Сёлета Канюхоўскі ФАП Бераставіцкай ЦРБ прызнаны лепшым не толькі ў абласным аглядзе-конкурсе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва па выніках дзейнасці ў 2020 годзе, але і ў рэспубліканскім, дзе ён заняў другое месца.
Ала Турэйка, галоўная медыцынская сястра Бераставіцкай ЦРБ:
Загадчыцу ФАПа Святлану Іосіфаўну ведаю ўжо больш як дваццаць гадоў. Пазнаёміліся, калі яна працавала фельчарам Жарноўскага ФАПа. Ужо тады яна вылучалася акуратнасцю і дысцыплінаванасцю. На яе ФАПе і сёння ўзорны парадак. Тут вельмі якасна праводзіцца патранаж дзяцей ранняга ўзросту і тых дзяцей, што знаходзяцца ў групе сацыяльнай рызыкі. За апошнія два гады тут ніхто не адмаўляўся ад планавых прафілактычных прышчэпак дзецям. Святлана Вярышка вядзе строгі ўлік хворых на туберкулёз, анкалагічныя і псіхічныя захворванні, атуляе клопатам інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. На працягу апошніх гадоў тут не рэгістраваліся выпадкі інфекцый, звязаных з аказаннем медыцынскай дапамогі...
Святлана Вярышка ў медыцыне 26 гадоў. Нарадзілася ў Казахстане, аднак калі ёй споўнілася сем год, бацькі вырашылі вярнуцца на радзіму, у Ваўкавыскі раён.
Святлана Вярышка:
Пасля школы я паступіла ў Слонімскае медыцынскае вучылішча і па размеркаванні патрапіла на Жарноўскі ФАП суседняга Бераставіцкага раёна. У 2014 годзе ён закрыўся, і я пачала працаваць у Макараўскай амбулаторыі. А калі муж атрымаў ад мясцовай гаспадаркі кватэру ў Канюхах, я перайшла ў гэты ФАП. У 2018 годзе стала яго загадчыцай.
Працуе Святлана Вярышка разам з санітаркай Антанінай Казакевіч. У зоне абслугоўвання — пяць вёсак. Да бліжэйшай амбулаторыі — 15 кіламетраў, да райцэнтра — амаль 40… Пад яе патранажам 423 чалавекі, з якіх 260 — пенсіянеры. Самаму сталаму 94 гады… Шэсць чалавек — інваліды першай групы. Дзяцей і падлеткаў — 85. У Канюхах жыве і дзесяць шматдзетных сем’яў, але ў іх ёсць перспектыва атрымаць жыллё ў райцэнтры, і тады тут застануцца ў асноўным людзі сталага веку.
Святлана Вярышка:
З транспартам не ўсё так проста, але мы заўсёды знаходзім выйсце: то нехта на ўласным аўто падвязе, то муж падкіне, то дзеці. Летам на веласіпедзе, а калі не атрымліваецца — іду пешшу.
Больш за ўсё вяскоўцаў турбуюць сардэчна-сасудзістыя праблемы і хваробы апорна-рухальнага апарату, а на COVID-19 хварэлі ў асноўным людзі працаздольнага ўзросту, расказвае фельчар. Сталыя вяскоўцы дастаткова ізаляваныя, дзеці прывозяць ім прадукты, таму яны амаль не хварэюць.
Святлана Вярышка:
Інфекцыя паводзіць сябе вельмі па-рознаму. Зусім нядаўна ў двух мужчын каранавірусная інфекцыя пачыналася з парушэння сардэчнага рытму, у іх не было тэмпературы, яны не страчвалі абанянне, і толькі потым, калі мы западозрылі інфекцыю і накіравалі іх у стацыянар, пачалі праяўляць сябе іншыя прыкметы COVID-19.
Вопыт дапамагае прымаць рашэнне ў неардынарных сітуацыях. Аднойчы, калі яшчэ Святлана Вярышка працавала Жорнаўскім ФАПе, яна прыйшла на выклік да мужчыны, у якого быў стан, подобны на прыступ бранхіяльнай астмы з вельмі моцнай адышкай. Ён скардзіўся на боль у грудной клетцы, але чамусьці з правага боку… Пры гэтым фельчар усё ж такі западозрыла інфаркт, параілася з калегамі, агульнымі намаганнямі мясцовых медыкаў мужчыну ўратавалі.
Святлана Вярышка:
Мне пашчасціла працаваць разам з выдатнымі спецыялістамі. Калі я працавала ў Макараўскай участковай бальніцы (цяпер — урачэбная амбулаторыя), там былі цудоўныя клініцысты, муж і жонка Міхаіл і Вера Цэханоўскія. Лічу сваімі настаўнікамі ўрача-тэрапеўта Леаніда Чарнавола, урача агульнай практыкі Алену Катлярову, што працуе цяпер у Бераставіцкай ЦРБ, з якой я кансультуюся і па сёння. Лячыць людзей — калектыўная работа, і быць адзінокім воінам на полі бітвы за здароўе чалавека рызыкоўна.
У Жарноўскім ФАПе Святлана Вярышка часта замяняла сваю калегу з Канюхоў, а таму, калі перайшла працаваць сюды пастаянна, пацыентаў ужо добра ведала. Як і яны яе. Вяскоўцы прыходзяць на ФАП, каб зрабіць кардыяграму сэрца, даведацца пра артэрыяльны ціск, узровень цукру ў крыві… Калі падчас пандэміі прызначалася амбулаторнае лячэнне ці стацыянар на даму, трэба было рабіць ін’екцыі і кропельніцы, сачыць за станам такіх пацыентаў, паралельна лячыць іх хранічныя хваробы — артэрыяльную гіпертэнзію, цукровы дыябет, бранхіяльную астму…
Распрацавана і спецыяльная анкета па анканасцярожанасці. У жанчын абследуюцца малочныя залозы, бяруцца мазкі на цыталагічнае даследванне.
Святлана Вярышка:
На жаль, у нас да гэтага часу няма свайго камп’ютара, і даводзіцца рабіць шмат папяровай работы. Але ўсё гэта забываецца, калі бачыш удзячныя вочы пацыента і яго ўсмешку.
Бывае, завітваюць сюды і з кветкамі. Напрыклад, Галіна Андрукевіч ніколі не прыходзіць на ФАП без букета. Гледзячы на яе, і іншыя прыносяць то кветачку, то прыгожую галінку.
Святлана Вярышка:
Мы іх потым ставім у вазачку. І настрой святочны, і ўсмешкі на тварах. Я і сама захапілася кветкамі. У мяне і цюльпаны растуць у гародчыку, і лілеі, і хрызантэмы… Бывае, прыношу іх на ФАП. Для настрою.
Святлана Вярышка любіць сваю вёску і аднавяскоўцаў. Радуецца, калі ў хаце збіраецца ўся сям’я: прызджае з Мінску сын-студэнт, дачка, якая, як і маці, пайшла ў медыцыну (пасля ГрДМУ была размеркаваная ў Бераставіцкую ЦРБ, дзе працуе ўрачом-анестэзіёлагам-рэаніматолагам).