Фото из архива «МВ».

У нашым імклівым свеце штодзённая мітусня часцяком засланяе сапраўдныя каштоўнасці. На шчасце, ёсць асобы, якія ўласным прыкладам нагадваюць нам пра тое, што насамрэч важна: адданасць выбранай справе, любоў да блізкіх, творчасць і само жыццё, якое значна большае і цікавейшае за нашы клопаты. Адзін з такіх унікальных людзей — прафесар кафедры гісталогіі, цыталогіі і эмбрыялогіі БДМУ Аляксандр Арцішэўскі. 

 

У свае 90 гадоў ён па-ранейшаму ў страі і працягвае натхняць студэнтаў і калег, дзеліцца з імі не толькі багатымі ведамі, але і жыццёвай мудрасцю.

 

Мары пра медыцыну

 

Цяжка ўявіць, колькі сустрэч, падзей, гісторый і адкрыццяў было ў жыцці Аляксандра Арцішэўскага за 64 гады працы на кафедры. За гэты час ён стаў не проста выкладчыкам, а прафесарам з унікальным досведам. Яго памяць і энергія выклікаюць захапленне. Кожная сустрэча з Аляксандрам Арцішэўскім — гэта магчымасць не толькі ўзбагаціцца ведамі, а спрычыніцца да вялікай навукі, якую стваралі некалькі пакаленняў даследчыкаў, і асэнсаваць уласнае месца ў медыцыне.

 

Аляксандр Арцішэўскі вырас у мястэчку Тарнова на Лідчыне. Калісьці яго дзед служыў фельчарам у вядомым Пецярбургскім палку.

 

І пасля школы юнак таксама вырашыў падацца ў медыцыну. Паступіў у Гро-дзенскае медвучылішча, якое было бліжэй да дома.

 

Студэнт рупліва вучыўся, удзельнічаў у грамадскім жыцці і ў выніку стаў адным з самых паспяховых выпускнікоў вучылішча, атрымаў дыплом з адзнакай. У той час 5 % найлепшых выпускнікоў установы мелі права паступіць у ВНУ без уступных выпрабаванняў, па выніках гутаркі з рэктарам. Так у 1952 годзе Аляксандр Арцішэўскі стаў студэнтам Мінскага медінстытута.

 

Вучыўся і адначасова працаваў медбратам у 3-й клінічнай бальніцы. У сям’і было чацвёра дзяцей, і Аляксандр, каб не абцяжарваць бацькоў, імкнуўся самастойна зарабіць грошы. Да таго ж атрымліваў практычныя навыкі, важныя для будучай работы.

 

Атрымаўшы дыплом, Аляксандр Арцішэўскі працаваў урачом лор-аддзялення Мінскай абласной клінічнай бальніцы, галоўным урачом Мінскай раённай станцыі хуткай дапамогі, начальнікам сектара кадраў Мінскага абласнога аддзела аховы здароўя.

 

— Кіраўнікі галіны, ведаючы мае арганізатарскія здольнасці, хацелі бачыць мяне на адміністрацыйных пасадах. А я ў душы заўсёды заставаўся ўрачом, імкнуўся лячыць людзей і займацца навукай, — расказвае Аляксандр Арцішэўскі.

 

У 1960 годзе ён паступіў у аспірантуру і неўзабаве пачаў займацца навуковымі даследаваннямі. Яго кіраўнік прафесар Станча Міленкоў прапанаваў вывучаць магчымасці перасадкі эндакрынных залоз. Гэтыя навуковыя пошукі сталі для маладога даследчыка сапраўдным адкрыццём. Ён вывучаў рэакцыю наднырачнікаў на стрэс, праводзіў іх перасадку ў эксперыментальных жывёл і даказаў іх здольнасць эфектыўна функцыянаваць у арганізме рэцыпіента. Вынік стаў не толькі навуковым дасягненнем Аляксандра Арцішэўскага, але і ўвасабленнем мары — дапамагаць людзям праз навуку.

 

Сёння прафесар з’яўляецца аўтарам больш як 250 навуковых прац, у тым ліку манаграфій, падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 5 кандыдацкіх дысертацый.

 

Сваю складаную навуку Аляксандр Арцішэўскі ўмее лёгка, даступна і нязмушана выкладаць па-беларуску.

 

У 2000 годзе прафесар выдаў першы ў гісторыі падручнік па гісталогіі з асновамі цыталогіі і эмбрыялогіі (з невялікім тэрміналагічным слоўнікам) на беларускай мове. Гэта стала важным крокам да стварэння беларускамоўнай гісталагічнай наменклатуры.

 

kkkjhhh7

 

На просьбу студэнтаў пра аўтограф Аляксандр Арцішэўскі сфармуляваў такі надпіс:

 

«Заўсёды, у радасці і скрусе,

Не забывайце аб адзіным:

Вы — будучыня Беларусі,

У вас ёсць мова і Радзіма».

Адзінае каханне —

праз усё жыццё

 

Гісторыя Аляксандра Арцішэўскага — гэта не толькі шлях урача і навукоўца, але і кранальная аповесць кахання, якое нарадзілася ў сценах яго альма-матар. Тут, у Мінскім медінстытуце, больш за 70 гадоў таму ён сустрэў свой лёс.

 

Нэлі Старавойтава — дачка ўрача-тэрапеўта і акушэра-гінеколага — стала для Аляксандра не проста аднакурсніцай, а вернай спадарожніцай жыцця. Іх погляды на свет супалі, як дзве палавінкі аднаго цэлага. Разам яны бегалі ў кіно пасля заняткаў, разам шчыравалі над падручнікамі.

 

Адной з самых яркіх старонак сумеснай гісторыі стала турыстычная паездка ў Ленінград, якой Нэлі і Аляксандра ў ліку іншых студэнтаў заахвоцілі за добрую вучобу. Тыдзень, праведзены разам, стаў для іх часам адкрыццяў і ўмацавання пачуццяў.

 

«Вяртаючыся ў Мінск, я вырашыў заехаць да бацькоў, — успамінае Аляксандр Арцішэўскі. — Сыхо-дзіў з цягніка ў Віцебску, далей трэба было дабірацца з перасадкамі, холадна, а ў мяне няма рукавіц. Дык Нэлі зняла свае, дзявочыя, і працягнула мне. Вось так адно з другім і складаецца».

 

І ажаніліся яны, як у кіно. Гулялі па горадзе, думаючы, што праз некалькі дзён мусяць раз’ехацца ў розныя гарады на практыку. Ідучы каля ЗАГСа, Аляксандр прапанаваў зазірнуць. Супрацоўніца адразу замахала рукамі: што вы, нельга вось так адразу, пішыце заяву — праз тры месяцы распішу. Але пагутарыла з закаханымі і толькі ўздыхнула: «Пашпарты ў вас з сабой?»

 

З таго часу яны крочаць па жыцці разам. Пабудавалі ладную сям’ю, дзе ёсць ўзаемная павага і падтрымка.

 

— Мы разумеем адно аднаго з паўслова, бо абодва — урачы. Нэлі Іванаўна — таксама доктар медыцынскіх навук, прафесар, — з гонарам расказвае Аляксандр Арцішэўскі пра сваю жонку.

 

Сакрэты іх прафесійнага і сямейнага даўгалецця простыя: здаровы лад жыцця, гармонія ў сям’і, працавітасць.

 

— А яшчэ ніколі не трэба зайздросціць і злавацца, — говорыць Аляксандр Арцішэўскі. — Дабрыня і спагада робяць чалавека сапраўдным доктарам.

 

Гэтыя якасці ў сям’і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Зараз дынастыю ўрачоў Арцішэўскіх працягваюць дачка Марына і ўнучка Наста.

 

jjja777a

Фота аўтара.

 

«Цябе люблю, не налюблюся…»

 

Сёлета выдалася надзвычай урадлівая восень, і амаль кожныя выходныя прафесар Арцішэўскі выбіраецца на лецішча па яблыкі. Калісьці ён сам пабудаваў дом, пасадзіў свой сад, а цяпер збірае сакавітыя плады.

 

Аляксандр Арцішэўскі — не толькі навуковец, але і паэт. Выдаў дзве кнігі вершаў: «Тарнова» (2019) і «З днём Нараджэння, БДМУ!» (2021). У іх — шчыры аповед пра любоў да роднай зямлі, да сям’і і медыцынскага ўніверсітэта.

 

У кнігу «Тарнова» ўвайшлі творы розных гадоў: патрыятычная і філасофская лірыка, вершы-прысвячэнні, паэмы-ўспаміны. Самыя кранальныя радкі — пра маму Марыю Андрэеўну і дзеда Андрэя Забелу. Прафесар прызнаецца, што менавіта маці перадала яму любоў да беларускай мовы і яе, мамінымі, парадамі ён кіруецца ўсё жыццё:

 

«…У плённай працы, у складаннi верша,

З лянотай у няроўнай барацьбе

Я разумею, што ўсiм найлепшым

Перш‑наперш абавязаны табе.

Каб не згубiцца ў вечным бездарожжы

Людскiх амбiцый, зайздрасцi, хлуснi,

Я вымяраць iмкнуся крок свой кожны

Тваiм аршынам праўды, дабрынi…»

 

Прафесар чытае свае вершы вельмі пранікнёна. Глыбокія словы кранаюць душу. Не дзіўна, што ў яго такія цёплыя адносіны са студэнтамі.

 

«Студэнты-медыкі асаблівыя, — гаворыць Аляксандр Арцішэўскі. — Ім важна атрымаць ад выкладчыка не толькі веды, але і падтрымку, бо на іх плечы кладзецца вялікі груз чалавечых надзей».

 

Аляксандр Арцішэўскі адлюстроўвае свой вопыт урача і навукоўца праз паэзію. Яго творчасць нагадвае нам, што за кожным навуковым адкрыццём стаіць чалавечая душа, поўная эмоцый, мараў і памкненняў.

 

Напісаны прафесарам гімн медыцынскіх работнікаў пакладзены на музыку. Яго вельмі хораша выконвае вакальная група «Кантарэ» студэнцкага клуба БДМУ:

 

«…Чыстае сумленне, белыя халаты,

За жыццё людское ў баях штодня.

Вы не замаралі клятвы Гіпакрата,

Залатыя рукі, доктара імя…»

 

Вершы, працятыя лірыкай і патрыятызмам, адлюстроўваюць глыбокую сувязь Аляксандра Арцішэўскага з роднай мовай і культурай. У іх гучыць шчырасць, якая прымушае задумацца пра вечныя каштоўнасці, пра тое, што сапраўды важнае ў жыцці.

 

Радзіме

 

Цябе люблю, не налюблюся,

І з першых да апошніх дзён —

Усё для роднай Беларусі:

І сэрца стук, і працы плён.

Мне тут пражыць наканавана,

І ўсіх вышэй узнагарод

Спеў жаўрукоў, і бель туманаў,

І песні, што пяе народ!

Твае бары, твае азёры,

Што цешаць сэрца мне здаўна,

І пах суніц, і ціхі шорах,

Калі красуе збажына.

Крыжы нашчадкаў крывічовых,

І ціхі перазвон званоў,

І чыстая, як споведзь, мова,

Найпершая самаахова

Душы і ўсіх тваіх асноў!

Цябе люблю, не налюблюся,

І ўсё раблю не напаказ —

Усё для роднай Беларусі

І ў першы, і ў апошні раз!

 

Аляксандр Арцішэўскі — яркае імя ў медыцыне; сімвал адданасці сваёй справе. Яго жыццё — гісторыя пра тое, як можна спалучыць навуку і творчасць, ствараючы нешта большае, чым проста прафесійная кар’ера. Гэта гісторыя любові, што пранізвае ўсе аспекты жыцця і натхняе будучыя пакаленні ўрачоў і навукоўцаў.

 

У свае 90 гадоў Аляксандр Арцішэўскі даказвае, што ўзрост — гэта ўсяго толькі лічба ў пашпарце. Прафесар не проста вучыць — ён акрыляе, паказваючы, што страсць да сваёй справы можна пранесці праз дзесяцігоддзі.