Уручэнне прэміі «Топ-10» НАН Беларусі за 2015 год.
Фота з архіву В. Букі

Біяхімік, доктар біялагічных навук, прафесар Вячаслаў Бука, аўтар больш як паўтысячы навуковых прац па біяхіміі, фармакалогіі і эксперыментальнай гепаталогіі, лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2008), Міжнароднай прэміі Khwarizmi International Award (2013), трох прэмій «Топ-10» НАН Беларусі (2015, 2020, 2021), член Міжнароднага (ISBRA) і Еўрапейскага (ESBRA) таварыстваў па біямедыцынскаму вывучэнню алкагалізму і Еўрапейскай асацыяцыі па вывучэнню печані (EASL), член рэдкалегій і рэцэнзент міжнародных і еўрапейскіх навуковых выданняў, дае мне гэта інтэрв’ю напярэдадні свайго юбілею. Гаворым, як і патрабуе нагода, пра набыткі і страты, дасягненні і клопаты.

 

Замест пралогу

 

Vyachaslaў BukaПрачытала недзе, што вы пайшлі ў першы клас — і мо праз які тыдзень пераскочылі ў другі. Гэта праўда?

 

Было. Сястра, на пяць гадоў за мяне старэйшая, навучыла мяне і чытаць, і пісаць, і лічыць, і нават запісваць лацінскія літары, бо яна ўжо вучыла нямецкую мову. У першы клас я трапіў выпадкова. Бацьку папрасілі заараць школьны агарод, а мяне на гэты час пасадзілі ў настаўніцкай і далі ў рукі кніжку «Тараканішча». Я чытаю ўголас — настаўнікі здзіўляюцца.

 

А потым самі сабе: «Ды гэта ён па памяці гаворыць». Даюць газету. А я і газету чытаю. Трэба, кажуць, у школу. Ну, і пайшоў у школу. Пасядзеў мо тыдзень у першым класе, і стала зразумела, што няма чаго мне ў ім рабіць, трэба ісці ў другі. Так вось і атрымалася. І ў няпоўныя 16 гадоў я ўжо паступіў у інстытут.

 

Да вучобы ў інстытуце мы яшчэ дойдзем, а пакуль што мне вельмі цікава пачуць трошкі больш пра дзяцінства. Якія вашы першыя ўспаміны, хто на вас наймацней паўплываў…

 

Першыя ўспаміны дзяцінства звязаны з бабуляй: я добра памятаю, як яна трымала мяне на руках. Мне было паўтара гады, калі яна памерла ў 1944-м. Памятаеце?..

 

Я нарадзіўся ў кастрычніку 1942-га, а ў чэрвені 1944-га вызвалялі ад захопнікаў нашу Шаркаўшчыну. Мы сядзелі ў акопе накшталт бліндажа, дзед выкапаў. Памятаю, як мама трымае мяне, захутанага ў коўдрачку, а сястра кажа: «Бомбачка бух». Памятаю гэта даволі выразна. А дзяцінства… Пасляваеннае, галоднае. Мама была для нас усім. Усё нам аддавала. Яна памерла ў 2000 годзе ў Брэсце, у сястры. Мела 92 гады і вельмі добрую памяць.

 

Доктар Бука

 

Вячаслаў Ульянавіч, а чаму вы пайшлі ў медыцыну? Ці былі нейкія іншыя варыянты?

 

Я не выбіраў медыцыну. Я хацеў стаць журналістам. Бацька не даў: сам павёз дакументы ў Мінск і здаў іх у медінстытут. Што зробіш… Ён так хацеў. Хто такі журналіст для вясковых людзей? А доктар — гэта ж ого!

 

Ну і давялося здаваць экзамены ў медыцынскі. Атрымаў адну тройку і не прайшоў, не хапіла балаў. Але ў тым жа годзе трохі пазней мы даведаліся, што адкрываецца медыцынскі інстытут у Гродне. Я паспеў прыехаць, здаць экзамены і паступіць. Заняткі пачаліся 15 кастрычніка 1958 года. Вясёлае настала жыццё. Зусім новае.

 

Размеркаванне вы атрымалі ў вёску. Для вас гэта было рамантычна, звычайна ці засмучальна? Вы хацелі ў вялікі горад, займацца навукай?

 

Размеркаванняў у горад амаль не было. Толькі па вялікім блаце, як кажуць. Я ведаў адразу, што паеду ў вёску. Але на размеркаванні выставіў патрабаванне: каб у мясцовасці былі возера ці рака, дзе можна было б лавіць рыбу. Вось і адправілі мяне на Палессе, у Пінскі раён, у былое яўрэйскае гандлёвае мястэчка Пагост-Загародск, акружанае вялікімі вёскамі.

 

Праца там апынулася маленькім, але вельмі цікавым эпізодам майго жыцця. З прышчэпкамі было цяжка: насельніцтва не заўсёды давала рабіць іх, асабліва дзецям. Здараліся і кур’ёзы. Напрыклад, прыходзіць да мяне кабета. Палола агарод, зрабілася млосна, пасярод грады павалілася. Давайце, кажу, руку, памераем ціск. Памераў — і нейкае ў мяне сумненне з‘явілася. Прашу даць другую руку, перамераць, і чую: «Нэ дам!» — «А чаму?» — «Бо я нэ помыла». Адну руку яна пасля агарода памыла, для доктара, а другую не мыла. Многа было ўсялякіх выпадкаў. Возера, праўда, было там вялікае.

 

Карысталіся ім напоўніцу?

 

Вядома. Я быў другім урачом, а галоўным быў доктар Аляксей Сулкоўскі, які скончыў медінстытут на год раней за мяне. Мы і цяпер сябруем. Ён жыве у Брэсце, і амаль кожны тыдзень мы перамаўляемся па тэлефоне. А рыбу я ўжо не лаўлю, снасці сваяку падарыў. Праз год працы ў Пагост-Загародску накіравалі мяне галоўным урачом у іншую бальніцу, у суседні Бобрык. Але і там я нядоўга папрацаваў. Жаніўся, дабіўся пераводу ў Брэст, у гарадскім радзільным доме быў спачатку анестэзіёлагам, потым загадчыкам аддзялення. Працаваць было цяжка. Я мог спатрэбіцца ў любы момант, таму пры адлучцы мусіў паведамляць, дзе буду знаходзіцца.

 

Далi нам аднаго разу бiлеты на спектакль Ровенскага тэатра, тады iх размяркоувалi па арганiзацыях. Пайшлi мы з жонкай. I вось бачым на сцэне экран, падсвечаны з адваротнага боку, i ходзiць за iм аyтаматчык у касцы, нам вiдаць толькi яго сiлуэт. I раздаецца голас: «Доктар Бука». Жонка кажа: «Бачыш, i там доктар Бука ёсць». Чуем — паутараюць: «Доктар Бука, на выклiк». I на рыбалцы мяне вылоyлiвалi. Бывала yсяляк. Але вельмi цiкавая была праца. Адказная.

 

Ёсць такi чалавек

 

А потым пачалася ўжо спрэс біяхімія. Фармакалогія і эксперыментальная гепаталогія…

 

Абсалютна так. Патэлефанавалі мае сябры, якія працавалі ў аддзеле рэгуляцыі абмену рэчываў Акадэміі навук БССР, арганізаваным прафесарам Юрыем Міхайлавічам Астроўскім. Ён падбіраў супрацоўнікаў, яму падказалі, што ёсць такі чалавек, мне патэлефанавалі — і я рашыўся на вяртанне ў горад свайго студэнцтва, каб займацца навукай.

 

Раскажыце, як гэта выглядала ў дэталях.

 

З 1971 года і прыкладна да 1990-га мы займаліся пераважна фундаментальнымі даследаваннямі і працавалі на самых розных тканках. Мая кандыдацкая дысертацыя прысвечана ролі тыяміну і яго вытворных у рэгуляцыі абмену тлустых кіслот. Але мяне вельмі вабіла печань. У 1989-м я абараніў доктарскую на тэму «Узаемадзеянне этанола і ацэтальдэгіда з простагландзінавай сістэмай у печані» і ў 1990-м атрымаў пад сваё кіраўніцтва акурат тады створаную лабараторыю эксперыментальнай гепаталогіі. Так я стаў больш мэтанакіравана і на належным узроўні даследаваць эфекты ўздзеяння на печань розных рэчываў.

 

Асноўныя шляхі метабалізму, якія цікавілі навуку да гэтага, па-ранейшаму існуюць і нікуды, вядома, не падзенуцца. Але адкрытыя ўжо тысячы разнастайных сігнальных шляхоў, якімі вызначаецца клетачны метабалізм і якія «ўключаюцца» як адказ клеткі на самыя розныя знешнія для яе фактары. Наспела патрэба даследаваць гэтыя механізмы.

 

Але ўсведамленне такой патрэбы — гэта адно, а матэрыяльныя магчымасці для яе рэалізацыі — зусім іншае. Набор рэактываў на які-небудзь адзін цытакін каштаваў каля тысячы долараў. Выйсце магло быць толькі адно: шукаць кантакты з замежнымі вучонымі і выходзіць на супрацоўніцтва з замежнымі фірмамі з мэтай сумесных даследаванняў. Гэта было нялёгка. Такія прапановы аб супрацоўніцтве, зразумела, прымаюцца неахвотна — пакуль не стане зразумела, хто ты, што ты і ці варты таго, каб прабіцца ў гэтыя сферы.

 

Першай перамогай стала наладжанае супрацоўніцтва з парай даволі буйных нямецкіх фірм. А потым ужо замежнікі самі пачалі рабіць прапановы. Да прыкладу, з фірмай «Доктар Фальк Фарма» ў Фрайбургу мы супрацоўнічалі каля 12 гадоў і атрымлівалі ад гэтага не толькі рэактывы, але і грашовы прыбытак, які, праўда, не даставаўся цалкам лабараторыі, а размяркоўваўся на ўвесь інстытут. Але я быў тады ці не адзіны такі загадчык лабараторыі — які зарабляе для інстытута.

 

Адкрыццё ў Інстытуце біяхіміі Акадэміі навук БССР лабараторыі эксперыментальнай гепаталогіі супала з абаронай доктарскай дысертацыі Вячаслава Букі невыпадкова. Нярэдкая гэта з’ява — калі навуковая структура ўзнікае не толькі па прычыне наспелай неабходнасці, намацанай актуальнасці, але (і часта ў большай ступені) таму, што з’яўляецца такі чалавек, які можа яе «пацягнуць», згуртаваўшы вакол уласнага аўтарытэту адпаведныя сілы і сродкі. Іншымі словамі, меў доктар Бука патэнцыял і валодаў рэсурсамі, ведаў, у якім баку будучыня і з чым туды трэба ісці. Дваццаць першае стагоддзе пачыналася…

 

Ёсць кантакт

 

Вы стажыраваліся ва ўніверсітэтах Германіі і Італіі, выступалі з лекцыямі ў Польшчы, Венгрыі, Іспаніі, Швецыі…

 

Першы раз я выехаў за мяжу недзе ў 1989 годзе. Гэта быў біяхімічны сімпозіум ці канг-рэс — ужо не памятаю. Мерапрыемства арганізавалі СССР і ГДР. Усіх нас, хто з СССР, сабралі ў Маскве, выдалі кожнаму замежны пашпарт і пасадзілі на цягнік. Два вагоны было нас, а можа і больш. У той паездцы я пазнаёміўся з нямецкім вучоным Томасам Цымерманам. Нядаўна ён прыслаў мне паведамленне, што паехаў адпачываць. Напісаў па-руску: «Я в отпуске».

 

Хаця ўжо гадоў восем на пенсіі. З яго тады і пачалося. На наступны год ён запрасіў мяне на канферэнцыю еўрапейскіх краін, дзе я, асмялеўшы, выступіў з дакладам. Чытаў па паперцы, але на пытанні адказваў. Нямецкая мова ў мяне была добрая, на першым і другім курсах я нават выкладчыка папраўляў. Я яго папраўляў, а ён мяне за гэта выганяў з заняткаў (смяецца).

 

Але на канферэнцыі я гаварыў па-англійску. Уся сур’ёзная навука англамоўная, уся навуковая літаратура пішацца па-англійску, не ведаючы гэтай літаратуры, не ведаючы англійскай мовы, няма чаго ў сур’ёзнай навуцы рабіць. На шчасце, прафесар Астроўскі быў вельмі празорлівым чалавекам: трымаў у штаце выкладчыцу англійскай мовы. А размоўную мы ўжо ставілі ў асабістых кантактах. Галоўнае — мець кантакты.

 

У яшчэ адной замежнай камандзіроўцы я пазнаёміўся з рэктарам Турынскага ўніверсітэта прафесарам Марыё Умберта Дзіянзані і яго вучнямі, з якімі ў мяне таксама ўсталявалася плённае супрацоўніцтва. Яны прыяз-джалі да мяне ў Гродна яшчэ да распаду СССР, я іх вазіў у Вільню і сам у іх бываў шмат разоў з дакладамі. Асабістыя кантакты, якіх я досыць займеў за мяжой, ператварыліся ў моцныя сяброўскія сувязі. Адзін з сяброў, прафесар Тамаш Зіма, біяхімік і ўрач, да нядаўняга часу быў рэктарам Карлава ўніверсітэта ў Празе, а цяпер балатуецца ў прэзідэнты Чэхіі.

 

Эфiр кафейнай кiслаты

 

Апошнія гады мы працавалі з кавай. Гэта вельмі цікавая тэма, і калі я выступаю з дакладамі па ёй, аўдыторыя ажыўляецца. Пачыналі мы з таго, што параўналі экстракты кавы зялёнай і кавы пражанай, какава-бабоў зялёных і пражаных — як яны ўплываюць на цыроз печані. Эфект тармажэння хваробы аказалі ўсе доследныя ўзоры, але найлепшы — зялёная кава.

 

Наступныя даследаванні праяснілі чаму. У склад кавы ўваходзіць хларагенавая кіслата, яна і аказвае гэты эфект. Адна з апошніх нашых публікацый прысвечана акурат гэтым даследаванням, якія былі праведзены на вельмі высокім узроўні сумесна з польскімі вучонымі. Было адсочана больш за 20 малекулярна-біялагічных паказчыкаў, не пашкадавалі на гэта палякі ні грошай, ні часу, ні намаганняў.

 

Эфект хларагенавай кіслаты пры алкагольным пашкоджанні печані такі, што, як кажуць, проста закачаешся. Але ніхто не хоча рабіць лякарства! Вядома, кава — прадукт нятанны, вылучаць з яе хларагенавую кіслату — значыць, здабываць лякарства з золата. А тым часам той самай хларагенавай кіслаты поўна ў лісці тапінамбура і сланечніка, якія нікому не патрэбны. Эфект не ў каве, а толькі ў хларагенавай кіслаце. Выходзіць, што сыравіны хапае, а ў фармацэўтычныя дзверы ніяк не дагрукацца.

 

Субстанцыi i iнстанцыi

 

Вячаслаў Бука:

 

Апошнім часам у полі нашай увагі былі не толькі пашкоджанні печані, але і цукровы дыябет, і атэра-склероз, і іншыя праблемы. Знайшлі, што шмат добрых эфектаў даюць антацыяны і іншыя раслінныя субстанцыі. Маем шэраг навуковых публікацый на гэту тэму. Але і тут уклініцца ў планы фармацэўтычнай індустрыі складана. Зрэшты, трохі поспехаў ёсць.

 

Мы распрацоўвалі гепатапратэктар біенасілім. Да сілімарыну, вядомай субстанцыі, якая абараняе печань, дадавалі біен — комплекс этылавых эфіраў поліненасычаных тлустых кіслот, які стымулюе працэсы аднаўлення клетак. Тэхнічную частку ўзяў на сябе завод, на нас ускладалася фармакалогія. Прэпарат пайшоў.

 

Але гэта ці не адзіны сапраўдны поспех — адзіны наш арыгінал. Іншыя стасункі з фармацэўтычнай вытворчасцю грунтуюцца на працах з джэнерыкамі. З нашым удзелам выпусцілі урсаклін, гепталНАН, гіпатэнзіўны прэпарат лазартан і некалькі іншых. Але ж гэта ўсё «копіі», а мы маглі б выпускаць і арыгіналы.

 

Варта згадаць яшчэ вельмі цікавы і перспектыўны кірунак. Усе гэтыя прыродныя субстанцыі, пра якія я гавару, вельмі цяжка распушчаюцца ў вадзе і вельмі слаба засвойваюцца ў страўніку і кішэчніку. Іншымі словамі, біялагічная даступнасць у іх вельмі нізкая.

 

Павялічыць яе ў разы, павысіць хуткасць засваення лекавых кампанентаў дазваляюць, у прыватнасці, цыкладэкстрыны. Іх малекулы выглядаюць як чашачкі, вонкавыя сценкі якіх гідрафільныя, а ўнутраныя — гідрафобныя. Убудоўванне ў гэтыя чашачкі слабарастваральных малекул лекавых сродкаў або біялагічна актыўных рэчываў робіць іх растваральнымі і дазваляе аказваць уздзеянне на клеткі-мішэні ў поўнай меры. Цыкладэкстрыны мы прымянялі спачатку для сінтэтычнай субстанцыі — сертраліну.

 

Ён выкарыстоўваецца пры лячэнні дэпрэсій, але мае і гіпаглікемічны эфект — паніжае ўзровень цукру ў крыві, павышае прадукцыю інсуліну і таму прымяняецца яшчэ і для лячэння цукровага дыябету ў хворых з дэпрэсіяй. Такое спалучэнне дыягназаў здараецца часта. Артыкулы з вынікамі нашых на гэты раз ужо чыста фундаментальных даследаванняў надрукаваны ў самых прэстыжных еўрапейскіх часопісах з высокім імпакт-фактарам. Мы дасягнулі таго, што нашы артыкулы прымаюць такія выданні.

 

Даследаваннi паказалi, што антыдыябетычны эфект сертралiну, убудаванага у цыкладэкстрыны, вышэй больш чым у два разы. Пасля гэтага мы узялiся за прыродныя субстанцыi, у прыватнасцi, за антацыяны чырвонай капусты. I таксама выявiлi эфект павышэння бiядаступнасцi.

 

Гэтыя эксперыменты мы ладзілі ў супрацоўніцтве з прафесарам Іллёй Барысавічам Заводнікам, пры падтрымцы кафедры біяхіміі Гродзенскага дзяржуніверсітэта, якую ён узначальваў. Гэта ўсё вельмі цікавыя рэчы, якія патрабуюць далейшых, яшчэ больш дэтальных даследаванняў, на што, зразумела, патрэбны вялікія грошы. З-за іх недахопу многія распрацоўкі ляжаць пакуль мёртвым грузам. Незапатрабаваныя яны і па іншай прычыне — ад неразумення актуальнасці.

 

Трэба, маўляў, займацца прыкладнымі даследаваннямі, а фундаментальныя здабудзем з-за мяжы. Такі падыход, зразумела, вымушаны, ёсць на яго прычыны. Але ўсё роўна прыкра. Я на адно спадзяюся: усе нашы вынікі надрукаваны ў часопісах, якія чытае свет, і рана ці позна нехта іх знойдзе і выкарыстае.

 

Вячаслаў Бука:

 

Я чалавек, народжаны не ў той час. Навучыўся працаваць з камп’ютарам пасля сарака гадоў, вывучыў англійскую мову так, што чытаю на ёй лекцыі, таксама пасля сарака. Машыну вадзіць пачаў пасля 60, калі ногі прыціснулі. Я павінен быў нарадзіцца хаця б на 20 гадоў пазней...

 

Vyachaslaў Buka 3

Вячаслаў Бука з калегамі. Інстытут біяхіміі Акадэміі навук БССР, размешчаны ў Гродне, да нашых дзён дайшоў як Інстытут біяхіміі біялагічна актыўных рэчываў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Да нядаўняга часу прафесар Бука загадваў у ім аддзелам біяхімічнай фармакалогіі. З верасня 2020 года ён з’яўляецца ганаровым прафесарам гэтага інстытута, працягвае выступаць у міжнароднай навуковай прэсе і атрымліваць прэстыжныя ўзнагароды.