Фото Татьяны Русакович, «МВ».

Ва ўсім, што знаходзіцца вакол яго, шасцікурснік Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Іван Чапкевіч шукае глыбіню і прыгажосць. Гэта датычыцца адносін са светам і людзьмі, прасочваецца ў любімым занятку, планах на прафесію і жыццё. Некалі ён марыў пра неба, бачыў эстэтыку ў працы машыніста вежавага крана, займаўся гімнастыкай і біятлонам... Зараз жа сэрца юнака належыць медыцыне… і разьбе па дрэве.

  

З душой мастака

 

Студэнт Іван Чапкевіч — мэтанакіраваны чалавек. За што ні возьмецца — давядзе да канца. Ён любіць рабіць нешта прыемнае для людзей са свайго акружэння і добра ладзіць з дзецьмі (дарэчы, Іван — старэйшы з пяці дзяцей у сям’і).

 

Падлеткам Ваня пісаў вершы. Колькі сябе памятае, натхняўся прыродай, таму доўгі час займаўся фатаграфіяй. Разам з сястрой мог праехаць шмат кіламетраў, каб убачыць, як на досвітку сыходзіць туман. Але праз фота хіба перадасі цішыню, пах пасля дажджу, пералівы святла ці адчуванне холаду? Таму гэты занятак застаўся ў мінулым.

 

Хлопец паступіў у хіміка-біялагічны клас сталічнага ліцэя № 2. Дзякуючы добраму выкладанню профільных прадметаў бачыў сябе настаўнікам хіміі. Тата-хірург час ад часу расказваў пра сваю працу, але парад наконт прафесіі не даваў: прытрымліваўся меркавання, што сын павінен выбраць сам. Пакрысе хлопец задумаўся на медуніверсітэт і неўзабаве паступіў у БДМУ (спачатку меціў на стаматалагічны ці педыятрычны факультэт, але ў выніку перамог лячэбны). Зараз Івана Чапкевіча, які праходзіць субардынатуру, прываблівае кісцявая і пластычная хірургія. 

 

Майстра з вёскі

 

Ivan Chapkevich 6Нягледзячы на тое, што нарадзіўся ў Мінску, у душы хлопец — сельскі жыхар. У школьныя гады ён часта праводзіў час на вёсцы ў бабулі пад Оршай. У дзядулі — галоўнага інжынера Інстытута льнаводства — была невялікая майстэрня, дзе маленькі Ваня выразаў з дрэва першыя аўтаматы для гульні. Аднойчы на экскурсіі па Магілёве хлопец убачыў, як майстра выразаў з дрэва лыжкі. Вярнуўшыся дадому, узяўся за стамеску. Вядома, адразу не атрымалася, але ён прадоўжыў выразаць узоры на кійках.

 

Калі ў школе пачалося працоўнае навучанне, браў удзел у алімпіядах. Неўзабаве патрапіў у лагер, дзе дзяцей вучылі выразаць з дрэва. Там Івана натхніў настаўнік працоўнага навучання Мінскай СШ № 196 Георгій Вішнеўскі. Георгій Георгіевіч падзяліўся са школьнікам некаторымі сакрэтамі, разам з ім сабраў чайны домік. Гэты дзень Іван называе пераломным момантам, які прынёс яму захапленне ўсяго жыцця. Пра той час яму нагадвае ліпа, пасаджаная на дачы яшчэ саджанцам, што падарыў школьніку Георгій Вішнеўскі.

 

Ivan Chapkevich 5Бацькі купілі сыну гравер і бор-машынку. Ваня пачаў выразаць з дрэва кухоннае начынне. Увасабляць задуманае напачатку дапамагаў дзядуля: са старога веласіпеда сабраў для ўнука такарны станок, даставаў для самаробнага абсталявання рухавікі рознай магутнасці, падказваў. 

 

Іван можа доўга расказваць пра якасці драўніны. Аднак ёсць у яго самыя любімыя сарты. Хлопец кажа, што вясной яму лепей працуецца з мораным дубам (прывабліваюць глыбіня тэкстуры і складанасць матэрыялу ў працы), а ўзімку — з яблыняй (праз адметнасць ўзораў). Ліпу, якую многія хваляць як матэрыял для пачаткоўцаў, хлопец выкарыстоўвае нячаста. Інструментаў у майстра таксама не злічыць. Але самыя любімыя — разцы, сякера і нож.

 

Ivan Chapkevich 7

У яго творчым набытку ёлачныя цацкі, лыжкі, падвескі, завушніцы, брошкі, бажніцы, скарбонкі, фігуркі жывёл і кветкі. Майстра прызнаецца, што найбольшае задавальненне атрымлівае ад стварэння ўпрыгажэнняў.

 

Вельмі падабаецца, калі людзі карыстаюцца маімі вырабамі. Напрыклад, зробіш нешта для чалавека, сустрэнеш яго праз год, а ён носіць!

 

Алівандар з медуніверсітэта

 

Яшчэ адна якасць Івана — прыродная сціпласць. Таму пра майстэрства маладога чалавека яго акадэмічнае асяроддзе даведалася толькі на трэцім курсе. Ён паказаў некалькі здымкаў аднагрупнікам, а тыя ў адзін голас пачалі падтрымліваць хлопца: «Трэба выкладваць гэта ў інстаграм!» І пачалі дапамагаць…

 

— Я не зусім сябрую з сацсеткамі ў плане афармлення старонак. Адна справа расказаць і паказаць, а паспрабуй эстэтычна перадаць гэта ў інтэрнэце. Ды і медыйнасць прыносіць пэўныя цяжкасці, — заўважае суразмоўца. — Нягледзячы на гэта, мне падабаецца мая аўдыторыя ў інстаграме. На старонцы я не сутыкаўся са зняважлівай крытыкай. Тут знаходзяцца людзі, якім мае работы адгукаюцца. Вельмі часта, упадабаўшы нешта для сябе, яны просяць: «Зрабі так, як палічыш патрэбным». Гэта прыемна, паколькі мне як майстру важна ва ўсім праяўляць творчы пачатак.

 

Ivan Chapkevich 8Асобная катэгорыя вырабаў Івана — чароўныя палачкі! Цяпер па іх часта звяртаюцца аматары Гары Потара. А пачыналася ўсё таксама з просьбы аднагрупнікаў: «Паспрабуй». Майстра прызнаецца, што фільмы пра самага вядомага чараўніка ў свеце не глядзеў, не чытаў і кнігі, але палачкі вырабляе менавіта паводле кадраў кінасагі. Пры гэтым Іван не толькі капіруе палачкі герояў, але і стварае некаторыя па аўтарскіх малюнках.

 

Ivan Chapkevich 9— Гэта частка працы вельмі мне блізкая, паколькі ў палачках шмат дробных дэталяў. З імі шмат выклікаў: патрэбна спрацаваць так, каб выраб быў адначасова лёгкім, прыгожым, меў шмат скразных элементаў і нідзе не трэснуў, — дзеліцца хлопец, які ў чароўным свеце па майстэрстве не саступіў бы галоўнаму вытворцу чароўных палачак Алівандару.

 

Ідэі, якія можна пабачыць у іншых майстроў, Івану хочацца аздобіць уласнымі знаходкамі. Некаторыя задумы нараджаюцца, калі хлопец бывае на вёсцы. Аднойчы там ён убачыў ружу з расой на пялёстках. Адразу думка: як перанесці гэта ў дрэва? Першы экзэмпляр атрымаўся грубаватым, але ўсё адно падаўся самым прыгожым. Пасля хлопец доўгі час эксперыментаваў, каб пялёсткі здаваліся бязважкімі. І дасягнуў поспеху!

 

Калі працую, вакол павінна быць ціха. Ніколі не ўключаю фонавую музыку. Мне больш імпануюць натуральныя гукі прыроды, звону інструментаў, патрэсквання дроў.

 

Рамантык з аўтадома

 

Талент дапамагае Івану па жыцці. Ён той, хто пабудаваў аўтадом, склаў печ, абсталяваў ў майстэрні грыль-зону. Цяжка паверыць, але многае з гэтага пераліку Іван рабіў упершыню. Дапамагалі відэаролікі блогераў і ўласная фантазія.

 

— Калі быў маленькім, бачыў, як майструе дзядуля, бо тады шмат што нельга было купіць у краме. Падыход «зрабі сам» я пераняў ад яго. Так здарылася, што на дачы прастойваў прычэп. Я сказаў бацькам, што задумаў зрабіць аўтадом. Яны падтрымалі. Аказалася, што дзядуля таксама марыў пра яго. Тады за зімовыя канікулы я сабраў каркас, а вясной аўтадом быў гатовы цалкам. Да зборкі перыядычна далучаліся малодшы брат і сястра: назіралі за працай знутры ці нешта падавалі, — узгадвае хлопец.

 

Хутка аўтадом удалося абкатаць. На ім пасля трэцяга курса Іван паехаў на практыку ў Валожынскую ЦРБ. Папраўдзе, у аўтадоме хлопец толькі харчаваўся і спаў. Яшчэ б: у яго быў веласіпед, а новы горад проста неабходна было даследаваць.

 

Яшчэ адно захапленне Івана Чапкевіча — самаробная гарбата, якую любіць уся сям’я. Зёлкі для напоя студэнт умее нарыхтоўваць па ўласным метадзе. Інгрыдыенты самыя звычайныя: скрыпень, мята, лісты вішні, маліны і парэчкі. Але сакрэт смаку хаваецца ў спосабе ферментацыі, які раскрывае водар збораў.

 

— Таксама нядаўна я даведаўся пра чагу, пачаў яе нарыхтоўваць. Зразумеў, што да грыба варта падыходзіць як да жывога: беражліва збіраць з дрэва, правільна разразаць, прасушваць і захоўваць у халадзільніку. Усюды яго шукаю, вока факусуецца на ім само па сабе. Часта даводзіцца ўзбірацца на дрэвы. Але ў момант, калі адчуваю прастуду, чага прыходзіць на дапамогу, — гаворыць Іван.

 

Здаецца, хлопец рэдка сядзіць без занятку. Апрача іншага ён ездзіць на матацыкле, выпраўляцца ў сплавы, асвоіў сноўборд і сапборд, па вечарах і зранку стаіць на цвіках. Нічога не заменіць яму прагулак на веласіпедзе. Бываюць перыяды, калі за дзень намотвае да 60 кіламетраў. Ды і час будучы хірург стараецца размяркоўваць з найбольшай карысцю. Жартуе, што імкнецца павысіць каэфіцыент карыснага дзеяння свайго дня да максімума.

 

Ivan Chapkevich 4

 

Чалавек знаходзіць час на ўсё, што лічыць важным. Перашкодзіць можа толькі страх, які прысутнічае перад пачаткам кожнай справы. Не трэба доўга думаць «як», лепей паціху рабіць тое, што можаш.

 

І ў канцы сам здзівішся, як далёка ты прасунуўся.

 

Іван Чапкевіч перакананы, што да вялікай мэты можна ісці ўсё жыцце. І ў гэтым шляху ёсць вялікі сэнс. Хлопец марыць пра вялікі дом, сям’ю і час, калі ён сам стане бацькам. Разважаючы пра памылкі, без якіх немагчыма ў любой справе, Іван кажа, што яны — яго настаўнікі. Толькі дзякуючы ім можна зразумець, як правільна. Таму за хібы хлопец сябе не дакарае, а рухаецца далей.

 

— Шчасце хаваецца ў простых рэчах: у цёплым душы, глытку вады, паездцы на веласіпедзе. Таму ва ўсім мне імпануе прастата, бо дзякуючы ёй чалавек можа па-сапраўднаму ацаніць тое, што мае, — дзеліцца сваім светапоглядам Іван Чапкевіч.

 

Ivan Chapkevich 2

 

Фота Таццяны Русаковіч, «МВ», і з архіва І. Чапкевіча. 

Поделитесь мнением
о газете