Загадчыца неўралагічнага аддзялення Іўеўскай ЦРБ Уладзіслава Варанюк у медыцыне 43 гады. Мясцовая — нарадзілася ў вёсачцы Пастольнішкі, што сёння злілася з буйнымі населенымі пунктамі раёна, і назва яе засталася, бадай, у пашпарце Уладзіславы Нікадзімаўны. Яна прызнаецца, што і сёння прыязджае ў бацькоўскую хату, каб наталіцца энергіяй роднай зямлі.
Іван Глаз, галоўны ўрач Іўеўскай ЦРБ:
Уладзіслава Нікадзімаўна — спецыяліст вышэйшай катэгорыі. 28 гадоў узначальвае неўралагічнае аддзяленне нашай бальніцы. Яна дужа вопытны доктар, вельмі ўважлівы і патрабавальны. Дзякуючы прафесійнай кампетэнтнасці атрымлівае цудоўныя вынікі. Яе ведаюць і паважаюць у нашым раёне. Па выніках работы за мінулы год яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя.
Уладзіслава Варанюк:
У медыцыне патрэбна быць вельмі пунктуальнай: сабраць анамнез, вызначыць дыягназ, прытрымлівацца прызначанага лячэння. Таму медыцына для мяне — сваячка матэматыкі. Дробязяў не бывае, нават маленькая недакладнасць можа апынуцца вырашальнай.
Інтэрнатуру доктар Варанюк заканчвала на базе Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы, цяперашняй універсітэцкай клінікі, і па сёння з удзячнасцю ўзгадвае свах настаўнікаў у прафесіі — тагачасных супрацоўнікаў кафедры неўралогіі ГрДМІ Уладзіміра Пракопавіча Ярашэвіча, Андраніка Асатуравіча Аганесяна, Якава Якаўлевіча Гардзеева.
Уладзіслава Варанюк:
У Іўеўскай райбальніцы мне таксама пашчасціла папрацаваць з мясцовымі вопытнымі дактарамі Уладзімірам Аляксандравічам Шылавым ды Аляксеем Георгіевічам Касперам, які цяпер у Гродзенскай бальнiцы хуткай медыцынскай дапамогi. А сёння я перадаю ўжо ўласны вопыт маладым калегам, якія пачынаюць шлях у медыцыну: Наталлі Казаковай, Наталлі Коўган…
Але і сама вучуся: кожныя пяць гадоў праходжу курсы павышэння кваліфікацыі ў БелМАПА, чытаю спецыяльную літаратуру, знаходжу нешта цікавае ў інтэрнэце. Увесь час кансультуюся са спецыялістамі з абласнога цэнтра. Калі я толькі пачынала, было значна меней цэрэбраваскулярнай паталогіі. Людзі перажывалі меней стрэсаў, больш часу знаходзіліся на свежым паветры, рухаліся. А цяпер і апаратура высокатэхналагічная для дыягностыкі неўралагічных паталогій, і разнастайны арсенал эфектыўных лекавых сродкаў, але хвароб, на жаль, меней не становіцца…
У першую хвалю пандэміі доктар Варанюк працавала ў чырвонай зоне, кансультуе кавідных пацыентаў і цяпер.
Уладзіслава Варанюк:
Для ўрача вельмі важна размаўляць з пацыентам, каб як мага больш даведацца пра яго стан здароўя, спадчыннасць, настрой. Канечне, важна мець прафесійную інтуіцыю, але, як сцвярджаў Парацэльс, найважнейшая аснова поспеху для ўрача — любоў да сваёй прафесіі.
І гэтай якасцю, безумоўна, валодае Уладзіслава Варанюк.
Уладзіслава Варанюк:
Прыемна, калі мінае крызіс і чалавек бадзёра выходзіць з бальніцы. Усміхаецца і кажа табе дзякуй. Гэта, бадай, самыя радасныя хвіліны для доктара. Многія пацыенты памятаюць мяне праз гады. Я шчаслівая, калі яны тэлефануюць, віншуюць са святамі…