Фота з архіва Н. Процькі.

У прыгожай белай шапачцы з адваротам, у беласнежным халаціку пад паясок, уся залітая белым святлом медыцынскага кабінета, быццам у воблачку, яна падышла да бялюткай шафкі, дакранулася да шкляных дзверцаў і збіраецца іх адчыніць. У гэтай шафцы, за гэтымі дзверцамі, у шкле якіх адбіваецца яе постаць, віднеюцца стэрылізацыйныя латкі і пабліскваюць інструменты. Але яна глядзіць не на іх, а скрозь іх, некуды ўдалячынь, у невядомую будучыню.

 

Alena Lukashevich2У сваім часе, а гэта сярэдзіна 1950-х, апісанае фота было звычайным аматарскім кадрам, зробленым мімаходзь, выявай маладой жанчыны-ўрача, якая толькі-толькі распачынае працоўны шлях і пра якую на гэтым шляху ўсё з большага зразумела: будуць халаты і шапачкі, шафы з інструментамі і лякарствамі, пацыенты з хваробамі, прыёмы, візіты, рэцэпты, бальнічныя лісты і медыцынскія карткі. Фатограф не ведаў, што, спыняючы чароўнае імгненне, ён робіць паслугу будучыні, якую ніхто не мог прадказаць.

 

За дзверцамі ў будучыню

 

Ад выпуску з медінстытута праміне чвэрць стагоддзя — і ў газеце «Советский медик» напішуць пра ўчастковага педыятра 14-й дзіцячай паліклінікі Мінска Алену Усцінаўну Лукашэвіч, згадаўшы сціплую, крыху сарамлівую Лену Яблонскую, вясёлую ў кампаніі сяброў, працавітую на занятках, строгую і засяроджаную на экзаменах. Маленькая публікацыя паведаміць нечакана шмат, і ўсё гаваркія факты. Што доктар добрую трэць сваіх маленькіх пацыентаў наведвае без выкліку, па ўласнай ініцыятыве, што за гады працы на ўчастку яна прайшла па ім тысячы кіламераў і не даспала сотні начэй, што за дзесяць гадоў не было сярод яе падапечных ніводнага выпадку менінгіту і брушнога тыфу і што кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, народны ўрач СССР Алена Лукашэвіч па-іншаму працаваць не ўмее.

 

А галоўная рыса гераіні артыкула згадаецца ў ім, кароценькім, нават двойчы. Другі раз — у параўнанні з пасадай: маўляў, такая ж сціплая, як яна.

 

Гром сярод яснага неба

 

Аднойчы Алена Усцінаўна прыйшла з працы — а муж Мікалай ёй гаворыць: «Лена, цяпер ты народны ўрач СССР. Толькі што пра гэта па радыё перадалі».

 

— Гэта было нешта незразумелае, — успамінае дачка, дацэнт кафедры агульнай урачэбнай практыкі з курсам герыятрыі і паліятыўнай медыцыны БДМУ Наталля Процька, якая ў той час вучылася ў выпускным класе. — Зрэшты, за нейкі час да таго здарылася дзіўнае: маму некуды выклікалі, распытвалі пра бацькоў і братоў…

 

Пра гэтую праверку тлумачэнне ў сям’і знайшлі такое: верагодна, чалавека вывучаюць, калі разглядаюць на нейкую кіруючую пасаду. Можна было чакаць прызначэння вопытнага, паспяховага доктара на месца загадчыка аддзялення ці галоўнага ўрача паліклінікі — гэта не здзівіла б нікога.

 

Прысуджэнне ганаровага звання «Народны ўрач СССР» стала громам сярод яснага неба не толькі ў сям’і, але і сярод калег. Былі такія, хто задаваў пытанне: «Чаму яна?»

 

А яна, як заўсёды, саромелася, гаварыла, нібыта апраўдвалася: «Я ж не найлепшая».

 

— А потым пачалі адбывацца па-дзеі іншага кшталту, — працягвае дачка. — То рэпарцёры з газеты прыйдуць, то трэба ехаць у якасці дэлегата на з’езд УЦСПС у Маскву, то з Масквы прыязджае знакамітая Бялянчыкава са здымачнай групай праграмы «Здароўе» Цэнтральнага тэлебачання... Тады мы пачалі ўсведамляць, што адбылося нешта сапраўды важнае і значнае.

 

Як стаць найлепшай

 

Яна нарадзілася ў першы вясновы дзень 1932 года на вялікім прыгожым хутары, які і па сёння існуе ў Шаркаўшчынскім раёне. Лес, поле, сад, сядзіба ў рамонках — такі антураж дзяцінства. Бацька Усцін Маркавіч быў дырэктарам Ёдкаўскай школы, маці Агаф’я Мікалаеўна па адукацыі настаўніца, займалася гаспадаркай і выхаваннем дзяцей. Перад вачыма Лёлі, як яе звалі, мяркуючы па запісах у «Памятніку вучаніцы VIII класа», не было яскравага прыкладу ўрача, які б мог запаліць у ёй жаданне ратаваць і лячыць людзей. Такое жаданне само прарасло знутры.

 

— Мама з дзяцінства была вельмі добрая, спагадлівая, чуллівая, а такія якасці напоўніцу можна рэалізаваць у педыятрыі, якую яна і выбрала справай жыцця. Бацькі гэты выбар адобрылі і ўхвалілі, — гаворыць дачка.

 

Пытанне «Кім быць?» у малодшай з Лукашэвічаў не ўзнікала.

 

— Наколькі памятаю, з шасці гадоў пры любой магчымасці я ішла да мамы на працу, — працягвае Наталля Мікалаеўна. — Мне падабалася там усё. Я падоўгу магла сядзець у куточку, гуляць з бутэлечкамі і назіраць.

 

У мамы была цудоўная медсястра, звалі яе Зінаіда. І такая чароўная атмасфера панавала ў іх кабінеце! Там, здаецца, усё дыхала сяброўствам і ўзаемнай любоўю. Мама вельмі любіла дзетак, а дзеткі і іх бацькі вельмі любілі маму. І я любіла маму, любіла гэту атмасферу, і з ёй мне перадалася любоў да дзетак. Таму і пайшла спачатку ў педыятрыю, па маміных слядах…

 

Alena Lukashevich3

 

Сёння 14-я дзіцячая паліклініка Мінска — навюткі будынак на вуліцы Сухараўскай. А тая старэнькая аднаіменная паліклініка, дзе панавала апісаная атмасфера, стаяла побач з 6-й клінічнай бальніцай, патанаючы ў зеляніне. Участак жа быў раскіданы: прыватны сектар, інтэрнаты, домікі на некалькі кватэр… Хадзіць трэба было вельмі многа. Сапраўды находзіш тысячы кіламетраў...

 

— Мы з братам Сяргеем ведалі, дзе мамін участак. На лецішча ездзілі праз яго, і яна нам паказвала, у якія домікі ходзіць. Расказвала пра сваіх пацыентаў. Быў сярод іх адзін хлопчык з парокам сэрца, за якога мама моцна перажывала. У нас парокі ўжо аперыравалі, але гэта быў вельмі складаны выпадак, і бацькі хлопчыка рашылі павезці яго на аперацыю ў Маскву. Не ведаю падрабязнасцей, але дзіця памерла, і гэта стала маміным болем на ўсё жыццё. Яго пахавалі на Усходніх могілках. У 1998 годзе памёр наш тата і яго пахавалі на тых жа могілках. Прыходзячы на татаву магілу, мы падыходзілі і да помніка з выявай хлопчыка ў матросцы — мамінага пацыента, яе незагойнай раны. Мама часта наведвала гэту магілу. Цяпер і яна пахавана паблізу…

 

У шэрагу гісторый пра маленькіх пацыентаў ёсць і такая, пра якую ў 1950-х пісалі газеты. Яна адбылася, калі Алена Лукашэвіч працавала яшчэ ў Лідзе, куды была размеркавана пасля інстытута. У яе на візіце пачало задыхацца дзіця, хворае на дыфтэрыю. Марудзіць было немагчыма, і маладая, яшчэ нявопытная доктар рашуча схапіла нож, зрабіла трахеастамію і так выратавала дзіцяці жыццё.

 

Чаму яна?

 

Настаўнікі носяць дадому сшыткі, а доктар Алена Усцінаўна часта прыносіла з паліклінікі стосы медыцынскіх картак — немагчыма было паспяваць весці іх на прыёме. Ад частай доўгай пісаніны ў яе развіўся ўстойлівы спазм: трымаць ручку, як раней, ужо не выходзіла, і яна пісала, трымаючы яе, як няўмелае дзіця — усёй далонню. Але думаць пра пераход на іншую працу ёй было цяжка псіхалагічна.

 

— Стаўшы ўчастковым педыятрам, і я ў свой час усё так рабіла, як мама, — гаворыць Наталля Процька. — Але потым, калі з’явіліся свае дзеці, я ад такой працы адмовілася. Проста фізічна не змагла яе пацягнуць. І з гэтым звязаны яшчэ адзін паказальны эпізод пра маму, які вельмі часта ўсплывае ў памяці. Мама тады спытала ў мяне з папрокам: «А хто будзе працаваць?» Мне хацелася ёй адказаць: «Ды якая розніца? Нехта ж будзе. Свет жа клінам на мне не сышоўся. Я проста не вытрымліваю, ты ж бачыш». А яна — вытрымлівала. Гэта проста быў яе шлях. А я і цяпер не настолькі духоўна прасунутая, каб сказаць такое свайму дзіцяці: хто, маўляў, замест цябе працаваць будзе? Табе, маўляў, трэба застацца, бо ты павінен служыць людзям.

 

Ганаровае званне «Народны ўрач СССР», якое Алена Лукашэвіч атрымала ў 1979-м, было зацверджана ў 1977-м і прысвойвалася з 1978-га ўрачам участкаў, амбулаторый, паліклінік, радзільных дамоў, бальніц і іншых лячэбна- і санітарна-прафілактычных устаноў за вялікі асабісты ўклад у развіццё народнай аховы здароўя, высокія маральныя якасці, асаблівае прафесійнае майстэрства і праяўленую ахвярнасць. Штогод яго ва ўсім вялікім Савецкім Саюзе атрымлівалі ад 5 да 8 урачоў, а ў апошнія гады ўвогуле па аднаму. У Беларусі толькі Алена Лукашэвіч мела такое званне.

 

— І ніколі ў жыцці гэтым званнем не скарысталася, — працягвае Наталля Мікалаеўна. — Тады і час быў такі, і людзі такія. Рэктар медінстытута ехаў з мамай у адным купэ на з’езд УЦСПС у Маскву, але ён не ведаў, што яе дачка акурат паступае ў медінстытут і можна аказаць пратэкцыю. Ніякай пратэкцыі не было і пры размеркаванні. Як і пазней не ўзнікала думка, што можна пайсці ў выканкам і папрасіць кватэру. Жылі мы ўсе разам: тры пакаленні на адной плошчы. Адзіная прывілея: мама была прымацавана да лечкамісіі і там абслугоўвалася.

 

Пасля атрымання ганаровага звання Алена Лукашэвіч працягвала працаваць на ранейшай пасадзе ўчастковага педыятра. Нейкі час загадвала аддзяленнем, але галоўным урачом не была. Высокае званне павялічвала яе адказнасць і ў выніку стварала праблемы: яна стала яшчэ больш перажываць за тое, каб усё было ідэальна.

 

— А ідэальна перастала атрымлівацца праз узрост. Карткі, якія яна несла дадому, запаўняла ўжо я. З’явіліся зайздроснікі, якія шкодзілі пры праверках… Працягвала гучаць класічнае пытанне: чаму яна? Хаця адказ на яго відавочны.

 

Lukashevich Alena

 

Маміны парады

 

Яшчэ ў свае семдзесят, да 2002-га, Алена Усцінаўна хадзіла з візітамі па ўчастку. А ў маі 2003-га «Мінскі кур’ер» даў артыкул пра яе завершаны 47-гадовы стаж. Урач расказала карэспандэнту пра атрыманую прапанову працаваць у школьным медпункце. Гэта была спакуса, Алена Усцінаўна доўга думала і… адмовілася. Разважыла: трэба дапамагаць дачцэ, выхоўваць унукаў. Як трапна прыкмеціла аўтарка публікацыі, на памяць аб працы засталіся згадка ў Беларускай энцыклапедыі і ўзнагароды. Знакі прызнання — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, званні «Народны ўрач СССР», «Ударнік камуністычнай працы», «Выдатнік аховы здароўя» і «Ветэран працы».

 

«Педыятр павінен ставіцца да чужых дзяцей як да сваіх», — гаварыла Алена Усцінаўна. Гэта было нечым накшталт яе запавету, тым, што варта ўзяць за ўзор і зрабіць прафесійным дэвізам. Дачка Алены Усцінаўны ў многім яе паслядоўніца. Яна пераняла ад самага роднага чалавека не толькі прафесію, але і ўзор любові і дабрыні.

 

— Цікава, што ў часе маёй вучобы новы корпус медінстытута на Паўднёвым Захадзе ўжо існаваў, але яшчэ заставаліся старыя карпусы на Ленінградскай. І там мяне кожны раз неадчэпна наведвала думка: гэта тая самая анатамічка, дзе мама вучылася, тыя самыя калідоры, па якіх і яна хадзіла... Што да парадаў, якія яна магла даць мне ў прафесіі, то… Часцей я ёй была цікавай сваімі расказамі пра нешта новае, што вывучаецца ў педыятрыі. А потым педыятрыя настолькі перамянілася, што калі б мама цяпер магла чуць і бачыць рэкамендацыі, якія даюцца, у прыватнасці, па харчаванні дзяцей, яна б іх не прыняла...

 

Пра доктара Спока

 

Мама была неканфліктным чалавекам, і калі аднойчы паміж намі ўзнікла нестандартная сітуацыя, яна была вымушана вывернуць сябе навыварат. Мы жылі разам. І вось я свайго васьмімесячнага сына, які быў крыклівы і патрабаваў спаць са мной, рашыла выхоўваць па правілах, рэкамендаваных доктарам Спокам. А ён пісаў, што калі дзіця крычыць, не трэба да яго падыходзіць, не трэба яго браць на рукі — нічога з ім не здарыцца кепскага, не варта яму патураць. Быў вечар, дзіця крычала, я паслухмяна трымалася пазіцыі Спока, да сына не падыходзіла — і мама не вытрывала. Сышла на нач гледзячы з дому. Села ў тралейбус і ездзіла па горадзе. Гэта быў яе выклік, можа, адзіны ў жыцці. Незадаволенасць яна не магла выказваць, бо проста не ўмела канфліктаваць.

 

Яна не прызнавала навамодных плыняў у выхаванні, пра Спока ў яе не было ніякага меркавання, а пасля майго эксперымента ён для яе быў ніхто.

 

Памножаная любоў

 

Дзяцей і ўнукаў доктар Лукашэвіч любіла неверагодна. І гэта любоў вярталася да яе, памножаная на іх удзячныя сэрцы.

 

Сын Сяргей нядаўна зрабіў калаж з маміных фотаздымкаў: каляровыя кадры з яе 85-годдзя густоўна спалучаны з чорна-белымі картачкамі часоў дзяцінства, юнацтва, вучобы ў медінстытуце… Сяргей Мікалаевіч — выпускнік РТІ. Жывучы асобна, ён часта-часта наведваў маму. Яна сядзела каля акна і выглядвала яго, упэўненая: сёння ён абавязкова зазірне на абед. Чаканні спраўджваліся. Паміж мамай і сынам існавала такая моцная духоўная і сардэчная сувязь, якую здольная стварыць толькі ўзаемная пяшчотная любоў.

 

Дачка беражліва захоўвае ўсё, што належала маме, ад згаданага школьнага «Памятніка» — размаляванага прыгожымі кветкамі сшытка з вершаванымі пажаданнямі аднакласнікаў, да падушкі, якую яна вышывала, калі была цяжарнай. Некаторыя рэчы і здымкі яна ахвяравала Музею гісторыі БДМУ, які зацікавіўся асобай Алены Лукашэвіч, каб імя гэтай сціплай жанчыны не згубілася ў гісторыі медыцыны.

 

Унукі згадваюць бабулю ўвесь час і нават звяртаюцца да яе ў думках і словах — так, як звяртаюцца да анёла-ахоўніка.

 

— Мы з ёй не абдымаліся, як цяпер абдымаемся з дачкой. У яе, як у многіх з яе пакалення, не было патрэбы ў цялеснай праяве пачуццяў. Але гэта нічога не значыць. Я заўсёды ведала: яна аддасць і ныркі, і сэрца, каб дапамагчы, калі гэта спатрэбіцца, у тую ж секунду і без ваганняў. І страх за нас у яе быў вялікі. Калі нешта з намі здаралася, для яе гэта была катастрофа.

 

«Мама не была веруючым чалавекам, але кожны вечар малілася за нас, сваіх дзяцей і ўнукаў.  Не перад абразом, а сама з сабой, кладучыся ў ложак. Малілася і прасіла, каб усё ў нас было добра».

 

Пасля сыходу на пенсію Алена Усцінаўна Лукашэвіч пражыла пятнаццаць шчаслівых гадоў. Яна не асабліва перажывала растанне з прафесійнай дзейнасцю, якой аддала столькі сіл і жыцця. Проста, застаўшыся дома, адразу адчула ўсю тую стомленасць, якой за працай не было калі адчуваць, — і нарэшце дазволіла сабе адпачынак. Але гэта была не бяздзейнасць і не адзінота. Жывучы з дачкой і ўнукамі, яна мела і чым заняцца, і пра каго клапаціцца, і за каго радавацца, і з кім жартаваць.

 

— У апошнія гады ў нас склаліся новыя, вельмі цікавыя стасункі, калі мы адна адну падколвалі і многа жартавалі. Ёй гэта падабалася. Ёй падабалася быць далучанай да ўсіх нашых спраў, уцягнутай у наша жыццё. Многа чытала, пазней слухала аўдыёкнігі, глядзела тэлевізар, любіла гумарыстычныя праграмы і фільмы. Кожны дзень размаўляла па тэлефоне са сваім хворым братам. З дому яе выцягнуць было цяжка, але часам мы з ёй выбіраліся ў цырк і тэатр. А яшчэ яна вельмі любіла спяваць. Яе любімая песня — «Ивушка зеленая», якую выконвала Людміла Зыкіна. Калі яна дажывала апошнія дні і гадзіны і была ўжо ў паўсвядомым стане, я знайшла для яе ў інтэрнэце гэтую песню — і яна яе падпявала, ледзь шавелячы вуснамі…