«Вы толькі прамовілі прозвішча, як з памяці вынырнула карцінка. Спачатку ўявілася плямка святла, ад яе разышліся праменьчыкі, як ад сонца, а ў іх арэоле паўстаў сілуэт...» Гэта не мастацкая прыдумка для красамоўнага пачатку, а дакладна запісаныя словы рэальнай жанчыны, якая была пацыенткай Кацярыны Яфімаўны Вішнеўскай паўстагоддзя таму.
У нас былі свае Вішнеўскія
Вішнеўскія — прозвішча медыцынскае: пачуеш — і згадаеш найперш аўтара навакаінавай блакады і бальзамічнай мазі, нават, здаецца, адчуеш характэрны пах апошняй. У Аляксандра Васільевіча Вішнеўскага быў сын Аляксандр Аляксандравіч, таксама хірург, таксама прафесар, таксама велічыня. Але гэта маскоўскія. А ў вёсцы Старая Беліца, што пад Гомелем, быў мясцовы прафесар Вішнеўскі, таксама Васільевіч. І мазь у яго была, нават і не адна.
Да сельскага доктара Яфіма Вішнеўскага, якога называлі прафесарам, бо валодаў вялікімі ведамі, карыстаўся павагай і аўтарытэтам, прыходзілі і прыязджалі па дапамогу і мазі, якія ён сам рабіў, адусюль. Дачка яго Кацярына Яфімаўна стала хірургам, сапраўдным прафесарам, непераўзыдзенай велічынёй. «Яна была надзвычайная», «Лепш за яе мы не бачылі і не ведалі», — так цяпер гавораць удзячныя пацыенткі, якіх калісьці прывёў да яе лёс, а дакладней анкалагічны дыягназ.
«Прыйшла жанчына з вуліцы са сваімі праблемамі — і яна гэту жанчыну прыняла як родную і зрабіла ўсё, каб ёй было добра». «Яна сказала: “Мы вас зберажом”— і сапраўды зберагла, захавала жаночую сутнасць».
«Гэта хірург-тварэц, яе рукі былі адчувальнымі інструментамі, а душа разумела патрэбы людзей»…
Вядучы анкагінеколаг Савецкага Саюза, Кацярына Вялікая беларускай анкагінекалогіі — так яе яшчэ называлі.
Усё будзе добра
У 1955-м 24-гадовая Каця Вішнеўская скончыла Віцебскі медыцынскі інстытут і прыехала працаваць у Ачоса-Руднянскую ўчастковую бальніцу. Гэта была новая бальніца, якая, як па прыездзе высветлілася, стаяла недабудаваная. Персанал ёсць, а вокнаў няма. Трэба працаваць, а няма мэблі. Пацыенты ідуць лячыцца, а яшчэ не праведзена электрычнасць. А Кацярыне Яфімаўне ўсім гэтым кіраваць — яе прыслалі загадчыцай. Што рабіць? Ехаць у Добруш, раённы цэнтр. Пайсці там да сакратара райкама партыі і сказаць яму, што яна думае пра такое становішча, а заадно і пра яго партыйнае сумленне. Абмяжуецца абяцаннем — сесці і сядзець у прыёмнай, пакуль справа не зрушыцца з месца. Выставяць з прыёмнай — сядзець ля райкама на лаўцы. Заўтра зноў прыйсці і сядзець. Тады сакратар памяняе рашэнне — парупіцца выслаць брыгаду будаўнікоў на аб’ект зараз жа, а не адкладацьме, як запланаваў, да вясны.
І неўзабаве паімчаць у Ачоса-Рудню грузавікі з шафамі, ложкамі, тумбачкамі, падушкамі, коўдрамі і… дыванамі. Так маладая доктарка клапацілася пра пацыентаў. За дываны атрымала вымову: маўляў, марнатраўства. А ёй хацелася, каб хворым было ўтульна, бо гэта яна лічыла таксама важным. Усё жыццё ў яе будзе так. Праз шмат гадоў яе кабінет загадчыцы «жаночага адзялення» ў НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава стане сапраўдным прытулкам спакою, дзе кожны прадмет запэўнівае: «Усё будзе добра!» — і кошычак з залацістай саломкі, напоўнены кампазіцыяй з палявых кветак, і гірляндачка з кляновых лістоў, маляўніча прыладжаная да люстэрка… Паглядзі на сябе праз яго, усхваляваная візіцёрка: усё сапраўды будзе добра. Бо колькі ўсяго зрабіла гаспадыня гэтага кабінета, каб словы, якія тут прамаўляюцца, не проста давалі надзею, а спраўджваліся.
Сямідзелуха
«Да пяцісот аперацый за год, і лёгкіх, як вы разумееце, не бывае», — скажа яна аўтару публікацыі пра сябе і сваіх калег у «Работніцы і сялянцы». Патлумачыць, што не дзеліць урачоў на хірургаў і радыётэрапеўтаў, што усе ўрачы ў яе аддзяленні ўмеюць лячыць і скальпелем, і промнямі, і гармонамі: «Хворая трапляе ў адны рукі, і гэтыя рукі зробяць усё, каб выратаваць жанчыну, прадоўжыць ёй жыццё».
І на высокай пасадзе, у званні прафесара Кацярына Вішнеўская будзе гэтак жа перажываць за лінолеум для новых палат, як трыццаць гадоў таму ў Ачоса-Рудні клапацілася пра дываны. «Іншы раз злуюся: хіба я павінна здабываць будаўнічыя матэрыялы і сачыць за работай кааператыва, які ўзяўся зрабіць нам рамонт? Няўжо ў мяне мала навуковай і лячэбнай работы? — так яна будзе бурчаць і жаліцца карэспандэнту. І адразу сябе паправіць: — Пакуль сама да ўсяго не дойдзеш, не выпрасіш, не вырвеш, справа не зрушыцца з месца».
Гэтыя словы сведчаць найперш пра тое, што для сапраўднага кіраўніка, як бы высока ён ні стаяў, няма дробных пытанняў, што для сапраўднага ўрача важна ўсё, што датычыцца яго пацыента, — нават калі гэта лінолеум і дываны. І што сумленнымі і руплівымі людзі не становяцца з цягам часу, калі абрастаюць адказнасцю і чынамі, што такімі яны ёсць ад пачатку!
Вось яна яшчэ на сваім першым працоўным месцы ў Ачоса-Рудні ведае, як завуць кожнага селяніна, з якой бы аддаленай вёскі той да яе ні прыбыў. Пазнаёмілася з усімі, усіх абследавала, каго трэба — паставіла на ўлік. Сардэчнікам і язвеннікам выбівае пуцёўкі ў санаторыі. У бальніцы ўвесь час не ся-дзіць: ездзіць па калгасных палях і фермах, быццам яна заатэхнік ці аграном. Расказвае калгаснікам пра здароўе і як яго берагчы. Тыя слухаюць, запамінаюць. Выбрала самых здольных, каб падрыхтаваць сабе памочнікаў «на месцах»: будзе вучыць іх аказваць першую дапамогу. Хлопцы на яе заглядваюцца, але ёй не да іх. Трэба то ў школку, то ў дзіцячы садок, то сачыць за цяжарнымі — каб не пайшлі на непасільную працу, то ўжо выклікаюць на роды…
Дэлегатка
Жанчыны так палюбілі доктарку за спагаду і дабрыню, што невядома, як будуць далей без яе абыходзіцца. Бо трэба Кацярыне Яфімаўне ехаць ажно ў Маскву, на Першую Усесаюзную нараду актыва работнікаў аховы здароўя.

Першы Усесаюзны сімпозіум па ангіалімфаграфіі. 1974 г
Слава пра спраўную загадчыцу вясковай бальніцы дайшла да абласной улады, там адзінагалосна пастанавілі накіраваць яе дэлегаткай. Паедзе. Ужо даклад напісала. Пра стан медыцынскай дапамогі ў вясковай мясцовасці. Не доўга над ім пакутавала — накідала за пару гадзін, як і належыць, калі працай сваёй жывеш і няма для цябе ў ёй няважнага. Выступіць з гэтым дакладам у Георгіеўскім зале Крамля так, што прафесары засыплюць пытаннямі, а фатограф газеты «Праўда» будзе лавіць у свой аб’ектыў не прафесараў, а яе. Натуральна, заўважыць: прыгожая!
Але не прыгажосць уратуе свет, а розум і дабрыня. Доктар Вішнеўская прыехала ў Маскву не сябе паказаць, не пахваліцца сваімі трохгадовымі дасягненнямі, хаця менавіта яны выклікаюць здзіўленне і захапленне прысутных, а трапіць да высокага кіраўніцтва, да самога старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Клімента Яфрэмавіча Варашылава — папрасіць для бальніцы хаця б генератар, бо ноччу ў стацыянары цемра амаль егіпецкая, як у апавяданні Булгакава, і калі што здараецца, дык толькі са свечкамі рады дасі…
Насупраць Варашылава, які засядае ў Прэзідыуме, размясціўся ў першым радзе сам акадэмік Бакулеў, заснавальнік савецкай сардэчна-сасудзістай хірургіі. Вось бы прысесці на яго месца. Але што гэта? Жаданне спраўджваецца, калі моцна жадаць. Акадэмік Бакулеў устае і выходзіць — і Каця праз імгненне апынаецца на яго месцы.
Потым будуць «разборкі», пытанні ад «камітэтчыкаў»: хто такая, як такое сабе дазволіла і навошта? Затое пасля зноў паімчаць у Ачоса-Рудню грузавікі: з генератарам, абсталяваннем для хірургічнага, фізіятэрапеўтычнага і зубаўрачэбнага кабінетаў.
Толькі доктар Вішнеўская нала-дзіць працу сваёй бальніцы, толькі паставіць яе на належны ўзровень, як давядзецца ёй з гэтым месцам развітвацца.

Ёсць фотаздымак з калегамі і пацыентамі каля вясковага плота ў Ачоса-Рудні. Такая Кацярына там шчаслівая… За плотам — маладыя дрэўцы. Ці не сад гэта, які яна паспела там пасадзіць і які пасля сніўся ёй напярэдадні самых адказных выпрабаванняў? У снах ён заўсёды квітнеў — так запэўніваў, што ўсё будзе добра. Ні разу не падмануў.
З чаго пачалася навука
На Гомельскім шклозаво-дзе была праблема: яго супрацоўніцы хварэлі «па-жаночаму» ўсе як адна, а цяжарнасці не выношвалі. Вішнеўскую, ведаючы пра яе руплівы падыход, папрасілі даследаваць сітуацыю. Яна пагадзілася. Дзеля гэтага давялося пакінуць вёску. Так яна выйшла на сцежку, якая прывядзе ў навуку.
Прааналізаваўшы ўмовы вытворчасці, Вішнеўская прызнала іх настолькі шкоднымі, што забіла ва ўсе званы: пыл, шум, вібрацыя — жанчыны завода ў страшэннай небяспецы. Дабілася, каб ім там не працаваць, — і неўзабаве зноў аказалася ў цэнтры ўвагі медыцынскай грамадскасці вялікай краіны: Усесаюзную нараду ўрачоў прамысловых прадпрыемстваў сабралі ў Гомелі. Усіх цікавіў яе досвед арганізацыі ўзорнага медыцынскага абслугоўвання на вытворчасці. Натуральна, гучалі парады заняцца навукай. Але гэтая думка прыйшла да яе і без іх.
Месцам рэалізацыі нашай гераіні ў навуцы стаў Навукова-даследчы інстытут анкалогіі і медыцынскай радыялогіі пад кіраўніцтвам Мікалая Аляксандрава, арганізаваны ім у 1960-м і пабудаваны ў Бараўлянах. «Ленінградзец, ён прыехаў у Беларусь і стварыў нашу анкалогію», — так, памятаю, сказала пра яго старэйшая калега Вішнеўскай Ірына Галубовіч, назваўшы заснавальніка інстытута, які цяпер носіць яго імя, чалавекам «высокага духоўнага і, калі хочаце, агульна-дзяржаўнага значэння». Сын Ірыны Антонаўны Дзмітрый Давідоўскі, хоць ён не медык, добра памятае Кацярыну Яфімаўну. І яму дастаткова было пачуць яе прозвішча, каб твар асвяціла лагодная ўсмешка. Матчыных калег ён ведаў, бо ўрачы «аляксандраўскай клінікі» стваралі вакол сябе атмасферу сапраўднага брацтва, у якое залучалі і членаў сямей.
Складаны чалавек
Нехта з вучоных сказаў пра Вішнеўскую: «Складаны яна была чалавек». Натуральна, такія людзі простымі не бываюць.
Вынікі даследаванняў Кацярыны Вішнеўскай давалі магчымасць выбіраць тактыку промневай тэрапіі рака шыйкі маткі з пяці варыянтаў. Распрацаваны ёй метад даваў магчымасць супрацьстаяць неспрыяльным прагнозам.
Яна шмат папрацавала на тое, каб урачы перасталі рабіць памылкі, прымаючы за рэцыдывы хваробы розныя «артэфакты» — пасляаперацыйныя кісты, запаленчыя інфільтраты ды іншае. Пісала артыкулы і дапаможнікі, адрасаваныя гінеколагам і анколагам, складала інструкцыі для пацыентак, вяла заняткі з урачамі на курсах павышэння кваліфікацыі…
«Вельмі хочацца, каб усе мае калегі былі высокапрафесійнымі, кампетэнтнымі спецыялістамі і добрымі, адказнымі людзьмі, — раскрывала яна душу перад карэ-спандэнтам часопіса. — Каб вы чулі, як я размаўляю з імі на занятках нашай школы “Анкагінеколаг”, на семінарах акушэраў-гінеколагаў, на лекцыях і практычных занятках для курсантаў Інстытута ўдасканалення ўрачоў! Але, на жаль, не магу сказаць, што нам не даводзіцца выпраўляць іх памылкі, пралікі, а часам і безадказнасць».
Канстатуючы непажаданыя факты, «складаная» Вішнеўская не далікатнічала, не падбірала выразы, а называла з’явы сваімі імёнамі, усё як ёсць. Мінулі дзесяцігоддзі ад той пары, калі яна лупіла праўду ў вочы сакратару парт-кама, але яна не змянілася.

З калегамі. Першая ў першым радзе справа. Фота з архіва Дзмітрыя Давідоўскага.
Нічога не было для яе важней за здароўе і бяспеку пацыентак, кампетэнцыі і майстэрства ўрачоў. Пра першых яна клапацілася быццам маці, другіх муштравала — таксама як маці. І калі першыя адчувалі чысцюткую ўдзячнасць за выратаванне жыцця і «жаночай сутнасці», то другія, зразумела, рэагавалі па-рознаму, у залежнасці ад выхавання ды амбіцый. Іначай не ператварылася б абарона яе доктарскай дысертацыі ў доўгі — двухгадовы, са скаргамі і паклёпамі на яе адрас, праверкамі ілжывых фактаў і іх абвяржэннямі — працэс адстойвання прафесійнага, навуковага і чалавечага гонару.
Яна вытрывала ўсе прыніжэнні, увесь сорам, які зваліўся на яе разам з вывешанай у інстытуце аб’явай: «Працуе Кантрольная камісія пры ЦК КПСС па справе Вішнеўскай». Вытрывала — і перамагла. Камісія дала заключэнне, што доктарская дысертацыя Вішнеўскай не толькі выканана самой Вішнеўскай, а не яе супрацоўнікамі, як даводзіў ананім, але ўяўляе сабой па сутнасці не адну, а дзве дысертацыі і мае велізарную навуковую значнасць і такое ж практычнае ўвасабленне.
Ад царквы да царквы
Адзін свяшчэннік сказаў, што жанчына рэалізуецца як асоба ў ролі жонкі, а не ў ролі маці, як прынята лічыць, і што дзеці з’яўляюцца не сэнсам сям’і, а толькі вынікам. Сэнс жа сям’і — «стварэнне малой царквы», калі «двое становяцца адным цэлым».
У Кацярыны Вішнеўскай дзяцей не было. У яе быў муж, за якім яна паехала, як жонка вайскоўца, кінуўшы і кар’еру, і працу. Ведала, што спатрэбіцца як урач усюды, куды б ні закінула любага Сяргея Аляксеевіча Свірыдава яго служба. Па вяртанні ў Мінск яна вернецца на ранейшае месца — у «аляксандраўскую клініку», у свой НДІ. Здаецца, усё добра, як мае быць. Але справа з дысертацыяй жонкі моцна падкосіць мужа, параніць яго ў самае сэрца, якое не вытрывае выпрабаванняў. Гэтыя двое сапраўды былі адным цэлым…

Спачатку яна пісала свайму памерламу мужу лісты. «Ты пайшоў, але не пакінуў адрасу, таму мой ліст застанецца неадпраўленым. Цяпер я адна, у мяне многа часу, каб асэнсаваць перажытае. А ў ім галоўнае — тваё мудрае каханне. Дзякуй табе, што быў праўдзівы, бескарыслівы, не ўмеў хітрыць. Дзякуй, што ў хвіліны майго адчаю заўсёды знаходзіў пераканаўчыя словы для суцяшэння…»
Лаўрэат прэміі Савета міністраў СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, акадэмік Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў… У біяграфію Кацярыны Вішнеўскай дадаваліся і дадаваліся ганаровыя званні і тытулы, а яна пісала памерламу мужу лісты і малілася за яго душу. І так на працягу дзесяці гадоў. За год да напісання апошняга ліста на могілках, дзе ён пахаваны, у Міханавічах, Уладыка Філарэт асвяціў капліцу Сергія Раданежскага, узведзеную за яе грошы і пры яе асабістым актыўным удзеле. Потым яна аднавіла і храм Святога Мікалая ў роднай Старой Беліцы на Гомельшчыне. І атрымала за гэта падзвіжніцтва дзве высокія ўзнагароды: ад Беларускай праваслаўнай царквы — медаль Ефрасінні Полацкай, ад Рускай праваслаўнай царквы — ордэн Сергія Раданежскага.
Мне часам думаецца, што ў царквы нашмат больш святых, чым мы ведаем…
Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыялы фондаў Музея гісторыі медыцыны Беларусі Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі.