааднаўленчыя на аорце, магістральных артэрыях і малаінвазіўныя з прымяненнем рэнтгенэндаваскулярных методык.

 

Вы ратуеце жыццё, але смерць таксама ж здараецца…

 

Ёсць выпадкі, калі немагчыма дапамагчы. Мы намагаемся, каб такіх сітуацый было меней, але заўжды ёсць моманты, на якія не можаш цалкам паўплываць. Кожны выпадак страты пацыента прымушае задумацца, дзе і ў чым я памыліўся. Аналізую, каб зрабіць высновы. Я выклаўся на 200 % ці ўсё ж такі ў рабоце былі акалічнасці? Шлях да самаўдасканалення няпросты, трэба пазбягаць ускладненняў, умець прагназаваць суб'ектыўныя фактары, якія могуць адносіцца да кампетэнцый хірурга, і мець на ўвазе аб'ектыўныя прычыны, якія тычацца ходу захворвання канкрэтнага пацыента.

 

Моладзь на кафедры — якая яна?

 

На кафедру агульнай хірургіі прыходзіць моладзь з вачыма, поўнымі цікавасці, і з жаданнем працаваць. Галоўнае, каб гэтае жаданне захавалася на ўсё жыццё. Зараз такі час, што не трэба прыпыняцца, свет імкліва развіваецца: высокатэхналагічная хірургія, новыя адкрыцці, методыкі, лекі, эндаскапічная, рентгенэндаваскулярная і робатазаваная хірургія. Каб за ўсім паспець, трэба шмат працаваць, удасканальвацца ў абранай прафесіі і старацца ўдзельнічаць у цікавостках студэнцкага жыцця. Я, напрыклад, працую да таго часу, пакуль не атрымаю добры вынік. Ёсць магчымасць і час застацца, каб падказаць штосьці калегам, каб папрацаваць — застаюся.

 

Ваш позірк на медыцыну сучасную ў параўнанні з вашым мінулым?

 

Сённяшні этап развіцця хірургіі больш высокатэхнагенны, чым 20 год таму. У хірургічную практыку ўкаранілі аператыўныя ўмяшальніцтвы з прымяненнем робатазаваных комплексаў і акуляраў спецыяльных канструкцый, якія забяспечваюць віртуальную прысутнасць у дапоўненай рэальнасці з вывядзеннем дадзеных МРТ ці іншых паказанняў падчас правядзення аперацыі ў канкрэтнай вобласці. Ёсць і відэаскапічныя аперацыі праз натуральную адтуліну цела, праведзеныя пры дапамозе гнуткіх інструментаў.

 

Аднак важна захаваць баланс паміж базавымі класічнымі метадамі абследавання пацыента (ацэнка скаргаў на здароўе, дадзеныя ходу захворвання) і сучаснымі дыягнастычнымі тэхналогіямі абследавання, якія дасягаюць 40–95 % пры шэрагу захворванняў.     

 

Раскажыце пра асабістае жыццё. Як яно склалася?

 

Мне пашчасціла, у мяне ёсць надзейны тыл — жонка, якая з разуменнем ставіцца да маіх навуковых даследаванняў. Пакуль я працаваў над кандыдацкай і доктарскай дысертацыямі, яна мела шмат клопату з дзецьмі. У нас двое сыноў. Старэйшы сын скончыў лячэбны факультэт Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта. Таксама вырашыў стаць хірургам, паступіў у клінічную ардынатуру на кафедру пластычнай і рэканструктыўнай хірургіі ўніверсітэта імя Мечнікава ў Санкт-Пецярбургу. І малодшы сын таксама — студэнт лячэбнага факультэта шостага курса Віцебскага ўніверсітэта, дастаткова сур’ёзна ставіцца да адукацыі і не мае ніводнай васьмёркі ў заліковай кніжцы, стаў лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх работ.

 

А як вы адпачываеце?

 

На рыбалцы. Не адмаўляюся і ад ціхага палявання — збору грыбоў. Жонка, настаўніца хіміі і біялогіі, прыахвоціла да ландшафтнага дачнага дызайну. Гэта ўсё дапамагае абстрагавацца і атрымаць дадатковы стымул для працы.