Сёння ўрач на вёсцы — асаблівы доктар: сямейны, шырокага профілю, універсальны, у адной асобе і тэрапеўт, і педыятр, і хірург, і хуткая дапамога… Гэта вялікая адказнасць і напружаная праца.
Для загадчыка амбулаторыі, урача агульнай практыкі Мікалая Іванавіча Клімко Райцаўская амбулаторыя — не першае працоўнае месца. Працоўную дзейнасць пасля вучобы ў Гродна ён пачаў у Магілеўскай вобласці, куды трапіў па размеркаванні. Спачатку была інтэрнатура ў абласной бальніцы, затым працаваў у Шклове. На Карэліччыну прыехаў у 1991 годзе. Больш як за тры дзесяцігоддзі пад пільным наглядам Мікалая Іванавіча вырасла некалькі пакаленняў мясцовых жыхароў. Ён ведае ў твар усіх пацыентаў, памятае пра іх хваробы, не зазіраючы ў карткі. Гэтым і адрозніваецца сельскі ўрач агульнай практыкі ад гарадскіх калег — сапраўдны сямейны доктар.
Не пакрыўлю душой, калі скажу, што хворым, якія патрапілі на прыём да Мікалая Іванавіча, пашанцавала. Нездарма сцвярджаюць, што лечаць не толькі лекі, але і шчырыя словы, прыязная ўсмешка, тая добразычлівая аўра, якая зыходзіць ад урача. Толькі дзіву даешся, як хапае ў яго цярпення, вытрымкі на працягу рабочага дня прымаць вялікую колькасць людзей, выязджаць на выклікі і пры гэтым заставацца спакойным, жыццярадасным. Заканчэнне рабочага дня не азначае заканчэння працы ў вясковага ўрача: медыцынская дапамога можа спатрэбіцца тэрмінова. Водгукі пацыентаў сведчаць, што доктар ніколі не адмаўляў у дапамозе ў любы час сутак і ў любы дзень. Не было такога чалавека, якому б ён не дапамог…
Пад крылом Райцаўскай амбулаторыі агульнай практыкі жыхары 28 вёсак, а гэта больш за 2 000 чалавек. Маючы столькі падапечных, асноўную праблему вясковы ўрач бачыць нават не ў вялікай нагрузцы, а ў папяровай цяганіне. І тут яму дапамагае яго правая рука, адначасова і калега, і жонка, і дарадца — Марына Анатольеўна Клімко, якая не толькі вядзе прыём пацыентаў як урач агульнай практыкі, але і аказвае псіхалагічную дапамогу. Яны пабраліся шлюбам яшчэ студэнтамі. Сапраўднае ж сямейнае гняздзечка звілі менавіта ў Райцы, бо ўжо тут нарадзілася дачушка. Сям’я Клімко лічыць вялікім плюсам працу ў адной сферы.
Марына Клімко:
Медыцына — гэта жыццё. Нашы пацыенты заўсёды ў галаве і ў сэрцы. А ўсе поспехі ў нашай працы — гэта сумесныя з мужам намаганні.
Сёння ў прафесійнай сямейнай скарбонцы — шматлікія ўзнагароды Міністэрства аховы здароўя, Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама, Карэліцкага райвыканкама. Пытаюся: «А ў чым, на ваш погляд, заключаецца ўдзячнасць пацыентаў?» «У вяртанні», — адказвае Марына Анатольеўна. Я здзіўлена адказам, аднак пасля невялікай паўзы пачынаю разумець сэнс сказанага: сарафаннае радыё тут працуе беспамылкова, звяртаюцца да доктара не толькі «свае», але і «чужыя» па рэкамендацыі «сваіх», бо добрае слова чуваць далёка.
Лёгка кладуцца на паперу добрыя словы пра добрых людзей. 18 чэрвеня адзначаецца Дзень медыцынскіх работнікаў. Сям’я Клімко кожны раз у прафесійнае свята атрымлівае багата душэўных віншаванняў. Акрамя таго, 10 чэрвеня Мікалай Іванавіч Клімко адзначыў 60-гадовы юбілей. 60 — лічба важкая, сталая, сур’ёзная. Хочацца ведаць, чым жыве наш доктар акрамя сваёй прафесіі, чым захапляецца, які ён муж, бацька, дзядуля і чалавек. На ўсе гэтыя пытанні можа даць адказ толькі самая блізкая асоба — жонка.
Марына Клімко:
Я за мУжам, а не зАмужам, бацька ён клапатлівы, дзядуля апантаны, чалавек надзейны. Любіць Мікалай Іванавіч у вольны час займацца пчалярствам, а вечарамі паглыбіцца ў навіны інтэрнэту.
Да гэтых слоў магу дадаць: сваёю працай, прафесіяналізмам, чалавечнасцю Мікалай Іванавіч заслужыў павагу і прызнанне вялікай колькасці людзей. Ад імя ўсіх пацыентаў жадаю яму моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні. Удзячных пацыентаў, пазітыву ад кожнага дня, бясконцай любові да ўсяго цудоўнага на зямлі. Хай ніколі не сканчаецца светлая паласа ў вашым жыцці. З юбілеем і нізкі паклон!