Ігнацій Антонаў. Фота з адкрытых крыніц.
Ігнацій Антонаў. Фота з адкрытых крыніц.

Пачынаючы новы артыкул,  ніколі не ведаеш, як ён складзецца. Не кажучы ўжо пра тое, што часам не ведаеш нават, як яго пачаць. У такія хвіліны прыгадваецца Караткевіч з яго «рабі, як не робіць ніхто». Гэта дапамагае… Праўда, пацыентам нашага героя Уладзімір Караткевіч не быў.

 

Акадэмік Ігнацій Антонаў лячыў Максіма Танка  і Петруся Броўку, Івана Шамякіна  і Пятра Машэрава, Віктара Вуячыча і Ігара Лучанка, а вось аўтар «Ладдзі роспачы» і «Дзікага палявання…» да яго на прыём  не трапляў. Тым не менш згаданыя словы Караткевіча — «рабі немагчымае, рабі, як не бывае, рабі,  як не робіць ніхто, — і тады пераможаш» — да лёсу доктара дастасоўваюцца цудоўна…

 

З вякоў мінулых 

 

Доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, першы ў гісторыі нашай краіны ўладальнік звання «Народны ўрач», ганаровы грамадзянін Мінска і Віцебска, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі медыцынскіх навук і акадэмік яшчэ трох міжнародных грамадскіх акадэмій, адзін з 2 000 выдатных людзей 20-га стагоддзя па версіі Міжнароднага біяграфічнага цэнтра ў Кембрыджы, адзін з 200 выдатных дзеячаў сучаснай медыцыны па версіі Міжнароднага аб’яднанага біяграфічнага цэнтра, носьбіт тытула «Чалавек года — 1997» паводле Міжнароднага біяграфічнага інстытута ЗША Ігнацій Пятровіч Антонаў, па-першае, быў «хранічным» выдатнікам: скончыў на выдатна і васьмігодку, і Віцебскую фельчарска-акушэрскую школу, і Мінскі медыцынскі інстытут. Па-другое, марыў стаць не ўрачом, а настаўнікам. Проста ў педагагічным тэхнікуме дакументы ў яго не ўзялі: народжаны ў канцы 1922 года, 28 снежня, ён не меў яшчэ дастатковага ўзросту. А вучыцца вельмі хацелася. І падаўся хлапец на фельчара…

 

jbnhvgt23

 

…Калі па загадзе Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі аб утварэнні ў Віцебску школы фельчараў 15 лістапада 1871 года такая ўстанова была адкрыта пры бальніцы прыказа грамадскай апекі, прымаць у яе пачалі з 12-гадовага ўзросту. Акрамя лаціны і анатоміі вывучалі ў ёй юныя шкаляры і рэчывазнаўства, і ажыўленне прывіднапамерлых, засвойвалі крывапусканне і кастапраўства, прышчэпліванне ад воспы і даставанне зубоў, пісанне рэцэптаў, рабленне павязак...

 

У савецкі час лексіка памянялася, і апошняе ператварылася ў дэсмургію, а на месцах першых у адпаведных радках атэстатаў (яшчэ не дыпломаў) з’явіліся фармакалогія з рэцэптурай ды рэанімацыя. Шкаляр Антонаў вывучаў як асобныя самастойныя дысцыпліны такія дзіўныя сёння на слых малаказнаўства і дзеткармленне, вайсковую санітарыю і тактыку, педалогію, а таксама рэнтген, фізіятэрапію, масаж… Атрымаў атэстат з адзнакай «з наданнем годнасці фельчара з правам працаваць ува ўсіх лекавых установах у мяжох інструкцый, выдаваемых Нар. Кам. Аховы Здароўя БССР, што і сьведчыцца подпісамі і прыкладаньнем пячаткі».

 

У будынак пад нумарам 2 на вуліцы Пушкіна па медыцынскія веды Ігнацій Антонаў хадзіў з бацькоўскага дому ў Будніцы, што ў Суражскім раёне, пешшу: з транспартам было кепска, а з роднымі бачыцца хацелася, дарма што да Віцебска чатыры дзясяткі вёрст.

 

— Канечне, гэта бывала не кожны дзень, але дакладна пры кожнай магчымасці і нагодзе, — каменціруе пешыя паходы бацькі Галіна Аўсянкіна, урач функцыянальнай дыягностыкі РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, кандыдат мед. навук. — І ўсё роўна ўявіць не магу, як дзіця магло столькі прайсці. Ён быў незвычайна трывалым, цягавітым.

 

«Мы не стамляліся, ці, дакладней, умелі стомленасць паспяхова пераадольваць», — чытаем мы з Галінай Ігнацьеўнай рукой яе бацькі напісанае выступленне для сустрэчы з аднакурснікамі, але ўжо інстытуцкімі, пасляваеннага часу. З выкрэсліваннямі і ўдакладненнямі — па ўсім відаць, чарнавік, які акурат пад руку падвярнуўся, калі Галіна Ігнацьеўна перабірала сямейныя рарытэты.

 

«Вельмі многія сумяшчалі вучобу з працай — хто санітарам, хто грузчыкам, хто качагарам. Мы вучыліся ў ледзяных аўдыторыях і жудасна халодных анатамічках, некаторыя ўмудраліся нават заснуць  у іх пасля працы. Нас не бянтэжылі кепская вопратка і зношаныя чаравікі. Мы былі маладыя і вельмі шчаслівыя…»

 

— Як толькі ён скончыў фельчарска-акушэрскую школу, адразу паступіў у Віцебскі медінстытут, але неўзабаве, дасягнуўшы 18-гадовага ўзросту, быў прызваны ў Чырвоную армію, — расказвае яна далей тое, што пішацца ў энцыклапедыях. Зрэшты, апошнім да гэтых расповедаў вельмі далёка. — З 1940 года ён служыць на іранскай мяжы. Там і застае яго вайна. 18-гадовы Антонаў апынаецца каля Тэгерана...

 

kjnbvhf65

 

Нельга забыць

 

Або ты фельчар і ратуеш параненых, або камандзір экіпажа танка і кідаешся па камандзе ў атаку. Хіба не так? Але 3 ліпеня 1944 года Ігнацій Антонаў уварваўся ў разбураны Мінск у якасці не фельчара, а танкіста. Таму што камандзір экіпажа танка загінуў, а фельчар Антонаў у кулямётна-пушачным узбраенні баявых гусенічных машын кеміў не горш, чым у медыка-тактычнай абстаноўцы ваенна-палявой хірургіі. Яго Т-34 у складзе танкавага ўзвода 2-га танкавага батальёна 25-й гвардзейскай танкавай брыгады 2-га гвардзейскага танкавага корпуса 31-й арміі 3-га Беларускага фронта ўвайшоў у Мінск трэцім па ліку з Бараўлянскага боку. Першым ішоў Мікалай Колычаў, камандзір узвода, франтавы сябра, з якім потым дойдзе Антонаў да Кенігсберга.

 

— Такога адданага сяброўства я больш не сустракала… Яны часта збіраліся, і не толькі на Дзень Перамогі. Татавы франтавыя сябры прыляталі да нас і з Далёкага Усходу, і з Азербайджана… Вельмі хачу знайсці нашчадкаў ваеннага ўрача Гадамшаха Садыхава... Тата любіў спяваць пад гітару і добра ведаў адну азербайджанскую песню, якую выконваў даволі часта... Памятаю, як гасцяваў у нас генерал Сямён Мятлоў. Прыляцеў са сваім сынам. Нас знаёмілі сем’ямі. Мы з братам былі падлеткамі, але я так добра памятаю, якімі прыемнымі ўзрушэннямі былі такія візіты. Татавы саслужыўцы прыязджалі да нас і на летнія адпачынкі. Паняцце «франтавы сябар» было для яго святым.

 

Я ўпэўненая, што слёзы, якія Галіна Ігацьеўна ніяк не можа схаваць, звязаны не толькі з кранальнымі эпізодамі гэтых візітаў, але і з падзеямі таго ваеннага часу… На долю яе бацькі выпала шмат трагічнага і гераічнага. Пачаўшыся на іранскай мяжы, вайна для яго завяршылася ў Аўгустоўскіх лясах, а ў чатырохгадовы прамежак умясціліся, бадай, самыя легендарныя бітвы. Са Сталінградскай ён выйшаў з ордэнам Чырвонай Зоркі, за бітву на Курскай дузе, пад Прохараўкай, атрымаў медаль «За адвагу», за вызваленне Мінска, дзе быў паранены, і Кенігсбергскую аперацыю ўзнагароджаны адпаведна ордэнамі Айчыннай вайны 2-й і 1-й ступені.

 

Сын старшыні калгаса, ён, калі б не вайна, адвучыўся б у Віцебскім медінстытуце, здаў бы паспяхова выпускныя іспыты і прыехаў на лета да бацькоў, дзе вадзіў бы не танк, а трактар, каб дапамагчы калгаснікам. Але вёску спалілі, бацьку забілі… Выдадзенага паліцаямі, адправілі ў канцэнтрацыйны лагер і пасля двух пабегаў павесілі ў Гарадку. Пра ўсё гэта хлопец даведаўся, рызыкнуўшы праехаць на матацыкле па мінным полі: апынуўшыся амаль побач з домам, не пабачыцца з роднымі ён не мог. Але сустрэўся толькі са старэйшай сястрой, якая жыла ў зямлянцы.

 

Маці і маленькую сястрычку, народжаную за два тыдні да пачатку вайны, немцы выслалі ў Германію. Так, прынамсі, яму паведамілі, і з гэтым ён ваяваў далей. Ужо потым стала вядома, што партызаны адбілі маці з дзіцём ад той долі, якая была ім падрыхтавана. І быццам прадбачыў, што бацьку ніколі ўжо не ўбачыць, — усю вайну лейтэнант Антонаў насіў у кішэні здымак з надпісам на адваротным баку: «Я с отцом Петром Ивановичем, таким я был в 10 лет. Школа, а летом пастушок». Пакамечаны, пажаўцелы здымак з адарваным правым ніжнім ражком. Калі ўгледзецца ў дзіцячы твар, можна пабачыць штосьці такое, што не ў кожным дарослым знойдзецца. А як важна і цырымонна складзены рукі ў гэтага пастушка! Рукі, у якія сам лёс укладзе пасля малаточак неўролага…

 

Быў. Ёсць. Буду

 

— Няхай людзі забудуцца пра ўсе мае рэгаліі і дасягненні і толькі памятаюць, што быў такі ўрач, — так доктар Антонаў гаварыў пра сябе ў фільме, знятым да яго 85-гадовага юбілею.

 

Словы гэтыя прыгадвае Валянціна Заяц, колішні дырэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, які пры яе кіраўніцтве атрымаў імя акадэміка І. П. Антонава, стваральніца музея каледжа.

 

— З Ігнаціем Пятровічам я пазнаёмілася ў 1998-м, калі ён прыязджаў у Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт, дзе я працавала прарэктарам па выхаваўчай і інфармацыйнай рабоце. Тая сустрэча зрабіла на мяне вельмі моцнае ўражанне. Хоць я была ўжо дацэнтам, мела пасаду прарэктара і ўвогуле не з баязлівых, я так моцна расхвалявалася ад візіту да нас акадэміка, што ў мяне ўзмакрэлі далоні. А ён падышоў, паглядзеў на мяне такімі пяшчотна-лагоднымі вачыма, якія былі ў майго бацькі, узяў за руку і сказаў: «Навошта, дзіцятка, хвалюешся? Усё будзе добра». Такі ён быў просты ў стасунках, а мова яго — мова сапраўднага беларуса. Ён падарыў мне сваю аўтабіяграфічную кнігу з надпісам на доўгую памяць.

 

На маё пытанне пра тое, якія традыцыі склаліся ў каледжы ў сувязі з тым, што з 2018 года ён носіць імя знакамітага выпускніка, Валянціне Іванаўне ёсць што сказаць з такой непрыхавана шчаслівай умешкай, якую я быццам бачу ўвачавідкі, нібы і няма ніякай адлегласці ў тэлефоннай гаворцы паміж Мінскам і Віцебскам.

 

— Кожны год 28 снежня, у дзень, калі нарадзіўся Ігнацій Пятровіч, першакурснікі ладзяць мерапрыемствы, прысвечаныя яго памяці. Яго імя гучыць і на куратарскіх гадзінах, калі навучэнцы чытаюць свае рэфераты, і на канферэнцыях, дзе агучваюцца вынікі даследаванняў яго дзейнасці. Акрамя таго, паколькі асноўная спецыяльнасць каледжа фельчарская і сам Ігнацій Пятровіч быў фельчарам, дыпломы ў нас першымі атрымліваюць менавіта фельчары, пасля чаго з актавай залы дэлегацыя выпускнікоў-выдатнікаў з букетамі кветак накіроўваецца да мемарыяльнай дошкі. Гэта вельмі кранае і ўражвае.

 

Адна з рэліквій каледжа — малаточак неўролага, падораны музею дачкой Галінай Аўсянкінай.

 

bjnvg554

 

— Нехта з навучэнцаў пусціў пагалоску: калі гэты малаточак пацерці, энергія Ігнація Пятровіча праз яго перадасца — і станеш харошым спецыялістам. Побач з малаточкам стаіць у музеі друкарка. І юныя нашы наведвальнікі-навучэнцы, робячы выгляд, што зацікавіліся друкаркай, другой рукой употай дакранаюцца да малатка.

 

Трэба сказаць, што і ў музеі гісторыі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ёсць куток, прысвечаны акадэміку Антонаву, хаця правучыўся ён там толькі некалькі месяцаў — пакуль не прызвалі ў армію.

 

Сівая легенда

 

Сур’ёзны чалавек — а Ігнацій Антонаў, як чытач паспеў зразумець, быў чалавек сур’ёзны, — не будзе сватацца праз некалькі гадзін пасля знаёмства, якое адбылося ў кружэнні танца. Але мы ўжо ведаем яго формулу: рабі, як не  робіць ніхто.

 

Лідзія прыехала ў Мінск з  Расіі. Хацела тут вучыцца, але паступіць змагла не адразу: не ведала беларускай мовы. Працавала ў гарвыканкаме тэхнічным сакратаром. Верш «Хорошая девочка Лида» Яраслаў Смелякоў напісаў у 1940-м, і можна не сумнявацца, што яго радкі гучалі ў галаве лейтэнанта Антонава кожны дзень, пакуль той працягваў служыць. «Он с именем этим ложится и с именем этим встает…» У студзені 1946 года ён дэмабілізаваўся — і яны пажаніліся.

 

У той жа год Антонаў паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут, на другім курсе стаў сталінскім стыпендыятам, у 1950-м атрымаў дыплом з адзнакай — і завярцелася: ад клінічнага ардынатара да акадэміка шлях пралягаў праз актыўную навукова-практычную дзейнасць і 36-гадовае кіраванне Беларускім навукова-даследчым інстытутам неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, праз напісанне 9 манаграфій і больш як 600 разнастайных навуковых работ, падрыхтоўку 23 дактароў і 45 кандыдатаў медыцынскіх навук, старшынства ў шматлікіх камісіях і камітэтах, членства ў многіх прэзідыумах і таварыствах, рэдакцыйных калегіях і экспертных саветах. Клініка і дыягностыка грыпозных захворванняў нервовай сістэмы, клінічная класіфікацыя паталогій перыферычнай нервовай сістэмы, канцэпцыя ролі аўтаімунных працэсаў у развіцці остэахандроза і прэмія Бехцерава за манаграфію «Вертэбральна-базілярныя інсульты»…

 

— Усё сваё свядомае жыццё я назірала ў ім працаголіка, — канстатуе Галіна Ігнацьеўна.

 

Шлюб, у які перарасла сустрэча на ўрачыстым прыёме  з нагоды першай гадавіны вызвалення Мінска 3 ліпеня 1945 года, са сватаннем на наступны дзень, працягваўся 65 гадоў. Ігнацій і  Лідзія Антонавы паспелі адсвяткаваць брыльянтавае вяселле.

 

hbvc4e3

 

— Не ведаю, што гэта было, — працягвае Галіна Аўсянкіна. — Яго дабрыня і лагоднасць, яе гаспадарлівасць, клапатлівасць… Яна разумела, як такому чалавеку няпроста, і стварала ўмовы. Ён бачыў у ёй асобу і ацэньваў старанні. Іх дні нараджэння побач — 28 і 29 снежня. У нашым доме напярэдадні Новага года заўсёды было шмат гасцей...