Ірына Урусава. Фота прадастаўлена Гродзенскай прафсаюзнай арганізацыяй.
Ірына Урусава. Фота прадастаўлена Гродзенскай прафсаюзнай арганізацыяй.

На шляху да п’едэстала ім давялося пераадолець кіламетры палявых дарог, лясных сцежак і нават брод.

 

Юбілейны, дзясяты, веламарафон «Суседзі» прайшоў у мінулыя выхадныя на Аўгустоўскім канале пад Гродна. Пасля двухгадовага перапынку гонка сабрала каля 450 удзельнікаў з Беларусі і Расіі. Арганізатарамі выступілі Гродзенскі райвыканкам і спартыўны клуб Run4Fun.

 

Намеснік загадчыка аптэкі № 3 Гродзенскага РУП «Фармацыя» Ірына Урусава выдатна справілася з усімі складанасцямі гонкі (паўмарафон 40 км яна праехала за 2 гадзіны 15 хвілін) і стала самай хуткай сярод жанчын ва ўзроставай катэгорыі 40+.

 

Ірына Урусава:

 

Вельмі рада вярнуцца на веламарафон пасля двухгадовага перапынку, які арганізатары вымушана ўзялі з-за эпідэмічнай сітуацыі. Мы зноў адчулі спаборніцкі дух, пабачыліся з таварышамі. І асабліва прыемна сустрэць на трасе калег.

 

Акушэрка жаночай кансультацыі № 2 Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Марыя Герасюк пераадолела 40 кіламетраў за 2 гадзіны 13 хвілін — гэта другі вынік сярод жанчын ва ўзроставай катэгорыі 30+ і заслужанае срэбра.

 

Марыя Герасюк:

 

У веларуху я ўжо больш за 6 гадоў, імкнуся ўдзельнічаць ва ўсіх гонках. Удвая прыемна, калі атрымліваецца ўзняцца на п’едэстал. Улічваючы складанасці трасы, гэта срэбра з водбліскам золата.

 

Наймальнікі і абласная арганізацыя галіновага прафсаюза ўсяляк падтрымліваюць захапленне медработнікаў веласпортам. Пры неабходнасці ўдзельнікам гонак аказваецца падтрымка ў выплаце ўзносаў. У рэгіёне рэалізуецца ініцыятыва «На працу на веласіпедзе».