Фото Татьяны Столяровой, «МВ»
Фото Татьяны Столяровой, «МВ»

На закрыцці нядаўняга з'езда ўрачоў-анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў перад гасцямі выступаў малады спявак з аксамітным оперным голасам. Яго арыі з класічных твораў зачароўвалі. Але прысутныя звярнулі ўвагу не толькі на талент яркага выканаўцы. Радасцю і гордасцю свяціліся вочы загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Цэнтра сардэчна-сасудзістай хірургіі Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы Уладзіміра Дудко. Спяваў яго сын Ягор, і гэта было хораша. Бо як урачы лечаць цела, так і музыка, аздобленая цудоўным голасам, жывіць чалавечыя душы.

 

Музыка ў крыві

 

Уся сям'я Дудко вельмі музычная.

 

Уладзімір Дудко:

 

А хіба можа быць інакш, калі ў нас такое прозвішча? 

 

Сам ён вельмі добра іграе на гітары. А раней, калі было больш часу, нават пісаў песні — вершы і музыку. Жонка Віта Мікалаеўна, урач-педыятр, у свой час скончыла музычную школу і нават спрабавала паступаць у Магілёўскае музычнае вучылішча. На шчасце, не паступіла, музыка на ўсё жыцце засталася яе любімым хобі. На шчасце, таму што дзякуючы медыцыне пазнаёмілася з Уладзімірам Дудко. Пазней яны будуць выхоўваць траіх таленавітых сыноў і выступяць разам на многіх канцэртах.

 

Іх сямейнае дрэва мае глыбокія музычныя карані. Прадстаўнікі старэйшых пакаленняў ігралі на розных інструментах, спявалі, у тым ліку ў царкоўным хоры. Музыкальнасць і прыгожыя галасы перайшлі ў спадчыну і дзецям Уладзіміра Аляксандравіча. Спевы пад татаву гітару — адна з самых любімых сямейных традыцый. А старэйшы сын Ягор выбраў музыку сваёй прафесіяй.

 

Ад класікі да рока

 

Зрэшты, у музыку Ягор прыйшоў не адразу. Як і ўсе дзеці, спрабаваў сябе ў спорце, перабіраў розныя заняткі. У музычную школу паступіў даволі позна, толькі ў 5-м класе, і, як сам прызнаецца, вучыўся без асаблівага імпэту.

 

Спеўны талент Ягора разгле-дзеў настаўнік музыкі Сяргей Гарбацюк у сярэдняй школе № 43. З яго дапамогай хлопец адчуў сілу свайго голаса і здольнасць уплываць на пачуцці людзей. Яму захацелася расці і развівацца далей.

 

Хутка Ягор Дудко стаў салістам узорнага эстраднага тэатра-студыі «Вясёлка» — славутага магілёўскага калектыву, дзе запаліліся многія зоркі. Там пад кіраўніцтвам педагога Віктара Бардунова хлопец дасягнуў сваіх першых перамог. Самая значная з іх — Гран-пры другога Міжнароднага тэлевізійнага праекта «Кубак дружбы».

 

Уладзімір Дудко:

 

Музыка заўсёды была ў нашай сям'і, але мы не фарміравалі Ягора як музыканта. Гэта выключна яго выбар. Мы стараліся проста ўбачыць сваё дзіця, здольнасці, якія ў ім закладзены. А каб гэта ўбачыць, трэба жыць не дзеля дзіцяці, а разам з ім. Так і выйшлі на музычны шлях.

 

Падчас аднаго з выступленняў Ягора заўважыў Аляксандр Курсакоў, дэрэктар Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Я. Глебава. І тут жа запрасіў хлопца пасля 9 класаў паступаць у сваю ўстанову.

 

Ягор:

 

Спачатку я разгубіўся. У гімназіі-каледжы музыцы вучацца штодня з 1-га класа. А я хоць і скончыў музычную школу, не быў упэўнены, што мае веды адпавядаюць патрабаванням уступнай праграмы.

 

Але бацькі падтрымалі сына. Верылі ў яго талент і працавітасць.

 

Уладзімір Дудко:

 

Ягору падабалася спяваць, але мая пазіцыя такая: калі ўжо выбраў музыку, то трэба займацца гэтым прафесійна. Не проста вучыцца для сябе (чаму-небудзь і як-небудзь), а набываць акадэмічную адукацыю. У любой справе чалавек павінен быць прафесіяналам.

 

І Ягор пачаў рыхтавацца да экзаменаў: метадычна, упарта, штодня. Калі юнак прыйшоў на экзамен, усе, хто ведаў яго першапачатковы ўзровень, былі прыемна здзіўлены. Ягор выдатна сыграў неабходную праграму, без праблем здаў сальфеджыо. Неверагодная працавітасць!

 

Уладзімір Дудко:

 

Пазней сын не раз дэманстраваў гэтую сваю якасць. Напрыклад, падчас пандэміі, калі іншыя студэнты ахвотна сядзелі «на ўдалёнцы», Ягор адзіны прыходзіў на заняткі кожны дзень.

 

Ягор:

 

Гэта было амаль як рэпетытарства!  Ён увогуле не прывык марнаваць час. Нават у ходзе размовы, калі мы з Уладзімірам Аляксандравічам удаваліся ў свае дарослыя развагі, Ягор хуценька адкрываў і пачынаў рашаць задачы па гармоніі.

 

На якой музыцы трэба выхоўваць дзяцей, каб сфарміраваць ідэальны густ, пытаюся ў суразмоўцаў.

 

Ягор:

 

На рускім року.

 

Уладзімір Дудко:

 

Найперш на меладычнай гарманічнай музыцы. Мы ўсе спяваем у царкоўным хоры, каб дзеці з маленства чулі і ўбіралі ў сябе чароўную сугучнасць галасоў. У якіх жанрах яны будуць выступаць далей (хоць рок, хоць рэп) — хай вырашаюць самі. Але адчуванне гармоніі застанецца і, безумоўна, паўплывае на іх выбар.

 

Сёлета Ягор Дудко з адзнакай скончыў гімназію-каледж мастацтваў па спецыяльнасці «Дырыжыраванне (акадэмічны хор)». Ён стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных вакальных конкурсаў. Зараз актыўна рыхтуецца паступаць у Акадэмію музыкі, каб вывучаць акадэмічныя спевы. Педагог па вакалу Вікторыя Галуза, з якой Ягор дасягнуў сваіх самых значных поспехаў, пераканана, што і гэтая вяршыня яму па плячы.

 

Ягор:

 

Акадэмічныя спевы — значыць правільныя. Калі ў чалавека добра пастаўлены голас, ён можа спяваць усё — ад класікі да рока. Вядома, я мару выступаць на опернай сцэне. Магчыма, некалі з’явіцца жаданне і я буду працаваць, напрыклад, у жанры красовер. А яшчэ хачу пісаць музыку, каб даносіць да людзей свае думкі і пачуцці.

 

Любімец сцэны і ўрач-інкогніта

 

Уладзімір Дудко стараецца не прапускаць выступленні сына і вельмі ганарыцца яго поспехамі.

 

Уладзімір Дудко:

 

Сёння лічбавыя тэхналогіі дазваляюць зрабіць многіх безгалосых людзей «галасістымі». І гэта, насамрэч, даволі сумна. Гледачы ж, набываючы квіткі, хочуць слухаць не фальшывыя, а жывыя галасы. Менавіта таму мой сын выбраў оперу: сумленныя спевы, скіраваныя ад сэрца да сэрца.

 

Ягор шчыра любіць сцэну. І здаецца, гэта ўзаемна. Вясёлы і дабрадушны ў звычайным жыцці, юнак апранае канцэртны касцюм, надзявае гальштук-матылёк — і перад вамі ўжо дарослы артыст! У свае 18 ён умее пераўвасабляцца і ствараць вельмі глыбокія вобразы, што дадзена далёка не кожнаму.jfhgdtyyУладзімір Дудко:

 

Перад сваім творчым вечарам Ягор крыху прыхварэў і адчуваў сябе не надта добра. Я хваляваўся, думаў, як ён вытрымае. Поўная зала людзей, крэслы стаялі нават у праходах. І вось пачынае іграць музыка, Ягор выходзіць на сцэну — і ў гэты момант яго быццам падмянілі. Я бачу моцнага, упэўненага ў сабе артыста. Ягор жывіцца энергіяй залы, яна дае яму сілы. Ёсць людзі, якія баяцца сцэны, а Ягору патрэбны гэтыя эмоцыі.

 

Атрымліваецца, сын з бацькам выбралі кардынальна розныя сферы. Артыст заўсёды ў цэнтры ўвагі, яго імя ёсць ва ўсіх афішах і праграмах. Апладысметы, кветкі, прыхільніцы… А рэанімацыя — гэта «тэра інкогніта» ў медыцыне. Пацыент часта ведае імёны санітарак, медсясцёр, урача, які лечыць яго ў палаце, але мала хто памятае рэаніматолага, які ратаваў у крытычны момант.

 

Уладзімір Дудко:

 

Мяне гэта зусім не бянтэжыць. Рэанімацыя заўсёды была адным з самых закрытых аддзяленняў у любой бальніцы. Цяпер, і я гэтаму вельмі рады, нашы дзверы пакрысе адчыняюцца. Усё ж рэанімацыя павінна мець чалавечы твар і дазволіць пацыентам кароткія сустрэчы з роднымі. А што да вядомасці, то «наша слава не тут». Бог усё бачыць. Зрэшты, падчас пандэміі многія людзі даведаліся, што такое апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ) і хто такія ўрачы-рэаніматолагі. Таму сваю долю славы мы атрымалі. Гэтага дастаткова. Наша радасць — людзі, якія сталі на ногі.

 

Чалавек года Магілёўшчыны

 

Ягор Дудко вельмі ганарыцца сваім бацькам, які загадвае такім складаным аддзяленнем, а нядаўна быў названы «Чалавекам года Магілёўшчыны». І хоць юнак выбраў сабе іншы прафесійны шлях, ён пастаянна вучыцца ў Уладзіміра Аляксандравіча і імкнецца быць падобным да яго — працавітым, мэтанакіраваным, чалавекацэнтрычным.

 

Уладзімір Дудко:

 

Я нават не ведаў, што мяне намініравалі на званне «Чалавек года». Лічу, што гэта не толькі мая ўзнагарода. Любы супрацоўнік нашага аддзялення мог бы паставіць такі дыплом на сваю палічку — і гэта было б справядліва. Кожны ўрач, кожная медсястра, кожная санітарка робіць унёсак у агульную справу.

gftr764З 2018 года калектыў асвоіў тэхналогіі забеспячэння інтэнсіўнай тэрапіі пацыентаў пасля трансплантацыі ныркі, а з 2021 года — анестэзіялагічнае забеспячэнне перасадкі донарскіх органаў (у тым ліку сэрца).

 

Уладзімір Дудко:

 

З канца мінулага года, пасля пераезду ў новы будынак кардыяхірургічнага корпуса, мы працуем на 7 аперацыйных. У аддзяленні разгорнута 18 рэанімацыйных ложкаў. Цяпер мы арыентуемся мінімум на 450–500 аперацый на адкрытым сэрцы ў год, не кажучы ўжо пра эндаваскулярную хірургію.

 

У нас ёсць два ангіёграфы, адзін з якіх працуе ў дзве змены, другі — кругласутачна. Гэта дазволіць рабіць да тысячы дыягнастычных маніпуляцый і аперацый у год. Аказваць такія аб’ёмы дапамогі магчыма і дзякуючы з’яднанай рабоце калектыву. У кардыяхірургічнай аперацыйнай у цеснай звязцы працуюць кардыяхірург, кардыяанестэзіёлаг і, калі аперацыя са штучным кровазваротам, перфузіёлаг. У кожнага з нас свая лексіка, але мы ўсе разумеем адзін аднаго з паўслова.

 

Услед за навукай

 

Калі шукаць падабенства паміж медыцынай і мастацтвам, то гэта няспынная карпатлівая работа над сабой.

 

Уладзімір Дудко:

 

Іншага шляху няма.Тэмп развіцця медыцыны неверагодны. Я прыйшоў у гэту сферу яшчэ ў школе праз вучэбна-вытворчы камбінат. У мяне нават у атэстаце напісана: малодшая медыцынская сястра па догляду за хворымі. І ўжо на трэцім курсе ўніверсітэта пайшоў працаваць у рэанімацыю.

 

Магу сказаць, што паміж той рэанімацыяй 1995 года і цяперашняй, дзе я працую, — касмічная розніца. Калі б мне тады абмалявалі, як усё зменіцца, я б не паверыў. Мы нават не ведалі, што такое пульсаксіметр. Манітораў не было, сучасных апаратаў ШВЛ не было. Я прыходзіў на змену з градуснікам, танометрам і гадзіннікам у кішэні. Атрымаўшы дыплом, я свядома паехаў у Магілёў, бо мне сказалі: хочаш стаць сапраўдным прафесіяналам — едзь вучыцца да прафесара Марачкава. І я, ніколі дагэтуль не быўшы ў гэтым горадзе, узяў сумку і паехаў.

 

Тут упершыню ўбачыў сучасны аппарат ШВЛ (бальніца атрымала яго па чарнобыльскай лініі разам з гуманітаркай). Потым убачыў пульсаксіметр — не такі, які сёння ёсць у кожнага тэрапеўта, а вялізны, памерам з прынтар. І гэта было ўсяго нейкіх 25 гадоў таму. Тэхналогіі інтэнсіўнай тэрапіі, абсталяванне, інавацыі зрабілі сапраўдную рэвалюцыю ў медыцыне. Усё гэта я бачыў на свае вочы.

 

Нядаўна Уладзімір Дудко скончыў аспірантуру, цяпер працуе над дысертацыяй. Два гады пандэміі ссунулі ўсе тэрміны, але не бяда: работа ў любым выпадку будзе завершана.

 

Уладзімір Дудко:

 

У 2018 годзе на базе нашай бальніцы адкрыты філіял кафедр анестэзіялогіі і рэаніматалогіі і шпітальнай хірургіі Віцебскага медуніверсітэта. Мы з калегамі чытаем лекцыі, праводзім практычныя і семінарскія заняткі як для ўрачоў-анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, так і для ўрачоў іншых спецыяльнасцей. Рэаліі медыцыны такія, што працаваць без навукі — гэта несур’ёзна. Урач павінен аналізаваць сваю работу, валодаць сучаснымі метадамі статыстыкі, рабіць правільныя высновы са сваёй практычнай дзейнасці.

 

У пошуку гармоніі

 

Уладзімір Дудко:

 

Мы абнаўляемся і расцём з году ў год. Як любіць паўтараць мой настаўнік Аляксей Віктаравіч Марачкаў, інерцыю ні ў якім разе нельга губляць. Як ужо набралі добры тэмп, трэба рухацца наперад.

 

Уладзімір Дудко прызнаецца, што, як усе рэаніматолагі са стажам, прыкіпеў да сваёй працы. Нават у адпачынку нейкі час праходзіць — і хочацца зазірнуць у палаты, упэўніцца, што ўсё добра. Значная частка жыцця праходзіць тут, і з гэтым нічога не зробіш, бо мэта існавання, як бы пафасна гэта ні гучала, — ратаваць іншых.

 

Уладзімір Дудко:

 

У інтэнсіўную тэрапію прыходзяць выбраныя людзі. Не кожны можа працаваць у сферы крытычнай медыцыны. Для гэтага павінен быць пэўны набор якасцей — псіхалагічных, фізічных, кагнітыўных. Мы не лепшыя і не горшыя за іншых, проста ў нас пакліканне менавіта да такой працы.

 

Услед за пакліканнем, імя якому — музыка, рухаецца і Ягор Дудко. Ён спяваў ужо на ўсіх пляцоўках Магілёва і марыць калісьці выйсці на сцэну Вялікага тэатра Беларусі.

 

Уладзімір Дудко:

 

Для поспеху, безумоўна, патрэбен талент, крыху шанцавання, але галоўнае — працавітасць. Мы вучым сына ўсе перамогі і ўсе няўдачы расцэньваць як кропкі росту. Гэта як у альпінізме: падняўся на некалькі метраў, забіў крук, хвілінку адпачыў — і вышэй. Так спакваля, крок за крокам трэба рухацца да сваёй мэты. Галоўнае — не разменьваць талент на дробязі, а развіваць яго дзеля людзей.

 

Фота Таццяны Сталяровай, «МВ», і з архіва сям’і Дудко.