Фота з архіва Н. Карнялюк.   
Фота з архіва Н. Карнялюк.   

Загадчыца кардыялагічнага аддзялення Ваўкавыскай ЦРБ Наталля Карнялюк родам з суседняга Мастоўскага раёна. Пасля Гродзенскага медыцынскага інстытута праходзіла інтэрнатуру ў гэтай бальніцы. Неўзабаве выйшла замуж, ды так і засталася тут назаўжды.

 

— Не шкадую, што атрымалася менавіта так, — усміхаецца субяседніца. — З дзяцінства не сумнявалася, што буду доктарам. У старэйшага брата таксама медыцынская адукацыя, але ён не ў практычнай медыцыне. Калі праходзіла інтэрнатуру, была ў гэтым жа аддзяленні, якім загадваў тады цудоўны чалавек і вопытны спецыяліст Аляксандр Мікалаевіч Менча — дапамагаў і добрым словам, і парадай. Сямнаццаць гадоў працавала ўрачом-кардыёлагам у паліклініцы, тры апошнія — у стацыянары. З кастрычніка мінулага года загадваю кардыялагічным аддзяленнем на 40 коек.

 

За апошнія два дзесяцігоддзі, на думку Наталлі Генадзьеўны, шмат што змянілася.

 

— Цяпер у кардыёлагаў мноства медыцынскіх прэпаратаў, якія ёсць у наяўнасці ў стацыянары, — разважае доктар. — Мы можам падбіраць эфектыўныя камбінацыі для лячэння пацыентаў кардыялагічнага профілю. З’явіліся новыя падыходы ў лячэнні артэрыяльнай гіпертэнзіі.

 

У апошнія гады сталі больш даступнымі лячэнне, кансультаванне і рэабілітацыя ў Гродзенскім абласным клінічным кардыяцэнтры. 

 

— Былі пацыенты, якіх я ўпершыню адпраўляла ў кардыяцэнтр на хірургічную карэкцыю, — распавядае Наталля Генадзьеўна. — Потым доўгі час сачыла за іх жыццём…

 

Засмучае тое, што ў жыцці стала больш стрэсавых сітуацый. Маладзеюць інфаркты міякарда. Асабліва гэта датычыць мужчын ва ўзросце 50–55 гадоў. На жаль, пакуль чалавек не трапіць у стацыянар, здароўем ён не займаецца…

 

Калі прыйшла пандэмія, доктар Карнялюк пачала лячыць ковідных хворых, асабліва з кардыялагічнымі ўскладненнямі ды паталогіямі. Першая хваля прайшла лягчэй. Было меней цяжкіх пацыентаў. Цяпер усё больш складана. Запатрабаваныя ўсе кіслародныя кропкі...18 фото Корнелюк НjpgЗ’явілася шмат напрацовак у лячэнні такіх пацыентаў, але багата і незразумелага. Напрыклад, як адгукнецца арганізм праз пэўны час пасля перанесенай хваробы. Пакуль можна толькі меркаваць,

лічыць доктар.

 

— Па першым часе было няпроста, — успамінае Наталля Генадзьеўна. —  Асабліва ў спёку… Але паступова ўсё стала на свае месцы, мы адаптаваліся. Ды нават у такіх умовах мне падабаецца мая справа.

 

Каб не канцэнтравацца на адмоўных эмоцыях, Наталля Генадзьеўна імкнецца быць у пазітыўным настроі, дарыць сабе і родным маленькія радасці.

 

— У нас свой дом, які я люблю ўпрыгожваць, — расказвае доктар. — Люблю кветкі, асабліва лілеі. Падабаецца гатаваць смачныя і арыгінальныя стравы. На Каляды, напрыклад, я прыгатавала качку ў мядова-гарчычным соусе. Усім спадабалася!


Калядны рэцэпт ад Наталлі Карнялюк

 

Качка ў мядова-гарчычным соусе

 

Качку прамыць і прасушыць. Нацерці яе спецыямі зверху і ўнутры (звычайна гэта соль, перац, каляндра), памазаць аліўкавым алеем і паставіць на ноч у халадзільнік. Укласці начынку з парэзаных кісла-салодкіх яблыкаў і запякаць у рукаве ў духоўцы пры тэмпературы 180 °С. Калі запячэцца, дастаём з духоўкі, разразаем рукаў, змазваем качку мядова-гарчычным соусам: 1 стал. лыжка мёду, 1 стал. лыжка гарчыцы. Запякаем да румянай скарыначкі яшчэ 15–20 хвілін.

 

Смачна есці!