Фото з архіва Л. Емашовай.
Фото з архіва Л. Емашовай.

Калі я запыталася ў галоўнага ўрача Слонімскай ЦРБ Наталлі Рызвановіч, як знайсці загадчыцу гарадской паліклінікі Ларысу Емашову, Наталля Іванаўна, не задумваючыся, параіла мне патэлефанаваць ёй раніцай…у рэгістратуру. І не памылілася!

 

19 2 standard height 3200px gigapixel маленькЛарыса Емашова, загадчыца гарадской паліклінікі Слонімскай ЦРБ.Ларыса Емашова:

 

Прыходжу на працу а сёмай раніцы, калі тут толькі санітарачкі наводзяць парадак. Мне вельмі важна ўбачыць санітарны стан установы, ці ўсё ў парадку ў кабінетах. А ў 8 гадзін, калі пачынае працаваць рэгістратура, я абавязкова кіруюся туды…

 

Гэта самы напружаны час — вельмі важна не толькі своечасова выдаць пацыентам талоны да спецыялістаў, але і калі раптам узнікне непрадбачаная сітуацыя — хутка і эфектыўна яе вырашыць.

 

Потым я праходжуся па паліклініцы, каб паглядзець, ці ёсць чэргі каля кабінетаў. Пацыенты не заўсёды пунктуальныя, не заўжды прыходзяць у прызначаны час...

 

Агульны медыцынскі стаж у Ларысы Емашовай — 28 гадоў. Нарадзілася ў Слоніме; у сямейным альбоме шмат здымкаў, дзе маленькая Ларыса ў белым халаціку і шапачцы дзіцячым фанендаскопам «слухае» лялек… Скончыла СШ № 3 з залатым медалём, паступіла ў Гродзенскі медінстытут. Паспяхова адвучылася і вярнулася ў родны горад. 

 

Ларыса Емашова:

 

Маё першае рабочае месца было тут, у Слонімскай ЦРБ. Некаторы час працавала ўрачом-отарыналарынголагам, а з 2003 года загадваю паліклінікай. Вось такая простая працоўная біяграфія.

 

Субяседніца прыгадвае, як упершыню прыйшла сюды на працу.

 

Ларыса Емашова:

 

Гэта быў сімпатычны трохпавярховы будынак, узведзены турэцкай будаўнічай арганізацыяй у новым мікрараёне.

 

Знешні выгляд паліклінікі цешыць вока і сёння. У канцы мінулага года, не гледзячы на складаны час пандэміі, тут зрабілі рамонт.

 

Ларыса Емашова:

 

Атынкавалі і пафарбавалі фасад будынка. Замянілі вокны на лесвічных пляцоўках, пафарбавалі сцены ў холах і калідорах у прыемны аліўкавы колер…

 

Пра няпросты час гаспадыня ўстановы гаворыць з непрыхаваным хваляваннем.

 

Ларыса Емашова:

 

На піку пандэміі і нам давялося перабудоўвацца. Стварылі інфекцыйны кабінет з неабходным абсталяваннем, шлюзы для медработнікаў. Раздзялілі патокі пацыентаў. На піку другой хвалі прымалі хворых ужо ў чатырох кабінетах. Працавалі з раніцы і да позняй ночы. Стварылі тры кантактныя брыгады для візітаў на даму: для абслугоўвання кавідных хворых і кантактаў першага ўзроўню. Па 700 і больш пацыентаў за суткі. Былі жорсткія патрабаванні і строгі кантроль. Увогуле ж наша паліклініка абслугоўвае больш як 20 тысяч насельніцтва, у асноўным гэта людзі працаздольнага ўзросту.

 

Сёння ў паліклініцы працуе толькі адзін інфекцыйны кабінет. Для зручнасці пацыентаў — з 8 раніцы да 20 вечара.

 

Ларыса Емашова:

 

Каронавірусную інфекцыю рэгіструем, але ўжо няма такой колькасці выпадкаў і напружання, якое было раней. Вельмі спадзяюся, што новая хваля пандэміі нас не зачэпіць. Гэта дазволіць весці планавую работу па актыўным выяўленні і лячэнні пачатковых форм сацыяльна значных захворванняў, папярэджванні рэцыдываў і ўскладненняў ужо зарэгістраваных хвароб. Плануем правесці актыўную дыспансерызацыю насельніцтва Слоніма, у тым ліку і нетранспартабельных пацыентаў. Пры паліклініцы створаны мабільныя дыспансерныя брыгады, прадоўжым скрынінгавыя праграмы, працу з асобамі, якія не праходзілі агляд 2 гады і болей.

 

Калектыў у паліклініцы ў асноўным жаночы. З 78 чалавек толькі два мужчыны: урач-хірург і ўрач-отарыналарынголаг.

 

Ларыса Емашова:

 

Наша каманда вельмі дружная. Адзіная праблема ў тым, што не заўсёды адразу атрымліваецца знайсці замену дактарам, што пайшлi ў дэкрэтны адпачынак. Знаходзім, вучым, але і наступная сыходзіць па той самай прычыне…

 

Нядаўна нарадзілася дачушка і ў майго сына, і я разумею, якая гэта радасць. Маленькую Еву вельмі любім. Спадзяюся, што яна прадоўжыць справу сваёй бабулі…

 

Ларыса Іванаўна просіць прабачэння і вяртаецца да штодзённых клопатаў.

 

Ларыса Емашова:

 

Загадваць паліклінікай — няпростая арыфметыка. Трэба быць не толькі арганізатарам паліклінічнай справы i ўрачом, але i псіхолагам, кансультантам. Часта вяртаюся дахаты познім вечарам, але раніцай новага дня зноў спяшаюся ў паліклініку — у дом, які стаў мне родным.

 


Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

При копировании или цитировании текстов активная гиперссылка обязательна. Все материалы защищены законом Республики Беларусь «Об авторском праве и смежных правах».