15 снежня споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння вучонага-магіляўчаніна, урача Мікалая Судзілоўскага, з 1887 па 1892 год — каліфарнійца з прозвішчам Русель, якое многія лічаць псеўданімам.
Легендарная асоба
Існуе шэраг памылковых стэрэатыпаў, нават міфаў у адносінах да гэтага чалавека. Мікалая Руселя называюць легендарным доктарам, прэзідэнтам Гавайскай рэспублікі, сябрам або знаёмым такіх славутасцей, як Марк Твэн. Так, ён жыў на Гаваях у часы рэспублікі, але быў выбраны прэзідэнтам мясцовага сената пасля анэксіі астравоў Злучанымі Штатамі. Ён не мог сустракацца з Маркам Твэнам і наўрад ці перапісваўся, праўда, можна з іроніяй дадаць да фантазій галоўнага біёграфа Мікалая Руселя Міхаіла Іоські, не выключаны цалкам такі канал, як тэлефон, які быў у яго офісе.
У Цяньцзіні, дзе ў 1930-м доктар Мікалай Русель памёр ад пнеўманіі, у яго доме яшчэ некаторы час захоўваўся вялікі архіў. Паперы праз эмігранцкі архіў у Празе ўрэшце трапілі ў галоўны савецкі архіў ў Маскве. У 2005 годзе стэнфардскі прафесар Тэрэнс Эманс забяспечыў нас сваімі кнігамі пра Мікалая Руселя і зыходнымі матэрыяламі, якія ён выкарыстаў пры публікацыі англійскай версіі яго рэпартажу «Па Каліфорніі» — «Around California in 1891» (1991). У гэтым рэпартажы знайшлося нямала момантаў, прысвечаных ахове здароўя ў ЗША.
З навуковых і навукова-папулярных артыкулаў Мікалая Руселя па медыцыне вядомыя «Трахома і фалікулёз» (амерыканскі перыяд), «Святло як лячэбны сродак» (гавайскі перыяд). Афтальмолаг і отарыналарынголаг, ён фігуруе ў агульных і прафесійных медыцынскіх даведніках, спісах медыцынскіх арганізацый ЗША.
Падрабязнасці пра Мікалая Руселя як медыка даваў у сваіх публікацыях гісторык медыцыны Валянцін Грыцкевіч. Хаця ён першым з СССР атрымліваў адказы на запыты нават з Гаваяў, яму не былі даступныя некаторыя падрабязнасці, напрыклад, пра тое, што жонка Мікалая Руселя — гінеколаг Леакадзія Русель (з беларускага шляхецкага роду Шабекаў) была адным з кіраўнікоў Рускага жаночага таварыства Сан-Францыска для дапамогі пацярпелым ад голаду ў Расіі.
Вялікае падарожжа
Мікалай Русель, які раней ужо падарожнічаў па паўднёвай Каліфорніі цягніком і па заходнім беразе заліва ў экіпажы, выехаў з Сан-Францыска разам са сваім сябрам, ураджэнцам Валагодскай губерні Карлам Сіверсам у канцы мая 1891 года.
Ён знаёміць чытача з ландшафтамі, флорай і фаўнай, транспартам, архітэктурай, а таксама з заняткамі, звычкамі жыхароў гарадоў, мястэчак і ферм. Гэта сапраўдная энцыклапедыя Каліфорніі. Падарожнікі праехалі праз Сакрамента, наведалі Плэйсервіль у графстве Эльдарада. Мікалай Русель падрабязна апісаў месцы, дзе адбывалася залатая ліхаманка, паглыбіўся ў тэхніку і наступствы для прыроды здабычы золата. Расказаў і пра метыса Джэка, участак зямлі якога з залатой «мінай» перайшоў да суседа, які дапамагаў яму купляць алкаголь.
У рэпартажы «Па Каліфорніі» лейтматывам гучыць: «Дарагой цаной купляе амерыканец свой матэрыяльны дабрабыт, і зайздросціць яму ў гэтым можна толькі здалёк». «Калі такія ўмовы жыцця працягнуцца яшчэ адно стагоддзе і калі да таго ж перапыніцца сталая іміграцыя з Еўропы, цяжка сказаць, які лёс чакае амерыканскі народ. Ужо цяпер маладое пакаленне выяўляе скрозь відавочныя выніковыя сімптомы ператамлення, недахопу жыццёвасці (паводле мясцовага выразу — the lack of vitality) і выраджэння. Марфіністы, какаіністы, курцы опіуму сустракаюцца вельмі часта. Жудасна глядзець на гэтае маладое пакаленне».
Першапачатковы загаловак рэпартажу — «Два месяцы ў Сьера-Невадзе» — указвае на час, які Мікалай Русель і Карл Сіверс правялі ці збіраліся правесці ў гэтай частцы штата, спачатку спыніўшыся ў гатэлі і ў фермераў, а потым жывучы прама ў лесе. Урэшце яны вырашылі наведаць славутае возера Таха, але ў пачатку іх дарогі туды апісанне перапыняецца. У апошні год у Сан-Францыска, а потым на Гаваях і ў іншых новых месцах доктар быў вельмі заняты прафесійнымі, палітычнымі і грамадскімі справамі, што перашкодзіла яму звярнуцца да заканчэння травелогу і пераслаць яго ў які-небудзь часопіс.
Цi то ўрач, цi то рамеснiк?
Хаця для Амерыкі эміграцыя была жыццёва важнай, у Мікалая Руселя нярэдка сустракаем антыэміграцыйны матыў: «Я не думаю, каб дзе-небудзь у іншым пункце статыстыка самазабойстваў і вар'яцтва сярод іншаземцаў была такая жахлівая, як у Сан-Францыска, у гэтым цэнтры, куды перш за ўсё сыходзіцца ўжо абдураны амерыканцам нядаўні заможны эмігрант, цяпер амерыканскі пралетарый.
У Каліфорніі на 300 здаровых прыпадае 1 вар’ят, які ўтрымліваецца ў доме вар’ятаў. Калі прыняць пад увагу іншых, якія не трапляюць у гэтыя дамы, то прапорцыя, вядома, выйдзе яшчэ больш неспрыяльная. У Нью-Ёрку, іншым штаце, перапоўненым іншаземцамі, — 1:350. Увогуле, у заходніх, багатых на іншаземцаў штатах — 1:400–1:600. У той час як у некаторых паўднёвых штатах — 1:1000. Колькасць іншаземцаў у Каліфорніі складае 1/3 усяго насельніцтва, гэта трэць дае 2/3 усіх звар’яцелых, якія ўтрымліваюцца ў дамах вар’ятаў».
Мікалай Русель растлумачвае спецыфіку летняга адпачынку ў амерыканцаў, для якіх характэрна вымушаная гіперактыўнасць: «Гэта ўласцівасць амерыканскага характару не дазваляе карыстацца летняй вольнай часінай большасці амерыканцаў. Адарвацца хаця б на некалькі дзён ад business’у складае не толькі ахвяру, але і злачынства, за якое сумленне амерыканца будзе дакараць яго доўгія гады. Вось чаму значная частка так званых businessmen і money-makers толькі па настойлівым патрабаванні сваёй сям’і і ўрача адважваюцца выехаць на 2–3 дні, многа на тыдзень ці два. А між тым з пункту гледжання простай разважлівасці гэтага роду людзям адпачынак неабходны больш, чым каму-небудзь. Сярод іх цяжка знайсці чалавека, які б не пакутаваў ад нервовага знясілення, якое зрабілася нацыянальнай амерыканскай хваробай.
Праславутая амерыканская «дыспепсія», без якой цяжка ўявіць сябе амерыканца, ёсць у большасці выпадкаў толькі прыватнае выяўленне агульнага знясілення нервовай сістэмы».
Мікалай Русель пры кожным зручным выпадку падкрэслівае неразвітасць Амерыкі ў параўнанні з Еўропай: «Што тычыцца інтэлігентных заняткаў, то знайсці іх зусім немагчыма. Каліфарнійскія капіталісты адчуваюць шчырую агіду да ўсякага роду навуковых і тэарэтычных ведаў, а там, дзе без гэтакіх абысціся нельга, яны аддаюць перавагу або практыкам, якія засвоілі сабе руціну справы, або берагуць такія становішчы, як сінекуры для сваіх сваякоў. Адносна прафесійнай адвакацкай, медыцынскай і да таго падобнай працы можна сказаць, што яе ў Каліфорніі няма. Тутэйшыя адвакаты і ўрачы — простыя рамеснікі з уласцівымі рамеснаму і гандлёваму саслоўю ўяўленнямі, узроўнем адукацыі і маральнасці.
Адвакатам і ўрачом можа стаць на працягу 3–18 месяцаў кожны, хто хоць крыху чытае і піша. Таму канкурэнцыя страшная і настолькі нядобрасумленная, што пра прыстасаванне не можа быць і гаворкі для чалавека з еўрапейскімі прафесійнымі ўяўленнямі».
Папярэджанні Мікалая Руселя пра магчымую маральную і нават фізічную (з-за непапраўнай шкоды, якая магла быць нанесена прыродзе прамысловым і сельскагаспадарчым развіццём) гібель Амерыкі цяпер здаюцца ў многім наіўнымі, але менавіта дзякуючы непакою і дзеянню такіх людзей, як ён, і ўдавалася дасягаць прагрэсу без фатальных страт.