Працаваць у 87 гадоў у сферы вышэйшай медыцынскай адукацыі, мець выдатную памяць, мудрасць, павагу і пашану ад студэнтаў. Пранесці любоў да беларускай мовы праз усё жыццё. Складаць вершы, у якіх паядналіся лірыка, патрыятызм, шчырасць. Напісаць першы ў гісторыі падручнік па сваёй спецыяльнасці на роднай мове, выкладаць на ёй прадмет. Быць годным прадстаўніком вялікай медыцынскай дынастыі. I ўсё гэта ён — выкладчык БДМУ Аляксандр Арцішэўскі.
Візітоўка
Аляксандр Аляксандравіч Арцішэўскі — доктар медыцынскіх навук, прафесар. Скончыў Мінскі дзяржаўны медінстытут. Працаваў лор-урачом аддзялення абласной клінічнай бальніцы, галоўным урачом Мінскай раённай станцыі хуткай дапамогі. Аспірант, асістэнт, дацэнт, прафесар кафедры гісталогіі, цыталогіі і эмбрыялогіі. Працаваў кансультантам загадчыка кафедры гісталогіі ў Мангольскай Народнай Рэспубліцы. Аўтар і суаўтар больш як 250 навуковых прац, у тым ліку 12 манаграфій і вучэбных дапаможнікаў.
Мова падручнiка i… вершаў
Папярэдне акрэсліўшы ў тэлефоннай размове з прафесарам, якія пытанні мяне найперш цікавяць, пры сустрэчы адразу ж аддаю ініцыятыву яму. І прызнаюся, такое кранальнае, трапяткое стаўленне да роднай мовы ўражвае.
Аляксандр Арцішэўскі:
Беларуская мова — інструмент, які дазваляе выхоўваць душу.
І падмацоўвае гэта аўтабіяграфічным вершам «Святыні» з уласнага зборніка «Тарнова»:
Ад калыскі вясковай,
Як у казачным сне,
Маці й родная мова
Гадавалі мяне.
Ці то меў я паразу,
Ці жар-птушку лавіў,
А сумленнем ні разу
Па жыцці не крывіў.
І куды б ні закінуў
Няўрымслівы лёс,
Шчырасць вернага сына
Ў сваім сэрцы пранёс.
Зведаў голад і смагу,
Шмат сустрэч і дарог,
А пяшчоту й павагу
Я да мовы збярог.
І ў вясёлым прыволлі,
І ў самотнай журбе,
Беларусь, я ніколі
Не здрадзіў табе!
Найвялікшым багаццем
Свайго сэрца дзялюсь:
Гэта памяць пра маці,
Вера у Беларусь!
Аляксандр Арцішэўскі:
Мне лёс заўсёды падкідваў варыянты, магчымасць вырашаць па-іншаму.
Сапраўды, вясковы хлопец, які скончыў медвучэльню, а потым і медінстытут, імкнуўся працаваць урачом, няхай сабе ў самым далёкім куточку Беларусі, а яго бачылі ўсё больш на адміністрацыйных пасадах. Мог бы займацца касмічнымі распрацоўкамі ў Маскве, а застаўся ў роднай Беларусі…
Каб зразумець гэта, варта ўлічыць яшчэ адну акалічнасць — каханне і стварэнне новай сям’і, якая часцяком вымагае пэўнага выбару. Паколькі па правілах таго часу зяць не мог працаваць разам з цесцем, давялося забыцца на акушэрства. А ісці ў тэрапію, у якой падчас навучання шчыраваў медбратам 5 гадоў, не дазволіла жаданне жонкі расці прафесійна менавіта як тэрапеўту — на замену сваёй маме.
Дарэчы, жонку Нэлю пасля аспірантуры ўзялі на працу асістэнтам на кафедру толькі пасля таго, як яе маці, Ганна Іванаўна Веннер, напісала заяву аб сыходзе на пенсію. Дацэнт, поўная творчых сіл, узнагароджаная за выдатную працу ў эвакуацыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны… Выгадаваць дзяцей, зберагчы сям’ю, вырасці ў прафесіі магчыма толькі ў тым выпадку, калі ўлічваць інтарэсы кожнага, дапамагаць адно аднаму і ісці на кампрамісы.
Вось і атрымалася так, што Аляксандр Арцішэўскі прыйшоў у гісталогію і ў рэшце рэшт палюбіў яе. Прычым палюбіў настолькі, што ў свой час вырашыў выкладаць прадмет на роднай беларускай мове. Пры актыўнай падтрымцы і шчырай зацікаўленасці тагачасных студэнтаў стварыў падручнік «Гісталогія з асновамі цыталогіі і эмбрыялогіі» (2000 год, 311 старонак) з невялікім тэрміналагічным слоўнікам.
А ў прадмове пазначыў: «Напісанне падручніка на беларускай мове прадыктавала само жыццё. У апошняе дзесяцігоддзе ў МДМI прыйшлі студэнты, якія выказалі і выказваюць жаданне вывучаць прадмет на роднай мове. Васьмігадовы вопыт беларускамоўнага навучання па гісталогіі дае падставу сцвярджаць, што студэнты атрымліваюць глыбокія і трывалыя веды, глыбей спазнаюць здабыткі беларускай нацыянальнай культуры, у іх выхоўваецца павага да культурнай і моўнай спадчыны свайго і іншых народаў».
Калі Аляксандр Аляксандравіч распавядаў пра свае навучальныя ўстановы (школа ў сувязі з пераездамі сям’і была не адна), я ўвесь час пыталася, на якой мове ішло выкладанне ў кожнай. Што да школьнай адукацыі, дык нязменна чула: на беларускай. Вучэльня ды інстытут — на рускай. Але…
Аляксандр Арцішэўскі:
Пры паступленні ў медінстытут мова зрабіла сваю справу. Я скончыў вучэльню з чырвоным дыпломам і быў уключаны ў пяціпрацэнтны спіс актывістаў. У той час такіх абітурыентаў пры паступленні ў медінстытут чакала толькі сумоўе з рэктарам. І гэты рэктар пачаў размаўляць са мной на мове. А я, зразумела, адказваў яму таксама па-беларуску. Атрымаўся дыялог, вынікам якога сталася: «Усё — студэнт».
І хто б мог падумаць, што менавіта гэтая навучальная ўстанова стане другім домам для Аляксандра Аляксандравіча. І што каханне, якое ён сустрэне тут, будзе доўжыцца больш за 60 гадоў.
Чатыры пакаленнi i фельчар палка
— А гэта не пра вашу медыцынскую дынастыю было відэа, толькі спрэс жаночае, бо здымалася да 8 Сакавіка колькі гадоў таму? (Набіраю на яго камп’ютары ў пошукавіку запыт і паказваю відэа. — Заўвага аўтара.)
Аляксандр Арцішэўскі:
Так, гэта мае прыгажуні! Толькі штосьці я такіх здымкаў і не памятаю…
А мне, напрыклад, шкада, што там не ўзгадвалася пра ўрачоў-мужчын, апрача мужа ўнучкі — між іншым.
Ну што ж, узнаўляем гістарычную справядлівасць!
Калі глядзець на продкаў Аляксандра Арцішэўскага, дык сярод іх быў медыцынскі работнік — яго дзед. Праўда, не ўрач, фельчар, але знакамітага Пецярбургскага палка. Нездарма яго сын, будучы бацька Аляксандра, стаў выхаванцам Полацкага кадэцкага вучылішча. Дысцыпліна ў сям’і — перш за ўсё! Але гэта значыць — мінус пакаленне медыкаў: большую частку жыцця бацька адпрацаваў бухгалтарам.
А бесперапынная медыцынская дынастыя пачалася, калі Аляксандр пабраўся шлюбам са сваёй Нэляй. І яе паступленне ў медінстытут не сталася выпадковасцю, бо тата — акушэр, мама — тэрапеўт. З маленства медыцынскія размовы ў сям’і дзяўчынкай і яе братам успрымаліся як натуральная з’ява. А сцены сённяшняга медуніверсітэта (ці ўнівера, як следам за студэнтамі называе яго мой суразмоўца) дагэтуль памятаюць бацьку Нэлі — Івана Мацвеевіча Старавойтава.
Акушэр-гінеколаг, заслужаны дзеяч навукі БССР, доктар медыцынскіх навук, прафесар, удзельнік дзвюх войнаў, актыўны грамадскі дзеяч. Яму таксама давялося шмат працаваць. Былі цяжкасці і перашкоды, дасягненні і адкрыцці… Іван Старавойтаў — аўтар больш як 100 навуковых прац, у тым ліку трох манаграфій, двух вучэбных дадаткаў, артыкулаў для Беларускай савецкай энцыклапедыі. Узнагароджаны 2 ордэнамі, у тым ліку баявым, медалямі, трыма ганаровымі граматамі ВС БССР.
Услед за татам і мамай пасля практычнай працы ў клініках выкладаць медыцынскую навуку ў 1963 годзе ў МДМІ прыйшла і Нэлі, тады ўжо — Арцішэўская. Доктар медыцынскіх навук, прафесар (1-я кафедра ўнутраных хваробаў), аўтар больш як 250 навуковых прац, у тым ліку трох манаграфій (у суаўтарстве). Шмат гадоў з’яўлялася членам ГЭК лячэбнага факультэта. Выконвала вялікую кансультацыйную працу ў аддзяленнях 11-й ГКБ Мінска, прафесарска-кансультацыйным цэнтры. Узнагароджана медалём імя С. П. Боткіна АМН СССР, медалём «Выдатнік аховы здароўя». А на заслужаны адпачынак пайшла нядаўна…
Кім магла стаць дачка Арцішэўскіх Марына, як не медыцынскім работнікам! Працавала ўчастковым тэрапеўтам у паліклініцы № 14 Мінска. Затым вучылася ў аспірантуры на 2-й кафедры ўнутраных хваробаў. Асістэнт, дацэнт кафедры. З 2010 года Марына Саўчанка — намеснік дэкана лячэбнага факультэта БДМУ.
А затым — Насця, Настачка, дачка Марыны, унучка Аляксандра і Нэлі Арцішэўскіх. Так, медыцына, медыцынскія размовы — з дзяцінства. Але яшчэ — абавязковая для жаночай часткі сям’і музычная адукацыя. Мара пра акцёрскую прафесію. А ў выніку — атрыманне спецыяльнасці «акушэр-гінеколаг» і муж-урач. Праца
ў 1-й гарадской клінічнай бальніцы. Зараз Настасся Кудрыцкая ў адпачынку па доглядзе другога дзіцяці.
— Будучыя ўрачы падрастаюць? — жартам пытаюся ў Аляксандра Аляксандравіча.
І даведваюся, што зусім не першай задаю такое пытанне. Вось яна якая, медыцынская дынастыя! А магчыма, нават і не ўся, задуменна зазначае Аляксандр Аляксандравіч. Маўляў, калі яго брат займаўся радаводам, дык шмат цікавага знайшоў. Ды і з боку жонкі пералічылі не ўсіх…
Студэнты-медыкi ва усе часы падобныя
Шэсцьдзесят гадоў працы са студэнтамі — тэрмін немалы. І мне ўсё карцела даведацца, наколькі яны змяніліся ва ўспрыманні Аляксандра Аляксандравіча. Але ён здзівіў мяне сцвярджэннем, што асаблівых адрозненняў і не бачыць. Практычна не было тых, з кім даводзілася б «ваяваць». З цікавасцю разглядаю памятную таблічку: «Лепшаму выкладчыку Арцішэўскаму Аляксандру Аляксандравічу ад студэнтаў 271 групы. 2011 год». Тут табе і адносіны, тут табе і мова.
Аляксандр Арцішэўскі:
Калі ў мяне выйшаў падручнік на беларускай мове, тагачасныя студэнты так радаваліся. Беглі, каб аўтограф узяць. А я тады зрыфмаваў такі надпіс на кнізе:
Заўсёды, у радасці і скрусе,
Не забывайце аб адзіным:
Вы — будучыня Беларусі,
У вас ёсць мова і Радзіма.
Немагчыма падлічыць, колькі за дзесяцігоддзі працы ў медыцынскай ВНУ ў Аляксандра Арцішэўскага было студэнтаў. Ён, вядома ж, не можа ўсіх памятаць. А яго — памятаюць. Бываюць нават кур’ёзныя выпадкі.
Аляксандр Арцішэўскі:
Часцяком падыходзіць да мяне чалавек і кажа: «Я ў вас вучыўся, я вам здаваў іспыт». А я пытаюся: «Скажыце, а адзнака хаця б прымальная была?» Бо не памятаю… А ўвогуле студэнты-медыкі — яны асаблівыя. Над імі ўвесь час вісіць усведамленне, што ім трэба кімсьці стаць. Бо людзі ўвесь час будуць да іх ісці, з верай і па дапамогу. Гэта адказнасць. У нас адкрытыя размовы, студэнты мне давяраюць.
У свой час напісаў мой суразмоўца і такія радкі:
Усім трэба ўцяміць, дарэчы:
Не можа ўрач па жыцці
Між гора і бед чалавечых
Паходкаю лёгкай ісці.
Прашу Аляксандра Аляксандравіча параўнаць сябе ў студэнцтве са студэнтамі цяперашнімі. І зноўку ён ні на хвіліну не задумваецца:
Аляксандр Арцішэўскі:
Сучасныя дзеці многага не разумеюць. Мы ж былі галодныя, дарослыя, адказныя. Яны адукаваныя, шмат чаго чытаюць, больш прагматыкі, мабыць. Гэта, можа, і добра. Мы ж заўсёды казалі, што савецкія — самыя шчаслівыя. Але чамусьці былі надта бедныя, надта галодныя і ў чымсьці нават прымітыўныя.
І ўсё ж… Столькі зроблена Аляксандрам Арцішэўскім у медыцыне, навуцы, навучанні і выхаванні. Бо ставала настойлівасці, прыстойнасці, імкнення зрабіць свет лепшым, а людзей навокал — больш здаровымі, шчаслівымі, паспяховымі.
Пра усё i усiх — радкамi вершаванымi
Уласную кніжку вершаў Аляксандр Аляксандравіч займеў у 2019 годзе. Напачатку, кажа, і не думаў пра гэта — калега пераканаў, што вершы павінны пабачыць свет. І ёсць сярод іх настолькі шчымлівыя, пранізліва-кранальныя, што немагчыма чытаць без хвалявання. Асабліва прысвечаныя сям’і і родным, а найперш — маме.
Сваю любоў да яе Аляксандр Арцішэўскі пранёс праз гады. І мова беларуская ад маці, і любоў да паэзіі — найперш ад яе, як і своеасаблівы наказ ісці па жыцці годна. У 2001 годзе ён напісаў верш-прысвячэнне «Марыі Андрэеўне Забела», які пачынаецца так:
Нямала мной пабачана з гадамі…
Ужо на крыло ўстае дарослы ўнук,
А для мяне твае парады, Мама,
Каштоўней многіх сённяшніх навук.
У плённай працы, у складанні верша,
З лянотай у няроўнай барацьбе
Я разумею, што ўсім найлепшым
Перш-наперш абавязаны табе.
Каб не згубіцца ў вечным бездарожжы
Людскіх амбіцый, зайздрасці, хлусні,
Я вымяраць імкнуся крок свой кожны
Тваім аршынам праўды, дабрыні.
Захаваліся ў майго суразмоўцы любоў і прыязнасць да месца пад назвай Тарнова, якое і дало назву зборніку вершаў. Зараз Тарнова — аграгарадок у Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Асноўная яго славутасць — сядзіба, пабудаваная ў 1884 годзе. Цяпер яна цалкам адрэстаўраваная звонку, але ўнутранае ўбранне страчанае.
Менавіта ў гэтай сядзібе жыло сямейства Арцішэўскіх, калі бацьку перавялі ў Тарнова на працу, дзе ствараўся новы саўгас. У тым жа будынку месціўся і яго кабінет бухгалтара. І калі ўжо ў сталым узросце брат прапанаваў Аляксандру Аляксандравічу паўдзельнічаць у вандроўцы, якая ладзілася ў тыя мясціны, ён пагадзіўся. І вось што адчуў:
…Пры сустрэчы згубіліся словы,
Вязне ў горле самотны ком…
Вось ад гэтых прыступак, з Тарнова,
У белы свет я пайшоў юнаком.
Пасівелы стаю каля дома,
Што палацам звалі тады…
Здэцца, той ён, і незнаёмы,
А між намі — гады і гады…
...Больш за тры з паловай гадзіны няўзнак праляцелі за нашай нязмушанай гаворкай у працоўным кабінеце прафесара ў БДМУ, а Аляксандр Аляксандравіч Арцішэўскі ўсё такі ж бадзёры ды актыўны. Дык няхай яго прыгожае даўгалецце і надалей будзе радасным і плённым!