Гродзенская аптэка-музей у сваіх аўтэнтычных нетрах, існуючых яшчэ ад часоў езуітаў, хавае шматлікія таямніцы. Незвычайны экспанат, герой артыкула, з’явіўся ў згаданых сценах тады, калі да слова «аптэка» ўжо далучылася слова «музей». А злучок паміж гэтымі словамі расцягнуты амаль на тры стагоддзі: да 1709-га, калі пабудавалі аптэку, дадаём ні многа ні мала 287 – і атрымліваем кропку адліку, з якой пачалася гэта гісторыя…
1990-я. Загадкавы візіцёр
У аптэку-музей, што захоўвае старажытнасці, звязаныя з медыцынай і фармацэўтыкай, наведаўся старэнькі ўрач. Прынёс рарытэт. Два стосы аркушаў, сшытыя ў выглядзе кніг таўшчынёю па 4–5 сантыметраў, з тэкстамі, набранымі на машынцы. На выгляд — копіі з-пад 4-й ці 5-й капіркі. Візіцёр паведаміў: перад імі — найкаштоўная праца пра лекавыя расліны. Як тут не згадаць Міхала Войніча, бібліяфіла і антыквара, які хоць нядоўга, але працаваў акурат у гэтай аптэцы.
Аптэкары ў Гродне — асаблівая тэма, а гэты стаўся адкрывальнікам сярэднявечнага рукапісу, які цяпер носіць яго імя. Але вернемся да нашага візіцёра і яго «інкунабул», якія таксама ўяўлялі загадку: не мелі ніякай вокладкі, а значыць ні імя аўтара, ні назвы, ні якіх бы там ні было іншых звестак, якія маглі б хоць штосьці патлумачыць. Рускамоўны машынапіс пра расліны — пра некалькі соцень раслін — з апісаннямі, назвамі на розных мовах, пералікам уласцівасцей і лекавых магчымасцей, спісам крыніц…
Самая ранняя — De Materia Medica, правобраз сучаснай фармакапеі (збору нарматыўных дакументаў, у якіх рэгламентуюцца патрабаванні да якасці лекавых сродкаў), — належыць Дыяскарыду (40–90-я гады нашай эры), самая позняя датуецца 1938-м. Такім чынам, час напісання працы прыблізна вядомы. Як, зрэшты, і тое, што рускамоўны машынапіс – пераклад.
Гісторыя пятага аркуша
— Гэта быў відавочны пераклад, але пераклад чаго? — згадвае свае першыя ўражанні ад незвычайнага набытку ўласнік аптэкі-музея, дырэктар ТАА «Біятэст» Мікалай Дарашкевіч, кандыдат біялагічных навук. — Урач той распавёў, як шматгадовая зацікаўленасць раслінамі і іх лекавымі ўласцівасцямі прывяла яго аднойчы ва Усерасійскі навукова-даследчы інстытут лекавых і араматычных раслін у Маскве.
Там ён пазнаёміўся з прыгожанькай сакратаркай, і яна, друкуючы на машынцы нейкую працу, пачала спецыяльна для яго закладаць пяты аркуш. Так да яго патрапіў гэты тэкст, які праз гады ўрач палічыў патрэбным аддаць у аптэку-музей. І тое, пра што не даведаўся ён, адкрылася больш пільнаму даследчыку Мікалаю Дарашкевічу. — Пасля пэўных глаў знайшлася пазнака: хто і калі браў арыгінал для перакладу на рускую мову. Значыць кніга была «для службовага карыстання» і па гэтай прычыне маладаступная. Прозвішча перакладчыка ў подпісе — Мухін. Які Мухін, хто такі гэты Мухін?..
Не варта было шукаць яго як перакладчыка: такія тэксты на іншыя мовы павінны тлумачыць спецыялісты з навуковай ступенню…
Мухін
Пошук вывеў Мікалая Дарашкевіча на імя Сяргея Мухіна, асобу з цікавай біяграфіяй. Паходзіў ён з рабочай сям’і, але бацькоў страціў рана — з-за сухотаў, на якія хварэла ўся сям’я, і маленькі Сярожа таксама. Гадаваўся ў прытулку Яе Высокасці Аляксандры, але пасля рэвалюцыі ўстанова ператварылася ў дзіцячы дом «Маладая гвардыя». Установа не абы якая, пад куратарствам Надзеі Крупскай, выхаванцам яе давалі бліскучую адукацыю і ўзорнае выхаванне.
Далей Сяргей Мухін ідзе служыць у армію і патрапляе не проста на флот, а на «Аўрору» (у 1920-я легендарны крэйсер стаў вучэбным суднам). Па завяршэнні службы паступае на медыцынскі (нярэдкі выбар для хранічна хворага юнака) факультэт МДУ, а потым — у клініку прафесара Дзмітрыя Плятнёва, выключнага настаўніка і вучонага ў галіне кардыялогіі, пацыентамі якога былі і Ленін, і Крупская, і іншыя «партыйныя і дзяржаўныя дзеячы».
Прафесар Плятнёў меў аўтарытэт у Еўропе, але супраць яго была сфабрыкаваная не адна крымінальная справа: ён абвінавачваўся і ў сувязях з Захадам, і ў садызме, і ў смерці Максіма Горкага. Цень усяго гэтага ўпаў і на Мухіна, які ў Плятнёва абараніў дысертацыю. У выніку абышлося. Дысертацыю не прызналі, але ад большых распраў Мухін быў уратаваны фактамі сваёй біяграфіі: «простае» паходжанне, дзяцінства ў знакамітым прытулку, служба на легендарным судне.
З кардыялогіяй, у якой малады вучоны ўжо паспеў сябе засвяціць сур’ёзнымі навуковымі працамі, давялося развітацца. Мухін падаўся ў гамеапатыю. Тады яе не лічылі ілжэнавукай, да таго ж ён і сам лячыўся ў гамеапатаў, і паспяхова: гэты метад у звязцы з народнымі сродкамі прымусіў адступіць тую смяротную хваробу, на якую ён пакутаваў у дзіцячыя і маладыя гады.
Яго ўвогуле прыцягвала ўсё натуральнае, прыроднае. Ён быў прыхільнікам такіх уздзеянняў, якія не лечаць хваробу, а дапамагаюць арганізму супраціўляцца ёй самастойна. Пазней Мухін вернецца ў алапатыю, але ад гамеапатыі не адыдзе (і будзе абараняць яе ад нападаў). Папраўленае здароўе дазволіць яму пайсці ў 1939-м у дзеючую армію – трапіць урачом 2-га ранга на савецка-фінскую вайну. Верне ён сабе і навуковую практыку, і абраную спецыяльнасць: пачне працаваць у лабараторыі кардыялогіі Інстытута харчавання.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўзначаліць там шпітальны аддзел. Дапамагаючы хворым і цяжка параненым, ён будзе выкарыстоўваць лячэнне і раслінамі, і гамеапатычнымі дозамі даволі шырока, а галоўнае — паспяхова. Вялікі Ганс Селье, хросны бацька паняцця «стрэс», аўтар канцэпцыі хвароб адаптацыі, назаве падыходы Мухіна адкрыццямі стагоддзя.
Але, як кажуць, у сваёй Айчыне прарокаў няма. Агульнай мовы з савецкімі калегамі Сяргей Мухін не знойдзе (хаця будзе мець і званні, і дзяржаўныя ўзнагароды) і праз нейкі час пасля вайны пакіне алапатыю назаўсёды. Веданне лекавых уласцівасцей флоры і практыка гамеапатыі дазволяць яму здзейсніць некаторыя вынаходніцтвы, пра якія сёння, на жаль, ніхто ўжо не згадвае.
Ад рукапісаў да друкапісу
Сяргея Мухіна прыцягвалі старадаўнія рукапісы па народнаму лекарству. Над іх старонкамі ён і да вайны, і пасля яе днямі праседжваў у Гістарычнай бібліятэцы. Але ў сярэдзіне 1950-х яго зацікавіла адна друкаваная кніга. Сучасная.
Гэта быў вывезены з Германіі пасля перамогі падручнік па лекавых раслінах, ці, лепш сказаць, іх сусветная энцыклапедыя. Мухін атрымаў доступ да гэтай кнігі праз заданне перакласці яе на рускую мову. Мікалай Дарашкевіч расказвае, што дзякуючы гэтаму перакладу савецкія вучоныя дарасталі да акадэмікаў, абараняючы дысертацыі і пішучы працы, у якіх спасылкі на аўтара арыгіналу не ўказваліся. І арыгінал, і пераклад былі засакрэчаны.
А ў 2005 годзе, калі навуковая грамадскасць адзначала 100-годдзе Сяргея Мухіна, яго ўдава ў сваім выступленні нечакана прамовіла, што ў далёкія 1950-я муж займаўся перакладам з нямецкай мовы кнігі Мадауса.
У гэтым прозвішчы і хавалася прычына засакрэчанасці выдання.
Магдалена і добры пастар
Можна быць жонкай лютэранскага святара і заснаваць фармацэўтычнае прадпрыемства. Але не адразу. Спачатку трэба аднаго за адным то страчваць, то нараджаць дзяцей і ўвесь час баяцца за іх кволыя жыцці, пераязджаць з мужам з месца на месца ў пошуку лепшых умоў і ў рэшце рэшт, ад адчаю і страху за лёс малодшага сына, хворага на поліяміэліт, знайсці ў мястэчку Рэпелен, недалёка ад Кёльна, добрага пастара. Трэба, каб яго звалі Эмануэль Фельке і каб ён займаўся на турапатыяй: лячыў прыхаджан сонечнымі і глінянымі ваннамі, прапагандаваў сон на паветры, шырокае ўжыванне лекавых раслін у складаных камбінацыях і ростае харчаванне з абмежаваннем мяса.
Цуд выздараўлення малодшага сына мусіў аказаць на няшчасную маці вельмі моцны ўплыў, каб яна пачала прапаведаваць метады дорага пастара, які з часам разгорнецца так, што стане ўладальнікам курортнага бізнесу ў некалькіх гарадах. А яшчэ спатрэбіцца, каб яна сама па-чала вырошчваць лекавыя расліны, а заадно зацікавілася падыходамі ў распазнаванні хвароб па радужнай абалонцы вока. Тады можна будзе не толькі адкрыць фармацэўтычную фірму, але і напісаць навуковую працу, з якой (дарма што жанчына!) трапіць у пералік заснавальнікаў метада ірыдадыягностыкі.
Усё апісанае адбылося з Магдаленай Йаганай Марыяй Мадаус, дачкой магдэбургскага ювеліра, жонкай пастара Генрыха Фрыдрыха Пітэра Мадауса, шматдзетнай маці. Пройдзе не так шмат часу, і Магдалена Мадаус, пастажыраваўшыся ў Эмануэля Фельке, адкрые ў 1908 годзе сваю лячэбніцу. А яшчэ праз адзінаццаць гадоў, ужо аўдавеўшы, напісаўшы падручнік па «радужнай» дыягностыцы і атрымаўшы падтрымку сыноў — вылечанага ад поліяміэліта Ганса і яго братоў Фрыдмунда і Герхарда, — ператворыць сямейную клініку ў прадпрыемства Dr. Madaus & Co, дзе будуць выпускацца лекавыя сродкі на аснове прыродных кампанентаў. Магдалена Мадаус стане прадаўжальніцай справы Фельке, які разышоўся з заснавальнікам класічнай гамеапатыі Ганеманам у «тонкасцях падыходу» — паспрабаваў выкарыстоўваць з гамеапатычнымі мэтамі не мона-, а комплексныя прэпараты.
Дзве няславы
Старэйшым з братоў-прадпрымальнікаў быў Герхард. Ён нарадзіўся ў 1890-м і на час адкрыцця сямейнай фармацэўтычнай вытворчасці быў урачом. Улічваючы вопыт маці, спецыяльнасцю ён выбраў фітатэрапію. І, відаць, быў вельмі добрым спецыялістам у гэтай галіне.
— Але ў Савецкім Саюзе iмя Герхарда Мадауса не згадвалася, а кніга яго, адзін з тамоў чатырохтомніка па лекавых раслінах, выпушчанага ў 1938 годзе, была засакрэчана і перакладалася Мухіным як ананімная, — распавядае далей гаспадар аптэкі музея ў Гродне Мікалай Дарашкевіч. — Кляймо на прозвішча Мадаус усплыло ў сувязі з даследаваннем уласцівасцей дыфенбахіі — расліны сямейства ароідных, трапічнай, але нам вядомай як пакаёвая. Яшчэ да вайны Герхард Мадаус, праводзячы доследы з мышамі, знайшоў, што яна аказвае на іх эфект стэрылізацыі. Калі пачала ся Другая сусветная вайна, нямецкія даследчыкі ўспомнілі пра яго знаходку і паспрабавалі прымяніць дыфенбахію для стэрылізацыі ваеннапа лонных. Потым высветлілася, што эканамічна гэта нявыгадна: для вырошчвання расліны трэба будаваць вялікія парнікі. А тут яшчэ падаспелі адкрыцці, датычныя ўласцівасцей радыёактыўных элементаў, выкарысталі з мэтай стэрылізацыі радый...
Да выпрабаванняў гэтай расліны на чалавеку Герхард Мадаус нiякага дачынення не меў. А ў 1942 годзе памёр пасля цяжкай хваробы, якую ўсё ж не здолеў перамагчы. Так Герхард Мадаус быў выкраслены з гісторыі. Аднак фармацэўтычная фірма з яго прозвіш чам працягвала існаваць, утвараючы даччыныя кампаніі ў розных краінах. У наш час, пасля зліцця многіх фармацэўтычных бізнесаў, яна страціла самастойнасць як вытворца і ўяўляе сабой гандлё вую марку MADAUS, GmbH. Яе лозунг ранейшы: «Лекі з прыродных крыніц». Кардонкі з пазнакай MADAUS можна сустрэць і ў беларускіх аптэках.
P.S. А друкапіс перакладу кнігі Мадауса Мухіным Мікалай Дарашкевіч марыць апублікаваць…