Першая ў Беларусі сімуляцыйна-атэстацыйная аптэка створана па ўзоры аптэкі першай катэгорыі пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя і РУП «Белфармацыя».
Сімуляцыйная аптэка знаходзіцца на трэцім паверсе лабараторнага корпуса і складаецца з гандлёвай залы і адміністрацыйна-вытворчага блоку, дзе і гатуюць лекавыя сродкі. Дэкан фармацэўтычнага факультэта БДМУ, доктар біял. навук, прафесар Наталля Гурына правяла экскурсію і прадэманстравала адметнасці аптэкі. Тут нават ёсць сапраўдны куточак спажывальніка з кнігай заўваг і прапаноў.
Гандлёвая зала пачынаецца з інфакіёска, на якім усталяваны ўсе неабходныя інфармацыйныя рэсурсы. Напрыклад, рэестр лекавых сродкаў Беларусі, які дапаможа знайсці канкрэтныя лекі.
Наталля Гурына:
Гэтая аптэка — ідэальны ўзор для нашых студэнтаў. З 1-га па 5-ы курс будуць вывучаць тут нарматыўныя дакументы, якія рэгулююць фарм-дзейнасць. Адначасова ў аптэцы могуць займацца тры групы студэнтаў — гэта каля сотні чалавек. Таксама тут будуць праходзіць атэстацыю будучыя спецыялісты: інтэрны, слухачы ФПК ды асобы, якія здаюць на кваліфікацыйную катэгорыю.
Што да выкладкі, то яна стандартная, класічная, зроблена з улікам прынцыпаў мерчэндайзінгу. Тут лекавыя сродкі рэцэптурнага і безрэцэптурнага водпуску, БАДы, медыцынскія вырабы, а таксама іншыя тавары аптэчнага асартыменту. Ёсць і лядоўня з лекамі, такім чынам, студэнты будуць вывучаць тэмпературнае карціраванне. У аптэцы будуць з’яўляцца і новыя прэпараты, якія толькі рэгіструюцца на рынку Беларусі.
За касавым апаратам — начальнік вучэбна-вытворчай сімуляцыйна-атэстацыйнай аптэкі, кандыдат фарм. навук Святлана Шаўчук, сёння яна выконвае функцыю правізара-рэцэптара. Асноўная работа спецыяліста — фармацэўтычнае кансультаванне наконт асаблівасцяў ужывання лекаў, іх захавання, тэрміну прыдатнасці ды інш.
Пераходзім у самую цікавую частку аптэкі — адміністрацыйна-вытворчы блок.
Наталля Гурына:
На жаль, вытворчая функцыя аптэкі сёння страчваецца. Але персаніфікаваную тэрапію ў свеце ніхто не адмяняў. Па рэцэпце любы правізар павінен умець прыгатаваць індывідуальны лекавы сродак з улікам полу, узросту, наяўнасці захворванняў і нават дыеты. Тут гэтаму ўсяму і вучым студэнтаў.
У памяшканні для апрацоўкі посуду, упаковачных і дапаможных матэрыялаў — пад нагамі стэрыльны дыванок. Бачым тры віды ракавін: для стэрыльных і лекавых формаў для вачэй, для ўнутраных і вонкавых лекавых формаў, асобная ракавіна — для мыцця рук. Чысты посуд перадаюць у памяшканне для стэрылізацыі праз адмысловае акенца.
Далей нас чакаюць стэрылізацыйная і памяшканне для падрыхтоўкі вады. Усё абсталяванне тут сапраўднае, яно працуе: аквадыстылятар, аўтаклаў, маска для працы з ім.
Кіруем у асістэнцкую з зонай вытворчасці лекавых сродкаў і зонай кантролю якасці. Тут працоўнае месца правізара-аналітыка з усімі неабходнымі рэактывамі.
Наталля Гурына:
Тут ёсць і посуд, і абсталяванне, якія дазваляюць прыгатаваць любы лекавы сродак: парашкі, мазі, крэмы… Толькі ін’екцыйныя формы не рыхтуюць. І стэрылізацыйнага шлюзу няма, але паказваем студэнтам, як правільна захоўваць стэрыльную вопратку і абсталяванне.
А вось і металічныя дзверы. За імі — сейф з наркатычнымі і псіхатропнымі сродкамі. Далей — кабінет загадчыка з усімі неабходнымі дакументамі для працы аптэкі першай катэгорыі. Пакой для персаналу, два памяшканні для захавання лексродкаў, памяшканне для прыёмкі тавару.
Наталля Гурына:
Сімуляцыйны цэнтр мае вялікія перспектывы. Плануем праводзіць тут навуковыя даследаванні па распрацоўцы ў тым ліку лекавых формаў аптэчнай вытворчасці, а таксама адукацыйныя семінары.