Фота з архіва Т. Лукашэнка.

Фармацэўт-рэцэптар Касцюковіцкай цэнтральнай раённай аптэкі № 24 Тамара Лукашэнка працуе тут на працягу 34 гадоў. Многія імкнуцца атрымаць параду менавіта ад Тамары Віктараўны. Нават па дарозе на працу яе часцяком спыняюць, каб запытацца наконт тых ці іншых лекаў. Муж Міхаіл Уладзіміравіч, бывае, жартуе з гэтага: «Пакуль на працу трапіш, з паловай горада перавітаешся». Гераіня лічыць сябе чалавекам, чые жыццёвыя і прафесійныя мары здзейсніліся. Яна любімая жонка, маці і бабуля, а таксама паважаны і аўтарытэтны настаўнік для некалькіх пакаленняў фармацэўтаў. Летась па выніках штогадовага конкурса прафмайстэрства «Лепшы ў прафесіі» Магілёўскага РУП «Фармацыя» Тамара Лукашэнка перамагла ў намінацыі «Лепшы настаўнік».

 

Бальнічна-аптэчнае выхаванне

 

Тамара нарадзілася ў вёсцы Вётухна Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Дзяўчынка была старэйшай з чатырох дзяцей. Да медыцыны, акрамя матулі-санітаркі, дачынення не меў ніхто: па-большасці сярод родных былі ці настаўнікі, ці святары. Аднак малую з дзяцінства захаплялі людзі ў белых халатах. Падчас урокаў у школе раз-пораз паглядала ў акно: побач была бальніца. Да таго ж яна завітвала туды да маці: назірала за пацыентамі і з задавальненнем выконвала маленькія даручэнні медсясцёр.

 

У вёсцы была і аптэка. Сюды падлеткі забягалі па аскарбінку і гематаген. А яшчэ тут працавала фармацэўт-рэцэптар Таццяна Кубракова. Спакойная, паглыбленая ў сваю справу, яна даступна адказвала на пытанні дапытлівых школьнікаў. Лёгкімі ў яе аповедах падаваліся складаныя аптэчныя працэсы. Вобраз гэтага спецыяліста стаў для Тамары прыкладам, калі разам з сяброўкай яна вырашыла паступаць у Магілёўскае медвучылішча.

 

Бацькі, даведаўшыся пра іх планы, падтрымалі школьніц, парадаваліся выбару. І, калі прыйшла пара падаваць дакументы, дзяўчынкі, якія дагэтуль далей раённага цэнтра не выязджалі, смела адправіліся ў вялікі горад. У вучылішча залічылі абедзьвюх.

 

Тамара Лукашэнка ўспамінае, што вучыцца было цікава. Самай вялікай матывацыяй стала магчымасць гатаваць лекі самастойна. Год і 10 месяцаў праляцелі быццам адзін дзень. І на першае працоўнае месца малады спецыяліст прыйшла ў якасці фармацэўта-асістэнта ў аптэку вёскі Самацевічы Касцюковіцкага раёна. Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС населены пункт, як і родная вёска гераіні, быў адселены, таму Тамара Віктараўна перайшла на пасаду фармацэўта-рэцэптара Касцюковіцкай ЦРА № 24. Дарэчы, там некаторы час Тамара Лукашэнка працавала з Таццянай Кубраковай. Таццяна Міхайлаўна, як у даўнія часы, на правах старэйшага таварыша перадавала той сакрэты прафесіі.

 

— Тады не было столькі гатовых лекаў, як зараз. Здаецца, людзі хварэлі не так часта, таму і нагрузка была меншая, — узгадвае Тамара Віктараўна.

 

Галоўнае — адказнасць

 

У прафесіі Тамара Лукашэнка больш за ўсё любіць камунікаваць з людзьмі. Большасць наведвальнікаў яна ведае не адзін год. Таму запыты кшталту «дайце ружовую таблетачку, якую я браў мінулым разам» або «мне патрэбен сродак, што дакладна дапаможа» для яе не новыя. Асаблівую асалоду фармацэўт-рэцэптар атрымлівае тады, калі ў аптэку чалавек прыходзіць прыгнечаны, а сыходзіць з усмешкай.

 

Сёння ў Касцюковіцкай ЦРА № 24 працуюць 14 чалавек, у тым ліку 7 фармацэўтаў-рэцэптараў. Новыя кадры ўліваюцца ў працоўны працэс адразу ж, без раскачкі. Спачатку хлопцы і дзяўчаты пабойваюцца, але з часам асвойваюцца і паступова раскрываюцца. Тамара Лукашэнка клапоціцца пра сваіх маладых калег, таму ад іх часта можна пачуць: «Тамара Віктараўна, вы заўсёды ў абароне».

 

Tamara Lukashenko2

 

Калі спецыяліст прыходзіць на першае месца працы, яму, як дзіцяці, хочацца дапамагчы. Каб чалавек не разгубіўся, не расчараваўся ў прафесіі. Хочацца, каб наша моладзь не проста адпрацоўвала вызначаны час, а разбіралася ў тонкасцях аптэчнай справы.

 

Фармацэўтаў-пачаткоўцаў яна імкнецца навучыць адказнасці, увазе і павазе да людзей. У гутарках часта паўтарае, што іх галоўная задача — не нашкодзіць. Па гэтай жа прычыне Тамара Лукашэнка кажа, што ў аптэцы няма месца чэрствым, абыякавым спецыялістам. Яна перакананая, што кожны наведвальнік мае адчуваць тут уласную вартасць.

 

Асновай сваёй справы Тамара Віктараўна лічыць дабрыню і дакладна ведае, што лёгка працуецца толькі ў той галіне, якую чалавек любіць.

 

Сярод вучняў гераіні — фармацэўт-рэцэптар другой катэгорыі Юлія Піпчанка. Малады спецыяліст прыйшла ў аптэку амаль год таму пасля Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа. Дзяўчына апісвае настаўніцу як добрага і адкрытага чалавека, які заўжды гатовы падтрымаць.

 

— Ад самога знаёмства Тамара Віктараўна ставілася да мяне зычліва. Яна шмат усміхалася і казала, каб я не хвалявалася і не баялася памыліцца. Калі ўзнікалі пытанні — тут жа старалася патлумачыць незразумелыя моманты, — кажа малады спецыяліст. — Тамара Віктараўна навучыла мяне працаваць з праграмай 1С, першыя тыдні паказвала, дзе ляжаць прэпараты і як афармляць вітрыну. Дапамагала чытаць рэцэпты, калі я не разбірала почырк урачоў. Яна часта нагадвала, что трэба не баяцца размаўляць з наведвальнікамі і задаваць ім дадатковыя пытанні. Гэты чалавек вельмі пазітыўны, уважлівы і адказны ва ўсім, што тычыцца аптэчнай справы. Працаваць з ёй задавальненне. Дзякуючы Тамары Віктараўне у мяне зніклі страхі адносна прафесіі. Хочацца, як яна, дапамагаць людзям.

 

Матуля дома

 

Па-за зменай Тамара Лукашэнка не ўяўляе сябе без працы на зямлі. Найбольшую асалоду яна атрымлівае, калі чакае гасцей — дзяцей і ўнучак. Тады гаспадыня бярэцца за любімы занятак — гатуе, каб парадаваць родных фірмовымі стравамі. Шмат увагі патрабуюць гарод і кветкі: без іх цяжка ўявіць лецішча Тамары Віктараўны.

 

Сыны лічаць яе строгай, але справядлівай. Таму, што б ні здарылася, у дзяцінстве смела прыходзілі да матулі.

 

— Паша і Рома ведалі, што любыя пачуцці нельга трымаць у сабе. Я старалася давесці, што ўсё таемнае рана ці позна выяўляецца. Таму, калі зрабіў нешта кепскае, — скажы. Я, можа, насваруся спачатку, але падтрымаю. Магчыма, гэта паспрыяла таму, што любымі думкамі яны могуць падзяліцца са мной і сёння, — адзначае Тамара Віктараўна. — А з унучкамі такі падыход ужо не працуе. Іх толькі бачыш — і забываеш пра ўсё. Выхоўваць не атрымліваецца, толькі любіць!

 

Тамара Лукашэнка перакананая, што чалавек можа быць шчаслівым толькі ў выпадку, калі ён жыве ў згодзе з сабой і людзьмі. Тады і ў сям'і, і ў прафесіі справы ладзяцца.