Фельчара выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі Лоеўскай ЦРБ Святлану Ігнаценка рэдка можна ўбачыць без усмешкі. З кім бы яна ні камуніцыравала — калегамі, пацыентамі ці іх роднымі, — для ўсіх знойдзе ветлівае слова, кожнаму зазірне ў вочы, выслухае. У кожнай вёсцы раёна яе сустракаюць як добрую знаёмую і безапеляцыйна давяраюць. А дома фельчар — клапатлівая жонка і матуля трох дзяцей.
Выкананы загад Парменаўны
Медыцына ўвайшла ў жыццё Святланы ў канцы 1980-х гадоў, калі ў вёсцы Бывалькі Лоеўскага раёна, дзе яна нарадзілася, пабудавалі новую бальніцу. Дзяўчына разам з аднакласніцамі неаднойчы бегала туды «на экскурсіі». Асабліва сябровак вабіла ўзорная чысціня памяшканняў і белыя халаты медыкаў. А мясцовая фельчар, якую ўсе вяскоўцы ласкава называлі Парменаўнай, заўсёды падахвочвала зацікаўленых школьніц: «Ну што, дзяўчаты, падабаецца? То ідзіце вучыцца ў медвучылішча і вяртайцеся назусім!».
— Таксама я часта хадзіла на працу з матуляй-ветэрынарам. Пакуль яна лячыла хатнюю жывёлу вяскоўцаў, бабулі забаўлялі мяне рознымі гісторыямі, адначасова скардзячыся на здароўе. Слухаю: адну галава турбуе, другой жывот баліць, у трэцяй ціск скача. I ў мяне думка: «Трэба, мабыць, іх лячыць», — узгадвае Святлана Ігнаценка. — Таму, можна сказаць, што Парменаўна і матуля сталі для мяне людзьмі, дзякуючы якім я вызначылася з прафесіяй і паступіла ў Мазырскае медвучылішча на спецыяльнасць «Лячэбная справа».
На першую практыку дзяўчына прыйшла ў Лоеўскую ЦРБ. Тут яна часта назірала за працай вопытных дактароў — неўролага Галіны Глебік, фтызіятра Ніны Крупейчанка, хірурга Ігара Сушкіна, тагачаснага намесніка галоўнага ўрача Анатоля Рысюка. Яны сталі кумірамі, з якіх хацелася браць прыклад.
— Галіна Канстанцінаўна была строгай. Заўсёды гаварыла лаканічна і па-сутнасці. Аднак у той жа час магла супакоіць, патлумачыць незразумелыя моманты, настроіць на працу. Ніна Мікалаеўна, наадварот, запомнілася вельмі ласкавай і дабрадушнай. Ігар Паўлавіч быў моцным хірургам, які шмат патрабаваў, але мог і пажартаваць, дзе патрэбна.
Анатоль Юльянавіч увогуле жыў на працы. А калі ў бальніцы ляжаў цяжкі пацыент, не сыходзіў дадому да той пары, пакуль не пераконваўся, што чалавеку нічога не пагражае. Усе яны — узорныя асобы і дактары. Прыйшоўшы да іх у калектыў, я адчула сябе дома. І з такім цяплом яны ставіліся да ўсіх маладых, — кажа Святлана Ігнаценка.
Пасля выпуску ў 1996 годзе дзяўчына размеркавалася за 7 кіламетраў ад родных Бывалек: стала загадчыцай ФАПа ў вёсцы Ручаёўка, дзе працавала да сакавіка 2003 года. Пасля разам з мужам і старэйшым сынам пераехала ў Лоеў. Там перайшла на хуткую дапамогу.
Мне хацелася працаваць толькі ў сваім раёне. Тут жылі бацькі, сябры, знаёмыя людзі. І я марыла застацца дома, паколькі па ўнутраным складзе ўсё ж з'яўляюся сельскім жыхаром. Так аказалася, што прыказка «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся» — пра мяне.
«Святланка, выходзь!»
Калі фельчары заступаюць на дзяжурства — найперш праводзяць агляд медыцынскіх сумак, папаўняюць прэпараты і правяраюць спраўнасць абсталявання. А затым накіроўваюцца на выклік ці абслугоўваюць амбулаторныя звароты пацыентаў. Спецыяліст кажа, што колькасць выездаў можа вагацца ў залежнасці ад іх спецыфікі. Брыгада можа не выязджаць за межы раёна — тады іх больш, а бывае, што прыходзіцца дастаўляць людзей ва ўстановы аховы здароўя Рэчыцы, Брагіна ці Гомеля — тады колькасць выездаў меншая. Найбольш аддаленая ад раённага цэнтра кропка — вёска Рудня-Бурыцкая — знаходзіцца за 40 кіламетраў.
Па словах фельчара, брыгада пастаянна знаходзіцца на сувязі з іншымі падраздзяленнямі бальніцы. Калі ёсць патрэба — можна адразу ж пракансультавацца з загадчыкамі тэрапеўтычнага ці хірургічнага аддзяленняў. Святлана Ігнаценка кажа, што ў працы яе брыгады не бывае простых выездаў: кожны выпадак складаны, паколькі адна і тая ж хвароба ў розных людзей праяўляе сябе інакш. І калі людзі выклікаюць хуткую, яны безапеляцыйна давяраюць медыкам, чакаюць, калі тыя ім дапамогуць, купіруюць боль. Аднымі з самых няпростых выклікаў
Святлана Міхайлаўна лічыць дарожна-транспартныя здарэнні, паколькі там даводзіцца працаваць у экстрэмальных умовах.
Таксама фельчар узгадвае першыя прынятыя ёй роды (усяго за практыку з яе дапамогай з’явіліся на свет два дзіцяці). Безумоўна, у такіх сітуацыях спецыялістам працаваць даводзіцца хутка, асцярожна і з халоднай галавой, паколькі яны нясуць адказнасць і за маці, і за немаўля. Аднак пасля нара-джэння маленькага медыкі перажываюць усплеск адрэналіну і бязмежную радасць. Цікава, але абодвух дзяцей, якія нарадзіліся падчас дзяжурства брыгады, назвалі ў гонар яе супрацоўнікаў. Дзяўчынка стала Святланкай (як і Святлана Міхайлаўна), а хлопчык атрымаў імя Сярожа (як у кіроўцы Сяргея Пазняка). Праўда, пра гэта фельчар даведалася толькі праз некалькі гадоў, прыехаўшы на выклік па тым самым адрасе.
— У раёне ўсе людзі, быццам вялізная сям’я. Ты ва ўсіх на віду і на слыху, гэта накладвае яшчэ большую адказнасць. Калі раптам не ведаеш пацыента, то абавязкова знаёмы з яго бацькамі, дзядулямі ці бабулямі, сваякамі ці сябрамі.
Таму і суперажываеш усім, як блізкім людзям. Абавязкова адсочваеш самаадчуванне чалавека, калі той адмовіўся ад шпіталізацыі — праз фельчара або асабісты тэлефонны званок. Калі пацыент трапляе ў бальніцу — можаш спытаць пра яго самаадчуванне ў калег ці завітаць да яго ў палату. Людзі гэта цэняць, і час ад часу могуць падзякаваць нават калі сустракаюць нас у краме. У нас усе фельчары зычлівыя і гатовыя дапамагчы, а без гэтага ў медыцыне працаваць нельга, — дзеліцца Святлана Ігнаценка.
За час практыкі фельчара ў брыгады з’явіліся пацыенты, да якіх хуткая прыязджае перыядычна. Як правіла, гэта людзі з павышаным ціскам або сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Здараецца, спецыялістам тэлефануюць састарэлыя пацыенты, якія перабіраюць хатнія аптэчкі ці хочуць удакладніць, якія лекі прымаць пры пэўных скаргах. Тады медыкі расказваюць, якія таблеткі і ў якіх дозах прымаць, або раяць звярнуцца ў стацыянар ці выклікаць хуткую дапамогу.
Мы дапамаглі, збіраемся развітвацца, і тут жанчына кажа: «Хочаце, я пакажу дзіця, якое нарадзілася дзякуючы вам?» Ківаю ў адказ. Яна кідае ў суседні пакой: «Святланка, выходзь!», і мы бачым дзяўчынку 8–9 гадоў.
Фельчар, які выпраменьвае пазітыў
Як да родных дзяцей Святлана Ігнаценка разам са сваімі калегамі ставіцца і да маладых спецыялістаў. Яны тлумачаць фельчарам-пачаткоўцам адметнасці працы, адказваюць на пытанні, на ўласным прыкладзе паказваюць, як узаемадзейнічаць з пацыентамі і іх сем’ямі. У выніку моладзь, нават калі мяняе месца жыхарства, застаецца ў медыцыне.
— Часта прыязджаеш да пацыента, а побач родныя, бледныя ад хвалявання. Ты разумееш, што трэба не толькі аказаць медыцынскую дапамогу чалавеку, але і падтрымаць яго сям’ю. Пачынаеш размаўляць з імі, тлумачыць, што ты робіш і як падзеі будуць развівацца далей. І людзі слухаюць.
Здараецца, канечне, што родныя могуць быць на ўзводзе. Калі яны пераўзбуджаныя, уключаеш аўтарытэт: «Даверцеся нам, мы прафесіяналы». Яны супакойваюцца, мы выконваем сваю працу. І пасля гэты давер да нас у людзей застаецца, — кажа Святлана Ігнаценка. — Чалавечае жыццё — гэта зона павышанай адказнасці. Тут ніколі не бывае лёгка. Але часам можа дапамагчы нават слова фельчара. Часта адзінокія людзі сталага ўзросту пасля візіта брыгады хуткай дапамогі гавораць: «Пасля размовы з вамі стала лягчэй. Як быццам нічога ўжо не баліць».
Намеснік галоўнага ўрача Лоеўскай ЦРБ Ганна Кісялёва знаёмая са Святланай Ігнаценка з 2017 года. Яна апісвае фельчара як добразычлівага чалавека, які заўсёды выпраменьвае пазітыў і гатовы прыйсці на дапамогу:
Святлана Міхайлаўна самаадданая ў працы: заўсёды свае прафесійныя абавязкі ставіць вышэй за асабістыя інтарэсы. У яе ёсць шмат чаму павучыцца. Яна адказная і дысцыплінаваная. У 2024 годзе Святлана Міхайлаўна была занесена на Дошку гонару бальніцы як лепшая ў сваёй галіне. Сярод калег яна зарэкамендавала сябе як прафесіянал, што з вышыні свайго вялікага вопыту можа многае падказаць і ніколі не пакіне без увагі таго, хто мае ў ёй патрэбу.
Праца жонкай і матуляй
З вяртаннем дадому працоўная змена Святланы Міхайлаўны працягваецца, толькі тут яна прафесіянал ужо як жонка і матуля. Дарэчы, на змену жонкі яна заступіла ў 1999 годзе, а праз год упершыню прымерыла на сябе ролю маці (старэйшаму сыну Яўгену сёлета спаўняецца 26 гадоў, сярэдняй дачцэ Настассі — 11, а малодшай Дар'і — 10). Па-за зменай яна стараецца як мага даўжэй пабыць з роднымі: праверыць урокі ў малодшых дзяцей, зрабіць хатнія справы, з кожным пагутарыць. Цёплымі вечарамі разам з сям’ёй Святана Ігнаценка шпацыруе да Дняпра, дзе адкрываюцца маляўнічыя краявіды. Час ад часу разам з дачушкамі фельчар выбіраецца ў лес ці выпякае ласункі.
Шматдзетная маці прызнаецца, што сына яны з мужам стараліся выхоўваць больш строга — як абаронцу, апору для родных. Дзяўчатак, наадварот, больш лагодна…
У моманты асаблівых перажыванняў ці тады, калі хочацца расслабіцца, Святлана Ігнаценка выходзіць у сад.
Тут яе заўсёды сустракаюць пасаджаныя з мужам дрэвы сліў, вішань, яблыкаў, кусты парэчкі, маліны, агрэсту, буякоў. Таксама радуюць вока больш за 100 кустоў кветак — ружы, лілеі, цюльпаны, півоні, першацветы. Гэта тэрыторыя пачынае красаваць з сыходам снегу і засынае зноў, калі пачынаюцца маразы.
Святлана Міхайлаўна не ведае, што значыць безвыходная сітуацыя. З дзяцінства яна запомніла словы матулі, якая вучыла: калі становіцца няпроста ў сям’і ці на працы — патрэбна перачакаць. З часам усё абавязкова стане на свае месцы. І гэты ўрок блізкага чалавека не падводзіў фельчара ніколі.