Тыповы прыём у тыповай савецкай стаматалагічнай паліклініцы. У пачатку 1990-х усё было яшчэ так. Фота прадастаўлена аўтарам.

«Сёстры на паліклінічным прыёме тупеюць», — сказала старшая медсястра аддзялення ў мой першы працоўны дзень. Мела на ўвазе мой чырвоны дыплом медвучылішча, які, на яе думку, непазбежна пасінее, калі я не адмоўлюся ад ідэі працаваць на паліклінічным прыёме.

 

Я тады ўспомніла дзень свайго размеркавання. Некаторыя аднакурсніцы акрэслівалі мяжу мары выразам «сядзець пры ўрачы». У перакладзе на мову майго юнацкага максімалізму гэта гучала, мякка сказаць, не вельмі. Я на іх нават злавала. Мне б на іх месцы мроілася нешта манументальнае: аперацыйная, рэанімацыя, радзільны дом… Або рамантычнае: ФАП у старэнькай вёсачцы, закінуты сярод лясоў санаторый… На іх месцы я не была, таму і злавала. Ды што там хаваць, я папросту зайздросціла. Размеркаванне мне ўяўлялася святам — днём, калі вырашаецца лёс, — і мне вельмі хацелася адчуваць гэта свята ва ўласнай душы, але я не магла яго адчуваць, мне было ўсё роўна, куды мяне накіруюць. Я збіралася паступаць у медінстытут і спадзявалася, што новая спроба будзе ўдалай.

 

Куды вядуць спадзяванні

 

За два гады да таго, адразу пасля школы, я не паступіла. Пайшла ў медвучылішча. Такіх, як я, — тых, хто, атрымаўшы дыплом, не збіраецца працаваць медсястрой, а працягне вучобу, набралася некалькі. Мы свае планы не афішыравалі, але і не хавалі, вучыліся сумленна, як усе, і ніхто з выкладчыкаў нас па гэтай прыкмеце не вылучаў і ніякай дыскрымінацыі не падвяргаў. Ніхто, акрамя фізкультурніцы. Яна ж любіла пускацца ў маралізатарства: якія, маўляў, з вас медсёстры, навошта займаеце месцы, ішлі б лепш у санітаркі, была б карысць. Нехта прапускаў яе словы міма вушэй, нехта спрабаваў уступаць у дыскусію, нехта, як я, задумваўся: ну і праўда…

 

І вось я зноў не паступіла. Прывітанне, фізкультурніца! Я — медсястра! І буду сядзець пры ўрачы. І тупець, як сказала мая новая начальніца. Калі б я захавала свой дзённік, то прачытала б у ім пад датай першага працоўнага дня, што «тупець» мне сёння не выпала і напэўна заўтра таксама яшчэ не выпадзе.

 

На працу я трапіла ў Рэспубліканскую стаматалагічную паліклініку — знакаміты гмах на Сухой, 28. Яшчэ існаваў Савецкі Саюз, і «Сухая, 28» гучала такім жа ўстойлівым выразам, як «Пятроўка, 38» і «Шабалаўка, 37». На гэты сталічны адрас прыязджалі з усёй рэспублікі, каб даверыць свае праблемы прафесарам і дацэнтам стаматалагічных кафедр медінстытута ў тых складаных клінічных выпадках, калі не могуць даць рады па месцы жыхарства звычайныя ўрачы. Сюды пасля трыццацігадовага стажу ў стаматалагічнай паліклініцы ў Віцебску прыйшла працаваць медыцынскай сястрой Наталля Бандарык, няўрымслівая пенсіянерка, якая апынулася ў Мінску па волі лёсу — бо наноў выйшла замуж. Мяне да яе, што называецца, прымацавалі.

 

Паліклініка на Сухой, 28.

 

Няма чаго засмучацца

 

— Это вот боры. Видишь, какие разные бывают. «Шарики», «морковки», «фиссурки». Вот алмазные, вот твердосплавные. Для прямого наконечника и для углового. А это дрильборы. Есть машинные, есть ручные. Это пульпоэкстракторы. А это вот каналонаполнители. Переходим к большим инструментам. Штопфер, гладилка, экскаватор…

 

О, нарэшце пачула знаёмае слова — «экскаватар». Хоць і ў іншым значэнні. У медвучылішчы на сястрынскім аддзяленні стаматалогію не вывучаюць зусім, таму я не ведаю ніводнага інструмента. Галава ад іх ужо кругам. Асабліва даймае гэтая драбяза: дрыльборы, пульпаэкстрактары і каналанапаўняльнікі ніяк не хочуць ідэнтыфікавацца. Зрэшты, пакрысе пачынаю адрозніваць і запамінаць. Наталля Аляксееўна назвала дрыльбор «дриликом». Прамовіла неяк па-свойму, мякенька, незвычайна. Праз гэта ён і запомніўся.

 

Яна гаворыць такой рускай мовай, якую мне раней даводзілася чуць толькі ў дзяцінстве і толькі ад сібіракоў, што жылі ў бабулінай вёсцы: паскоранае маўленне, «чё» замест «что»… Але оканне не выразнае, ледзь заўважнае. Прыемнае. Лаўлю сябе на тым, што мне хочацца яе слухаць. Яна ўжо паспела расказаць, што яе дзявочае прозвішча «Подкорытова», што пасля медыцынскага тэхнікума яна паехала працаваць на цаліну і там сустрэла сваё каханне, што ў пакінутым ёю Віцебску засталіся сын, дачка і ўнукі. Карасікі, як яна іх назвала...

 

— Натренируешься делать ватные шарики — и научу тебя замешивать пасты для пломбировки каналов.

 

На кожную змену трэба замешваць пламбіравальныя пасты — рэзарцын-фармалін і цынколь. Ад выпарэнняў накапанага на шкло фармаліну робіцца так непрыемна ў носе… Прыкмячаю, што паста, нейкі час паляжаўшы на шкельцы пад накрыўкай, набывае ружовы колер. Неўзабаве даведаюся ад урачоў, што пламбіраваныя рэзарцын-фармалінам зубы таксама ружавеюць. І пералечванню не падлягаюць — у выпадку абвастрэння рады дасць толькі хірург са шчыпцамі.

 

А праз два дзесяцігоддзі дазнаюся, што за мяжой па такім зубе лёгка пазнаць савецкага пацыента. «Яны да гэтай пары называюцца red root canals — чырвоныя карнявыя каналы, з намёкам на тое, што зуб чырвоны, значыць савецкі», — раскажа мне ў інтэрв’ю адзін замежны прафесар, які прыедзе ў Мінск на міжнародны кангрэс, дзе я буду працаваць як карэспандэнт.

 

— А ты чё пригорюнилась? С парнем поссорилась? Ничё, найдём ещё кудрявее.

 

Як яна любіла паўтараць гэты выраз! І як гаюча ён, прамоўлены ёю, дзейнічаў! Ад яго рабілася лёгка і весела, і здавалася, што і праўда няма чаго сумаваць. Яна ўвесь час рассыпала нейкія прымаўкі, якіх я раней не чула. Цяпер намагаюся ўспомніць — і не магу. Помню толькі агульную атмасферу, якая вакол яе, вясёлай, спрытнай, радаснай, панавала.

 

Што на самой справе значыць «сядзець пры ўрачы»

 

Наталля Аляксееўна працавала ў студэнцкіх кабінетах, дзе прыём пацыентаў вялі пад наглядам дацэнтаў і асістэнтаў студэнты старэйшых курсаў. Часам яна да пачатку прыёму, пакуль ідзе апытанне студэнтаў або разбіраецца новая тэма, паспявала «сгонять на почту». Быў пачатак 1990-х з яго прадуктовымі дэфіцытамі. Наталля Аляксееўна пільнавала прывоз тавараў, выстойвала ў гастраномах доўгія чэргі, купляла цэлымі галоўкамі галандскі сыр, брала пячэнне і вафлі і складала дзецям і ўнукам пасылкі. Успамінаючы яе цяпер па маёй просьбе, адна ўрач з цеплынёй у голасе назвала яе мамкай-квактухай. Выпраўляючыся з торбамі на пошту, Наталля Аляксееўна прасіла мяне прасачыць за яе кабінетамі, падмяніць яе, калі нешта там раптам спатрэбіцца.

 

— Меняю дислокацию! Следи за объектом, — так яна гаварыла, і гэта быў наш умоўны сігнал.

 

Мы пасябравалі адразу. На жаль, я не запомніла, адкуль яна родам і дзе вучылася (а можа, яна і не гаварыла), але мне ўяўлялася, што яна прайшла магутную медсястрынскую школу. У размовах на прафесійныя тэмы вельмі часта ўжывала лаціну. Ды і проста ў размовах. Не скажа пра доктарку, што тая хутка збіраецца ў дэкрэт, а гаворыць: «У Татьяны Сергеевны graviditatis».

 

Пра свой стаматалагічны вопыт Наталля Аляксееўна гаварыла з гонарам: «Тридцать лет в стоматологии!» Пры гэтым слова «тридцать» дзяліла на склады і, здавалася, абодва прамаўляла пад націскам, каб надаць значнасці, хаця і без націскаў такі стаж успрымаецца як салідны.

 

Расказвала, што ў Віцебску працавала ў вялікім кабінеце, у якім стаялі пяць стаматалагічных крэслаў і вялі прыём адначасова пяць урачоў.

 

— А медсестра одна. Бросаешься то к одному врачу, то ко второму, то к третьему… Только успевай поворачиваться! Не так, как здесь.

 

Апошнія словы былі не толькі канстатацыяй факту свайго незадзейнічання ў лячэбным працэсе…

 

На пяці стаматалагічных устаноўках у студэнцкім кабінеце працавала (як і цяпер працуе) група з дзесяці студэнтаў. Пры кожным пацыенце адзін студэнт за ўрача, а другі за медсястру — замешваў і пламбіравальныя пасты, і сіліцынавыя пракладкі, і фасфатныя або акрылавыя пломбы на шкельцах ці ў тыгельках… Медсястра студэнцкіх кабінетаў — пасада, якая гэтага не патрабавала. Яна патрабавала стэрыльных інструментаў, укамплектаваных і зручна ўладкаваных столікаў, запоўненых ватнымі шарыкамі біксоў (вату накручвалі на пластмасавыя шпатэлі, якія ішлі ў камплекце з кампазітнымі пломбамі), спраўных наканечнікаў у бормашынах (мы бегалі рамантаваць іх у стары корпус да Івана Іванавіча, гэта імя вымаўлялася з прыдыханнем, гэта быў наш чараўнік, які тут жа, літаральна на вачах рэаніміраваў сапсаваны наканечнік, а калі патрабавалася болей часу, то пакідаў яго сабе са словамі «прыйдзеце праз гадзінку» і ўручаў іншы, на часовую замену), санітарнай чысціні, ведання стандартаў і шмат чаго яшчэ, але Наталля Аляксееўна з гэтым усім спраўлялася лёгка і, як мне здавалася, сумавала па працы, якую мае аднакурсніцы называлі «сядзець пры ўрачы». Хоць пры сваіх пяці ўрачах у Віцебску яна канечне лятала, а не сядзела. А ў маім нестудэнцкім кабінеце працавалі ўсяго два ўрачы.

 

Медсёстры ўрачэбных кабінетаў працавалі па-рознаму: адны (пераважна старэйшае пакаленне) пчолкамі віліся пры ўрачах, другія (часцей маладыя) нічым не адрозніваліся ад тых, хто працуе ў вучэбных, — забяспечвалі наяўнасць інструментаў і матэрыялаў, стэрыльнасць і чысціню, але на большае не замахваліся, і, што цікава, ніхто іх за гэта не ўшчуваў. Але як жа радаваліся іх урачы, калі на суботняе дзяжурства выпадалі медсёстры іншага гарту!..

 

— Ты сама можешь выбрать, какой тебе быть медсестрой, — сказала Наталля Аляксееўна.

 

Я выбрала, натуральна, «сядзець пры ўрачы», у думках перадаўшы прывітанні сваім аднакурсніцам. І так палюбіла сваё першае працоўнае месца, што ў маю багатую на фантазіі галаву часцяком прабіралася і такая: быццам нам паведамілі, што ў сувязі з «вытворчай неабходнасцю» трэба заставацца на працы і пасля заканчэння змены, і нават на ноч. Я і праўда была гатовая працаваць дзень і ноч. Вось да такой ступені мне ўсё падабалася: і калегі, і праца, і пацыенты, а галоўнае — усведамленне таго, што я вельмі патрэбная. Прафесійны гонар — магутная рэч. Калі праз восем гадоў працы на Сухой, 28 я ў сувязі з заканчэннем універсітэта перайшла працаваць у навуковы інстытут, то ўжо праз тыдзень не ведала, як мне быць. Мой сусвет нечакана для мяне абваліўся: ад таго, што я мераю аптычную шчыльнасць у пробах мітахондрый ці ядзеркаў, каб вызначыць актыўнасць ферментаў пад уплывам такіх ці гэтакіх рэчываў, няма нікому ніякай відавочнай карысці, ніхто ад гэтага не прыйдзе дадому шчаслівы, як гэта было б з пацыентамі, якім балела — і з маім удзелам перастала балець. «У фундаментальнай навуцы не можа быць відавочных вынікаў кожны дзень», — суцяшала мяне новая калега. А я ўспамінала Наталлю Аляксееўну Бандарык, якая навучыла мяне цаніць і любіць кожны працоўны дзень, карысць ад якога павінна быць відавочнай. Мяркую, што ў гэтай філасофіі і змяшчаецца сакрэт яе нястомнасці і дабрыні.

 

Фанатка

 

Карасікамі Наталля Аляксееўна называла не толькі сваіх унукаў, а ўсіх дзяцей. Як толькі дзіця трапляла ў яе поле зроку, яна пачынала з ім жартаваць і гуляць, ды так, што дзіцяці раставацца з ёй не хацелася. Правільней нават будзе сказаць, што яна сама ператваралася ў дзіця, невядома адкуль беручы і спрыт, і імпэт, і энергію.

 

Калі ў мяне з’явіўся карасік, я вадзіла яго ў дзіцячы садок пад самымі вокнамі паліклінікі. Мы з ёй разам з нашага восьмага паверха глядзелі, як ён гуляе на пляцоўцы са сваёй групай. У дні, калі мы працавалі ў другую змену, я вечарам забірала сына з садка, і да канца змены ён бавіўся ў паліклініцы. То маляваў, то хадзіў за мной хвосцікам, спрабуючы нешта дапамагаць, а калі ў кабінетах Наталлі Аляксееўны студэнты канчалі заняткі, вольная Наталля Аляксееўна гуляла з ім так, быццам яны з адной групы. Ён яе добра памятае.

 

І я часцяком успамінаю яе проста так. Тады нібы чую яе голас, яе характэрны говар, яе дасціпныя жартачкі… Бачу яе добры твар, над якім абавязкова ўзвышаецца шапачка.

 

Мы, маладыя медсёстры, шапачак не насілі, яны нам у вучылішчы паспелі надакучыць, ды і тэрапеўтычная стаматалогія — гэта не хірургія, а яна, наадварот, шапачку не здымала і па некалькі разоў за змену папраўляла перад люстэркам.

 

Помню яе паходку — імклівую і трошкі з падскокам, яе ўсмешлівыя вочы і тонкія вусны, якія яна часцяком неўсвядомлена пацірала, а аднойчы, смеючыся, расказала, як трапіла ў гісторыю — перад нейкай праверкай, нервуючыся, пацерла вусны, якія перад тым пафарбавала ярка-чырвонай памадай, і так, з «акрываўленым» ротам, паўстала перад правяральшчыкамі.

 

Помню, як Наталля Аляксееўна аб’явіла, што заўтра не прыйдзе на працу. Узяла, маўляў, адгул. Прычына мяне здзівіла і нават ашаламіла: канцэрт песень Ігара Крутога ў праграме тэлебачання. Яна фанатка гэтага кампазітара і не можа такую трансляцыю прапусціць...

 

Няма ў мяне яе фотаздымка. Тым ярчэй яна ў маёй памяці.

 

I, як бацькі часам прагнуць рэалізоўваць нерэалізаванае праз дзяцей, так Наталля Аляксееўна павучала мяне, што трэба побач сядзець і не толькі замешваць пракладкі і пломбы, але і рабіць пад дыктоўку запісы ў медыцынскія карткі, каб доктару заставалася толькі распісвацца, бо пацыенты ідуць цугам, часу на ўсё не хапае, хоць разарвіся.

 

Тыповы прыём у тыповай савецкай стаматалагічнай паліклініцы. У пачатку 1990-х усё было яшчэ так.

 

Фота прадастаўлены аўтарам.