У Сярэднія вякі працэс лекавання ўяўляў сабой сімбіёз магічных рытуалаў, веры ў сілы прыроды і прафесійнага досведу. Пра тое, як нашы продкі ўспрымалі і лячылі хваробы, а таксама пра эвалюцыю медыцыны пагутарылі са старшынёй пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, доктарам гістарычных навук, прафесарам Ігарам Марзалюком.
Якія крыніцы могуць расказваць сучаснаму чалавеку пра медыцыну старажытнасці?
Ігар МарзалюкЗ аднаго боку, гэта летапісы і актавыя матэрыялы. Калі гаворка ідзе пра 16–17-е стагоддзі, то цікавасць прадстаўляюць сістэматычныя медыцынскія лячэбнікі. Яны змяшчалі звесткі пра хваробы і метады іх лячэння. Адзначу, што такія кнігі карысталіся папулярнасцю ў Маскоўскай Русі: іх шмат перапісвалі і перакладалі. Так, «Лячэбнік Літоўскі», напісаны на старабеларускай мове ў 16-м стагоддзі, быў папулярны да сярэдзіны 17-га, змяшчаў парады па залечванні ран, апісваў сімптаматыку розных захворванняў. Так, задоўга да адкрыцця пеніцыліну, абапіраючыся на звесткі з гэтай кнігі, людзі выкарыстоўвалі цвіль ад закваскі супраць некаторых запаляльных працэсаў.
Пазней жа некаторыя звесткі можна адшукаць у запісах этнографаў ці краязнаўцаў, актавых кнігах магістратаў. Таксама шмат інфармацыі даюць археалагічныя знаходкі. Магу сказаць, што ў людзей, рэшткі якіх адносяцца да 15–17-га стагоддзяў, частымі былі хваробы, звязаныя з пераломамі, ранамі ад удараў зброі. Усё гэта адбілася на касцяках. Пра ранні перыяд мы можам сказаць няшмат, паколькі памерлых тады спальвалі. А ў даследаваннях больш позніх курганоў шмат звестак дае антрапалагічны аналіз (высвятляецца, як жыў чалавек, на што хварэў, што ўжываў у ежу, ад чаго памёр ды інш.).
Фіксацыя розных форм лячэння на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачынаецца прыкладна ў 16-м стагоддзі. Дзякуючы гэтаму мы маем уяўленне, якія лекавыя сродкі выкарыстоўваліся, якія хваробы пераважалі, разумеем, якімі былі хірургічныя ўмяшальніцтвы.
Падкрэслю, што веды пра лячэнне розных хвароб ёсць практычна ва ўсіх архаічных народаў, у тым ліку тых, якія не адразу ўтваралі ўласныя дзяржавы.
Археолагі зафіксавалі, што яшчэ ў эпоху палеаліта, задоўга да ўзнікнення этнічных супольнасцей, чалавек навучыўся накладваць самыя прымітыўныя шыны, зрошчваць косткі. Прыкладна 20–10 тысяч гадоў таму пачалі рабіць першыя трэпанацыі. Тады ж продкі сучаснага чалавека вынайшлі касцяную іголку з вушкам і маглі зашываць раны (у некаторых выпадках нават вены). У той жа час навучыліся рабіць з крэменю вострыя нажы (прататып сучаснага сталёвага скальпеля).
Калі гаварыць пра медыцыну ў сярэднявечнай заходнееўрапейскай традыцыі, то слова «шпіталь» з’явілася ў сувязі з дзейнасцю манаскага рыцарскага ордэна шпітальераў-храмоўнікаў, які засноўваў будынкі для лячэння людзей. На беларускіх землях таго часу лічылася, што вылечыць чалавека цалкам без магічных практык немагчыма. Першымі людзьмі з лекарскім досведам прынята лічыць знахараў, якія спалучалі веды традыцыйнай медыцыны і магічныя практыкі.
Як у розныя часы людзі ўспрымалі хваробу?
Самыя першыя ўяўленні пра захворванні звязваліся з нападкамі злых духаў, сурокамі, насланнём. І кожная хвароба разглядалася як асобны дух са сваімі разбуральнымі асаблівасцямі. Напрыклад, беларусы вельмі паважліва ставіліся да агню. Лічылася, што чалавек, які плюне ў печ ці вогнішча, абавязкова захварэе на «вогнік» (на твары з’явяцца струпы). Адсюль мацавалася вера ў розныя рытуальныя практыкі: язычнікі ішлі па дапамогу да вешчуноў і праводзілі абрады, хрысціяне маліліся.
Пазней развівалася вучэнне аб міязмах — гістарычная медыцынская тэорыя, што тлумачыла распаўсюджванне заразных хвароб атрутнымі выпарэннямі ад схільных да гніення адкідаў, глебы і балот. Людзі яшчэ не разумелі, што такое мікробы, і падчас эпідэмій акурвалі сябе рознымі травамі, каб так званыя міязмы не пранікалі ў арганізм праз органы дыхання. Таму на той час папулярным лекавым сродкам быў тытунь: ім беларусы кадзілі сем’і і гаспадарку.
Згодна з іншым меркаваннем, хваробы разглядаліся як вынік чараўніцтва. На гэтай глебе сучасныя даследчыкі маюць вялікае поле для навуковага пошуку. Сёння можна дэталёва расказаць, якія сродкі дадавалі ў ежу і пітво, якія рытуалы праводзілі, каб выклікаць ці, наадварот, прытупіць пачуцці чалавека ў адносінах да некага. Значную ролю ў гэтых вераваннях адыгрывалі прырода і раслінны свет. Напрыклад, дуб на Беларусі лічыўся мужчынскім дрэвам, якое аберагалася заступнікам воінаў Перуном. Пры нарыхтоўцы лесу самы магутны дуб на просецы ніколі не ссякалі. Калі чалавек хацеў узмацніць сваю мужчынскую сілу, ён прыносіў у ахвяру чорнага пеўня, яго крывёй акрапляў карані дрэва, абдымаў дуб рукамі, шаптаў замову. Затым адразаў невялікі кавалак кары, які мяў у ступцы і гатаваў з яго адвар для прыняцця ўнутр.
Хваробы якога кшталту былі найбольш распаўсюджаныя на беларускіх землях у эпоху Сэрэднявечча і якія сродкі выкарыстоўвалі для іх прафілактыкі?
Паколькі на Беларусі было шмат балот, самай распаўсюджанай была трасца (ліхаманка). Лічылася, што яе прыносіць віхор. Калі хворы чалавек бачыў гэту з’яву прыроды, ён браў нож і шпурляў туды. Верылі, што ў такія моманты віхор завываў нечалавечым голасам, а хвароба сыходзіла.
Распаўсюджанымі былі і сухоты. Іх лячылі барсучыным тлушчам і вараным мясам вожыкаў. Нярэдка сустракаліся эпідэміі халеры. Супраць яе таксама існаваў асобны рытуал. Прывабныя кабеты, якія сталі маці, на досветку, аголеныя, цягнулі на сабе плуг і такім чынам рабілі мяжу вакол вёскі. Усё жывое, што сустракалася на іх дарозе, варта было забіць: лічылася, што любая пабачаная жывёла можа быць хваробай, якая хоча ўвайсці ў вёску. Існавалі і закладныя чалавечыя ахвяры (чалавек добраахвотна пагаджаўся быць зажыва закапаным, каб выратаваць населены пункт ад эпідэміі).
Нямала было хвароб, звязаных з нараджэннем дзяцей. Раней у сям’і магло быць ад 8 дзяцей, палова з якіх альбо памірала ў маленстве, альбо не дажывала да 15 гадоў. Часта жанчыны страчвалі цяжарнасць. Таму лічылася, што мужу ні ў якім разе нельга сварыцца на жонку, падымаць руку. Вельмі адказна нашы продкі падыходзілі да выбару імені немаўляці. Таксама, каб падмануць смерць, хлопчыкам да пэўнага ўзросту шылі кашулькі з начных кашуль маці: такое адзенне «маскіравала» іх ад нягод.
Наколькі моцна ад такіх хвароб і іх першапрычын цярпелі беларускія землі?
У 14-м стагоддзі беларускія землі, як і многія іншыя тэрыторыі Еўропы, змагаліся з чумой. Асабліва даставалася гарадскім жыхарам, паколькі праз моцную шчыльнасць насельніцтва інфекцыі распаўсюджваліся хутчэй. Таксама росквіту розных захворванняў паспрыялі Лівонская вайна (1558–1583 гг.) і Руска-польская вайна 1654–1667 гг. Яны моцна адбілася на тагачасных тэрыторыях і карэнным насельніцтве: населеныя пункты выміралі, паўсюль панавалі голад і хваробы. Падчас вайны з Напалеонам загінула траціна насельніцтва… З сярэдзіны 17-га да 19-га стагоддзя беларусы не мелі дэмаграфічнага прыросту. Паступова сітуацыя пачала выпраўляцца. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года савецкая мадэль аховы здароўя была самай прагрэсіўнай у свеце. Дзякуючы гэтаму да 1941 года беларусы сталі маладой нацыяй з вялікім дэмаграфічным патэнцыялам.
Раскажыце пра тое, па якіх каналах прафесійнымі медыцынскімі ведамі авалодвалі выхадцы з беларускіх зямель.
У 1512 годзе першым з усходніх славян Францыск Скарына бліскуча здаў экзамен на атрыманне вучонай ступені доктара медыцыны ў Падуі (Італія).Пачынаючы з 15-га стагоддзя беларускія шкаляры атрымлівалі вышэйшую медыцынскую адукацыю ва ўніверсітэтах Польшчы, Чэхіі, Германіі, Англіі і Італіі. Нагадаю, што наш першадрукар Францыск Скарына таксама меў ступень доктара лекарскіх навук. Падчас навучання выхадцы з Беларусі пераймалі пераасэнсаваны еўрапейцамі вопыт антычных урачоў Грэцыі і Рыма. Вядома, напрыклад, што шмат хірургічных інструментаў, якія, трансфармуючыся, дайшлі да нашага часу, прыдумалі грэкі. Рымляне ўпарадкавалі веды ў сістэмы і класіфікацыі. Дзякуючы менавіта антычнаму вопыту ўрачаванне стала прафесійным відам дзейнасці. Атрыманыя за мяжой веды шкаляры прывозілі ў Беларусь і адаптавалі з улікам мясцовай спецыфікі.
Працуючы з дакументамі, часта можна прачытаць пра гарадскіх «цырулікаў» (цырульнікаў). У свядомасці нашых сучаснікаў гэта чалавек, які стрыжэ бароды і робіць прычоскі. Але, калі казаць пра эпоху Сярэднявечча, тады такі спецыяліст часцей за ўсё быў хірургам. Абавязкі ў цырульні для яго былі пабочнымі, асноўным жа заняткам заставаліся пусканне крыві, упраўленне суставаў, аперацыі.
У актавых і магістрацкіх кнігах Мінска, Магілёва і Віцебска сустракаецца словазлучэнне «цырулік-бакаляр» — гэта значыць чалавек, які мае ступень бакалаўра медыцыны.
Да ўсяго астатняга папулярнай была і народная медыцына. У той час яна складалася з павер’яў, а таксама ведаў пра карысныя ўласцівасці траў. Як правіла, містычныя звесткі там перамешваліся з рэальным эфектам ад лекавых сродкаў. Напрыклад, калі чалавека кусаў хворы на шаленства воўк ці сабака, нашы продкі лячыліся вараным рогам аленя. Рог распільвалі на лустачкі і варылі ў печы. Пасля распараныя кавалкі клалі на месца ўкусу, накладвалі павязку. Часткі рога адвальваліся толькі тады, калі небяспечныя мікробы выходзілі.
Распаўсюджанай з’явай стала фітатэрапія. У сярэдзіне 16-га стагоддзя, дзякуючы грунтоўным ведам пра лекавыя ўласцівасці раслін, на тэрыторыі Беларусі ўтварыліся аптэкі (за перыяд з 16-га па 17-е стагоддзе ў нашых гарадах налічвалася 40 такіх устаноў). Сёння можна ўпэўнена сцвярджаць, што падобныя спецыялізаваныя ўстановы ўзніклі не на расійскіх ці ўкраінскіх землях, а на землях сучаснай тэрыторыі Беларусі.
Таксама быў распаўсюджаны экспарт лекаў. У агародах беларускіх аптэкараў расла шыпшына, ягады якой прадаваліся ў іншыя дзяржавы (у Маскоўскім царстве куст тады не рос, а саджанцы нельга было купіць праз афіцыйную забарону). Падчас Руска-польскай вайны 1654–1667 гг. прафесійныя аптэкары і рэдкія расліны вывозіліся на тэрыторыю Маскоўскага царства.
У 18-м стагоддзі на рынку лекаў, гатуемых прафесійнымі аптэкарамі, папулярнымі становяцца церыякі — шматкампанентыя парашкі, у склад якіх уваходзіў опіум і мяса гадзюкі. Такія лекі лічыліся проціяддзем ад усіх хвароб і былі даступныя толькі заможным людзям. Сродак для бедных жыхароў горада складаўся толькі з трох кампанентаў замест звычайных дзесяці-дваццаці.
А запазычванне спецыялізаваных ведаў у суседзяў негатыўна не ўплывала на ўзровень медыцыны таго часу?
У 16–18-м стагоддзях беларуская медыцына ў гарадах не саступала перадавым еўрапейскім прыватным практыкам. Усе веды галіны знаходзіліся ў адной культурнай прасторы, спецыялісты мелі дыпломы такой жа вартасці, як і еўрапейцы. Так, беларусы не былі наватарамі і вынаходнікамі адметных метадаў, але і не адставалі па ўзроўні кваліфікацыі. Напрыклад, нароўні з еўрапейскімі калегамі беларускія ўрачы праводзілі хірургічныя аперацыі па сшыванні вен і трэпанацыі чэрапа.
Варта адзначыць, што менавіта беларусы ў 19-м стагоддзі сталі заснавальнікамі першых медыцынскіх газет і часопісаў у Расійскай імперыі. Што датычыцца вёскі, там прафесійная медыцына адсутнічала ажно да 20-х гадоў 20-га стагоддзя. Але тут існавалі свае прызнаныя санітарныя нормы («з воза ўпала — знікла»).
Ігар Аляксандравіч, калі медыцынскія веды на тэрыторыі сучаснай Беларусі аформіліся ў асобную высокапрафесійную сістэму?
Можна сказаць, што медыцынскія практыкі на беларускіх землях былі разрозненыя да другой паловы 19-га стагоддзя. Ва ўстойлівую структуру гэтыя спецыяльныя медыцынскія веды ператварыліся толькі ў паслярэвалюцыйны перыяд. У савецкай сістэме аховы здароўя з’явіліся масавая дыспансерызацыя, медагляды, адкрываліся ФАПы. Беларусы, незалежна ад сацыяльнага статусу, атрымалі магчымасць звярнуцца па медыцынскую дапамогу…