Амаль 25 гадоў урач Аляксандр Завадскі працуе ў Ашмянскай ЦРБ анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Прафесія ўвогуле няпростая, а ў маленькім райцэнтры ў яе ёсць і свая спецыфіка.
Абяцанне
Аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі тут шматпрофільнае, гэта нібы маленькая бальніца хуткай дапамогі для ўсяго раёна. Урачу даводзіцца ратаваць і немаўлят, і пацыентаў ва ўзросце з самымі рознымі паталогіямі і траўмамі.
Праз яго рукі праходзяць сотні людзей, і яны ўдзячныя доктару за працу. Часам да Аляксандра Завадскага падыходзяць проста на вуліцы, дзякуюць. Ён і не пазнае ўсіх у твар, а яны памятаюць доктара, які дапамагаў ім ці іх родным. Для Аляксандра Альбертавіча павага землякоў — найлепшая ўзнагарода.
Ён з дзяцінства хацеў стаць урачом. Малым вельмі моцна хварэў, давялося лячыцца не толькі ў Беларусі, але і ў іншых саюзных рэспубліках. І калі ўбачыў, як пакутуюць людзі, як самааддана працуюць урачы, вырашыў вывучыцца, каб аказваць дапамогу пацыентам.
Пасля заканчэння Гродзенскага медінстытута і клінічнай ардынатуры Аляксандр Завадскі вярнуўся на родную Ашмяншчыну, як і абяцаў сабе, служыць на карысць людзям. Усе гады побач з ім працуе жонка Алена Паўлаўна — урач-кардыёлаг, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы. Іх агульны стаж у Ашмянскай ЦРБ — амаль паўвека.
Заўсёды на перадавой
Аляксандр Завадскі:
Прафесія ўрача-анестэзіёлага-рэаніматолага складаная, адказная. Яна ўплывае і на мысленне, і на лад жыцця. Мы павінны дапамагчы тут і зараз, а значыць усё трэба рабіць якасна, хутка, не адкладваючы на потым.
Усведамляючы, што кожнае дзеянне мае значэнне, важна прадумаць усе дробязі і прадбачыць наступствы. Вядома, гэта патрабуе ад спецыяліста значных псіхалагічных, эмацыянальных, а часта і фізічных высілкаў. І, ведаеце, мы не пазбаўлены пачуццяў, мы таксама спачуваем пацыентам і іх родным. Але прафесія накладвае абмежаванні на эмоцыі: мы мусім стрымліваць сябе, каб не перагарэць.
Аляксандр Альбертавіч тлумачыць, што аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі — гэта вельмі зладжаны механізм, дзе ўсё ўзаемазвязана. Вялікая адказнасць ляжыць не толькі на ўрачах, але і на сярэднім персанале.
«Медыцынскія сёстры праводзяць з пацыентамі яшчэ больш часу, чым мы. Яны (а не толькі маніторы) — нашы вочы і вушы, таму мы вельмі цэнім іх працу. Дасведчаныя, адказныя медсёстры — гэта, без перабольшання, 80 % поспеху».
Спецыфіка працы раённага анестэзіёлага-рэаніматолага ў тым, што ён ахоплівае вялікае кола спецыяльнасцей: у пэўным сэнсе гэта і кардыёлаг, і неўролаг, і ўрач-педыятр... У раённай бальніцы, асабліва ў вячэрні і начны час, анестэзіёлаг-рэаніматолаг часта ўвогуле апошняя інстанцыя. Да яго ідуць па параду і дапамогу: агледзець і пракансультаваць пацыента, паказаць здымак ці кардыяграму, устанавіць заключны дыягназ. Гэты ўрач заўсёды на перадавой. І вельмі многае залежыць ад яго ўмення ўзяць на сябе адказнасць і прыняць правільнае рашэнне.
Сёлета Аляксандр Завадскі атрымаў нагрудны знак «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».
Аляксандр Завадскі:
Гэта не толькі мая заслуга, а ўсяго аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі. Я вельмі ганаруся такой высокай узнагародай. І асабліва ганарыцца мая мама. Яна заўсёды хацела, каб я стаў добрым урачом.
Барацьба з COVID-19
Першая хваля пандэміі прыйшла ў Ашмяны крыху пазней, чым у іншыя раёны. Гэты невялікі люфт у часе дапамог сарыентавацца ў сітуацыі.
Аляксандр Завадскі:
Трэба аддаць належнае адміністрацыі бальніцы, райвыканкаму. Мы сустракалі першую хвалю каранавіруса ўжо абароненымі. Урачы мелі, можа, і не самыя дарагія, але вельмі важныя на той момант рэспіратары, сродкі індывідуальнай абароны.
Мы маглі аказваць пацыентам і медыкаментозную тэрапію, і рэспіраторную падтрымку (загадзя паклапаціліся, і ў бальніцы хапала кіслародных кропак). Якраз тады ў Ашмяны прыехаў прафесар Ігар Аляксандравіч Карпаў, які дапамог арганізаваць работу ва ўмовах пандэміі, пабудаваць шлюзы, размежаваць плыні пацыентаў і ў цэлым стварыць максімальна бяспечную сітуацыю для пацыентаў і персанала.
Аляксандр Завадскі заўважае: з кожнай хваляй каранавіруса колькасць цяжкіх пацыентаў змяншаецца. А вясной 2021 года Гродзеншчына пачала ствараць міжраённыя інфекцыйныя аддзяленні на базе буйных бальніц. З таго часу ашмянскія пацыенты лечацца пераважна ў Астравецкай ЦРКБ.
Залаты стандарт
Аляксандр Завадскі:
Анестэзіялагічная і рэанімацыйная служба за апошні час зрабіла вялікі крок наперад: новыя пратаколы, малаінвазіўныя хірургічныя ўмяшанні, маніторынг пацыента на аперацыйным стале і ў рэанімацыі. Дапамагаем не толькі дарослым, але і дзецям ад пяці гадоў, а таксама аказваем акушэрска-гінекалагічную дапамогу.
У Ашмянскай бальніцы арганізавана кругласутачная дыягностыка. Пры неабходнасці можна зрабіць пацыенту ЭКГ, УГД, рэнтген. Таксама адпрацаваны дзяжурствы на даму. Калі трэба, спецыяліст пракансультуе па тэлефоне ці нават прыедзе да пацыента. Кансіліумы нярэдка праводзяцца вечарам і ў начны час.
Аляксандр Завадскі:
У нас ёсць транспартныя апараты ультрагукавой дыягностыкі і штучнай вентыляцыі лёгкіх. Таксама пры аказанні хуткай медыцынскай дапамогі актыўна выкарыстоўваецца тэлеЭКГ. Фельчар, які едзе на выклік, можа хутка зрабіць і даслаць нам кардыяграму, а мы дапамагаем вызначыць, куды везці пацыента.
Калі бачым, што ў яго, напрыклад, востры каранарны сіндром, то ўмомант рыхтуем койку, чакаем, стаім напагатове. Або, калі дазваляе залаты стандарт, інфармуем калег у Астраўцы, і машына хуткай дапамогі, не заязджаючы ў нашу бальніцу, вязе пацыента адразу ў іх аперацыйную. Заўважце: калі чалавек своечасова патэлефанаваў у хуткую дапамогу, ён можа трапіць на аперацыйны стол на працягу 90 хвілін (ад нас да Астраўца — 22 км). Калі мы пачыналі працаваць, не маглі нават марыць пра такое.
Пасля працы
Аляксандр Завадскі прызнаецца, што работа не адпускае яго і дома. Не атрымліваецца так, што выйшаў з бальніцы і пра ўсё забыў. Урач усё роўна думае, пракручвае ў галаве падзеі свайго дзяжурства, аналізуе абставіны.
Аляксандр Завадскі:
Нават у выхадны дзень ёсць патрэба патэлефанаваць у аддзяленне, даведацца, як там пацыент, якога ты ратаваў напярэдадні. І калі ўжо разумееш, што крызіс мінуў і чалавек пайшоў на папраўку, можна ўздыхнуць з палёгкай і расслабіцца.
У Астраўцы ёсць два цудоўныя басейны, і, калі здараецца магчымасць, Аляксандр Завадскі едзе паплаваць. Кажа, вада змывае стомленасць. А яшчэ ўрач вельмі любіць рыбалку. За вялікімі ўловамі не ганяецца, хутчэй гэта магчымасць правесці час на прыро-дзе, падумаць, паразважаць.
Аляксандр Завадскі:
Па праўдзе, дома па вечарах у нас вельмі шмат размоў аб працы. Спраў у бальніцы многа, траціна жыцця, калі не больш, праходзіць там. І што тут зробіш, такая наша прафесія.
Любоў
Аляксандр Завадскі:
Людзі ідуць у медыцыну не за грашыма, а таму, што сэрца кліча. Ведаеце, нават у самыя цяжкія моманты ніколі не думаў пра тое, каб сыйсці з прафесіі. Я не кіну гэтую працу, колькі змагу буду старацца дапамагаць людзям і малодшым калегам. У любы час дня і ночы адкажу на тэлефонны званок, прыеду, дапамагу.
Алена і Аляксандр Завадскія прызнаюцца, што бясконца любяць сваю Ашмяншчыну. Яны самі ўраджэнцы гэтых мясцін. Тут нарадзіліся і выраслі іх дзеці. За многія гады ўрачы душой прыкіпелі да тых людзей, якім дапамагаюць штодня.
«Мы тутэйшыя, і нам тут падабаецца, — кажа Аляксандр Завадскі. — Мяне ўсё задавальнае — мая краіна, мой Ашмянскі раён, мая бальніца. Я люблю Беларусь, люблю сваіх калег, сваіх землякоў, люблю Алену Паўлаўну. Пакуль хопіць здароўя, сіл, магчымасцей, буду працаваць дзеля іх. Гэта тое, што сапраўды важна».