Аптэка 18-га стагоддзя.
Вужы, кракадзілы і слоікі з забальзамаванымі анамаліямі — звычайны атрыбут аптэкі 18-га стагоддзя.

У адной з вітрын Музея гісторыі медыцыны Беларусі выстаўлены рукапісны зборнік рэцэптаў, які датуецца 18-м стагоддзем і паходзіць з Нясвіжу. Усяго тры старонкі, не больш і не менш, да таго ж пад шклом, а яно блікуе, і пры гэтым копія — арыгінал за сямю пячаткамі захоўваецца дзесьці ў архіве. Тым не менш экспанат зачароўвае.

 

jjj876hg

Фота Ангеліны Салодкай, Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка.

 

Роўны ўпэўнены почырк, выразныя буйныя літары, акуратна падкрэсленыя назвы парашкоў, эліксіраў і збораў. Відавочна, што зборнік ствараўся цягам часу. А вось і першая прыкмета, па якой можна шукаць «укладальніка»: сярод лацінскіх найменняў раслін і іх частак, побач з plantago, aloё і chamomillae, flores, herbae і radix — раптоўнае нямецкае gargarism, што па-нашаму  «паласканне». Зрэшты, і без гаргарызмаў гэта можна сцвярджаць як найбольшую верагоднасць: немцы сярод тагачасных аптэкараў сустракаліся найчасцей. З іншага боку, рэцэптурнік мог быць складзены немцам і пры тым дзе заўгодна, а потым ужо знайсці сабе карыстальніка ў Нясвіжы. Хто ты, загадкавая асоба, якая па гэтых рэцэптах стварала для нясвіжцаў эсэнцыі і унгвэнтумы, пульвісы і пілюлі?

 

Не без Прыгодаў...

 

У маі 1738 года аптэкар Вільгельм Крыштоф Прэторыус, невядома адкуль у Нясвіжы ўзнікшы, падрадзіўся адкрыць там аптэку і для гэтага закупіцца абсталяваннем і сыравінай у Дрэздэне. Пералік неабходнага склаў для яго радзівілаўскі доктар Ян Анджэй Малер. Але да Нясвіжу тавар не даехаў. А ў кастрычніку Прэторыус заявіў, што яму трэба з’ездзіць па нейкай патрэбе ў Слуцк, — і больш яго ніхто ні ў Нясвіжы, ні ў Слуцку не бачыў. Так аптэка, якая збіралася ўжо адкрыцца, спазнілася ў сваім існаванні больш чым на дзесяць гадоў. Только 10 снежня 1751 года гаспадар Нясвіжскага замка Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька дазволіў Яну Крыштофу Хінцке адкрыць дзе заўгодна ў горадзе аптэку, але пры ўмове, што той яе купіць сам. Не тое каб князь, апёкшыся на малацэ, пачаў дзьмуць на ваду, бо грошай у Радзівілаў, ясная рэч, хапала, і тым не менш тактыка князя змянілася.

 

Недзе паміж радкамі гэтай умовы негалосна гучала, відаць, яшчэ і тое, што аптэка Хінцке павінна абслугоўваць насельнікаў замка бясплатна. Прынамсі, так яно далей рэгулярна і адбывалася: Рыбанька, вядомы як мецэнат і фундатар, ахвотна даваў грошы на аздабленне храма і заснаванне абсерваторыі, але ўвесь час пазбягаў плаціць аптэкарам. Праз гады небарака Хінцке будзе нават скардзіцца ў адпаведныя органы, бо яму давядзецца зводзіць канцы з канцамі ў той час, як доўг яму з боку Рыбанькі будзе расці і расці. Здавалася б, магнацкі двор — ці не самы буйны рынак збыту медыкаментаў, але ў Рэчы Паспалітай прыхільнасць магнатаў няпэўная, а з ёю разам няпэўны і лёс аптэк. Калі ж гаворка пра Радзівілаў, герояў неадназначных і часта скандальных легенд, то з аптэкамі на іх землях здарацца магло што заўгодна.

 

Прынамсі, наступны пасля Рыбанькі гаспадар замка Караль Станіслаў, вядомы як Пане Каханку, адкрыў быў у сябе медыцынскія здольнасці і па гэтай прычыне сам дыктаваў аптэкарам сігнатуры. Дык і не дзіва, што аптэкары часта ўцякалі і прыходзілі новыя, і так без канца. Аптэка 18-га стагоддзя на нашай зямлі — той яшчэ фенамен. З аднаго боку, аптэкарская справа з занятку, блізкага да рамесніцтва і гандлярства, менавіта ў той час набывае ўсё больш медыцынскія рысы, але з іншага, у гэту галіну абярнуўшыся, яна перажывае такі ж заняпад, які па розных прычынах агортвае тагачасную медыцыну пасля папярэдняга ўзлёту і росквіту.

 

Вядома, што ў 18-м стагоддзі ў Нясвіжы былі дзве аптэкі. Найверагодней, што менавіта аптэку Яна Крыштофа Хінцке называлі аптэкай скарбу ці замкавай, іначай бы Радзівілы ў ёй так не сваволілі. Але гэта была, так бы мовіць, аптэка пад нумарам два…

 

Нумар адзін у Нясвіжы

 

Першая аптэка ў Нясвіжы пачала існаваць больш як на стагоддзе раней, у 1627 годзе, і належала не Радзівілам, а езуіцкаму ордэну.

 

Калі ад касцёла бернардынаў, які сёння ўжо не існуе, прайсці па вуліцы Крыжовай, таксама цяпер не існуючай, у самы яе канец, можна ўперціся ў езуіцкі калегіум (канечне, толькі ў думках). Там на першым паверсе ў паўднёва-ўсходнім крыле знойдуцца і аптэка, і лабараторыя з патрэбным абсталяваннем (алембікі, прэсы, катлы, абцугі, слоікі, конаўкі, формы для пластыраў і пігулак, шалі, млынкі і лапаткі), і больш чым паўсотні кніг, сярод якіх дакладна ёсць «Філасофія дыстыляцыі» Джона Фрэнча — вельмі папулярны трактат, які да дзірак зачытваюць не толькі алхімікі, але і аптэкары. Дыстыляцыя — гэта ўменне даставаць з рэчы вадкасць пры дапамозе цяпла, гэта мастацтва ператварэння грубага ў тонкае, аддзялення чыстага ад нячыстага. Дэмагогія, далібог, але, начытаўшыся гэтай кнігі, наш загадкавы ўкладальнік старанна малюе на адной са старонак мадэль перагоннага куба. Мо гэта быў Ян Аўдыцкі, мо Ежы Лесіг або Ян Бодзіц, а мо і Францішак Зданьскі — за 18-е стагоддзе аптэкараў там змянілася шмат. Былі яшчэ Томаш Грымскі і Стэфан Крацэр, Ян Рапчынскі і Мельхіёр Ронге.

 

У 1773 годзе ордэн езуітаў скасавалі, але аптэка працягвала працаваць, бо і да гэтага абслугоўвала не толькі калегіум, але і насельніцтва горада, і радзівілаўскі двор. А неўзабаве Мельхіёр Ронге перайшоў з яе ў аптэку, якая лічылася замкавай, і працаваў ужо там, дзе раней працаваў Ян Крыштоф Хінцке. Там жа, у аптэцы скарбу, завіхаліся ля рэтортаў і Крыштоф Антоній Горн, і Францішак Шэнкель, і Крысціян Вярэўскі.

 

kkjuuu987n

Мадэль перагоннага куба на адной са старонак рэцэптурнага зборніка 18-га стагоддзя.

 

Разгадка крыху бліжэй

 

Вярэўскі быў не толькі аптэкарам, але і радзівілаўскім фельчарам. Гэта можа падацца дзіўным, але Радзівілаў лячылі ўсе катэгорыі лекараў, якія толькі маглі існаваць у іх часе. Высокакваліфікаваныя ўрачы пры княскім двары былі і айчынныя, і выпісаныя з-за мяжы. І, быццам гэтага было мала, карысталіся яшчэ і паслугамі фельчараў, а пры патрэбе паставіць банкі ці пусціць кроў звярталіся, дарма што князі, да цырульнікаў! Міхалу Казіміру Радзівілу Рыбаньцы за яго жыццё кроў пускалі больш чым шэсць дзясяткаў разоў: кожны такі выпадак ён апісваў у дзённіку…

 

А чаму б Крысціяну Вярэўскаму не быць укладальнікам рэцэптурніка? Што прозвішча не нямецкае — дык многія ў той час адаптоўвалі свае прозвішчы, набліжаючы іх да мясцовых. Ёсць падазрэнне, што і Ян Крыштоф Хінцке не толькі Хінцке, але і Хенскі, бо нейкі Яган Хенскі мае з ім надта шмат супадзенняў у біяграфіі. А мо гэты Хенскі-Хінцке сам напісаў рэцэптурнік? Як бы там ні было, але калі сшытак паходзіць з аптэкі скарбу, дату яго стварэння можна ўдакладніць: пазней за 1756 год.

 

У 1756 годзе Яган Хенскі дакладае князю пра страты, якія панесла аптэка пад час пажару, што ўзнік па віне суседа. Сцены ўцалелі, але з начыння ўратавалі толькі некалькі алембікаў і катлоў. Калі б рэцэптурнік на той час ужо існаваў і быў там, мы не пабачылі б яго сёння ў музеі.

 

P.S. А ці так цяпер важна, хто пісаў і падкрэсліваў назвы тых пульвісаў і цінктур? Гэты свет без загадак не быў бы такім цікавым...